АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Беларусы, Стоўбцы і Бог


Цяжка пісаць пра Стоўбцы.
Бо калі рэжуць адзінаццацікласьніка, які размаўляе па-беларуску і носіць майку з "Пагоняй" - гэта быццам нажом па горле табе самому.
Калі забіваюць настаўніцу, якая распавядала вучням пра родную краіну і яе гісторыю - быццам ускрываюць з крывёю тваю матулю, сястру, жоначку - усіх трох настаўніцаў.
Маўчыць той, хто гэта зрабіў - за што.
Тыя, хто ляжаць у Курапатах, таксама ня ведалі - за што іх так.
Пяшчотнасьць і безабароннасьць чалавечага жыцьця перад грубым і сьляпым гвалтам заўжды агаломшвае.
Але насамрэч Стоўбцы - гэта зусім не выняткавы выпадак. Проста бліснула ярка, вось нас дрыжыкі і пранялі.
...А тысячы самагубстваў ды забойстваў штогод у Беларусі? А сотні тысячаў алкаголікаў, і месца ў першай тройцы ў сьвеце паводле спажываньня, з раптоўнымі разрывамі сэрца ды цырозамі печані ад гэтага? А дзесяткі тысячаў абортаў у год - такімі ж ножычкамі? гэтак жа халаднакроўна?...
Гэта мы, беларусы.
Зло ня дзе-небудзь там, у нейкім асобна ўзятым гандлёвым цэнтры зь бензапілой, у забытым райцэнтры, у турме. Зло ўнутры нас. Сярод народа, які так і не пакаяўся ў страшных грахах бязбожжа і камунізму, які забывае сябе, сваю мову, сваіх продкаў.
І ёсьць толькі адно Выйсьце з гэтай багны.
Ісус Хрыстос, Якога забілі гэтак жа - ні за што. Які гэтак жа сьцякаў крывёй на вачох у астатніх.
Ён, Які памёр за наш грэх і ўваскрос, ведае адказ. Толькі Ён можа прытуліць ахвяру, суцешыць сваякоў і нават прывесьці да пакаяньня забойцу.
Не сьледчыя, суседзі, аднакласьнікі, журналісты, правіцелі - толькі Ісус Хрыстос, Сын Чалавечы, адкажа на ўсе пытаньні. Сабой.




12.02.19 14:36

Павел Севярынец