АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Сумны юбілей Усходняга партнёрства. 07.05.2019

Дзесяцігадовы юбілей Усходняга партнёрства ва ўмовах вайны.


Калі 10 год таму, 7 траўня 2009 года, прымалася Пражская Дэкларацыя Усходняга партнёрства, наўрад ці хто тады здагадваўся, што праз пяць год зацвярджаныя ў ёй прынцыпы ўзаемных інтарэсаў, абавязацельстваў і адказнасці чакаюць сур'ёзныя выпрабаванні на трываласць з-за ваеннай расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Праўда, да гэтага была расейска-грузінская вайна "08.08.08" і амаль праз месяц 1 верасня адбылася надзвычайная сесія Еўрапейскага Савета, які заклікаў Еўракамісію паскорыць работу над праграмай "з прычыны патрэбы падання больш выразнага сігналу адносна абавязацельстваў ЕС у сувязі з канфліктам у Грузіі і яго наступствамі ў больш шырокім маштабе".
Разам з Самітам у Празе адбылася канферэнцыя "Усходняе партнёрства: на шляху да Форуму грамадзянскай супольнасці", у якой прымаў удзел і я. Таму, магу цвёрда сцвярджаць, што за дзесяць год ні палітыкі, ні прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці не зрабілі высноваў з імперскіх памкненняў Расеі ў дачыненні да Грузіі. Сённяшняя расейская ваенная агрэсія супраць Украіны на працягу пяці год – гэта вынік адсутнасці рэалізацыі на практыцы прынцыпаў Усходняга партнёрства – узаемных інтарэсаў, абавязацельстваў і адказнасці.
Гэтыя прынцыпы пачнуць дзейнічаць толькі, калі адбудзецца змена палітычнага дыскурсу, змена так званых "менскіх пагадненняў", навязаных Украіне Крамлём з ягонымі заходнімі памагатымі, на Будапешцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі, калі ўсіх пачне хваляваць не ўласны нацыянальны дабрабыт, залежны ад расейскіх нафта-газавых "паўночных патокаў", а зруйнаваная Крамлём еўраатлантычная сістэма бяспекі на прынцыпах АБСЕ!
Праграма ЕС "Усходняе партнёрства" разглядаецца, як платфома шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства (ЕПД), якая была прынята пасля найбуйнейшага пашырэння Еўрасаюза ў траўні 2004 года, з мэтай прадухілення развіцця канфліктных сітуацый паміж дзяржавамі-членамі ЕС і іх суседзямі – шасццю краінамі былога СССР (Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай). ЕПД адпавядае стратэгічным задачам Еўрапейскай стратэгіі бяспекі, нацэленай на стварэнне вакол ЕС "кола добразычлівых краінаў" з належным праўленнем і рынкавай эканомікай.
Крэмль жа разглядае Усходняе партнёрства, як геапалітычную канкурэнцыю з Захадам, як уварванне ў расейскую сферу ўплыву. Каб краіны-партнёры не заставаліся надалей "санітарным кардонам" паміж ЕС і Расеяй, якая імкнецца зацвердзіць вынікі сваёй ваеннай агрэсіі "планамі Козака/Сарказі" і "менскімі пагадненнямі", трэба вяртаць сітуацыю ў сістэму міжнароднага права.
Дзеля гэтага ў рамках стратэгіі "Усходняе партнёрства: інфармацыйнае грамадства замест вайны" мною было ініцыявана ўключэнне ў Сумесную Дэкларацыю па лічбавай эканоміцы краінаў ЕС і УП далучэнне краінаў-партнёраў да праграмы eUnion. У адносінах да Украіны і Беларусі гэта разглядаецца, як дадатак да Будапешцкага мемарандума аб гарантыях бяспекі, як тое рэкамендуе рэзалюцыя ПАСЕ ад 9 красавика 2014 года "Апошнія падзеі на Украіне: пагрозы функцыянаванню дэмакратычных інстытутаў".
25 год таму Украіна ўвяла ў практыку знішчэнне ядзернай зброі ў абмен на гарантыі бяспекі з боку ядзерных дзяржаў, чым узмацніла міжнародны рэжым ядзернага нераспаўсюду. Дзякуючы Украіне 5 снежня 1994 года гарантыі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме ад Расеі, ЗША і Вялікабрытаніі былі прадастаўлены і Беларусі. Дзеянне на нашыя краіны прынцыпаў АБСЕ па Будапешцкім мемарандуме паставіць крыж на так званай “саюзнай дзяржаве” з краінай-агрэсарам РФ, з украінскім Крымам у яе складзе і гэта будзе адпавядаць патрабаванням рэзалюцыі ГА ААН "Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны".
Першы крок у пераходзе да Будапешцкага мемарандума зроблены старшынём Усеўкраінскага праваабарончага руху "Сіла права", у мінулым віцэ-прэм'ерам АР Крым Андрэям Сенчанка, які ініцыяваўкрымінальны пераслед Пятра Парашэнкі за заключэнне "менскіх пагадненняў" і правядзенне на пасадзе кіраўніка дзяржавы палітыкі іх безальтэрнатыўнасці. Гаворка ідзе пра злачынствы, адказнасць за якія прадугледжана ч. 1 арт. 111 (дзяржаўная здрада) і ч. 2 арт. 364 КК Украіны (злоўжыванне ўладай або службовым становішчам).
Такія дзеянні ўплывовых украінскіх палітыкаў па аднаўленні еўраатлантычнай сістэмы бяспекі на прынцыпах АБСЕ надаюць надзею і ўпэўненнасць, што наступнае дзесяццігодзе развіцця "Усходняга партнёрства" будзе адпавядаць ягоным сапраўдным мэтам.

