АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Беларуская гаспадарка. БелАЗ


БелАЗ – наш адказ стэрэатыпу “маленькай і ціхай рэспублікі”. Здымак БелАЗу надае пагрозьлівае важкасьці любому беларускаму даведніку, прэзэнтацыйнаму буклету ці рэклямнаму выданьню.

БелАЗ – цэлы замак на колах, шэдэўр прыгожае магутнасьці.

Памеры й моц уражваюць чалавека зь дзяцінства. Дзеля гэтага ходзяць глядзець на слана й задзіраюць голаў на хмарачосы. Грузападымнасьць у 80, 120, 200 і нават 220 тонаў, рухавік да 2200 конскіх сілаў, кола вышынёю з двухпавярховы дом – безумоўна, аргуманты ўнушальныя. Толькі ЗША, Нямеччына, Японія, Швэдзія й Беларусь могуць дазволіць сабе выпускаць машыны такіх габарытаў.

Выраб вялікагрузных кар’ерных самазвалаў пачаўся на заводзе ў Жодзіне ў 1958 г. Праз 30 гадоў вытворчасьць БелАЗаў перавысіла 10 тысячаў – і зараз дазваляе Беларусі кантраляваць 30% сусьветнага рынку ў гэтай галіне. Апроч гіганцкіх грузавікоў для горназдабываючае прамысловасьці БелАЗ пачаў выпускаць шлакавозы й аэрадромныя цягачы.

БелАЗ, як і беларуская цяжкая атлетыка, як і магутнасьць магнатаў ВКЛ – вобраз велічы й неверагоднае цягавітасьці беларуса. БелАЗ-беларус штогод перавозіць мільярды тонаў рудаў па ўсім сьвеце. БелАЗ працуе ў кар’ерах Сібіры, Далёкага Усходу, Афрыкі, Індыі. У краінах, якія жывуць за кошт тых кар’ераў. Там, дзе найцяжэй.

БелАЗ – гэта сапраўдны беларускі пад’ём цяжару. За сваю гісторыю Беларусь трывала такія непадымныя тоўшчы, столькі пакутаў, жаху й прыгнёту, вытрымлівала падаўляючыя акупацыі й войны – горы гора! На зямлі ёсьць такія грузы й маштабы, якія пад сілу толькі нашаму БелАЗу. Зь БелАЗам Беларусь, паводле біблейскага выразу, здольная і горы перасоўваць.

Калі вы сумняецеся, што Беларусь можа быць вялікай – паспрабуйце забрацца ў кабіну БелАЗу, ацаніць адтуль панараму і аберуч узяцца за руля. Дастаткова пачуць той мэгатонны роў і ўбачыць, як дрыжыць дарога перад захапляючым тытанічным хараством – пачынаеш верыць, што ў беларусаў стане сілаў і ўзьняць з балота сваю нацыю, і ўзяць на сябе палову Эўропы, і перамяніць Расею.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе.

17.08.18 9:40

Павел Севярынец