АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Дзейнасьць па вызваленьні палітвязьняў - першачарговая задача ў поствыбарчы перыяд 02.09.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

2 верасьня 2012, Бабруйск

Пасьля візіту “масак” уранку 20-га сьнежня 2010 году мы ўжо не разьяжджаліся. Я патэлефанаваў дадому, што жывы, здаровы і на свабодзе, патэлефанаваў Уладзю, папярэдзіў, што яго шукалі невядомыя госьці, папрасіў, каб ён прыхаваўся і не мільгаў на людзях. З аднаго боку, не было прычынаў яго арыштоўваць, усю выбарчую кампанію ён, як і ўсе мы, адпрацаваў у назіраньні, і чаму тады шукалі і пыталіся пра яго, а не мяне ці Валянціна Стэфановіча. Але ён яшчэ сакратарнічаў у Фронце, і, хто яго ведае, можа яго вырашылі падхапіць як ахвярную авечку ад БНФ. І хаця Костусева выпусьцілі, але хто іх ведае, гэтых вырашальнікаў лёсу многіх людзей у такі нярвовы час.

Ужо мы ведалі пра хвалю арыштаў, якая пракацілася па кандыдатах у прэзідэнты і кіраўнікоў іхніх выбарчых штабоў. З больніцы на коўдры ў “амерыканку” пацягнулі У. Някляева, былі арыштаваныя кандыдаты ў прэзідэнты М. Статкевіч, А. Міхалевіч, В. Рымашэўскі, А. Саньнікаў. Зьява нечуваная! Каб на наступны дзень пасьля выбараў пяцёра з дзесяці кандыдатаў апынуліся арыштаванымі. Гэта хіба што сусьветны рэкорд у гісторыі прэзідэнцкіх выбараў. Вартым жалю глядзеўся выступ па БТ кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. Яго псіхалагічна зламалі і паказалі народу, як паказвалі відных камуністаў — “ворагаў народу” у 30-я гады.

Гэта ўсё было адной суцэльнай няпраўдаю, жахлівым трызьненьнем, з якім трэба было неадкладна штосьці рабіць.

На офіс прыйшлі і нашыя замежныя сябры. Яны былі надзвычай устрывожаныя і ўсхваляваныя. “Чым мы можам дапамагчы?”— пыталіся Берыт і Роберт. “Будзьце з намі, — адказаў я, — нічым канкрэтным вы зараз не дапаможаце, але вашая прысутнасьць не зашкодзіць”. Па іх заклапочаных тварах было відаць як блізка да сэрца яны прынялі ўбачанае учора і ў дадатак пачутае пра нашыя начныя прыгоды.

У офісе стаяў лёгкі вэрхал. Валяліся ў ворах скінутыя кампутарныя драты, на стале было вываленае ўначы падчас агляду зьмесьціва шуфлядак.

Нашая прэс-канфэрэнцыя прайшла спакойна і без эмоцыяў. Спакой быў мёртва-прыгнечаным, а эмоцыяў пасьля бурнай ночы і крытычнай раніцы ўжо не было. Выбары мы ахарактарызавалі як непразрыстыя, зачыненыя. Афіцыйныя вынікі, хоць і не былі яшчэ абвешчаныя, не выклікалі ніякага даверу. Нашым назіральнікам амаль на ўсіх участках, дзе яны назіралі, не далі ўбачыць за каго ж насамрэч былі бюлетэні. Пры такім падліку галасоў, які праводзілі кантралюемыя выканаўчымі ўладамі камісіі, за кандыдата-фаварыта можна было атрымаць любыя працэнты “падтрымкі”. Падкрэсьліваю — любыя!

Праз дзьве гадзіны пасьля нашай сваю прэс-канфэрэнцыю правяла місія міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ. Іхнія высновы практычна супадалі з нашымі.

