АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Баюся, намі кіруюць неразумныя людзі

Хто толькі ні казаў, што Лукашэнку трэба адразу перавыбраць сябе, а пасля ўжо праводзіць выбары ў парламент.


У той час "вангавалі" адно будучы эканамічны крызіс у Беларусі, без дадатку "карона". Люты - калі толькі Кітай меў праблемы - збор подпісаў, пачатак красавіка - галасаванне; ніякі табе Ціханоўскі чэргаў за подпісамі не арганізуе, а Бабарыка са сваімі банальнасцямі пра два тэрміны для прэзідэнта і "прэзідэнт - гэта менеджар" мо нават не выйшаў бы з праўлення "Белгазпрамбанка".


Не, заўпарціўся: маўляў, мяне не напалохае ніякі крызіс і мае выбарцы застануцца са мною. Ну, а што маем цяпер? Ужо пра стрэлы па людзях загаварыў.


Казалі яму: акуратней пра каронавірус; невядома, што гэта такое, але народ раздражняць не трэба, хай нават той вірус і "хітрыкі масонаў". Не, пачаў вярзці ўсялякую лухту.


Правакацыя супраць Ціханоўскага ў Гродне. Пасля гэтыя недарэчныя сотні тысячаў даляраў...Сам такое выдумляе ці нейкія дарадцы дапамагаюць?


І новы мэм - Саша 3%. Што, не было часу ў дармаедаў з Інстытута сацыялоіі ці Аператыўна-аналітынага цэнтра часу, каб замераць рэйтынг і пралічыць тэндэнцыі?


І вось гэтая хеўра не толькі займаецца тым, каб народ суняць і свайго дзеда пакінуць на пасадзе прэзідэнта, але і гуляе ў міжнародныя гульні. Блогер Ціханоўскі, які проста пытаў людзей пра іх жыццё, і "жирный кот" банкір Бабарыка, які быў цалкам сістэмны, цяпер пагражаюць той жа сістэме і яе нязменнаму кіраўніку. Як жа тады іх “разводзяць” там - у Еўропах, Азіях ды Амерыках - тыя, хто гэтымі “разводамі” займаецца прафесійна. Не хочацца думаць, што намі кіруюць спрэс неразумныя людзі, але такая думка лезе настойліва ў галаву.

10.06.20 11:43

Игорь Драко