АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Пішам дэпутатам: “народныя абраньнікі” абавязаныя рэагаваць на сытуацыю ў краіне

Кампанія па адкліканьні дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў” – гэта, канечне, цікавая гульня, у якую можна паспрабаваць пагуляцца. Ня так важна, атрымаецца ці не атрымаецца адклікаць кагось, але дасягненьнем будзе як мінімум прымусіць гэтых дэпутатаў успомніць, што яны прынамсі ў тэорыі, паводле закону, павінны быць прадстаўнікамі народа і адказваць на запыты з боку народа.


Беларусь знаходзіцца ў палітычным крызісе. Мелі месца факты гвалту з боку супрацоўнікаў органаў правапарадку супраць мірных грамадзянаў. Ёсьць вялікія падазрэньні, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў былі сфальсыфікаваныя.

"Народныя абраньнікі" павінны адрэагаваць на тое, што адбываецца ў краіне. І падштурхнуць іх да гэтага павінна грамадзкасьць. Нават калі яны праігнаруюць ліст альбо абмяжуюцца адпіскай - гэта будзе яскравы сэанс самавыкрывальніцтва. Палітыка павінна быць публічнай, палітыка ў будучай дэмакратычнай Беларусі будзе публічнай - і першыя крокі да гэтага беларускае грамадзтва робіць цяпер.

Менск і без таго палітычна актыўны і сьвядомы, таму я вырашыў зьвярнуць увагу на маю гістарычную радзіму, Бярозаўскі раён на Берасьцейшчыне.

Ён разрэзаны паміж дзьвюма выбарчымі акругамі.

Спорава, Зьдзітава і Белаазёрск належаць да Івацэвіцкай акругі (#11), ад якой у Палаце прадстаўнікоў пасяджае Голуб Натальля Рыгораўна, 1987 г.н., былая актывістка бярозаўскага БРСМ, народжаная ў Бабруйску; сябра сталай камісіі па бюджэце і фінансах.


Бяроза-Картуская належыць да Пружанскай выбарчай акругі (#9), ад яе дэпутатам зьяўляецца Ляўчук Аляксандар Георгіевіч, 1985 г.н., вэтэрынар з Кобрынскага раёну, сябра сталай камісіі па аграрнай палітыцы.


Я сабраў подпісы некалькіх вядомых людзей, якія зьвязаныя зь Бярозаўскім раёнам, і накіроўваю мой першы ліст да Натальлі Голуб. Ініцыяваць адкліканьне ня будзем, але папрасіць адрэагаваць на сытуацыю (што зрабіў бы палітык у любой дэмакратычнай краіне) - чаму б не?

Пра адказ ад Натальлі Рыгораўны (ці адсутнасьць адказу) буду паведамляць.

***

Паважаная Наталля Рыгораўна,

Мы звяртаемся да Вас як ураджэнцы Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў, а таксама як людзі, цесна зьвязаныя з гэтым краем сваімі каранямі, каб выказаць сваю занепакоенасць навінамі пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі ў апошнія тыдні.

Паводле паведамленняў у СМІ, пасля завяршэння сёлетніх выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у г. Мінску і шматлікіх іншых гарадах адбываліся масавыя акцыі пратэста, удзельнікі якіх выказвалі сваю нязгоду з афіцыйнымі вынікамі выбараў.

Паводле шматлікіх паведамленняў, акцыі пратэсту, якія насілі выключна мірны характар, былі неапраўдана жорсткім чынам разагнаныя сіламі органаў правапарадку, перадусім АМАП. Існуюць паведамленні, фота- і відэасведчанні пра факты жорсткага збіцця, катаванняў, вербальных здзекаў з ужываннем нецэнзурнай лаянкі, якім грамадзяне падвяргаліся з боку прадстаўнікоў АМАП. Сотням грамадзян былі нанесеныя цяжкія фізічныя і маральныя траўмы. Ёсць паведамленні пра згвалтаванні і нават смерці арыштаваных.

Усе гэтыя шакіруючыя факты з'яўляюцца цяжкімі крымінальным злачынствамі, незалежна ад абгрунтаванасці ці неабгрунтаванасці затрымання грамадзян. Гэткія дзеянні з боку прадстаўнікоў АМАП цалкам дыскрэдытуюць органы правапарадку Рэспублікі Беларусь і з'яўляюцца абсалютна недапушчальнымі для дэмакратычнай прававой дзяржавы, якой паводле сваёй Канстытуцыі з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.

Мы просім Вас, карыстаючыся Вашымі паўнамоцтвамі як дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Вашым статусам публічнага палітыка, ініцыяваць праверку па пералічаных вышэй фактах.

Акрамя гэтага, мы просім Вас ініцыяваць праверку па фактах паведамленняў аб парушэннях пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 г. Існуюць шматлікія праўдападобныя сведчанні ў СМІ, паводле якіх выбары суправаджаліся шматлікімі фальсіфікацыямі пры падліку вынікаў галасавання, фактамі прымушэння да датэрміновага галасавання, перашкодамі для працы назіральнікаў і іншымі парушэннямі.

На нашую думку, гэтыя паведамленні тычацца сур'ёзных пытанняў, якія закранаюць асновы дзяржаўнасці Беларусі і міжнародны прэстыж краіны.

Як паказвае колькасць удзельнікаў акцый пратэста на вуліцах гарадоў Рэспублікі Беларусь, а таксама акцый, арганізаваных беларусамі ў замежжы, нашую заклапочанасць магчымымі сур'ёзнымі парушэннямі пры правядзенні выбараў падзяляюць сотні тысячаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і жыхары Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў, якіх Вы прадстаўляеце на Вашай пасадзе.

Мы будзем удзячныя Вам за адказ і за любыя дзеянні датычна пералічаных вострых праблемных сітуацый.

Наш запыт носіць публічны характар. Тэкст гэтага ліста і Вашага адказу на яго (або паведамленне пра яго адсутнасць) мы маем намер апублікаваць у СМІ і/альбо ў сацыяльных сетках.


З павагаю,

Сяргей Кнырэвіч, краязнаўца Бярозаўшчыны

Марыя Мартысевіч, пісьменніца

айцец Сяргей Стасевіч, настаяцель царквы Святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народа (Лондан), душпастыр беларускіх католікаў у Вялікабрытаніі, капелан шпіталя Універсітэцкага коледжа Лондана, член Рады апекуноў Бібліятэкі і Музея Францішка Скарыны ў Лондане, ураджэнец Івацэвічаў

Алесь Чайчыц, член Вялікай рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, член Прэзідыюма Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, член Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы” (Расія), у мінулым член Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі і Англа-беларускага таварыства

Вольга Чайчыц, журналістка, лаўрэат Прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча, тэлевізійная асоба году тэлеканала “Белсат” (2018)

15.09.20 9:47

Алесь Чайчыц