Чый Крым? 27.01.2019

26 студзеня ў Менску адбылося першае ў гэтым годзе паседжанне Сойму Руху Салідарнасці ”Разам”, на якім разглядалася пытанне так званай "саюзнай дзяржавы".

16 студзеня Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву “Дэмакратызацыя – адзіная гарантыя незалежнасьці Беларусі”. У ёй звяртаецца ўвага на тое, што “юрыдычная сіла дакумэнтаў аб стварэньні так званае “саюзнае дзяржавы”, падпісаных раней ці маючых быць падпісанымі ў будучыні, павінна быць пастаўленая пад сумнеў, калі іхным падпісантам зь беларускага боку выступае асоба, якая займае пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь не па выніках дэмакратычных выбараў”.

Так, ён нелегітымны, але ж усіх зараз больш хвалюе іншае пытанне: Беларусы, вы надавалі Аляксандру Лукашэнкі права на стварэнне “саюзнай дзяржавы” з краінай-агрэсарам Расейскай Федерацыяй з украінскім Крымам у яе складзе і з размешчанай там расейскай ядзернай зброяй?

Бо, калі адбудзецца гэтае ўтварэнне насуперак рэзалюцыі Генасамблеі ААН ад 27.03.2014 года “Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны”, вы будзеце датычныя разам з Расеяй да парушэння рэжыма еўраатлантычнай бяспекі, які заснаваны на прынцыпах Хельсінкскага заключнага акта АБСЕ, і міжнароднага рэжыма ядзернага нераспаўсюду, які ўсталяваны Дагаворам аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ад 1 лiпеня 1968 года (ДНЯЗ).

Беларусы, вы разумееце сваю адказнасць перад міжнароднай супольнасццю?!

Сойм Руха Салідарнасці “РАЗАМ”, адстойваючы тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, прыняў сярод іншых заяву “Аб гарантыях бяспекі Беларусі і Украіны па Будапешцкім мемарандуме” і зварот “Да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі”.

Радзе БНР будзе прапанована згодна з Віленскім мемарандумам “Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі” узяць на сябе ролю каардынатара па правядзення сумесных беларуска-украінскіх кансультацыяў па аднаўленні дзеяння на нашыя краіны прынцыпаў АБСЕ па Будапешцкім мемарандуме.

Сёння для афіцыйнага Кіева і кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 31 сакавіка ва Украіне і для так званых нашых “кандыдатаў на “пераабранне” Лукашэнкі” "саюзная дзяржава" - гэта лакмусавая паперка. Калі яны ня будуць яго аспрэчваць - Крым расейскі!


