АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Сьвяты Юрай - Нябёсны абаронца Беларусі



Гэсэй "Нябёсны абаронца Беларусі" быў упершыню апублікаваны ў 2008 і ўвайшоў у кнігу-зборнік артыкулоў "Аськялепкі кронікоў", 2010.
А зараз караценька пра галоўнае.


У 730-ыя ўгодкі Пагоні і 90-я – абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, мы пачалі сэрыю публікацыяў пра беларускія сьвятыні, у тым ліку, пра тое, якія цудадзейныя абразы беларусы шанавалі больш за іншыя. Гэнае, па-першае, заўсёдная тройка - Госпад, Божая Маці і Сьв.Юрай. Потым да іх дадаўся і Сьв.Мікола. І Міколу, і Юрая беларусы сьвяткавалі двойчы на год. Дарэчы, прататыпам зімовага Міколы лічыцца Зюзя - дахрысціянскі бог зімы, сьцюжы й сьнегу. Гэна яму нашыя продкі ставілі ў Калядную ноч куцьцю.
Ну, пра Сьв.Міколу мы распавядалі крыху раней. А хто-ж такі быў Сьв.Юрай, чым ён так вылучыўся з шэрагу іншых сьвятых, што ягоным імём называліся вялікія й малыя князі (Гінвіл, Вітоўт, Даўгарукі), вуліцы й гарады (Юр’еў, Юр’еў-Польскі, Юр’еў/Тарту), кляштары і зборы ня толькі ў Беларусі?

Блізкія кожнаму беларусу

Пачнем з таго, што здавён-даўна літоўскі гаспадар (ліцьвіны пачалі называць сябе беларусамі толькі ў 1918 годзе, пасля ўтварэньня БНР) імкнуўся набыць ў сваю хату абразы з выявамі сваіх нябёсных патроноў - Збаўцы, Маці Божай, неабходных сьвятых. З тым, каб заўсёды бачыць іх побач, мець магчымасьць зьварачацца да іх пры патрэбе. Ставіў іх на ўласны аўтар ці вешаў у чырвоным куце.
Сёньня ў нашай краіне налічваецца амаль сем соцень цудадзейных абразоў і многія дзясяткі сьвятых. Няхай раней апошніх было нашмат меней, але-ж і тады справы ў іх былі вельмі розныя: хтось лекаваў, хтосьці адказваў за дождж, іншы падарункі на Каляды даваў паслухмяным дзеткам… Большасьць тагачасных беларусоў тады былі зямляробамі, жылі з расьлінаводства і жывёлагадоўлі. Дык павінен быў нехта апякавацца гэнымі людзьмі, абараняць іх і іхную жывёліну-гаспадарку ад цёмных сілаў, мораў, недародаў, бедстваў, ад нападнікоў, сквапных да чужога? У дахрысьціянскія часы гэнай справаю пасьпяхова займаўся Нябёсны Вершнік, бог веснавога росквіту і плоднасьці Ярыла, які спалучаў аграрную і вайсковую функцыі. Але-ж, як кажуць, сьвята мейсца не пустым ня будзе.

Земляроб, жывелавод, сьмелы жоўнэр, заступнік…

У ІІІ стагодзьдзі ад Н.Х. у хрысьціянскай сямьі ў Нікамедыі нарадзіўся хлопчык. Рэальны, дарэчы, чалавек. Пасталеўшы, ужо падчас службы у адным з рымскіх легіёноў, ён вылучыўся сваёю надзвычайнаю адвагай і быў высунуты ў старэйшыя вайскаводы. Звалі цэнтурыёна і будучага сьвятога Юрай.
Навукоўцы трымаюцца думкі, што беларускае імя Ю’рай (Ю'рэй і да таго падобныя) паходзіць ад Ю’ргі – хвормы, што ў скандынаўскіх краёх прыняло кананічнае старажытнагрэцкае імя Гево’ргі (грэц. Γεω´ργιος, скарочана - Γω´ργος). Земляроб па-грэцку. А ськіфы, ранейшыя нашыя ўсходнія суседзі, словам “геварга” - “тыя, хто разводзіць жывёлу” - называлі ўсіх сарматоў на захад ад ракі Барысфэн (тагачасны Дняпро). Там пазьней знаходзілі і сармацкія цацкі – вершнікоў на конях. Сармацкія коньнікі - добрыя жывёлаводы і ваяры - увогуле сталіся легендарнымі (сярэднявечнае паданьне аб Каралі Артуры). На Юр’я прынята пачынаць выганяць жывёлу ў поле.
Да таго-ж Сьв.Юрай яшчэ заўсёды цудоўна дапамагаў і дапамагае людзям, якія знаходзяцца ў небясьпецы. Таму вернікі ў гэты дзень моляцца ў зборох ня толькі за хатнюю жывёлу і ўраджай, але і за здароўе сваіх блізкіх, нават тых, каго няма зараз побач, хто ў гэны час вандруе недзе па сьвеце. Але пра гэнае ніжэй.

Вось так наўськід выглядаюць асноўныя вэрсыі прычынаў, чаму імя сьвятога зьвязваецца з канём, земляpобствам і сельскай гаспадаркай увогуле. І зь Беларусяй.

