АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнкаў шмат. А Беларусь у нас адна.


У сваім выступе на прыдуманы ім "Дзень незалежнасці" Лукашэнка заявіў, што маладыя Беларусы павінныя ісці ў войска, каб абараніць Беларусь ад Расеі.
Хітра зачасаны тролінг - калі ўлічваць, што мноства айцішнікаў, хіпстэраў і юных інтэлектуалаў сапраўды разумеюць расейскую пагрозу.
Але ёсць праблема. Кажучы "абараніць Беларусь", Лукашэнка насамрэч мае на ўвазе сябе і свой "скоростной режим". І ўсе гэта ведаюць. Пойдзеце ў войска, апранеце форму, вам у спіну будзе глядзець аўтамат - нікуды ня дзенецеся, маўляў, абароніце. А яшчэ і ў сталіцу перакінем, калі яна раптам бунтаваць будзе.
Дык вось, Аляксандр Рыгоравіч. Людзі будуць абараняць Беларусь і нават стаяць за яе насмерць тады, калі яны сапраўды будуць ведаць, што абараняюць сябе, сваю сям'ю і сваю краіну - а не пятлю на ўласнай шыі.
Чым больш хлусьні па тэлевізары, фальсіфікацыяў на "выбарах", крыжаломаў у Курапатах, дэкрэтаў, кантрактаў, пабораў, штрафаў, здзекаў, чым больш праўладных алігархаў у бізнэсе, камуністаў у сістэме адукацыі і расейскіх танкаў на парадах у гонар незалежнасці - тым менш у людзей жадання за ўсё гэта паміраць.
Хочаш абараніць беларускую незалежнасць?
Пакайся перад беларускім народам за ўсё тое, што нарабіў за 25 гадоў. Выпраў шкоду. Вызвалі палітвязняў. Адмяні кантракты, дэкрэты і паборы. Выйдзі з Еўразійскага таёжнага саюза і АДКБ, мы ж нейтральная дзяржава паводле канстытуцыі. Спыні вырубку і вываз лесу, будоўлю шкодных вытворчасцяў і ўшчыльненне вялікіх гарадоў. Вярні людзям пенсіі, перастань душыць прадпрымальнікаў і дай магчымасць зарабляць. Дай, нарэшце дазвол на Беларускі нацыянальны універсітэт. Вярні крыжы ў Курапаты і зачыні Лінію Сталіна. Перастань пакрываць забойцаў маладых жаўнераў. Выкінь з войска партрэты акупантаў, суворавых, дзяржынскіх ды тухачэўскіх - хай байцы бяруць прыклад са сваіх Астрожскага, Хадкевіча, Касцюшкі ды Каліноўскага. Падымі бел-чырвона-белы сцяг. Абвясці свабодныя выбары без Ярмошынай і фальсіфікацыяў.
І сыходзь.
Вось тады ў Беларусі ёсць шанец. Таму што тады беларускі народ будзе абараняць сваю краіну, а не чужую тыранію.
Зможаш гэта зрабіць - застанешся ў гісторыі.
Але дужа я сумняюся, што зможаш.
Лукашэнкаў шмат. А Беларусь у нас адна.
Бог даў гэтую краіну беларускаму народу, а не Крамлю, клану ці мафіі.
І рана ці позна народ, здольны абараніць Беларусь, прачнецца.


04.07.19 11:53