Да галасавання Беларусі ў ААН па Крыме 18.12.2018

Асабіста я вельмі абураюся, калі чытаю - Беларусь галасавала ў ААН супраць вываду расейскіх войскаў з Крыму. Бо ні я, ні мільёны іншых грамадзян Беларусі, не маем да гэтага “галасавання” ані якага дачынення.

Абураецца гэтаму Денис Івашин, бо такое галасаванне ад нашага імя “непасрэдным чынам спрыяе далейшаму правядзеньню ваеннай агрэсіі РФ супроць Украіны й значнай эскаляцыі ваеннага канфлікту”. А Уладзь Рымша звяртае ўвагу на тое, што “ужо неаднаразова Радыё Свабода і Новы Час падманваюць чытачоў загалоўкамі "Беларусь прагаласавала супраць Украіны"”.

Што рабіць, калі твой голас скрадзены не ў Беларусі , пад час ягонага чарговага “пераабрання”, а на міжнароднай пляцоўцы, якой з’яўляецца Генасамблея ААН? Што рабіць, калі такое “галасаванне" на карысць краіны-агрэсара падае як пазыцыю краіны Радыё Свабода, якое фінансуецца падаткаплацельшчыкамі ЗША, - гарантамі бяспекі Украіны і Беларусі па Будапешцкім мемарандуме? Правільна, апяляваць да гэтага дакумента, растаўляючы ўсе кропкі над “і”!

17 снежня, у той жа дзень перад галасаваннем па “Крымскай рэзалюцыі” у Генасамблее ААН, у Кіеве прайшла 2-я прэсавая канферэнцыя на тему: “Будапештський меморандум: ефективний шлях примусу до імплементації та стратегії деокупації”. Удзел у ёй прынялі і прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – яе старшыня Ігар Барысаў, старшыня Менскай абласной арганізацыі Аляксандр Абрамовіч і я - адказны сакратар Міжнароднага камітэта "За Будапешцкі мемарандум!" (Будапешцкі камітэт). Рашэнне пра ягонае стварэнне прынята пасля 1-й прэсавай канферэнцыі 8 жніўня г.г. з маім і суддзёй Канстытуцыйнага Суда Беларусі ў адстаўцы Міхаілам Пастуховым удзелам.

Сённяшні ўдзел сябраў БСДП (Г) у прэс-канферэнцыі тлумачыцца тым, што партыя выказваецца за безумоўнае выкананне палажэнняў Будапешцкага мемарандуму аб гарантыях бяспекі для Украіны і Беларусі, якія 5 снежня 1994 года былі прадастаўленыя Расеяй, ЗША і Вялікабрытаніяй у адказ на далучэнне нашых краінаў да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года. Гэта зацверджана ў Праграмме дзеянняў БСДП.

Намагаючыся анэксаваць Крым, у тым ліку, праз размяшчэнне на украінскай суверэннай тэрыторыі ядзернай зброі, Расея парушыла рэжым бяспекі, які дзейнічаў на прынцыпах Хельсінкскага заключнага акта АБСЕ, і рэжым нераспаўсюду ядзернай зброі. Прынцыпы АБСЕ з’яўляюцца гарантыямі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме. Дзеля аднаўлення парушаных Расеяй гэтых абодзьвух рэжымаў мы, сацыял-дэмакраты, заклікалі ўкраінскіх палітыкаў да супрацы па аднаўленні дзеяння прынцыпаў АБСЕ на Украіну і Беларусь .

Каб адмежавацца ад галасавання па ўкраінскім рэзалюцыям у ААН і АБСЕ на карысць краіны-агрэсара РФ заклікаем грамадзян Беларусі ўступаць у шэрагі БСДП (Г). Заклікаем беларускія і ўкраінскія СМІ падаваць артыкулы з дакладнымі з пункту гледжання міжнароднага права загалоўкамі! Звяртаю ўвагу журналістаў на тое, што Крым Расеяй не анэксаваны, пакуль 100 краінаў свету не адмовяцца ад падтрымкі рэзалюцыі ГА ААН ад 27.03.2014 “Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны”. Гэтага не будзе ніколі, а таму мы маем справу не з анэксіяй, а з ейнай спробай.

Палітыкі Беларусі і Украіны ў рамках сумесных захадаў па аднаўленні рэжымаў бяспекі і нераспаўсюду ядзернай зброі бліжэйшым часам накіруюць сумесны зварот ў ААН і АБСЕ, які будзе тычыцца галасавання там прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ад імя Беларусі, ад нашага з вамі імя!

