АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Працягваецца збор сродкаў на выданне ўнікальнага альбома “Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава”

Новая кніга – гэта больш за 200 старонак фармата А4 на якіх будуць размешчаны выявы больш за 600 фотаздымкаў, дакументаў і артэфактаў, звязаных з гісторыяй самага жудаснага ў гісторыі чалавецтва ваеннага канфлікта і паходзячых з калекцыі беларускага гісторык Ігара Мельнікава.
На вялікі жаль, доўгі час у савецкай і беларускай гістарыяграіях, а таксама грамадскай свядомасці існавала стэрэатыпнае меркаванне пра тое, што Другая сусветная вайна пачалася для Беларусі ў чэрвені 1941 года. Маўляў, да гэтага  моманту жыхары БССР жылі мірным жыццём, не ведалі, што такое бамбёжкі, голад і разбурэнні, а ўсё іншае адбывалася па-за межамі Беларусі. Аднак, гэта - скажэнне рэчаіснасці. Вайна на беларускія землі прыйшла 1 верасня 1939 года, калі нацыстская Германія напала на Польшчу, у складзе якой на той момант знаходзіліся Віленскае, Навагрудскае, Беластоцкае і Палескае ваяводствы, на тэрыторыі якіх пражывала вялікая колькасць беларусаў. З першых дзён Другой сусветнай тысячы беларусаў уступілі ў шэрагі Войска Польскага, Пінскай рачной флатыліі, Корпуса аховы памежжа і мужна біліся супраць немцаў на розных франтах Вераснёўскай кампаніі 1939 года. Аднак і ўсходняя, савецкая Беларусь, не заставалася ў баку ад падзей, якія разгортваліся ў суседняй дзяржаве.
Падраздзяленні Чырвонай Арміі, якія размяшчаліся на тэрыторыі савецкай Беларусі, былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць, адбывалася мабілізацыя прыпіснога складу, у крамах зніклі соль і запалкі, а савецкія беларусы пацягнуліся ў ашчадныя касы і банкі і пачалі здымаць грашовыя ўклады. Акрамя гэтага, варта ўзгадаць, што ў тыя вераснёўскія дні радыё ў Мінску, сярод іншага, перадавала ў эфіры таямнічае словазлучэнне: “Я – Мінск”. Рабілася гэта дзеля таго, кааб аблегчыць жудасную працу пілотаў люфтвафэ, якія бамбілі заходнебеларускія гарады. Тады, па сутнасці, з тэрыторыі БССР дапамагалі забіваць беларусаў, якія жылі за “рыжскім кардонам”. Варта разумець, што нямецкія бомбы на Берасце, Горадню, Пінск, Баранавічы і іншыя гарады Заходняй Беларусі пасыпаліся ўжо ў першыя дні вайны. Гітлер і Сталін пачалі перадзел Еўропы і першымі ахвярамі гэтай “гульні тронаў”, сярод іншых народаў, якія засялялі міжваенную Польшчу, былі нашыя суайчыннікі.
17 верасня 1939 года, увёўшы свае войскі на тэрыторыю ўсходніх раёнаў Польшчы, СССР фактычна ўступіў у Другую сусветную вайну. Не гледзячы на пераможныя рэляцыі савецкіх штабістаў і журналістаў, тая “міратворчая аперацыя” стала цяжкім выпрабаваннем для Чырвонай Арміі. На лініі савецка-польскай мяжы адбыліся жорсткія баі паміж польскімі вартавымі мяжы з Корпуса аховы памежжа і савецкімі войскамі. Нехта сустракаў “гасцей з Усходу” яблыкамі і кветкамі, але ў шматлікіх населеных пунктах Заходняй Беларусі ў савецкія танкі ляцелі “кактэйлі Молатава”, а чырвонаармейцаў “вітаў” “свінцовы гарох”. Так было, прынамсі, пад Маларытай, у Навагрудку, Горадні і Вільні. Але сілы былі няроўнымі і хутка ўся заходнебеларуская тэрыторыя была занятая савецкімі войскамі і ўключана ў склад СССР. Перыяд з восені 1939-га па чэрвень 1941 года не быў спакойным для заходніх абласцей савецкай Беларусі.
У гэты час тут адбываліся арышты так званага “польскага кантынгента”, дэпартацыі “кулакоў”, саветызацыя і русіфікацыя мясцовага насельніцтва. Але праз два гады вайна ізноў прыйшла на беларускія землі. Былы хаўруснік Іосіфа Сталіна Адольф Гітлер вырашыў стаць адзінаўладным гаспадаром Еўропы і ліквідаваць крамлёўскага канкурэнта. У выніку, беларусам ізноў прыйшлося расплачвацца сваімі жыццямі за геапалітычныя гульні дыктатараў.
