АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Прымус да законнасці

Рэгістрацыя кандыдатаў паказала, што ўлады працягваюць рабіць усё, каб выбарчая кампанія прайшла па сцэнары 2015 года. То бок, з ціхім перапрызначэннем Лукашэнкі і без Плошчы. Хто з зарэгістраваных спойлераў адгуляе ролю Улаховіча ці Гайдукевіча і, можа быць, нават павіншуе Лукашэнку з перамогай – не так істотна.

Гэтая выбарчая кампанія нагадвае выбары 2006 і 2010 гадоў. Толькі рэйтынг Лукашэнкі значна меншы, а пратэставыя настроі – большыя. Таму ўлады і нейтралізавалі самых папулярных альтэрнатыўных кандыдатаў, каб утаймаваць гэтыя настроі да 9 жніўня, асноўнага дня галасавання.

Значная частка прыхільнікаў пераменаў можа апынуцца ў стане дэмаралізаванасці. На такі эфект таксама разлічаны рэпрэсіі, стэрыльнае фармаванне выбарчых камісіяў і шытая белымі ніткамі афіцыёзная сацыялогія, паводле якой Лукашэнка мае падтрымку трох чвэрцяў выбаршчыкаў.

Таму цяпер найпершая наша задача – не страціць атмасферы адчування большасці, не апусціць рукі!

Павінен паўстаць аб’яднаны штаб, які будзе складзены як з незарэгістраваных і зарэгістраваных кандыдатаў, так і з класічнай апазіцыі. З усіх тых, хто гатовы дзейнічаць актыўна і не быць марыянеткай у руках рэжыму. Дарэчы, гэта шанец і для тых кандыдатаў, каго лічаць спойлерамі, даказаць адваротнае.

Калі не з’явіцца аб’яднанага штабу, то будзе так: хто ў лес, а хто па дровы! То бок, нехта за байкот, а хтосьці за галасаванне супраць усіх або за каго заўгодна, апрача Лукашэнкі.

Кансалідацыя павінна адбыцца не вакол нейкай персоны, а паводле агульнага плану дзеянняў. Перацягванне коўдраў на сябе толькі паспрыяе разгубленасці грамадства.

Агітацыйная кампанія дае магчымасці для правядзення супольных мітынгаў, хай колькасць месцаў пад іх абмежаваная і яны не надта зручныя. Хай у Мінску гэта будзе і Бангалор. Галоўнае – паказаць, што прыхільнікаў пераменаў вельмі шмат па ўсёй Беларусі і што мы здольныя дзейнічаць разам. Гэта павінны быць легальныя пікеты-мітынгі па ўсёй краіне ад сталіцы да малых гарадоў з нарастаючай колькасцю ўдзельнікаў.

Толькі ўсведамленне таго, што большасць і сапраўды не на баку рэжыму, можа прымусіць выбарчыя камісіі пры падліку яўкі і галасоў і праваахоўныя органы падчас мірных вулічных акцыяў застацца на баку закона – а значыць, народа. Ну і, натуральна, мы павінны ўзяць усе дні галасавання, ад датэрміновага да асноўнага, пад легальны народны кантроль – то бок, масава станавіцца назіральнікамі. Для надыходу пераменаў трэба прыкласці намаганні. Усім разам!

16.07.20 13:13

Юрий Губаревич