Больш дакладна з інфармацыяй па Будапешцкім мемарандуме можна азнаёміцца на сайце Інстытута даследвання расейскай агрэсіі.

Правы чалавека і бяспека 11.12.2018

У Сусветны дзень правоў чалавека 10 снежня міністры замежных спраў краін-членаў ЕС на пасяджэнні ў Бруселі ўхвалілі прапанову Нідэрландаў стварыць механізм санкцый за парушэнне правоў чалавека, які дазволіць больш эфектыўна змагацца з парушальнікамі.

Па словах Наталі Точчы, спецыяльнага саветніка кіраўніка дыпламатыі ЕС Федэрыкі Магерыні, сёння палітыка санкцый ЕС супраць Расеі, якая прывязаная да “менскіх дамоўленасцяў”, не працуе, таму неабходна стварыць механізм санкцый, звязаных з парушэннямі міжнароднага права і правоў чалавека. Такі падыход “надасць выразнасці падыходу ЕС да Расеі і ўзмацніць ягоны ўплыў”, лічыць яна.

Санкцыйная палітыка Захаду, якая надалей будзе звязаная з парушэннем правоў чалавека, стане, нарэшце, адпавядаць тым дамоўленасцям, якія былі прынятыя яшчэ на Будапешцкім саміце АБСЕ ў снежні 1994 года. Тады з прыняццём Дэкларацыі АБСЕ “На шляху да сапраўднага партнёрства ў новую эпоху” была падведзеная рыса пад Халоднай вайной. Дэкларацыя ўключыла ў сябе Кодэкс паводзінаў, якія тычацца ваенна-палітычных аспектаў бяспекі. Ім устаноўлена ўзаемасувязь паміж падтрыманнем міру і павагай да правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Правы і свабоды чалавека, як і іх захаванне, з'яўляюцца найважнейшым палітыка-юрыдычным інстытутам, які аб'ектыўна выступае мерай дасягненняў чалавецтва, у тым ліку, і ў галіне міжнароднай бяспекі. Правы і свабоды чалавека, як адны з прынцыпаў АБСЕ, з’яўляюцца асновай гарантыяў бяспекі, якія ядзерныя дзяржавы Расея, ЗША і Вялікабрытанія па Будапешцкім мемарандуме надалі Україне і Беларусі за іх далучэнне да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ад 1 лiпеня 1968 года.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выказваецца за безумоўнае выкананне палажэнняў Будапешцкага мемарандуму ад 5 снежня 1994 года, то бок за вырашэнне ўсіх супярэчнасцяў у міжнародных адносінах на аснове фундаментальных агульных каштоўнасцяў, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Пра гэта гэта 10 снежня нагадалі сацыял-дэмакраты Алесь Абрамовіч, Сяржук Падзолка і Наталля Гарачка. І гэта адбылося ва ўнісон з міністэрскім рашэннем у Брусэлі па прыняццю санкцыйнага механізма, звязанага з парушэннем міжнароднага права і правоў чадавека.  


Алесь Абрамовіч і Сяргей Падзолка


Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Будапешцкі мемарандум
Заява Міжнароднага камітэта «За Будапешцкі мемарандум!» «Аб супрацьдзеянні расейскай ваеннай агрэсіі на аснове Будапешцкага мемарандума»

Заява Міжнароднага камітэта «За Будапешцкі мемарандум!» «Аб супрацьдзеянні расейскай ваеннай агрэсіі на аснове Будапешцкага мемарандума» 05.12.2018

Дзякуючы Украіне 5 снежня 1994 года аналагічныя гарантыі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме былі прадастаўлены і Рэспубліцы Беларусь у адказ на яе далучэнне да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй.


