АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Адзначэньне 35-годдзя Маскоўскай Хельсінкскай групы 07.11.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

У траўні 2011 года была яшчэ адна паездка ў Маскву. Маскоўская Хельсінкская група 12 траўня адзначала свае 35-я ўгодкі. Утварылася яна пасьля падпісаньня ў 1975 годзе СССР і Заходнім сьветам Хельсінкскіх пагадненьняў і пасьля стварэньня АБСЕ. Кожны з бакоў гэтых пагадненьняў меў свой інтарэс. Для Саветаў было важным прызнаньне пасьляваенных межаў і зьніжэньне накалу гонкі ўзбраеньняў, бо эканоміка не вытрымлівала зададзеных Амерыкай шалёных тэмпаў. Еўропа ж фактычна пагаджалася з акупацыяй Прыбалтыкі і часткі Фінляндыі, зьдзейсьненых Саюзам у 1940 годзе. А наўзамен Еўропа атрымлівала большую бясьпеку і спакой у стасунках з узброеным да зубоў СССР. Дэмакратычная Еўропа баялася камуністычай чумы. Супрацьстаяньне блока НАТА і блока гэтак званых “сацыялістычных краінаў” на чале з СССР мела высокі ўзровень і ў любы момант магло перайсьці ва ўзброены канфлікт. Адная толькі дэталь, пра якую я даведаўся з радыё, пішучы гэтыя радкі, відавочна сьведчыла пра няўпэўненасьць і боязь еўрапейскіх краінаў. Залаты запас ФРГ захоўваўся ў банках Англіі і ЗША. Трымаць яго ў Германіі заходнія немцы лічылі небясьпечным.

Таму Хельсінкскія пагадненьні былі неабходным кампрамісам паміж дзвюма палітычнымі сістэмамі. Але выкарысталі гэтыя пагадненьні і праваабаронцы. Ідэя наладзіць грамадзянскі кантроль за выкананьнем абавязкаў у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў, дзяжурна запісаных у Хельсінкскіх пагадненьнях, належала расійскаму дысідэнту, доктару фізіка-матэматычных навук Юрыю Арлову. Гэта была адная з шматлікіх ідэяў, якія нараджаліся і працягваюць нараджацца ў кулуарных праваабарончых асяродках. Колькі такіх ініцыятываў па кантролі за выкананьнем Канстытуцыі СССР, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ды іншых міжнародных дамоваў было абмеркавана і запачаткавана дагэтуль. Увесь час праваабаронцы шукаюць сродкі і шляхі, як цяпер кажуць, інструменты барацьбы за дэмакратычныя правы і свабоды, дабіваюцца іх выкананьня дзяржавамі і ўладамі. Ідэя ж Юрыя Арлова мела выключна важнае значэньне. Ёй быў наканаваны больш удалы, наўрад ці тут падыходзіць слова “шчасьлівы”, лёс. Гэтая форма праваабарончага кантролю за дзеяньнямі ўрада, сумешчаная ў тагачасных умовах зь яскравымі праявамі мірнага супраціву, знайшла шырокі водгук і падтрымку як у дысідэнтаў СССР, так і ў Еўропе. Неўзабаве Хельсінкскія камітэты былі створаныя ў Расіі, Літве, Грузіі, Арменіі, Украіне і ў еўрапейскіх краінах. У Еўропе яны паўтвараліся ў асноўным з мэтаю аказаньня салідарнай дапамогі дысідэнтам у СССР ды іншых “сацыялістычных” краінах.

Сябры Хельсінкскіх камітэтаў у СССР сурова перасьледаваліся ўладамі. Амаль усе яны прайшлі праз турмы, зоны, ссылкі. Хтосьці быў кінуты ў псіхушку, нехта быў вымушаны эміграваць. Сем гадоў лагераў і ссылкі адбыў заснавальнік Маскоўскай Хельсінкскай групы Юры Арлоў. Вымушана была эміграваць Людміла Аляксеева. І Арлоў, і Аляксеева, сёньняшняя кіраўніца МХГ, напісалі выдатныя кнігі пра тыя часы драматычнага і, здавалася б, бесьперсьпектыўнага змаганьня жменькі адчайных і безразважных сьмельчакоў з магутнаю агрэсіўнаю дзяржаўнаю сістэмаю. Іх я раю прачытаць кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй мірнага антыкамуністычнага супраціву ў 60–80-я гады ХХ стагодзьдзя.

Тагачасныя стваральнікі і актывісты МХГ Юры Арлоў і Людміла Аляксеева запрасілі некалькіх праваабаронцаў зь Беларусі ўзяць удзел у сьвяткаваньні 35-х угодкаў МХГ.