Усё, што мы рабілі ў наступныя дні, тыдні і месяцы апісаць немагчыма, бо гэта можа нашкодзіць працы праваабаронцаў у будучыні, таму спынюся толькі на некаторых эпізодах. Скажу толькі адно, што мы ўсе свае намаганьні, сувязі і ўплывы накіравалі на вызваленьне палітычных зьняволеных. Усе іншыя нашыя планы і праекты, у тым ліку і спадзяваньне на пасьлявыбарчы адпачынак пасьля напружанай працы ў назіраньні, адыйшлі на задні план. Бо нішто так не прыгнятае грамадзкую атмасферу як наяўнасьць у краіне палітзьняволеных. Як мы не імкнуліся ў папярэднія два гады, пасьля выпуску з зоны Аляксандра Казуліна, умацаваць гэтую сітуацыю адноснай адсутнасьці палітычных зьняволеных, усё лопнула ўмомант. Грамадзка-палітычная адліга ў краіне аказалася мыльнай бурбалкаю.

Дэманстранты былі абвінавачаныя ў спробе гвалтоўнага захопу ўлады. Па дзяржаўных тэлеканалах быў паказаны правакацыйны фільм “Жалезам па шклу”. У падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту абвінавачвалася большасьць кандыдатаў у прэзідэнты, у чым ім дапамагала Германія і Польшча.

Брыдкаю была і публікацыя “За кулісамі адной змовы” (ад 15.01.2011) у газеце “Советская Белоруссия”, афіцыйным рупары уладаў. Напрыканцы ў гэтай публікацыі, сюжэтна аніяк не прывязаны, згадваўся і Праваабарончы Цэнтр “Вясна”. А менавіта, цытавалася вытрымка з скайпавай размовы мяне і аднаго з нашых польскіх сяброў. І калі праўдападобнасьць гэтай размовы выклікала сумнеў, то фотаздымкі дамовы аб супрацоўніцтве “Вясны” са шведскай арганізацыяй “Абаронцы грамадзянскіх правоў”, а таксама адной распіскі аб атрыманьні дапамогі адным з аштрафаваных уладамі актывістаў, моцна насьцярожыла нас. Адразу прыгадаўся ўзлом невядомымі шуфлядак у нашым офісе. Гэтая распіска акурат і ляжала ў шуфлядцы. Прыгледзеўшыся да здымка, можна было зразумець, што зроблены ён быў уначы, бо збоку ад здымка быў выразна бачны цень ад абажуру настольнай лямпы. Відавочна, гэтыя “кампраметуючыя” здымкі ўставілі ў матэрыял чыста для постраху, бо яны зусім ня мелі ніякага дачыненьня, як і вынятка са скайпавай размовы, ні да выбараў, ні да дзейнасьці кандыдатаў у прэзідэнты. Відаць, што прынесьлі адпаведныя службы, тое і паставілі. Але ў любым выпадку гэта быў чарговы трывожны званок, які сьведчыў пра тое, што ўсе папярэднія месяцы адпаведныя службы вельмі ўважліва назіралі і адсочвалі дзейнасьць праваабаронцаў. Без сумневу, усе апошнія гады мы былі, як кажуць, пад каўпаком. Вялікага сюрпрызу ў гэтым не было. Але стала ясна і зразумела, што мы апынуліся ў прыярытэтных аб’ектах для адсочваньня і ўвагі, як гэта было і з праваабаронцамі ў СССР. У мяне было такое адчуваньне, што гісторыя павярнула назад. Але мы ня мелі ніякага права спыняцца, сьцішвацца. Мы проста павінныя былі ісьці далей.

Дзейнасьць па вызваленьні палітзьняволеных падзялялася на дзьве вялікія часткі. Першая — гэта тое, што рабілася ў самой краіне, і другое — што рабілася за яе межамі. Наш досьвед папярэдняй працы паказваў, што часта зьнешнія намаганьні былі больш эфэктыўныя за ўнутраныя. Цяжка было дамагчыся разуменьня ў сваёй роднай краіне, дзе ўлады ўспрымалі любыя прапановы і меркаваньні праваабаронцаў як варожыя і небясьпечныя для самой улады.

