АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Алесь Чаркашын, беларускі герой 15.11.2019


Сябры, мы рыхтуем кнігу пра беларускага героя Алеся Чаркашына. Музыку, змагара, капелана, які загінуў у 2015-ым ва Украіне за нашу і вашу свабоду.
Пакуль сабрана каля 750 рублёў з патрэбных 3.250.
Сама кніга гатовая хіба што на траціну. Пакуль не напісалі свае ўспаміны нават блізкія сябры. Пакуль мы ня маем ніякіх тэкстаў з Украіны. Няшмат фотаў 2000 - 2014 гадоў.
Сябры, давайце паставімся сур'ёзна. Ён да нас і да Беларусі ставіўся сур'ёзна.
Ён і зараз глядзіць на нас зь неба.
Просім падтрымкі!
Хто мае ўспаміны, матэрыялы ці фота - пішыце ў прыват у сацсетках.
Спасылка на збор сродкаў:
https://molamola.by/campaigns/1173?fbclid=IwAR2w1bsgKT6wBVxilCxzUzFJUF44NvhKef_IIWuB95AUxMhdTIbdzJEjX2Y

ПЭН. Частка першая. 01.11.2019


Насуперак рашэньню З'езда, насуперак Статуту мяне выключылі з ПЭНу. Гэта было зроблена ў Дзень расстраляных паэтаў - і не выпадкова.
Каля рэстарацыі "Поедем-поедім" за паўтара гады нам таксама часта кідалі ў твар:
-Мало вас стрелялі!
"Выключыць", выдаліць, выціснуць хрысьціянаў зь беларускай культуры не атрымаецца - гэта нават бальшавікам з іх чырвонай імперыяй не ўдалося. Як не удасца чалавеку і схавацца ад Ісуса Хрыста - Ён усё адно прыдзе і пагрукае ў сэрца кожнага.
Маім адказам будзе другая кніга "Беларусаліму" - "Сэрца сьвятла", якую я зараз рыхтую да друку.
Пасьля ПЭНу чытачоў будзе нашмат больш.

Камунізм - пад трыбунал! 14.10.2019


У Менску ў памяшканні Незалежнага прафсаюза РЭП прайшла першая Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору.
Каля дваццаці чалавек, якія займаюцца ушанаваннем памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору з розных гарадоў Беларусі (Менск, Віцебск, Магілёў, Ворша, Барысаў, Баранавічы, Лагойск) падзяліліся досведам, распавялі пра крыжы і помнікі, усталяваныя на месцах расстрэлаў па ўсёй Беларусі - і дамовіліся праводзіць сталыя сустрэчы дзеля каардынацыі працы і стварэння агульнай базы звестак ахвяраў чырвонага тэрору.
Дамовіліся аб'яднаць высілкі, распрацаваць агульную метадычку для збору і захавання звестак пра ахвяраў камунізму, стварыць агульную электронную базу рэпрэсаваных, скаардынаваць працу па архівах, распрацаваць агульнабеларускія маршруты экскурсіяў, выставы, каляндар падзеяў.
Вялікая праца на гады і дзесяцігоддзі атрымала новы штуршок. Упэўнены, што супольная праца ўрэшце прывядзе да стварэння Беларускага інстытута нацыянальнай памяці з філіямі і музеямі па гарадах і мястэчках, да сістэмы пошуку сваіх рэпрэсаваных сваякоў, да яснай свядомасці народа. Бо пакуль ахвяры тэрору ляжаць у зямлі забытыя, пакуль кроў нявінна забітых нема крычыць да Госпада - гэтая краіна і гэты народ асуджаны вяртацца да пачвараў камунізму.
Наступная нарада запланаваная на студзень 2020 года. Далучайцеся!

Кніга "Алесь Чаркашын" 28.09.2019


Сябры, пачаўся збор сродкаў на кнігу "Алесь Чаркашын"

На краўдфандынгавай платформе "Моламола" пачаўся збор сродкаў на выданне кнігі пра беларускага дабраахвотніка, хрысціянскага дэмакрата Алеся Чаркашына.

Алесь Чаркашын – берасцейскі беларус 32 гадоў, капелан і медбрат, у 2015 годзе загінуў у баі пад Белакаменкай ва Ўкраіне “за нашу і вашу свабоду”.

Арганізатары разам з бацькамі і сябрамі збіраюць 3250 рублёў, каб выдаць 1000 асобнікаў кнігі пра Алеся Чаркашына.

