АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Саюз імператараў?

Расійскае ТАСС падае інфармацыю з нямецкай газеты «Die Welt»: Аляксандр Лукашэнка (забойца! садыст! дзяржаўны злачынца, які сілай узурпіраваў уладу!) НЕ ЎКЛЮЧАНЫ ў санкцыйны спіс Еўразвязу з-за пазіцыі Нямеччыны, якая лічыць, што трэба, каб «каналы сувязі з Лукашэнкам былі адкрытымі».
Колькі разоў мы такое чулі!
Гэта не падтрымка Лукашэнкі. І не чарговая "перамога" дыпламатыі Макея. Фактычна гэта падтрымка гульні Пуціна, ягонай палітыкі ў адносінах да Беларусі. Пуцін прызнаў Лукашэнку пераможцам на прэзідэнцкіх выбарах, бо яму трэба, каб пры падпісанні дакументаў «паглыбленай інтэграцыі» (паглынання Беларусі Расіяй) здраднік Лукашэнка лічыўся прэзідэнтам. А такім ён можа лічыцца якраз у тым выпадку, калі «каналы сувязі з ім будуць адкрытымі», калі справу з ім будзе мець яшчэ нехта, апроч Пуціна.
Некалі немка, якая стала расійскай імператрыцай, напісала нямецкаму імператару, што з яе гледзішча Еўропа тады прыйдзе да міру і спакою, калі паміж Масквой і Берлінам не застанецца ніводнай іншай сталіцы. Нямецкі імператар з расійскай імператрыцай згадзіўся. Дык што: згода ў гэтым пытанні паміж Масквой і Берлінам існуе дасюль?
04.09.20 14:20

Уладзiмiр Някляеў