Адразу пасьля Калядаў і Новага году, як толькі скончыліся сьвяты, мы ініцыявалі сустрэчу беларускіх праваабарончых арганізацыяў і нашых замежных сяброў праваабаронцаў. На пачатку мы распавялі пра агульную сітуацыю ў Беларусі пасьля выбараў. Карціна была сумная. Сядзелі і кандыдаты ў прэзідэнты, і актывісты іхніх штабоў, і лідэры палітычных партыяў. Іх абвінавацілі ў “масавых беспарадках”, што было крыху лягчэй за “падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту”, але ўсё-роўна, арганізатарам пагражала ад пяці да пятнаццаці гадоў зьняволеньня. Грамадзка-палітычнае жыцьцё ў краіне было паралізаванае. Панавалі разгубленасьць і песімізм. Па вопыту папярэдніх выбараў я ведаў, што пасьлявыбарчы час, калі правядзеньне выбарчых кампаній прыводзіла да чарговай палітычнай паразы, наступаў час упадку і паняверкі. І цягнуўся ён, звычайна, некалькі месяцаў, пакуль загойваліся раны, зьяўлялася новая актыўнасьць у дзеяньнях грамадзкіх актывістаў. Але мы, праваабаронцы, не маглі сабе дазволіць апусьціць рукі. Пасьля брутальнага разгрому дэмакратычных палітычных сілаў менавіта праваабаронцы і дэмакратычныя журналісты апынуліся на пярэднім краі змаганьня за правы чалавека і дэмакратычныя правы ў нашай краіне. Зараз, калі палітычная воля дэмакратычных актывістаў была паралізаваная, на першы план мусілі выйсьці шырокія грамадзкія дзеяньні падтрымкі і салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў.

Ад нашых замежных сяброў мы прасілі як мага хутчэй давесьці інфармацыю пра масавае парушэньне правоў чалавека ў Беларусі да сваіх грамадзтваў і ўладаў краінаў. На наш погляд рэакцыя дэмакратычных краінаў мусіла быць хуткай і жорсткай. Мы меркавалі, што толькі такая рэакцыя магла быць эфэктыўным сродкам для вызваленьня палітзьняволеных. З нашага боку мы паабяцалі быць увесь час у кантакце і даваць усю неабходную інфармацыю па тым, як далей будуць разьвівацца падзеі.

На той сустрэчы мне запомнілася атмасфера спагады, заклапочанасьці і цеплыні. Моцна адчуваўся міжнародны кантэкст нашай працы. Мы былі сярод сяброў, размаўлялі з сябрамі, я пераканаўся, што мы не застанемся з нашым клопатам сам насам.

Мяне заўсёды ўражвала гэтая шчырая чалавечая адданасьць ідэям правоў чалавека ад людзей праваабаронцаў з багатых і забясьпечаных краінаў. Можна зразумець, чаму грамадзкія актывісты у такіх краінах як Беларусь, Азербайджан, Куба займаюцца правамі чалавека, бо нам баліць за нашыя народы, за нашыя краіны, зблытаныя путамі карупцыі і няволі. Мы хочам, мы дабіваемся, каб жыцьцё ў нашых краінах было больш адкрытым, свабодным і справядлівым. А што змушае суперажываць беларусам, бірманцам, узбекам людзей, якія маглі б спакойна жыць, рабіць пасьпяховыя кар’еры ў сваіх заможных і рацыянальна арганізаваных грамадзтвах?

Некалі я спытаўся ў майго знаёмага праваабаронцы са Швецыі, хаця там пра гэта і не прынята пытацца, а колькі ты, як юрыст, атрымліваў бы калі б працаваў не ў праваабарончай арганізацыі, а ў фірме? Значна, значна болей, адказаў ён. Мае аднагрупнікі, працягнуў ён, з кім я вучыўся, амаль усе вельмі забясьпечаныя людзі.