У кнігу ўвойдуць успаміны бацькоў, сваякоў, сябраў, братоў і сёстраў у Хрысце, пабрацімаў Алеся Чаркашына, ягоныя інтэрвію і фотаздымкі, у тым ліку і раней не публікаваныя.

Сабраныя грошы пойдуць на вёрстку, афармленне і друк кнігі “Алесь Чаркашын”.

Ахвярадаўцы, якія падтрымаюць ідэю сумай у 10 рублёў і больш, пасля выдання атрымаюць у падарунак кнігу.

У сваю чаргу, сродкі ад продажу кнігі будуць перададзеныя сям’і Алеся Чаркашына.

Падтрымаць выданне можна тут:

https://molamola.by/campaigns/1173?fbclid=IwAR2a4w46Vglu2kzZcgTxanZ3e2cB2cw1OQDW3W2KtCIfPBT8PqGx8cS335w


Школа, дзеці і чэрці 10.09.2019


Ну сябры, у мяне ўжо заканчваюцца прыстойныя словы. Чэрці. Натуральныя рагатыя бесы акапаліся ў Гомельскіх абласных і калінкавіцкіх раённых чыноўных кабінетах.
Бітва за беларускую школу ў Каплічах ў Дзень ведаў перайшла ў фазу адкрытай вайны.
Нагадаем, вось ужо тры гады незалежная дэпутатка Роза Стрэльчанка змагаецца за рамонт школы для больш як 100 дзяцей у аграгарадку Каплічы. Школа зачыненая з-за працёку даху, і замест рамонту дзяцей возяць за дзясяткі кіламетраў у вёску Шыічы: за гэты час на падвоз вучняў з бюджэту выдаткавана ў дзесяць разоў больш грошай, чым патрабуе рамонт.
"На прынцып" пайшлі гомельскія чыноўнікі, якім не спадабалася рашучая пазіцыя Розы Стрэльчанкі, падтрымка бацькоў і асвятленне сітуацыі з боку "Белсата". Супраць Розы Стрэльчанкі здзяйсняюцца правакацыі: "невядомыя" тэлефануюць ёй, напрыклад, з тэлефона у Гомельскім аблвыканкаме(!) і пагражаюць псіхушкай і расправай. Міліцыя, канечне, не можа знайсці вінаватых.
І вось 2 верасня 2019 года, на Дзень ведаў, на лінейцы ў Шыіцкай школе і на сайце калінкавіцкай раёнкі абвяшчаецца, што школу "замініравалі" званком ад імя жыхаркі Каплічаў (вядома, каб настроіць бацькоў супраць Стрэльчанкі). Дзяцей эвакуіруюць і размяшчаюць у іншых будынках, а да Розы Стрэльчанкі прыяжджаюць сапёры - даследваць і апісваць яе хату ды канфіскаваць кампутар.
Зразумела, Роза Стрэльчанка нікуды не званіла. Гэта ведаюць усе, у тым ліку і міліцыя - у лютым гэтага года падобная гісторыя ў Каплічах ужо была, міліцыя абшуквала дом Стрэльчанкі, забірала комп, тэлефон, нічога не знайшла і "вінаватых не ўстанавіла". А дзе і ў якім кабінеце хаваецца падонак, які прыдумаў такі нятанны блокбастэр у Дзень ведаў - думаю, мы даведаемся пасля змены ўлады.
У сваю чаргу Роза Стрэльчанка абівае парогі Мінадукацыі і адпаведных установаў. Паколькі там не дапамагаюць - звярнулася ў Сусветны банк, які падтрымаў рамонт і мадэрнізацыю вясковых беларускіх школаў на 90 мільёнаў еўра. Каплічы, якія мусілі быць у спісе за №1, там увогуле адсутнічаюць. Сусветны банк (філія ў Беларусі) прыслаў адказ: мы гатовыя, калі Мінадукацыі не супраць.
А Мінадукацыі маўчыць.
Якімі ж трэба казламі быць, каб так гнабіць свой уласны народ! Госпадзе, прабач - але проста не хапае галавы асягнуць: што за сатаністы правяць бал на 26-ым годзе цара Ірада!
У выніку Роза Стрэльчанка і бацькі капліцкіх дзяцей адкрылі рахунак у "Беларусбанку", каб сабраць грошы на рамонт таго няшчаснага даху.
Паведамляю рэквізіты рахунка - і прашу ўвагі праваабаронцаў і журналістаў.
BY95 AKBB 3134 0000 1587 9332 0313 BYN

Ядзерная бомба ў Астраўцы цікае 27.08.2019


Праз тры месяцы ў рэактар Астравецкай АЭС загрузяць ядзернае паліва. Загружаць будзе “Росатом”, які на днях узарваў ядзерную ракету пад Северадзвінскам. Там некалькі чалавек загінулі, цяпер адсяляюць вёскі з-за радыяцыі і насельніцтва скупае ў аптэках ёд. Глядзелі серыял “Чарнобыль”?..

