АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Сумны юбілей Усходняга партнёрства.

Дзесяцігадовы юбілей Усходняга партнёрства ва ўмовах вайны.


Калі 10 год таму, 7 траўня 2009 года, прымалася Пражская Дэкларацыя Усходняга партнёрства, наўрад ці хто тады здагадваўся, што праз пяць год зацвярджаныя ў ёй прынцыпы ўзаемных інтарэсаў, абавязацельстваў і адказнасці чакаюць сур'ёзныя выпрабаванні на трываласць з-за ваеннай расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Праўда, да гэтага была расейска-грузінская вайна "08.08.08" і амаль праз месяц 1 верасня адбылася надзвычайная сесія Еўрапейскага Савета, які заклікаў Еўракамісію паскорыць работу над праграмай "з прычыны патрэбы падання больш выразнага сігналу адносна абавязацельстваў ЕС у сувязі з канфліктам у Грузіі і яго наступствамі ў больш шырокім маштабе".
Разам з Самітам у Празе адбылася канферэнцыя "Усходняе партнёрства: на шляху да Форуму грамадзянскай супольнасці", у якой прымаў удзел і я. Таму, магу цвёрда сцвярджаць, што за дзесяць год ні палітыкі, ні прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці не зрабілі высноваў з імперскіх памкненняў Расеі ў дачыненні да Грузіі. Сённяшняя расейская ваенная агрэсія супраць Украіны на працягу пяці год – гэта вынік адсутнасці рэалізацыі на практыцы прынцыпаў Усходняга партнёрства – узаемных інтарэсаў, абавязацельстваў і адказнасці.
Гэтыя прынцыпы пачнуць дзейнічаць толькі, калі адбудзецца змена палітычнага дыскурсу, змена так званых "менскіх пагадненняў", навязаных Украіне Крамлём з ягонымі заходнімі памагатымі, на Будапешцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі, калі ўсіх пачне хваляваць не ўласны нацыянальны дабрабыт, залежны ад расейскіх нафта-газавых "паўночных патокаў", а зруйнаваная Крамлём еўраатлантычная сістэма бяспекі на прынцыпах АБСЕ!
Праграма ЕС "Усходняе партнёрства" разглядаецца, як платфома шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства (ЕПД), якая была прынята пасля найбуйнейшага пашырэння Еўрасаюза ў траўні 2004 года, з мэтай прадухілення развіцця канфліктных сітуацый паміж дзяржавамі-членамі ЕС і іх суседзямі – шасццю краінамі былога СССР (Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай). ЕПД адпавядае стратэгічным задачам Еўрапейскай стратэгіі бяспекі, нацэленай на стварэнне вакол ЕС "кола добразычлівых краінаў" з належным праўленнем і рынкавай эканомікай.
Крэмль жа разглядае Усходняе партнёрства, як геапалітычную канкурэнцыю з Захадам, як уварванне ў расейскую сферу ўплыву. Каб краіны-партнёры не заставаліся надалей "санітарным кардонам" паміж ЕС і Расеяй, якая імкнецца зацвердзіць вынікі сваёй ваеннай агрэсіі "планамі Козака/Сарказі" і "менскімі пагадненнямі", трэба вяртаць сітуацыю ў сістэму міжнароднага права.
Дзеля гэтага ў рамках стратэгіі "Усходняе партнёрства: інфармацыйнае грамадства замест вайны" мною было ініцыявана ўключэнне ў Сумесную Дэкларацыю па лічбавай эканоміцы краінаў ЕС і УП далучэнне краінаў-партнёраў да праграмы eUnion. У адносінах да Украіны і Беларусі гэта разглядаецца, як дадатак да Будапешцкага мемарандума аб гарантыях бяспекі, як тое рэкамендуе рэзалюцыя ПАСЕ ад 9 красавика 2014 года "Апошнія падзеі на Украіне: пагрозы функцыянаванню дэмакратычных інстытутаў".
25 год таму Украіна ўвяла ў практыку знішчэнне ядзернай зброі ў абмен на гарантыі бяспекі з боку ядзерных дзяржаў, чым узмацніла міжнародны рэжым ядзернага нераспаўсюду. Дзякуючы Украіне 5 снежня 1994 года гарантыі бяспекі па Будапешцкім мемарандуме ад Расеі, ЗША і Вялікабрытаніі былі прадастаўлены і Беларусі. Дзеянне на нашыя краіны прынцыпаў АБСЕ па Будапешцкім мемарандуме паставіць крыж на так званай “саюзнай дзяржаве” з краінай-агрэсарам РФ, з украінскім Крымам у яе складзе і гэта будзе адпавядаць патрабаванням рэзалюцыі ГА ААН "Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны".
Першы крок у пераходзе да Будапешцкага мемарандума зроблены старшынём Усеўкраінскага праваабарончага руху "Сіла права", у мінулым віцэ-прэм'ерам АР Крым Андрэям Сенчанка, які ініцыяваўкрымінальны пераслед Пятра Парашэнкі за заключэнне "менскіх пагадненняў" і правядзенне на пасадзе кіраўніка дзяржавы палітыкі іх безальтэрнатыўнасці. Гаворка ідзе пра злачынствы, адказнасць за якія прадугледжана ч. 1 арт. 111 (дзяржаўная здрада) і ч. 2 арт. 364 КК Украіны (злоўжыванне ўладай або службовым становішчам).
Такія дзеянні ўплывовых украінскіх палітыкаў па аднаўленні еўраатлантычнай сістэмы бяспекі на прынцыпах АБСЕ надаюць надзею і ўпэўненнасць, што наступнае дзесяццігодзе развіцця "Усходняга партнёрства" будзе адпавядаць ягоным сапраўдным мэтам.

07.05.19 22:08

Игорь Ледник