Парушэнне Расейскай Федэрацыяй палажэнняў Будапешцкага мемарандума ў адносінах да Рэспублікі Беларусь у лістападзе 1996 года прывяло да падпарадкавання расейскім інтарэсам ажыццяўленне правоў, якія тычацца беларускага дзяржаўнага суверэнітэта. Вынікам гэтага стала стварэнне 29 мая 2014 года з удзелам Беларусі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) у якасці альтэрнатывы Еўрапейскаму Саюзу. Далейшае падпарадкаванне Расіяй сваім інтарэсам ажыццяўленне правоў, якія тычацца дзяржаўнага суверэнітэта Украіны, ажыццяўляецца шляхам парушэння нормаў міжнароднага права і ваеннай агрэсіі супраць яе са спробай анэксіі Аўтаномнай рэспублікі Крым.

Заява Міжнароднага камітэта «За Будапешцкі мемарандум!» «Аб супрацьдзеянні расейскай ваеннай агрэсіі на аснове Будапешцкага мемарандума»


КАБ НЕ БЫЛО ВАЙНЫ! 15.09.2015 3

Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Зянон Пазняк і старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла ў інтэрв'ю Беларускай Радыё Рацыя выказалі сваю трывогу наконт дамоўленнасцяў Лукашэнкі з Крамлём аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай авіяцыйнай базы. Абодва кажуць пра сапраўдную акупацыю Беларусі і неабходнасць арганізацыі народнага супраціву.
З гэтым цяжка не пагадзіцца, але я б звярнуў увагу на іншае – Крэмль уцягвае Беларусь, фактычна акупаваную ім у лістападзе 1996 года, у вайну з усім цывілізаваным светам. І на гэта паказваюць наступныя падзеі.
Літаральна ў той жа дзень, 2 верасня, калі ўрадам Расеі было прынята рашэнне “Аб прадстаўленні прэзідэнту Расійскай Федэрацыі прапановы аб падпісанні пагаднення паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расійскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, у Кіеве адбылося пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны, на якім быў ухвалены праект новай Ваеннай дактрыны Украіны.
Гэтым дакументам замацоўваецца статус Расійскай Федэрацыі як ваеннага праціўніка, Украіна адмаўляецца ад пазаблокавага статусу і аднаўляе курс на ўступленне ў НАТА. Пасяджэнне РНБА 22 верасня па зацверджэнні ваеннай дактрыны Украіны адбудзецца з удзелам генеральнага сакратара НАТА Йенса Сталтэнберга.
З улікам ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны і пералічаных падзеяў, Беларусі да статусу "ваенны праціўнік" для нашай паўднёвай суседкі - адзін крок. Гэтаму спрыяюць і расейскія базы на нашай зямлі, і ўдзел у рознага роду ваенных вучэннях кшталту "Славянскага братэрства 2015".
Ужо не цяжка спрагназаваць, як надалей будуць развівацца падзеі.
З прыняццем новай Ваеннай дактрыны Украіна павінна для вырашэння ваеннага канфлікту з Расеяй прыняць і новую палітыка-прававую сістэму каардынатаў - адмовіцца ад Менскіх пагадненняў на карысць Будапешцкага мемарандума аб гарантыях бяспекі ў сувязі з яе далучэннем да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Асабіста я ўжо не ўяўляю магчымасці ўнясення зменаў у Канстытуцыю Украіны праз пагрозу
ужывання сілы “ваенным праціўнікам”. Пра вяртанне да “Будапешту” ужо кажа і перамоўшчык па "Менску" ад Украіны Леанід Кучма.
І тут падыходзіць чарга да Беларусі.
Месяц таму ў інтэрв'ю "Беларускай праўдзе" я паказваў на тое, што абавязкі па Будапешцкім мемарандуме Расея парушыла спачатку ў дачыненні да Беларусі 22 лістапада 1996, калі яна навязала варагуючым бакам (Лукашэнка – Вярхоўны Савет 13-га склікання) падпісанне пагаднення "Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь". Так Расея пасадзіла ў сваёй вотчыне (яна так лічыць) Лукашэнку на пажыццёвае праўленне і, дзякуючы гэтаму, яна цяпер падпісвае дамовы па ваенных базах на Беларусі сама з сабой.