Астравецкая АЭС – гэта не праект Лукашэнкі. Гэта праект Пуціна, які ў апошнія гады палохае свет ядзерным апакаліпсісам. Калі вы яшчэ не здрыгануліся з гэтай нагоды – зараз самы час і самае месца.

Тое, пра што мы з вамі гаворым – гэта не толькі энэргетыка. Гэта стратэгічная ідэя расійскага Генеральнага штаба – размясціць каля самай мяжы з ЕС, бліжэй да Калінінграда, на накірунку верагоднага удара па Еўропе, атамную электрастанцыю. З аднаго боку, перашкодзіць энэргетычнай сінхранізацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі з ЕС, з другога – стварыць ядзерную пагрозу на гэтым стыку. З 2010 да 2013 года Расія збіралася пабудаваць для гэтых мэтаў Калінінградскую або Балтыйскую АЭС. У 2013 годзе Пуцін знайшоў іншы варыянт: паабяцаў Лукашэнку 10 мільярдаў долараў, каб “Росатам” пабудаваў АЭС у Астраўцы. У тым жа 2013-ым Пуцін замарозіў будаўніцтва пад Калінінградам.

Давайце цяпер паглядзім, што гэта за месца такое, Астравец.

Яшчэ ў 1990-ыя на замову з Масквы, для патрэбаў эканомікі СССР рыхтаваліся будаваць Беларускую АЭС, і Акадэмія навук БССР ацаніла дзясяткі патэнцыйных пляцовак для будаўніцтва. Вядучыя акадэмікі паставілі свае подпісы пад вынікамі даследвання. А вынікі такія: самая кепская для будаўніцтва АЭС пляцоўка – Астравецкая. Стаіць на разломах зямной кары. Былі землятрусы. Каля яе – магільнік сібірскай язвы.

Пасля Чарнобыля праект Беларускай АЭС, канечне, быў адкладзены. Але вось праз 25 гадоў Пуціну і яго генералам спатрэбілася ядзерная станцыя на мяжы з ЕС. І што вы думаеце, усплывае праект АЭС у Астраўцы. На самай кепскай пляцоўцы!

У Беларусь вятры пераважна з Балтыкі. Калі штосьці здараецца ў Астраўцы, да Мінску воблака даходзіць за некалькі гадзінаў. Вільня – 45 кіламетраў па прамой. 10 кіламетраў да мяжы з ЕС. У Беларусі пра гэта з фактамі ў руках распавядае прафесар Георгій Лепін. Але Лукашэнка Лепіна не слухае. Ён слухае Пуціна.

У 2013 годзе пачалі будаваць АЭС у Астраўцы. Па-савецку, як і Чарнобыль.

Пастаянныя інцыдэнты. Рабочым рэгулярна не выплочваюць заробак – як яны працуюць, можаце ўявіць. Ужо 5 чалавек на будоўлі загінула, апошні – два тыдні таму. Два разы білі рэактар – адзін раз грохнулі ў слуп на чыгунцы, пакуль перавозілі, другі раз, у ліпені 2016-га, рэактар упаў з вышыні некалькіх метраў. Ядзерны рэактар! Інфармацыю хавалі. Пасля таго як з’явіліся сведчанні, вымушаныя былі прызнаць праблему, мяняць рэактар, замоўчваюць дэталі дагэтуль. Вам гэта нічога не нагадвае?

Незалежныя спецыялісты ў Беларусі, калі пачынаеш гаварыць пра Астравецкую АЭС, задаюцца пытаннем: навошта гэта Лукашэнку? Навошта псаваць адносіны з Літвой і ЕС? Навошта мяняць расійскі газ на расійскі уран? Навошта палохаць людзей другім Чарнобылем?

Прадаць электрычнасць у ЕС не так проста. Сваёй электраэнэргіі ў Беларусі лішак. Давядзецца зачыняць два гарады, Навалукомль, 13 тысячаў чалавек, і Белазёрск, 12 тысячаў, пабудаваныя для абслугоўвання двух буйнейшых цеплавых электрастанцыяў. Год назад Лукашэнка сам на паседжанні ураду паставіў пытанне рубам: ніхто, кажа, мне не патлумачыў, навошта нам АЭС і як яна ўбудуецца ў энэргетычную сістэму.