У нас добрыя сяброўскія стасункі з расійскімі праваабаронцамі, таму мы, вядома ж, пагадзіліся. На юбілейнай канферэнцыі можна было б сустрэцца і пагутарыць зь сябрамі зь міжнароднай праваабарончай назіральніцкай місіі, якіх улады выкінулі зь Беларусі і забаранілі ім уезд у краіну на некалькі гадоў.

На юбілейную імпрэзу, якая праходзіла ў гатэлі “Космас”, сабраліся праваабаронцы з усяе Расіі, было багата замежных гасьцей. Выступаў Юры Арлоў, невялікага росту дзядзечка зь сьветлым розумам і добрай памяцьцю. Яму было ўжо за 80. Мяне гэта ўразіла з добрага боку. У свае вялікія гады яны не сядзелі склаўшы рукі, а і далей, наколькі хапала энергіі і здароўя, працягвалі сваю праваабарончую працу.

Расклад канферэнцыі прадугледжваў круглы стол па Беларусі. На гэты круглы стол сабраліся зацікаўленыя журналісты, праваабаронцы зь іншых краінаў. Мы, выступоўцы, распавялі пра апошнія навіны і падзякавалі расійскім праваабаронцам за салідарнасьць зь беларускім народам у цяжкую гадзіну. А салідарнасьць жа сапраўды была адчувальнай.

Там жа, на канферэнцыі, сустрэўся я зь дзвюма жанчынамі з расійскіх рэгіянальных праваабарончых арганізацыяў, зь якімі апошні раз мы бачыліся ў Менску. Мы цёпла прывіталіся. Нашае спатканьне ў Менску было больш драматычным. Гэта быў пятнічны травеньскі дзень. Увечары я быў удома ў Менску і пасьпеў выпіць падчас вячэры кілішак каньяку. І добра, што не болей, бо патэлефанавала мая каляжанка зь “Вясны” і паведаміла, што недалёка ад майго дома на вуліцы Чырвонай АМАП ломіцца ў кватэру, у якой зачыніліся трое жанчынаў, назіральніцаў зь міжнароднай назіральніцкай місіі. Яны апасаюцца адчыняць дзверы і просяць, каб мы падказалі, што ім рабіць у такой сітуацыі. “Добра, — адказаў я, — празь пятнаццаць хвілінаў буду”. Я схапіў пачак жуйкі дзеля таго, каб перабіць пах каньяку, памацаў кішэню, ці ляжыць там пашпарт, і подбегам вырушыў на Чырвоную.

Калі я падышоў да ўказанага мне дома, то ўбачыў каля пад’езда двух амапаўцаў. Стоячы каля іх, я набраў нумар расійскіх калегаў, якія сядзелі ў асадзе, і запытаўся, як у іх справы. “Нам адключылі сьвятло, — паскардзіліся яны, — і пагражаюць, што неўзабаве выб’юць дзьверы”. Я ператэлефанаваў свайму вясноўскаму калегу і хутка параіўся, што мы тут можам зрабіць. Выглядала, што небагата, улічваючы, што ніякіх асаблівых дакументаў у мяне не было і я фармальна прадстаўляў толькі сам сябе. Трэба пастарацца папрысутнічаць пры разьбіральніцтве расійскіх праваабаронцаў зь міліцыяй настолькі доўга, наколькі гэта будзе магчыма, вырашыў я. Мая прысутнасьць будзе пэўным стрымліваючым фактарам для міліцыянтаў.

Між тым, слухаючы мае перамовы па тэлефоне, якія я знарок вёў пры іх, амапаўцы пацікавіліся ў мяне: “А вы хто?” — “Праваабаронца, — цьвёрдым упэўненым голасам адказаў я. — Іхні калега, — я тыцнуў пальцам у пад’езд. — Толькі мясцовы, тутэйшы”.

Я працягваў размову і ў загадным ладзе: “Скажыце вашаму галоўнаму, што я перагаворшчык”.

Амапаўцы пераглянуліся і сказалі мне: “Ня хочуць адчыняць дзьверы міліцыі вашыя калегі”. Перагаварылі па рацыі і, атрымаўшы згоду, адчынілі дзьверы ў пад’езд. Там на лесьвічных пралётах ужо туліліся чалавек зь дзесяць і ў форме, і ў штацкім. “Хто гэта?” — спытаўся, па ўсім відаць, старшы групы ў амапаўцаў, якія прапускалі мяне. “Перагаворшчык”, — адказаў адзін з іх. “Перагаворшчык, перагаворшчык”, — паўтаралі адзін аднаму мужыкі ў пад’езьдзе і расступаліся, давалі мне дарогу.