Лета 1941 года стала адным з самых жудасных у навейшай гісторыі Беларусі. Мільёны палонных і забітых савецкіх жаўнераў, знішчаныя гарады і вёскі і нацысцкая акупацыя. Але беларусы змагаліся супраць ворага. Нехта ў шэрагах савецкага войска і партызанскіх атрадах, іншыя на заходнім фронце, у войсках хаўруснікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі. Нашыя суайчыннікі прайшлі ўсе выпрабаванні і зрабілі вялікі ўнёсак у справу Перамогі над “карычневай чумой”.
Кніга, выданне якой зараз можна падтрымаць па гэтай спасылцы (https://ulej.by/project?id=808658&tab=about), складаецца з фотаздымкаў, большасць з якіх паходзяць з прыватнай калекцыі аўтара і ніколі раней не публікаваліся. Выданне падзелена на раздзелы.
Першы з іх прысвечаны даваеннаму часу і ўмяшчае ў сябе два падраздзелы. У першым з іх чытач знойдзе ўнікальныя фота з тэрыторыі савецкай Беларусі. У сваю чаргу, у другім змешчаныя здымкі, якія, у сваёй большасці паходзяць з Віленскага, Навагрудскага, Палескага і Беластоцкага ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай.
Наступны раздзел прысвечаны падзеям верасня 1939 года ў Заходняй Беларусі. Берасцейская крэпасць, савецка-германскі “freundschaft” і яго апагей – сумесны парад у горадзе на Бугу. Здымкі, змешчаныя ў Раздзеле 3 звязаны з папярэдняй часткай кнігі і прысвечаны германа-савецкаму збліжэнню, якое праявілася ў усталяванні сумеснай мяжы на тэрыторыі падзеленай Польшчы, а таксама агрэсіўнай палітыцы СССР і Германіі ў адносінах да суседзяў. Пакуль Сталін спрабаваў акупаваць Фінляндыю, Гітлер рыхтаваўся да кідку супраць Францыі.
Летам 1940 года Парыж паў і Гітлер пачаў рыхтавацца да вайны супраць свайго ўчорашняга хаўрусніка. Акрамя гэтага, летам 1940 года Савецкі Саюз уключыў у свой склад Літву, Латвію, Эстонію, а таксама анэксаваў тэрыторыю Бесарабіі, якая да гэтага ўваходзіла ў склад Румынскага каралеўства. Так, у альбоме чытач убачыць здымкі жаўнераў латвійскага і эстонскага войска, зробленыя ў 1930-я гады. Акрамя гэтага, у выданні змешчаныя ўнікальныя фатаграфіі, зробленыя ў 1940 годзе ў Бесарабіі.
Чэрвень 1941 года стаў жудасным выпрабаваннем для мільёнаў савецкіх грамадзян. Сотні тысяч чырвонаармейцаў загінула і трапіла ў нямецкі палон у памежных баях супраць нацыстаў летам 1941 года. Пра маштаб той катастрофы сведчаць здымкі, змешчаныя ў Раздзеле 4. Наступная частка кнігі прысвечана перыяду нацысцкай акупацыі Беларусі. На здымках, змешчаных тут, аматары гісторыі Беларусі ўбачаць знаёмыя месцы і будынкі, а таксама людзей, якім прыйшлося перажыць цяжкае ярмо акупацыйнага рэжыму.
Нарэшце, у апошнім раздзеле выдання апублікаваныя здымкі і матэрыялы, прысвечаныя ўдзелу беларусаў у барацьбе з нацызмам на розных франтах Другой сусветнай вайны. Калі пра нашых суайчыннікаў, якія біліся супраць нацысцкай Германіі ў шыхтах савецкага войска гаварылася шмат, то пра беларусаў, жаўнераў Другога польскага корпуса пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса, якія мужна прайшлі выпрабаванні савецкай рэпрэсіўнай сістэмы, а потым вызвалялі Паўднёвую і Заходнюю Еўропу ад нацызма ў Беларусі доўгі час не памяталі.
Матэрыялы, змешчаныя ў альбоме “Другая сусветная вайна на фотаздымках з архіва Ігара Мельнікава” дазваляюць пашырыць кругагляд ведаў па вайсковай гісторыі Беларусі ў прыватнасці і падзеям Другой сусветнай вайны ўвогуле. Больш таго, выданне двухмоўнае (на беларускай і ангельскай мовах), што дасць магчымасць данесці праўду пра падзеі Другой сусветнай на беларускай зямлі жыхарам іншых краін.

Спасылка на краўдфандынг -https://ulej.by/project?id=808658&tab=about

Ігар Мельнікаў,

Кандыдат гістарычных навук,

Заслаўе, 03-09-2018

11.09.18 22:32

Игорь Мельников