У 2018-ым годзе мы правялі шэраг акцыяў супраць АЭС у Астраўцы. Быў масавы Чарнобыльскі шлях у Мінску ў гадавіну Чарнобыля. Распачаўся Астравецкі шлях – планаваліся кожны месяц акцыі ў гарадах ад Мінска да Астраўца. Да Астраўца не дайшлі. Удзельнікаў затрымлівалі прэвентыўна, здымалі з транспарту, судзілі і давалі вялізныя штрафы. Сёлета Чарнобыльскі шлях у Менску наогул быў забаронены, тыя, хто выйшаў, атрымалі штрафы.

Лукашэнка падаўляе любы пратэст у Беларусі супраць Астравецкай АЭС. АЭС Беларусі ня трэба, але пратэставаць супраць яе нельга. Чаму? Масква.

Так для чаго была пабудаваная Аставецкая АЭС? Скрасці частку з 10 мільярдаў расійскага крэдыту? Магчыма, але ж ёсць больш танныя і бяспечныя спосабы, чым ядзерны рэактар у чарнобыльскай краіне. А навошта Пуціну, які зараз выкручвае рукі Лукашэнку за любы крэдыт у 400 мільёнаў, даваць на АЭС У Беларусі ў дзясяткі разоў больш? Сапраўдны адказ ведаюць у Крамлі. Астравецкая АЭС – гэта стратэгічны праект Крамля. На Астравецкай АЭС асноўны корпус супрацоўнікаў камплектуюць спецыялістамі з Расеі.

Астравецкая АЭС – гэта расійская ядзерная бомба на мяжы з Еўрапейскім саюзам.

Думаю, спадарства, вы глядзелі серыял “Чарнобыль”. Шмат словаў тут ня трэба. Трэба толькі адно: ясная і выразная пазіцыя беларусаў і Еўрапейскага Саюза: зачыніць АЭС у Астраўцы.

Трэба абясшкодзіць расейскую ядзерную бомбу. Не пустыя пратаколы бяспекі лабістаў з МАГАТЭ, не казкі ад “Росатома”, не гульні з Лукашэнкам, а адзіная і салідарная пазіцыя: зачыніць. Патрэбная еўрапейская салідарнасць з Літвой і народам Беларусі, які не хоча другога Чарнобыля.

Заклікаю ўсіх адказных беларусаў і еўрапейцаў не чакаць, пакуль другі Чарнобыль стане рэальнасцю. Крамлёўскіх вар’ятаў не спыняюць страты ў войнах. Яны рыхтуюць гібрыдную ядзерную вайну. Мы з вамі яшчэ можам ім перашкодзіць. Давайце зробім гэта.


"Крыніца" - не піва, "Крыніца" - праўда. 13.08.2019


Споўнілася 5 гадоў з часу афіцыйнага запуску хрысціянскага інфармацыйнага парталу Krynica.info. 6 жніўня 2014 года, у гадавіну выхаду з друку Бібліі Скарыны, міжканфесійная інфармацыйная пляцоўка з шэрагам сервісаў і медыяпраектаў перайшла ад тэставай версіі да працоўнай – і пачала выходзіць на ўзровень сродка масавай інфармацыі.

За гэты час былі ў “Крыніцы” і ўзлёты, і падзенні. Былі і тысячы штодзённых наведнікаў, і шматлюдная рэдакцыя, былі спонсары і канкурэнты, былі і часы, калі каманда апыналася ў даўгах і месяцамі цягнула працу без капейкі. Зараз Krynica.info– валанцёрскі медыяпраект, які робяць некалькі веруючых энтузіястаў усіх трох хрысціянскіх канфесіяў. Бруіць, як і належыць крыніцы інфармацыі, абнаўляецца, чытаецца, а значыць – жыве.

Найперш, гэта ўнікальны агрэгатар хрысціянскіх навінаў з усёй Беларусі на двух мовах. Панарама для тых, хто хоча бачыць не частку карцінкі, а ўсю прастору.

Гэта пасты і блогі самых вядомых апініён-мэйкераў беларускай хрысціянскай супольнасці - бацюшкаў, ксяндзоў, пастараў, актыўных вернікаў.

Гэта навіны сусветнага хрысціянскага руху.

Нарэшце, гэта чытачы - ад шараговых вернікаў да іерархаў, ад палітычных экспертаў да тых, хто шукае Бога.

"Крыніца" адкрытая да валанцёрскай супрацы на прынцыпах "Вікіпедыі".

