АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Піліп Шаўроў і Аляксандр Пушкін


Тэлеграм МУС ужо паведаміў, што маладафронтавец Піліп Шаўроў затрыманы і прызнаўся ў справе з фарбаваньнем рук помніку Пушкіна. Аказваецца, ён прыйшоў у міліцыю сам. Піліп юрыст, таму, магчыма, вырашыў пайсьці па шляху найменшага пакараньня.
Што тычыць перфомансу.
Ці зрабіў бы я так сам?
Не.
Мой метад - пісаць кнігі па-беларуску: няхай беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў чытаюць у Беларусі больш, чым іншых.
Ці асуджаю я Піліпа за ягоны ўчынак?
Не.
Калі хтосьці такім чынам выказвае сваё стаўленьне да паэта, каторы заклікаў душыць паўстаньне 1830-31 года ў Беларусі ("Клеветнікам Россіі", асабістыя лісты) - я не магу яго асуджаць.
Рэплікі "А Пушкіна за што?! За тое, што рускі?!" - гэта ад недахопу інфармацыі.
Не дрыжэлі ж у Аляксандра Сяргеевіча, вялікага паэта, рукі, калі ён пісаў у 1831-ым:
"Ихъ надобно задушить и наша медленность мучительна. Для насъ мятежъ Польши есть дело семейственное, старинная, наследственная разпря, мы не можемъ судить ее по впечатлетямъ Европейскимъ."
Каго задушыць надобно? "Іх" - каго?
Нас.
Калі вядомы і паважаны расейскі творца пачынае плявузгаць пра "семейственную разпрю" і "задушыць", пакуль беларускіх патрыётаў забіваюць і вешаюць за абарону незалежнасьці сваёй уласнай краіны - для мяне такі паэт перастае быць паважаным і робіцца чарговым салаўёвым, кісялёвым ці захарам прылепіным.
Таму: Піліп Шаўроў для мяне - палітычны вязень.
Помнік Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну расіянам варта забраць да сябе ў Расею. А ў нас - перайменаваць праспекты Пушкіна, бібліятэкі Пушкіна, метро "Пушкінскую" і надаць вуліцам ды станцыям імёны беларускіх паэтаў ды дзеячаў.
Калі мы незалежная дзяржава - давайце паважаць свой народ. І сваіх продкаў, якія аддалі жыцьцё за Беларусь.
Пушкін - вялікі паэт, але імперац. Няхай імперыя яго і ўслаўляе.

20.01.20 19:05

Павел Севярынец