Адкуль я ўзяў гэтае “перагаворшчык”? Мабыць, з аднаго з амерыканскіх баевікоў. І міліцыянты, мусібыць, таксама глядзелі тыя самыя фільмы. А выбіваць дзьверы, усчыняць у пятнічны вечар вэрхал ім не надта хацелася. Вось і ўчапіліся яны ў гэтае маё “перагаворшчык”. Я пайшоў да дзьвярэй, загадаў, каб уключылі электрычнасьць, бо без току не працаваў дзьвярны званок. Затым пазваніў і адначасова па тэлефоне сказаў асаджаным у кватэры калегам, што я стаю тут, каля дзьвярэй, яны могуць пераканацца, паглядзець у вочка і ўрэшце адчыняць. Жанчынкі паглядзелі ў дзьвярное вочка, затым залязгатаў замок і дзьверы адчыніліся. Не губляючы ні секунды, я першым увайшоў у кватэру. За мной ужо завалілі некалькі міліцыянтаў. Адзін зь іх у форме прадставіўся супрацоўнікам міграцыйнага адзьдзела раённага РУУС і прапанаваў праваабаронкам праехаць зь ім у раённае адзьдзяленьне міліцыі разам з рэчамі. Назіральніцы былі не першыя, з кім адбываліся гэткія прыгоды. Было зразумела, што ў РУУС ім паведамяць пра забарону на ўезд у Беларусь і адправяць у Расію. Жанчыны сабралі рэчы, і мы выйшлі з пад’езда.

Два амапаўцы, якія так і стаялі каля пад’езда, чамусьці праявілі ініцыятыву і вырашылі праверыць у мяне дакументы. Можа, таксама западозрылі ўва мне расійскага грамадзяніна, бо гаварыў я неяк нязвыкла, па-беларуску. Я, упэўнены, палез у кішэню кашулі і выцягнуў адтуль замест пашпарта чырвонае пасьведчаньне Беларускай асацыяцыі журналістаў… Па памерах яно такое ж, як і пашпарт, і я быў прыняў адзін дакумент за другі. А што яшчэ непрыемней, дык тое, што ў свой час я быў не заклеіў тэкст зь пячаткаю ўсярэдзіне ліпкім празрыстым укладышам і ў выніку і тэкст, і пячатка аблезьлі так, што зараз нічога нельга было расчытаць.

“Отлично! — з пагрозьлівым аптымізмам у голасе сказаў амапавец. — Прыйдзецца вам праехаць з намі”. — “Прыйдзецца, дык прыйдзецца”, — адказаў я, шукаючы ў кішэні чарговую жуйку. Не хапала яшчэ, каб амапаўцы ўнюхалі пах каньяку. Што-небудзь даказваць у гэтай сітуацыі двум здаравенным амапаўцам я не бачыў ніякага сэнсу. Але тут адзін з мужчынаў у цывільным махнуў амапаўцам рукою, і яны, аддаўшы мне аблезлае бажаўскае пасьведчаньне, адразу адчапіліся. У мяне ж гэты чалавек у цывільным спытаўся: “Што, Алесь Віктаравіч, 15-годзьдзе “Вясны” сьвяткуеце?” — “Так, — адказаў я, міжволі пасьміхаючыся. — А вы што, наш сайт гледзіце?” — “Так, рэгулярна”, — адказаў чалавек у цывільным.

Між тым расійскіх праваабаронак ужо вывелі з двара на вуліцу і пасадзілі ў аўтобус. Туды ж палезлі і амапаўцы. Я энергічна махаў ім рукамі. Яны пасьміхаліся і памахвалі далонькамі мне ў адказ. Амапаўцы паглядалі на мяне, як злосныя аўчары, здавалася, што яны шкадавалі: ох, патрапіўся б ты нам хоць бы на час дарогі да РУУС — хапіла б. “Не хвалюйцеся за іх”, — сказаў мне чалавек у цывільным. “Калі што — званіце адразу, мы будзем назіраць за вамі!” — гукнуў я расійскім калегам. Аўтобус паехаў, я пайшоў дадому, абдумваючы гэтую сустрэчу з чалавекам у цывільным. Мне вельмі не падабалася ягоная абазнанасьць. Лепей бы мяне забралі амапаўцы, чым вось так быць адпушчаным па ўладным руху рукі невядомага чалавека ў цывільным.