Далучайцеся!

https://krynica.info/be/

Хрысціянскае адзінства, як па нотах 30.07.2019


Памятаю, ішоў я, праваслаўны, у далёкім 2008-ым з грэка-каталіцкай пілігрымкай Віцебск-Полацк. Ад месца забойства мітрапаліта Язафата Кунцэвіча праваслаўнымі віцьбічамі да месца забойства пяці манахаў-базыльянаў праваслаўным Пятром Першым у Сафіі. Лета, кіламетраў па трыццаць зь нечым у дзень.
Іду, малюся, радуюся: пару месяцаў таму выпусьцілі першы "Беларускі хрысьціянскі хіт", сабралі ў адным альбоме такія сьпевы, каб душа разгарнулася, а потым ізноў згарнулася.
Грэка-каталіцкія бацюшкі па адным падыходзяць, папярэджваюць, каб палітычнай агітацыі ня вёў. Вуніяты з усё Беларусі паглядаюць скоса: стромны чэл, сядзеўшы, ды яшчэ праваслаўны. А пілігрымы моляцца і сьпяваюць у мікрафон па чарзе. Кажу, давайце, добры хрысьціянскі хіт вам сьпяю (мо, глядзіш, сэрцы растопяцца). Эээ, кажуць бацюшкі, неее.
На чацьвёрты дзень я трохі павесіў нос. Думаю, нда, схадзіў у пілігрымку. Ну ладна. Малюся: Госпадзе, пакажы ім, што я не чужы.
І вось апошні прыпынак, на ўваходзе ў Полацк, Струньне. Пад'яжджае яшчэ адзін бацюшка, і пакуль ідзе перакус, адчыняе дзьверцу і ўрубае магнітолу на ўсю ваколіцу.
І што вы думаеце? З яго айфона, як той сьпяваў, пераможна гучыць... "Беларускі хрысьціянскі хіт"!
Як вы зразумелі, гэта я да збору сродкаў на беларусізацыю ўсіх цэркваў праз музыку. Мы сабралі ўжо 23%. Яшчэ ня позна падтрымаць! )


Спыніць татальную высечку беларускага лесу! 24.07.2019


Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, на працягу некалькіх гадоў назіраем па ўсёй тэрыторыі краіны барбарскую вырубку лесу. Вырубка імкліва паскорылася ў апошнія месяцы. Лес, які яшчэ не дасягнуў спеласці, татальна высякаюць, пакідаючы толькі кромкі вакол дзялянак.


Больш таго, вясной 2019 года ў Беларусі была адмененая забарона на вываз круглага дрэва – і вырубка лесу набыла сапраўды катастрафічныя маштабы.


Беларусы за валюту набываюць гатовую прадукцыю з драўніны (паперу, тару, піламатэрыялы, мэблю), вырабленую за мяжой з беларускай сыравіны!


Лясгасы не паспяваюць высаджваць лес на ўсіх вырубленых дзялянках, многія з іх зарастаюць падлескам і забалочваюцца. Але нават і там, дзе паспяваюць – лісцёвым пародам патрэбна 40-50 гадоў для дасягнення спеласці, а хваёвым – 70-80 гадоў.


Мы патрабуем:


1. Адмовіцца ад выкарыстання суцэльных высечак, якія знішчаюць экасістэму, у лясах Рэспублікі Беларусь.

2. Увесці мараторый на вырубку ў дубровах, як у большасці выпадкаў рэдкіх біятопаў, які цяжка і часам не магчыма ўзнавіць раней, чым праз 100 гадоў.

3. Забараніць вываз кругляка на экспарт за мяжу.

4. Прыпыніць будаўніцтва новых дарог у лясах заказнікаў і іншых ААПТ, у прыватнасці, Альманскім, і просекаў для ЛЭП БелАЭС.

5. Спыніць падсочку хвоі ў рэгіёнах, дзе назіраецца развіццё караедаў.

6. Прадугледзець абавязковы ўдзел грамадскасці ў абмеркаваннях праектаў лесаўпарадкавання лясгасаў.

7. Стварыць грамадскую раду пры Мінлясгасе з удзелам прадстаўнікоў і экспертаў ад грамадскіх арганізацый.