Але кожны выбірае ў жыцьці сваю ўласную дарогу. Стан суперажываньня, жаданьне дапамагчы ў цяжкую хвіліну, такія натуральныя і простыя пачуцьці, закладзеныя ў аснову працы праваабарончых арганізацыяў. Дзесяткі і сотні тысячаў чалавек працуюць у іх валанцёрамі, бясплатна ахвяруюць сваім асабістым часам, нервамі і грашыма. Гэтую людзкую салідарнасьць зараз я адчуваю на сабе ў выглядзе дзесяткаў пікетаў, іншых акцыяў па ўсім сьвеце, у выглядзе лістоў і паштовак, якія пішуць мне самыя розныя незнаёмыя людзі з Францыі, Швецыі, Польшчы і Амерыкі. Штосьці ж закранула іх у маім лёсе, што прымусіла адарвацца ад штодзённых справаў, ад працы, сямейных клопатаў, адпачынку, узяцца за асадку і напісаць некалькі цёплых словаў. Сапраўды гэта так — чалавечая спагада і дабрыня ня мае межаў.

На другую частку віленскага спатканьня праваабаронцаў засталіся толькі беларусы. Мы пагаварылі пра свае абсягі працы. Трэба было неадкладна заняцца інфармаваньнем беларускага грамадзтв, давесьці да людзей наш пункт погляду на тое, што адбылося. Дзяржаўныя тэлеканалы і газэты лупілі з усіх калібраў па “злачынцах”, якія арганізавалі і ўдзельнічалі ў “масавых беспарадках”. Мы мусілі давесьці сваё бачаньне, сыходзячы з канстытуцыйных правоў і міжнародных нормаў. Тое, што адбылося 19 сьнежня і пасьля выбараў, не укладалася ні ў якія рамкі, меркавалі мы, і зьяўлялася грубейшым парушэньнем як беларускага, так і міжнароднага заканадаўства.

Трэба было арганізаваць дапамогу рэпрэсаваным. На Управе Фронту пачаўся стыхійны збор рэчаў: грошай для “сутачнікаў”, бо былі затрыманыя і асуджаныя некалькі сотняў чалавек, а таксама для некалькіх дзесяткаў “крымінальшчыкаў”. Дзеля таго, каб аддаць грошы і рэчы сядзельцам, ва ўправу некалькі дзён стаяла чарга людзей. На дапамогу былі сабраныя дзесяткі мільёнаў рублёў, эквівалентныя дзесяткам тысячам даляраў. Гэта быў добры знак. Урэшце лёс палітычных зьняволеных станавіўся ня толькі клопатам іхніх сваякоў ды праваабаронцаў, да падтрымкі далучыліся тысячы людзей.

Трэба было забясьпечыць юрыдычную дапамогу, дапамагчы наколькі магчыма, маральна і псіхалагічна сваякам. Трэба было сабраць матэрыялы і сьведчаньні, датычныя падзеяў падчас маніфэстацыі 19 сьнежня, якія маглі б скласьці аб’ектыўную карціну таго, што адбывалася ў той вечар у цэнтры Менску.

Мы вызначылі гэтыя дзеяньні і падзялілі, хто за што адказвае і хто чым будзе займацца.

Стасункі паміж рознымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі даўно ўжо моцна падмацаваныя сумеснай дзейнасьцю. Няма большага паразуменьня і яднаньня, якое ўзьнікае ў выніку супрацы. Мы разам працавалі ў дапамозе ахвярам палітычных рэпрэсіяў, у праваабарончай адукацыі, на міжнародных сустрэчах і форумах, у арганізацыі супольных грамадзянскіх кампаніяў, такіх як “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, у назіраньні за выбарамі. Таму асабліва кагосьці ў чымсьці пераконваць не прыходзілася. Мы разумелі адзін аднаго з паўслова.

Як ехалі ўжо дадому, у Менск, я спрабаваў уладкаваць у галаве ўсё пачутае і намечанае. Урэшце, стомлены, падумаў, што добра, што хоць увосень знайшоў час і пасьпеў пасадзіць купленыя ў Вільні цыбуліны кветак. Што б там ні было, а ўвесну дзівосныя галандскія тульпаны і нарцысы расквітнеюць на маёй ракаўскай клумбе.