Не скароны гэрой і вернік

Калі рымскі імпэратор Дыяклетыян пачаў перасьлед веруючых у Хрыста, цэнтурыён Юрай раздаў тым, хто жыў у нястачы, сваю маёмасьць, а сам зьявіўся да імпэратора і сказаўся хрысьціяніном. Жорсткія катаваньні ня змусілі бывалага вайскоўца вырачыся Хрыста. Кажуць, яго ўкрыжавалі разам з аднаверцамі. Альбо папросту засеклі мечам. Ці затравілі дзікімі зьвярамі. Такія негуманныя норавы былі.

Абаронца

Сьвяты заўжды шанаваўся многімі народамі. Дзяяньні ягоныя настолькі вялікія, што кожны народ імкнуўся наблізіць яго да сябе. Таму імя Юрай мае аналягі ў баўгарскай, украінскай, нямецкай, ангельскай, французскай, італійскай, польскай, партугальскай, чэскай, вугорскай, летуўскай, гішпанскай, расейскай, грузынскай, латыскай і іншых мовах. Ва ўсім хрысьціянскім сьвеце ён лічыцца галоўным сьвятым. Са шматлікіх цудаў, зьдзяйсьнёных Хрыстовым воем, найбольш вядомым стаўся адзін, лепш за астатнія захаваны ў айчыннай і сусьветнай іканаграфіі (гл. Устаўку). На згаданых абразох Св.Юрай ратуе дзяўчыну (дачку аднаго з уладароў Лібану, Элісаву), да якой дайшла чарга карміць цмока. І перамагае самога цмока, жыхара тутэйшага ставу блізу Лібанскіх гор. Нават не парушаючы пры гэным, як зараз кажуць, экалягічнага балянсу. Тут не паспрачаесься, умеў ён ладзіць з жывёламі! А можа і слова Божае паспрыяла. А калі не, дык і дзідаю перажагнаць разок-другі такога плезіязаўра-прыгажуняеда ня грэх

Ваяр-пераможца

З прыходам у наш край хрысьціянства сьвяты вялікамучанік і цудатворца Юрай быў прызнаны нябёсным заступніком Літвы-Беларусі. Пад ягоным штандаром (чырвоны крыж у белым полі) ліцьвіны шматкроць перамагалі і крыжацкіх, і татарскіх, і маскоўска-мангольскіх захопнікоў. У гонар сьвятога ў краіне было пабудаванае шмат збораў, частку якіх не здолела зьнішчыць нават расейска-савецкая навала. Заўсёды шанавалі Сьв.Юрая-Пераможцу і ўласна менчукі. Прыкладом, у цэнтры места, паралельна сучасному прашпэкту Незалежнасьці ад вуліцы дзедушкі Леніна да Янкі Купалы, там, дзе зараз месьціцца Палац Рэспублікі, раней праходзіла вуліца Юр’яўская. Імя Сьв.Юрая мела і ўніяцкая царква, якая да расейскай акупацыі (канец XVIII ст.) знаходзілася на месцы сучаснага Музэя ВОВ. Сёньня ад былой вуліцы з царквою застаўся адзінкавы будынак, які схаваўся за рэспубліканскім палацам культуры прафзвязоў і музэем. У канцы ХХ ст., калі Беларусь ізноў атрымала незалежнасьць, побач з нашай Серабранкаю, на тым баку Чыжоўскага вадасховішча, на вул. Галадзеда была пабудаваная царква “Святого Георгия” (у расейскай праваслаўнай царквы заўжды былі цяжкасьці з перакладом на беларускую).

Хрысьціянскі сымболь

Такім вось чыном паганства некалі даўно цесна зьлілося з хрысьціянством. Нябёсны вершнік Ярыла прыняў хрост і, атрымаўшы па даўняй традыцыі разам з рыцарскімі латамі, шаломам, тарчай з Апостальскім крыжам і хрысьціянскае імя Юрай, надалей скача над Літвою-Беларусяй, стаўшыся цяпер ужо ня проста беларускім, але беларускім хрысьціянскім сымболем (а пагоня заўсёды асацыявалася толькі з абаронай). Ня менш як паўтара дзясятка беларускіх гарадоў былі ўганараваныя гэрбамі з выявамі Ярылы-Юрая. А ў 1995-ым  Пагоня, якая ад пачатку ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, а потым і Рэспублікі Беларусь (да 1995 года), зьяўлялася нашым Дзяржаўным гэрбам, уключаная ў Дзяржаўны сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь пад шыфрам – 73БЛ000004. То бок, як і раней, шануецца ня толькі паспалітымі грамадзянамі, але і ахоўваецца дзяржавай.

Пры падрыхтоўцы гэсэя былі выкарыстаныя матэрыялы з болей як двох дзясяткоў крыніцаў (большасьцяй узятыя з уласнае бібліятэкі), уласныя легальныя фота- і відэёздымкі ў музэях, касьцёлох і рас.царквах, экспонаты ўласнай калекцыі. Аўторы ўдзячныя ўсім, хто 10 гадоў перапошчваў, перапісваў, інтэрпрэтаваў і кампіляваў нашыя артыкулы, выкарыстоўваючы іхныя сьхемы, з тым, каб абудзіць цікаўнасьць у насельніцтва да ўласнай нацыянальнай сымболікі.

04.01.18 12:24