Падпісаць петыцыю ў Мінлясгас і Адміністрацыю можна тут: https://petitions.by/petitions/2727


Бацюшка, ксёндз і пастар разам сьпяюць па-беларуску! 13.07.2019


Сябры!
Мы сабралі ўжо больш як 20% патрэбнай сумы на праект "Беларусізуем 3000 цэркваў праз сьпевы!"
Шмат хто са сьвятароў і вернікаў кажа нам: "Мы б і рады, но нечего петь по-белорусскі. Нету такіх белорусскіх хрістіанскіх песен, чтобы душа развернулась..."
Ну, вы разумееце. І сьпяваюць гімны па-царкоўнаславянску, па-расейску, па-польску, па-ангельску...
Ёсьць у нас, беларусаў, такая рыса: стварыць шэдэўр і не паказваць нікому. Хіба сваім. Нават суседнія цэрквы могуць ня ведаць, што ў вашым хоры - беларускамоўныя хіты сусьветнага ўзроўню.
За 11 гадоў мы перабралі тысячы(!) беларускамоўных хрысьціянскіх сьпеваў з усіх цэркваў, касьцёлаў, малітоўных дамоў, рэгіёнаў, фэстаў, канцэртаў, гуртоў...
Выдалі 8 альбомаў "Беларускі хрысьціянскі хіт": найлепшых гімнаў, сьпеваў праслаўленьня, велікодных, на Раство, бардаўскіх, пілігрымскіх, патрыятычных, рокавых. ХІТОЎ!
Цяпер 150 найлепшых хочам выдаць на мр3-дысках, закачаць на флэшкі, рыхтуем для загрузкі ў сеціва, каб кожны сьвятар, дыякан, кіраўнік хора, рэгент, вернік ведаў: ЁСЬЦЬ! Трымайце! Толькі сьпявайце!  
3200 даляраў, патрэбных для выданьня дыскаў, флэшак і плакатаў, каб хапіла на ЎСЕ цэрквы Беларусі, мы ня маем. Таму і зьбіраем.
Прадаваць дыскі і флэшкі, плакаты не будзем. Толькі раздаваць. Будзем езьдзіць за свае грошы па ўсёй Беларусі і раздаваць. Таму што трэба. Богу і краіне.
Ад вас просім зусім крыху. Падтрымаць. Хто можа - капейкай. Хто можа - перапостам. Хто можа - малітвай.
Нас падтрымалі Уладзімір Арлоў і Уладзімір Някляеў, Павел Белавус і Глеб Лабадзенка, Андрэй Кім і Зьміцер Дашкевіч, Алесь Марачкін Эдуард Пальчыс...
Далучайцеся!
Народ мае сьпяваць да Бога на роднай мове!




Лукашэнкаў шмат. А Беларусь у нас адна. 04.07.2019


У сваім выступе на прыдуманы ім "Дзень незалежнасці" Лукашэнка заявіў, што маладыя Беларусы павінныя ісці ў войска, каб абараніць Беларусь ад Расеі.
Хітра зачасаны тролінг - калі ўлічваць, што мноства айцішнікаў, хіпстэраў і юных інтэлектуалаў сапраўды разумеюць расейскую пагрозу.
Але ёсць праблема. Кажучы "абараніць Беларусь", Лукашэнка насамрэч мае на ўвазе сябе і свой "скоростной режим". І ўсе гэта ведаюць. Пойдзеце ў войска, апранеце форму, вам у спіну будзе глядзець аўтамат - нікуды ня дзенецеся, маўляў, абароніце. А яшчэ і ў сталіцу перакінем, калі яна раптам бунтаваць будзе.
Дык вось, Аляксандр Рыгоравіч. Людзі будуць абараняць Беларусь і нават стаяць за яе насмерць тады, калі яны сапраўды будуць ведаць, што абараняюць сябе, сваю сям'ю і сваю краіну - а не пятлю на ўласнай шыі.
Чым больш хлусьні па тэлевізары, фальсіфікацыяў на "выбарах", крыжаломаў у Курапатах, дэкрэтаў, кантрактаў, пабораў, штрафаў, здзекаў, чым больш праўладных алігархаў у бізнэсе, камуністаў у сістэме адукацыі і расейскіх танкаў на парадах у гонар незалежнасці - тым менш у людзей жадання за ўсё гэта паміраць.
Хочаш абараніць беларускую незалежнасць?
Пакайся перад беларускім народам за ўсё тое, што нарабіў за 25 гадоў. Выпраў шкоду. Вызвалі палітвязняў. Адмяні кантракты, дэкрэты і паборы. Выйдзі з Еўразійскага таёжнага саюза і АДКБ, мы ж нейтральная дзяржава паводле канстытуцыі. Спыні вырубку і вываз лесу, будоўлю шкодных вытворчасцяў і ўшчыльненне вялікіх гарадоў. Вярні людзям пенсіі, перастань душыць прадпрымальнікаў і дай магчымасць зарабляць. Дай, нарэшце дазвол на Беларускі нацыянальны універсітэт. Вярні крыжы ў Курапаты і зачыні Лінію Сталіна. Перастань пакрываць забойцаў маладых жаўнераў. Выкінь з войска партрэты акупантаў, суворавых, дзяржынскіх ды тухачэўскіх - хай байцы бяруць прыклад са сваіх Астрожскага, Хадкевіча, Касцюшкі ды Каліноўскага. Падымі бел-чырвона-белы сцяг. Абвясці свабодныя выбары без Ярмошынай і фальсіфікацыяў.
І сыходзь.
Вось тады ў Беларусі ёсць шанец. Таму што тады беларускі народ будзе абараняць сваю краіну, а не чужую тыранію.
Зможаш гэта зрабіць - застанешся ў гісторыі.
Але дужа я сумняюся, што зможаш.
Лукашэнкаў шмат. А Беларусь у нас адна.
Бог даў гэтую краіну беларускаму народу, а не Крамлю, клану ці мафіі.
І рана ці позна народ, здольны абараніць Беларусь, прачнецца.