Лісты праваабаронцы з-за кратаў 07.08.2013 3

Працяг лістоў Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

Бабруйск (23.05.2013 па штэмпелю)

Забаўны выпадак адбыўся ўвосень (16.09.2010. — Рэд.) падчас сьвяткаваньня 15-х угодкаў Беларускай асацыяцыі журналістаў. На імпрэзе ўбачыў я Аляксандра Фядуту і згадаў, што адная мая знаёмая, якая даволі часта кантактавала зь Фядутам, казала мне, што ён хоча сустрэцца са мной і паразмаўляць. Я добра адгукаўся ў размове зь ёй пра том твораў Фадзея Булгарына, падрыхтаванага да друку і адкаментаванага Аляксандрам Фядутам. Я зь цікавасьцю прачытаў успаміны Фадзея Булгарына. Ён быў нашчадкам знанага ў Вялікім Княстве Літоўскім роду, продкі якога ўдзельнічалі ў шматлікіх гістарычных падзеях нашага краю, а ягоны бацька браў удзел у паўстаньні Касьцюшкі супраць расійскай сатрапіі і пасьля паўстаньня за сваё вальнадумства патрапіў у турму. У лёсе Фадзея, а насамрэч Тадэвуша, Булгарына, як у люстэрку таго часу, адбілася трагедыя беларускага нобілітэту, які ішоў служыць і на ўсход, і на захад, дабіваўся там пэўных посьпехаў, але быў страчаны для сваёй зямлі. Тадэвуш Булгарын пасьля падзелу Рэчы Паспалітай стаў расійскім грамадзянінам, у малалецтве быў аддадзены ў вайсковую вучэльню ў Пецярбург, пасьля яе заканчэньня служыў у французскім войску Напалеона, даслужыўся там да капітана, затым у Пецярбургу стаў прафесійна займацца публіцыстыкай, літаратурнай творчасьцю, кнігавыданьнем і рэдагаваньнем газеты. У Расіі ў сваёй справе ён дасягнуў першых пазіцыяў. У пэўным сэнсе палітолаг і ідэолаг тагачаснага царскага рэжыму, якога згадваў у сваіх едкіх эпіграмах сам Аляксандр Пушкін, ён цьвёрда стаяў на абароне інтарэсаў расійскай улады, царскага абсалютызму і пагардліва адзываўся пра шляхецкую вольніцу і дэмакратыю, якая была перад акупацыяй у ягонай некалі роднай Рэчы Паспалітай. Хаця сам ён быў кроў з крыві, костка ад косткі беларускага (ліцьвінскага) шляхецкага стану. Гэта найбольш ярка праявілася ў ягоным парывістым і няўстрыманым характары.

Аднак ягоныя ўспаміны напоўненыя любоўю да сваіх дзяцячых гадоў і да Глушчыны, дзе знаходзіўся адзін зь сямейных маёнткаў Булгарыных. Там ён нарадзіўся, непадалёк ад тых мясьцінаў, у Бабруйску, сяджу зараз я.

На БАЖаўскім юбілеі А. Фядута быў не толькі як сябра БАЖа і журналіст, але й як адзін з бліжэйшых саратнікаў аднаго з кандыдатаў. Я падышоў да яго і быў адным з многіх, хто хацеў паразмаўляць зь ім. Аляксандр з імпэтам павітаўся са мной. “Аляксандр, — пачаў я, — я хачу пагаварыць з табой”. Ён кіўнуў галавою. “Калі вам спатрэбіцца юрыдычная ці якая іншая дапамога ў зьвязку з магчымымі цяжкасьцямі, зьвяртайцеся да нас, і мы пастараемся дапамагчы”.

У вачах у Фядуты я ўбачыў, як ягоны інтарэс да мяне зьнік. Ён будзённа і дзеля ветлівасьці кіўнуў галавою, і нашая размова на гэтым скончылася. Відавочна, ён чакаў, што гутарка будзе весьціся пра літаратуру. Яго вабіла літаратура, а не магчымы перасьлед. Але так сталася, што неўзабаве нашая дапамога, якая б ні была, яму спатрэбілася.