Зараз я ў роспачы. Як “арганізаваць народны супраціў”, калі лідары апазыцыі не стаяць на пазыцыях вершавенства права і не прытрымліваюцца заключэння па рэферэндуму-1996 Спецкамісіі ВС-13 пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара? Гэтыя ж “пераабранні” беларускага дыктатара ды пікетаванні за "свабодныя выбары без ягонага ўдзелу", відавочна, на руку Крамлю.
Хутка ўкраінцы па Будапешцкім мемарандуме будуць штурхаць нас у спіну. Таму я прапаную паскорыць працу па “арганізацыі народнага супраціву”, у першую чаргу, падпісантамі Віленскага мемарандуму "Аб захадах для забеспячэння незалежнасці Беларусі", які быў прыняты 3 лістапада 2012 пад эгідай Рады БНР.
Прапаную арганізацыям, якія ўзялі на сябе адказнасць за лёс Бацькаўшчыны ў межах Віленскага мемарандуму, тэрмінова прадставіць на суд грамадскасці захады па абароне яе незалежнасці. Іх рэалізацыя і стане тым актыўным грамадскім супрацівам крамлёўскім высілкам уцягвання Беларусі ў вайну.
У сваёй заяве з нагоды 20-годдзя падпісання Будапешцкага мемарандума аб гарантыях бяспекі для Беларусі і Украіны Рада БНР, спасылаючыся на пункты “Мемарандуму аб захадах для забеспячэння незалежнасці Беларусі”, заклікала ўсе беларускія палітычныя сілы да здзейснення ўсіх магчымых міжнародных захадаў дзеля гарантавання незалежнасці Беларусі ў становішчы, калі наяўныя гарантыi паказваюць сваю недастатковасьць.
Зараз такія міжнародныя захады здзяйсняюцца ў межах Стратэгіі “Усходняе партнерства: інфармацыйнае грамадства замест вайны”. “Каб не было вайны” - стратэгія прадуглежвае дэмантаж рэжыма неабмежаванай асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі згодна з артыкулам 88 Канствтуцыі Рэспулікі Беларусь – адхіленне ад улады.
Старшыня і сябры Прэзыдыюму Рады БНР пацвердзілі ў Віленскім мемарандуме адданасць мэце спаўнення свайго статутнага мандату, умовамі якога есць абранне дэмакратычнай ўлады на свабодных выбарах пры гарантаванай дзяржаўнай незалежнасці.
Улічваючы гэтую мэту Рады, а таксама патрэбу больш шчыльнага ўзаемадзеяння на нацыянальным і міжнародным узроўні па аднаўленні гарантыяў бяспекі для Беларусі і Украіны па Будапешцкім мемарандуме, прапаную ў бліжэйшы час арганізаваць нараду падпісантаў Віленскага мемарандума ў Кіеве. Такая нарада з удзелам прадстаўнікоў украінскіх дзяржаўных струтураў з аднаго боку павысіць міжнародную суб’екьнасць Рады БНР, як рэзэрвовага палітычнага дэпазытара беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі, а з другога, дасць яскравы сігнал міжнароднай супольнасці аб неабходнасці выпрацоўкі сумеснай стратэгіі па аднаўленні рэжыма бяспекі ў рэгіёне АБСЕ ва ўмовах, калі гарантыі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме з-за рэалпалітыцы не дзейнічаюць.
Падводзячы рысу, хацеў бы нагадаць працу «У цені гвалту» эканоміста Дугласа Норта, за якую ён атрымаў нобелеўскую прэмію. Паводле ягонай тэорыі, сёння працэс пераразмеркавання «патэнцыялу гвалту» з нацыянальнага ўзроўню (Рэвалюцыя Годнасці ва Украіне) перамясціўся на рэгіянальны (ваеннае супрацьстаянне з Крамлём). Не прызнаючы тэрытарыядьную цэласнасць Украіны і анэксію Расеяй Крыму, Лукашэнка фактычна на яе баку ў супрацьстаянні з цівілізаваным светам пакуль у міжнародна-прававым вымярэнні. Ад гэтага адзін крок да супрацьстаяння ваеннага!

ПА ТЭМЕ:

2.Апытаныя DW эксперты лічаць, што на фоне ўкраінскага крызісу размяшчэнне пастаяннага ваеннага кантынгенту Расеі ў Беларусі будзе спрыяць росту напружанасці ў рэгіёне. Тым больш што некаторыя палажэнні пагаднення не выключаюць у далейшым дыслакацыі ў Беларусі і іншых відаў узбраенняў і расейскіх вайсковых груповак.

чытаць іншыя навіны