Хто скраў 90 мільёнаў еўра на беларускія школы? 19.06.2019


Незалежны дэпутат Капліцкага сельсавета Роза Віктараўна Стрэльчанка, якая вось ужо тры гады змагаецца за аднаўленне "прыпыненай" (а ў рэальнасці зачыненай) у вялікім аграгарадку Каплічы Калінкавіцкага раёна Гомельшчыны, накіравала зварот на адрас Сусветнага банка, які паўтара месяцы таму абвясціў пра выдзяленне 90 мільёнаў еўра(!) на мадэрнізацыю і рамонт школаў у вёсках і мястэчках Беларусі.
Аказалася, шматпакутнай Капліцкай школы ў спісе на дапамогу няма. Чаму?
Гісторыя паказальная для Беларусі. Тры гады таму, замест таго каб адрамантаваць працёк даху ў беларускамоўнай школе ў Каплічах (да 900 жыхароў), дзе вучылася больш сямідзесяці дзяцей, мясцовая ўлада зачыніла школу і адправіла дзетак аўтобусамі з бліжэйшых вёсак у няблізкія Шыічы, за дзясяткі кіламетраў. Паводле прызнання раённых чыноўнікаў, на падвоз-адвоз дзяцей ужо патрачана да 80 тыс. даляраў бюджэтных грошай (рамонт, паводле падлікаў, абышоўся б у 10-20 тыс.) - а дадайце яшчэ пару гадзінаў штодня, якія забіраюцца ў дзяцей і бацькоў, пакуль школьнікі ў дарозе!
Паводле сённяшніх нарматываў, зацверджаных Лукашэнкам, у кожным аграгарадку ПАВІННА БЫЦЬ ШКОЛА.
Школы з больш як 50 вучнямі маюць атрымаць дапамогу.
Каплічы - аграгарадок, вучняў - 73. 111 подпісаў бацькоў і жыхароў адпраўлена ў Сусветны банк і адміністрацыю Лукашэнкі разам са зваротам.

Хочаш, каб у царкве спявалі па-беларуску? Падтрымай! 13.06.2019


Сябры!
Прымаем замовы на выраб і дастаўку кампакт-дыскаў у фармаце мр3, usb-флэшак і плакатаў з qr-кодамі 150-ці НАЙЛЕПШЫХ БЕЛАРУСКАМОЎНЫХ ХРЫСЦІЯНСКІХ ХІТОЎ канкрэтна ў вашу царкву, прыход, парафію, грамаду, супольнасць.
Калі вы падтрымліваеце дабрачынны праект "Беларусізуем 3000 цэркваў!" - можаце замаўляць выраб і дастаўку як мінімум адпаведныя вашаму ахвяраванню. Альбо можаце забраць у нас і самі завезьці ў царкву.
Колькі каштуе выраб?
Каля 2 рублёў - выраб дыску.
5 рублёў - флэшка.
1 рубель - вялікі плакат і камплект флаераў з кодамі.
Але зьвярніце ўвагу, платформа "Моламола" забірае сабе 6%, але ня менш за 1 руб 10 кап. То бок, калі вы кладзеце 1 рубель - ён цалкам ідзе платформе. Калі 20 рублёў - платформа забірае ўсяго 1 руб. 20 кап. (свае 6%).
Найбольш эфектыўна - браць флэшку, некалькі дыскаў і камплект друку з кодамі, тады раздасцё і святару(пастару), і зацікаўленым вернікам. Тады і царква запяе па-беларуску.