Лісты праваабаронцы з-за кратаў 04.08.2013 5

Мінула 2 гады з моманту арышта Алеся Бяляцкага, 2 гады знаходжання за кратамі, па-за звычайнымі штодзённымі справамі. Але і гэты час у пэўнай ступені не аказаўся дарма страчаным, Алесь шмат чытае, разважае, піша. І значную частку сярод гэтага займае ліставанне, бо палітвязень адказвае на кожны ліст, паштоўку, якія атрымлівае. Акрамя таго Алесь піша лісты-эсэ з успамінамі пра падзеі мінулых гадоў. Яшчэ знаходзячыся пад следствам на Валадарцы ім былі напісаныя 5 такіх лістоў з расповедамі пра 80-90 гады 20 стагоддзя, калі ён пачынаў сваю грамадскую дзейнасць. Гэтыя лісты-успаміны друкаваліся ў Народнай Волі. Пазней, у бабруйскай калоніі Алесь працягнуў пісаць успаміны, але яны тычацца ўжо апошніх двух гадоў, што папярэднічалі ягонаму арышту. Спроба прааналізаваць сітуацыю, занатаваць асабістыя развагі і гістарычныя падзеі, падсумаваць вынікі праваабарончай дзейнасці вылілася ў цэлы стос лістоў, якія мы, калегі палітвязня, і прапануем зараз вашай увазе праз блог Алеся Бяляцкага.    

Першыя лісты-успаміны з гэтай серыі былі напісаныя ў верасні 2012 года, апошнія – у чэрвені 2013. Выстаўляцца яны будуць па храналогіі падзеяў, а не па датах напісання, з захаваннем на пісьме традыцыйнай мяккасці вымаўлення.

Цытата: “Пісаць пра падзеі 2010–2011 гадоў і лёгка, бо яны, здаецца, добра-такі адбіліся ў маёй памяці, і цяжка, бо ўсё ж час няўмольна зьядае сьвежыню эмоцыяў, сотні і тысячы дробных дэталяў, якія ствараюць шматфарбную карціну жыцьця. Набягаюць новыя падзеі, новыя ўражаньні, якія адцясьняюць і заціраюць старыя”.


15 траўня 2013 г., Бабруйск

Я доўга думаў, як падступіцца да гэтага ліста. Мінула ўжо даволі часу, як мяне арыштавалі. Я ўсё спрабую скласьці гэты дзень у адзінае цэлае, а ён рассыпаецца на асобныя кавалачкі. І я не ведаю, з чаго пачаць, каб сталі зразумелымі пачаткі і прычыны майго арышту. Атрымліваецца, што пачынаць патрэбна як мінімум з 25 верасьня 2010 года. Гэта быў дзень майго нараджэньня. І як чамусьці часта бывала ў ранейшыя гады, удома мяне не было.

На 24–25 верасьня прыпаў Другі зьезд беларускіх праваабаронцаў, які мы праводзілі ў Вільні. Чаму там, я думаю, зразумела. Бо сабраць болей за сто праваабаронцаў, якія прадстаўляюць 17 розных праваабарончых арганізацыяў, у Беларусі было проста нерэальна. У 2004 годзе нам яшчэ ўдалося правесьці Першы праваабарончы зьезд на базе адпачынку пад Менскам. Стаяла зіма, было сьнежна, чыста, бела і прыгожа, мароз стаяў ноччу да мінус дваццаці. Было жахліва холадна. Людзі грэліся як маглі, у асноўным палкімі прамовамі і гарачымі сэрцамі.

