АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Спярша курс даляра, затым каронавірус

Паўшоў у краму. Апроч іншага, хацеў набыць грэчку і пшано, бо і таго, і другога засталося па грамаў дзвесце.

Грэчкі на паліцах не было ўвогуле, нават цэннікаў. Пшано – чатыры варыянты. Мне, па праўдзе кажучы, яно і больш патрэбнае, бо збіраюся рэзаць апошні вялікі гарбуз. А гарбуз, калі яго парэжаш, хутка псуецца. Ну і два тыдні пшонку з гарбузом на сняданак, абед і вячэру жэрці не будзеш, таму ўсё роўна давядзецца скібкі гарбуза марозіць.

Стоячы каля паліц, слухаю размову прадавачкі са знаёмай


- .Учора і сёння цукар ды алей бяруць што шалёныя!


Знаёмая трымае ў руцэ пачак рысу.


-  Во і рыс таксама, - працягвае прадавачка.


Знаёмая бярэ другі пачак. Абедзве смяюцца.


- Так заўсёды, калі даляр расце, - тлумачыць прадавачка.- Я ж усё жыццё ў магазінах. А чаму цукар ды алей - не толькі таму, што закаткі людзі робяць, але і ведаюць, што яны абвязкова будуць даражэць.


Заўважаю аўтаматычна: “З алеем ясна - імпартны тавар, а цукру жа ў краіне перавытворчасць - чаму падымецца цана?"


Узяў я сваё пшано, да іншых паліц скіраваў.


І бачу – людзі на калёсах, то бок з каляскамі/тележками - сапраўды, бяруць па пяць-шэсць кіль цукру і па столькі ж бутэлек алею. Ну, у нашым адзіным іўескім супермаркеце “Санта”  людзей не так і шмат, таму словы “ажыятаж”, “паніка”, “шал” я ўжываць не буду.


Расплаціўся, іду дамоў, думаю, мо зайсці яшчэ ў якую краму па грэчку.  Вырашаю, што зраблю тое заўтра. А пасля ў маю разумную галаву прыходзіць яшчэ разумнейшая за яе, маю галаву, думка: “Яна, гэтая  цудоўная прадавачка (для меня амаль усе прадавачкі цудоўныя звышлюдзі, бо я не разумею, як у іх хапае нерваў нас, пакупнікоў, цярпець), сказала пра курс даляра, а не пра  каронавірус, Раней, калі не было гэтага разрэкламаванага ці сапраўды жудасна небяспечнага вірусу, паводзіны пакупнікоў падчас дэвальвацыі беларускага рубля  былі тыя самыя”

.

Які каронавірус, даляр расце!!!


Заўтра  прайдуся па іншых крамах, пашукаю грэчкі. Калі не знайду, то ў маю разумную галаву, баюся, пракрадзецца новая думка: “Далібог, рускія ўсю грэчку сабе пакінулі,нам, у саюзную дзяржаву, нічога не адправілі. А дзе наша – айчынная – грэчка?” Ой, не, не буду на ноч сябе так мучыць, пайду заўтра праверу, як там з харчовай бяспекай краіны ў параліку на кілаграмы грэчкі. Мне ж і трэба ўсяго кілю ўзяць. Ці мо адразу тры браць?


20.03.20 21:47

Игорь Драко