Падтрымаць дабрачынны праект "Беларусізуем 3000 цэркваў!" можна тут: https://molamola.by/campaigns/615?fbclid=IwAR09k9Z6oVj7Yo5GxCY1YayC-s2QTTWPjOI3a1k0gQdWBrxyjrkUjybEOKg

Беларусізуем 3000 цэркваў! 27.05.2019


Сябры! Пачынаем вялікую кампанію і просім вашай дапамогі.

У большасці праваслаўных і пратэстанцкіх цэркваў Беларусі, а таксама ў некаторых касцёлах амаль не гучыць беларуская мова. Гэта робіць хрысціянскую супольнасць уразлівай перад расійскай прапагандай і аслабляе незалежнасць Беларусі.

Мы выдадзім і бясплатна раздадзім 3.000 mp-3 дыскаў плюс QR-коды для спампоўвання ў сеціве і 300 USB-флэшак са 150 найлепшымі беларускамоўнымі хрысціянскімі спевамі розных канфесіяў у кожны прыход, парафію і грамаду Беларусі. Зборнік таксама будзе размешчаны ў інтэрнэце для вольнага выкарыстання, праслухоўвання і спампоўкі для далейшага распаўсюду.

У Беларусі – каля 3000 царкоўных прыходаў, парафіяў, грамадаў. Ідэя ў тым, каб кожная праваслаўная, каталіцкая, пратэстанцкая грамада бясплатна атрымала калекцыю 150 найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх спеваў – зборнік “Беларускі хрысціянскі хіт” у фармаце mp-3 з QR-кодам для спампоўвання альбо USB-флэшку. Будуць надрукаваныя інфармацыйныя паштоўкі і плакаты з QR-кодам для спампоўвання зборніка - ды перададзеныя ў хрысціянскія грамады для распаўсюду і размяшчэння на інфармацыйных стэндах.

З аднаго боку, гэта паспрыяе беларусізацыі цэркваў і больш высокай свядомасці ўсіх канфесіяў у служэнні народу Беларусі. З другога боку, цэрквы атрымаюць цэлы скарб спеваў праслаўлення, хрысціянскіх гімнаў, баладаў, спеваў на Раство, Вялікдзень ды іншыя святы. Па-трэцяе, зборнік, які мае міжканфесійны характар, паспрыяе супрацы і ладу паміж праваслаўнымі, каталікамі і пратэстантамі Беларусі.

“Беларускі хрысціянскі хіт” — музычная серыя, якая была заснаваная ў 2008 годзе. На працягу дзесяці гадоў праваслаўны Павел Севярынец, пратэстантка Валянціна Шычко і каталічка Вольга Севярынец сабралі і выдалі больш за 150 найлепшых беларускіх хрысціянскіх спеваў. Спярша былі «Хрысціянскія гімны» (2008), «Хіты праслаўлення» (2009), зборнік калядных хітоў «Хрыстос нарадзіўся!» (2009), велікодных «Хрыстос уваскрос!» (2010), складанкі «Бардаўскі хрысціянскі хіт» (2010) і «Беларускі пілігрымскі хіт» (2014), затым – альбом патрыятычных хітоў “Люблю Беларусь” (2016) і «Беларускі хрысціянскі рок” (2018).

Канцэпцыя серыі была простая: найлепшыя хрысціянскія спевы розных канфесіяў па-беларуску. Кожны дыск пачынаўся беларускім духоўным гімнам «Магутны Божа» ў розных выкананнях, большасць заканчвалася спеўнай малітвай «Ойча наш». Для кожнага зборніка папярэдне набіралася 30—40 кампазіцыяў, з якіх фокус-групы (супольнасці вернікаў па 7-10 чалавек з розных рэгіёнаў) адбіралі 20 найбольш моцных.

У «Беларускім хрысціянскім хіце» ўдзельнічаюць Зміцер Вайцюшкевіч і Вінсэнт, Алеся Ўнукоўская і “Тэзаўрус”, “Небасхіл” і “Laudans”, Інэса Леаданская і Андрусь Мельнікаў, “Псальмяры” і “DVA”, Ганна і Ядвіга Багдановічы, Вадзім Яткоўскі і “Рыбы”, а таксама шмат іншых вядомых выканаўцаў.

Сярод аўтараў тэкстаў “Беларускага хрысціянскага хіта” – Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Янка Купала, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Лявон Вольскі.

Падтрымайце кампанію беларусізацыі цэркваў!
https://molamola.by/campaigns/615?fbclid=IwAR3ezxcfjhVrLdudwwYfaXfDozDnJPLUiLlyhM2zfaCGffVwuYQvyZYvFug

чытаць іншыя навіны