Вось жа, мінула шэсьць гадоў — і мы вырашылі сабрацца ізноў, выкарыстаўшы як нагоду гадавую сустрэчу сяброў-заснавальнікаў віленскага Дому правоў чалавека і запрасіўшы ў Вільню таксама калегаў зь іншых праваабарончых арганізацыяў. На зьезьдзе мы абмяркоўвалі Стратэгію беларускіх праваабаронцаў, рамачны дакумент з агульнымі палажэньнямі і нашымі намерамі ў працы, і нават прынялі яго ў першым чытаньні. Таксама былі прынятыя некалькі рэзалюцыяў, якія датычыліся бягучай сітуацыі з правамі чалавека. У Віцебску напачатку года быў асуджаны Каваленка, працягваў адбываць пакараньне Аўтуховіч, увесну былі вынесеныя чарговыя сьмяротныя прысуды. Не адбывалася ніякіх зьменаў у заканадаўстве да прывядзеньня яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі, амаль не рэгістраваліся новыя няўрадавыя арганізацыі, як і раней, заставаліся праблемы з рэгістрацыяй і распаўсюдам незалежнай прэсы. Элементарны аналіз паказваў, што гайкі зноў могуць закруціцца. Нам было неспакойна і няпэўна. У сваіх рэзалюцыях мы напісалі пра гэта, а таксама пра тое, што мы чакаем і спадзяемся як мінімум на неўжываньне гвалту падчас выбараў. Адным словам, мы заклікалі: давайце жыць мірна! І нашае грамадства ад гэтага толькі выйграе.

Можа, гэта падаецца і наіўным у нашых умовах, але нічога лепшага за перамовы ў грамадскіх стасунках чалавецтва не прыдумала. І калі перамовы не спрацоўваюць, тады трэба чакаць бяды. Такім чынам, мы абмеркавалі і прынялі важныя праваабарончыя дакументы і рэзалюцыі, якія і на сёньня застаюцца актуальнымі і надзённымі.

Што было не менш істотным для нас, дык гэта тое, што ўпершыню за шэсьць гадоў мы сабраліся разам такой прадстаўнічай праваабарончай грамадою. Праваабаронцы прыехалі і зь Менска, і з рэгіёнаў паслухаць адзін аднаго, паразмаўляць, падзяліцца ўзаемнай энэргіяй. Як бы там ні было, а за апошнія 10–15 гадоў праваабарончы рух у Беларусі ўкараніўся, разросься і ўмацаваўся. На зьезьдзе былі і спрэчкі, і дэбаты, але ўсе мы пачуваліся як адная вялікая сям’я.

Уся нашая грамада разьмясьцілася ў шматпавярховым гатэлі, які ў савецкія часы называўся “Вільнюс”, а зараз яго выкупіла адна з сусьветных гатэльных сетак і зьмяніла назву.

Побач з гатэлем была крама, знакамітая ў Літве Maxima. І 24-га яшчэ ўвечары мы зайшлі з маім сябрам і калегам Валянцінам у яе, каб купіць піва і сыру. Адразу пры ўваходзе ў залу стаялі стэнды з кветкавымі цыбулінамі і насеньнем цюльпанаў, нарцысаў, гладыёлусаў ды іншых кветак. Каля гэтых стэндаў я адчуў рэальную адсутнасьць межаў у Еўразьвязе. Выбар кветкавага насеньня ў Менску значна бяднейшы, і цыбуліны кветак даражэйшыя ў тры разы. Адным словам, я забыўся пра піва і пра сыр і хадзіў вакол гэтага стэнду з кветкамі як зачараваны. Затым пачаў кідаць разнастайныя пакункі сабе ў кош.

І так я выбіраў, выбіраў кветкі, не могучы спыніцца, аж пакуль не настала 22 гадзіны. У гэтую гадзіну ва ўсіх маркетах у Літве спыняецца продаж алкаголю, і піва ў тым ліку. Прычым, ведаючы звычку літоўцаў, як і беларусаў, усё купляць у апошнюю хвіліну, ці ўжо і пасьля яе, у маркетах на сьпіртное ўведзена электронная блакіроўка касы. Пасьля дзесятай вечара гэтыя касы перастаюць выбіваць кошты на сьпіртное, і ўгаворвай касірку ці не ўгаворвай, пасьля дзесяці піва ў касе ўжо не праб’еш. Вось так і застаўся я з кошыкам кветкавых цыбулінаў, але без піва.

