АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Для многіх гэтае было раўназначнае сьмяротнаму прысуду

Я не магла правесьці там сваю маладосьць, бо вы забралі мой сьвет. Я не мела Радзімы...(с) Jamala


Адзін з вагонаў, якімі вывозілі "палякаў" на зьнішчэньне ў Расею. Фота ©Muzej Tatalitaryzmu j Salidarnaści

10 лютага 1940 - пачатак савецкага генацыду на "вызваленых тэрыторыях"

Удзельнічаючы супольна з Трэйцім Рэйхам у захопе Польшчы, Савецкі Саюз ў 1939 заняў тэрыторыю больш за 190 000 кв. км з насельніцтвам каля 13 мільёнаў чалавек. Сярод іх было каля 5 мільёнаў палякаў, астатнія былі ўкраінцы, беларусы і гэбраі.

80 гадоў таму, 10 лютага 1940, пачалася першая масавая дэпартацыя грамадзян акупаванай Савецкім Саюзам Рэспублікі Польшча ў Расею. Па дадзеных НКВД, каля 140 000 чалавек былі дэпартаваныя на поўнач Расеі і ў Сібір. Для многіх зь іх гэта стала роўна сьмяротнаму прысуду.

Рашэньне аб дэпартацыі было прынятае 5 сьнежня 1939 Саветам народных камісараў. На працягу наступных двух месяцаў была праведзеная падрыхтоўка да яе выкананьня, на працягу якой былі складзеныя сьпісы і праведзеная "праца на месцах". Дэпартацыя ахапіла сялян, жыхароў невялікіх гарадоў, сем'яў вайскоўцаў і работнікаў лясной службы. Яго ход асабіста кантраляваў Усевалад Мяркулаў - намесьнік кіраўніка НКВД Лаўрэнція Берыя.

Дэпартацыя, ажыцьцёўленая НКВД 10 лютага 1940, адбылася ў жудасных умовах, якія для многіх сталі сьмяротнымі. Падчас яе рэалізацыі тэмпература дасягала 40 градусаў марозу. Зборы займалі ад дзясяткаў да некалькіх хвілін, некаторыя людзі наогул не пасьпявалі нічога схапіць з дому. У грузавыя вагоны з закратаванымі вакенцамі загружалася па 50 чалавек, часам больш. Дарога да месца дэпартацыі часам доўжылася нават некалькі тыдняў. Умовы пры транспартоўцы былі жахлівымі, людзі паміралі ад холаду, голаду, смагі і зьнясіленьня. Сьведкі апісвалі, як яны на прыпынках спрабавалі лавіць сьнег з вакенцаў, паколькі ім не давалі нават вады, але міліцыя біла іх па руках дубінкамі.

Сярод дэпартаваных палякі складалі прыкладна 82%. Украінцы і беларусы таксама былі вывезеныя. Пасьля дэпартацыі, у выгнаньні іх чакалі рабская праца, пакуты, хваробы і голад. Далейшыя дэпартацыі польскіх грамадзян былі ажыцьцёўлены ў красавіку і чэрвені 1940. Апошняя дэпартацыя пачалася напярэдадні нямецка-савецкай вайны ў канцы траўня 1941. Усяго, па дадзеных НКВД, каля 330-340 тысяч чалавек было адпраўленае ў чатырох дэпартацыях. Мэта савецкіх акупантаў была ў тым, каб вынішчыць эліту і нацыянальна арыентаванае польскае насельніцтва, яны павінныя былі разбурыць сацыяльную структуру, забясьпечваючы пры гэтым таталітарную савецкую імперыю рабочай сілай.

Цяжка ацаніць колькасьць ахвяр

Лік ўсіх ахвяр сярод польскіх грамадзянаў, якія знаходзіліся пад савецкай акупацыяй у 1939-1941, да гэтага часу цалкам невядомы. Зьвяртаючыся да гэтага пытаньня, прафэсар Анджэй Пачкоўскі пісаў: "Лічыцца, што менш чым за два гады савецкай улады на землях, адабраных у Польшчы, колькасьць жыхароў. якія былі рэпрэсаваныя ў розных формах - расстрэл, турмы, лягеры і выгнаньне з рабскай працай - склала больш за 1 мільён чалавек, Такім чынам, быў рэпрэсаваны кожны дзясяты грамадзянін Рэспублікі Польшча, які жыў ці знаходзіўся на гэтай тэрыторыі. Былі расстраляныя ня менш за 30 000 чалавек, а агульны ўзровень сьмяротнасьці рэпрэсаваных ацэньваецца ў 8-10%, гэта значыць, загінула 90-100 тысяч чалавек".

пераклад з польскай паводле tvn24.pl

10.02.20 21:17

Тацяна Грачанікава