Бабруйск (20.05.13 па штэмпелю)

Працягваю аповед пра свой дзень нараджэньня.

Дык вось, назаўтра, 25 верасьня, быў мой дзень нараджэньня. Падчас зьезду дзяўчаты падарылі мне букет кветак і павіншавалі. Пасьля абеду ўдзельнікі нашага праваабарончага форуму пачалі разьязджацца. А мы, арганізатары, засталіся яшчэ на дзьве гадзіны для падсумаваньня вынікаў. Гэта было важна і цікава, прааналізаваць зьезд праваабаронцаў адразу пасьля яго заканчэньня. Усе пагадзіліся, што паўтара дні працы — гэта мала. Два, а то і тры дні было б у самы раз. Занадта рэдка мы сустракаемся ў такім поўным складзе, багата тэмаў ёсьць для абмеркаваньня, а мы не пасьпяваем гэта зрабіць якасна. Станоўчым было тое, што погляды ўдзельнікаў зьезду з розных беларускіх праваабарончых арганізацыяў па асноўных пытаньнях былі практычна аднолькавымі. Мы выступалі адзіным фронтам. Мы зьяўляліся часткаю міжнароднага праваабарончага руху. Мы ўдзельнічаем у ім, мы ўзбагачаем і разьвіваем яго.

Скончылі падсумаваньне ўжо каля сёмай гадзіны вечара. Затым сабраліся, разьвіталіся і разьехаліся. Мы селі ўчатырох у маленькае «пежо» і паехалі ў бок літоўска-беларускай мяжы.

Сваё кветкавае насеньне я параздаваў патроху менчукам, каб забраць яго ў Менску, бо перавозіць насеньне празь мяжу забаронена. Гэта лічыцца парушэньнем санітарных экалагічных нормаў.

Неяк з год перад гэтым увесну вёз я з Польшчы разнастайнае насеньне гароху, радыскі, морквы і ўсяго таго, што патрэбна агародніку ўвесну. У той час я быў у абавязковых сьпісах на праверку. Вось жа памежнік, убачыўшы цэлы ворах папяровых пакуначкаў з разнастайнымі бубкамі і зярняткамі, паклікаў экалагічную службу. Дзьве жанчынкі завялі мяне ў свой кабінет, выслухалі мае аргументы: “Вой-вой-вой! А чым жа я градкі засяваць буду!” — і прапанавалі: што ўвойдзе ў кішэні — тваё, астатняе прыйдзецца пакінуць. Кішэні ў мяне былі глыбокія — і ў нагавіцах, і ў куртцы. Амаль усё і ўлезла, штосьці і жанчынам пакінуў на іхнія грады.

У дарозе на мяжу нам патэлефанавалі з машыны, якая выехала раней за нашую, і паведамілі, што на пераходзе “Каменны Лог” дужа багата машынаў. Мы зьвярнулі налева і паехалі на суседні пераезд “Катлоўка”. Дарога ішла па невысокіх прывіленскіх узгорках. Было відаць, як некаторыя распрацаваныя раней палі засаджаныя маладым сасоньнікам. Мы прыехалі на пераезд, але і там машынаў аказалася нямала. І што было рабіць? Мы сталі ў калейку зь легкавікоў. Я дастаў пляшку каньяку, сыр, і мы пачалі адзначаць мой дзень народзінаў. Мы пілі грэцкі каньяк з рыльца і заядалі яго пахкім сырам. Меў рацыю Максім Багдановіч у сваім вершы “Межы”, марачы, што калі надыдзе такі час і межы зьнікнуць, тады разам зь імі зьнікне і зло.

На мяжы мы прастаялі чатыры гадзіны. А затым была пустынная верасьнёўская дарога. У Менск мы прыехалі каля чатырох ранку. Дзьверы ў кватэру мне адчыніла заспаная жонка, пацалавала і павіншавала з днём нараджэньня, і мы пайшлі дасыпаць.

чытаць іншыя навіны