Вось з гэтымі адважнымі праваабаронкамі мы і сустэліся ў Маскве на юбілейнай вечарыне Маскоўскай Хельсінкскай групы. Іх тады ў Менску адпусьцілі позна ўвечары са штэмпелямі ў пашпартах пра забарону ўезду ў Беларусь, і яны, пераначаваўшы на сваёй “кансьпіратыўнай” кватэры, назаўтра на цягніку выехалі ў Маскву.

Мы пасядзелі, паўспаміналі іхныя менскія прыгоды. “Трэба вярнуцца да вас, каб мяне арыштавалі, асудзілі, пасадзілі, тады я змагу падрыхтаваць якасны даклад пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускай жаночай калоніі”, — выказалася адная з іх. “Вох, не трэба”, — папрасіў я.

Прабылі мы ў Маскве два няпоўныя дні. На другі дзень увечары мы мусілі вяртацца ў Менск.

На званую вячэру, дзе мы хутка перакусвалі перад ад’ездам у аэрапорт, прыйшла галоўная рэдактарка сайта “Хартыі” Натальля Радзіна. Гэта быў сюрпрыз для нас. Натальля зьнікла зь Беларусі, паехала з Кобрына, дзе сядзела пад падпіскаю, у Менск на допыт і не даехала. Як аказалася, зьехала яна ў Маскву і перахоўвалася тут. Але ёй так хацелася пабачыцца зь беларусамі, што яна не пабаялася прыйсьці на канферэнцыю, каб сустрэцца са знаёмымі. Але празь некалькі хвілінаў мы мусілі ўжо разьвітвацца і зьязджаць. Мы, натуральна, маўчалі пра нашую сустрэчу, бо ведалі, што беларускія ўлады неаднаразова дабіваліся дазволу на затрыманьне беларускіх грамадзянаў у Расіі. Як гэта было з анархістам Аліневічам — фактычна выкралі яго ў Маскве і прывезьлі ў Беларусь. Натальлі ж пазьней урэшце ўдалося з Масквы перабрацца ў Літву, дзе яна магла пачуваць сябе ў адносным спакоі.

Вяртаючыся дадому, я думаю, што, нягледзячы на ўсе праблемы, якія ёсьць у Расіі з правамі чалавека, усё ж для працы грамадскіх арганізацыяў, і праваабаронцаў у тым ліку, у іх існуюць лепшыя ўмовы. А ў нас, у Беларусі, у адрозьненьне ад Расіі, не было ні войнаў, ні геапалітычных канфліктаў. Няма ў Беларусі і імперскіх амбіцыяў, якія ёсьць у расійскій палітычнай эліты. І ўсё роўна і юбілейныя сходы яны праводзяць вольна, і праваабарончыя арганізацыі ў іх зарэгістраваныя, і тая ж Людміла Аляксеева ўваходзіць у грамадскую раду па правах чалавека пры прэзідэнце. Хаця гэта даволі спрэчнае рашэньне, можа, ёй зь яе біяграфіяй і не варта было туды ўваходзіць. Але важна, што ў расійскіх праваабаронцаў мелася такая магчымасьць выбару — быць у гэтай радзе ці не. Вось таму і Натальля Радзіна пэўны час хавалася ў Расіі.

Хаця, шчыра кажучы, і там праваабаронцам не соладка. Ім пагражаюць, іх зьбіваюць і, што самае жахлівае, — забіваюць. Натальля Эсьцімірава ў Чачні, адвакат Станіслаў Маркелаў у Маскве дый іншыя, іншыя.

Але ўсё роўна мне было крыўдна за Беларусь. Ну што ж ты, дарагая мая, такая нясьмелая, запалоханая і затурканая? Што ж ты за феномен такі еўрапейскі? Ці лунаеш ты па-за еўрапейскім сьветам, ва ўтрапеньні, у постсавецкай прастрацыі, краіна і народ безь мінулага і будучага з пацыфісцкім лозунгам у душы і сэрцы: “абы не было вайны”? Цяжкімі і змрочнымі былі мае думкі.

Душою адпачываў я, седзячы ў аэрапорце і зьвяраючы ў нэтбуку невядомыя яшчэ нікому вершы майго памерлага сябры, геніяльнага паэта Анатоля Сыса.

Слабых не чапаюць 04.11.2013 9

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

20 лістапада 2012 г., Бабруйск

Увесну 2011 года споўнілася 15 гадоў ад стварэньня “Вясны”. Я ўжо двойчы пісаў пра гэта яшчэ будучы на волі, і кожны раз мне падаецца, што я не ўсё сказаў, што забыўся на штосьці істотнае, самае галоўнае. Напісанае на паперы закранае нейкія ўрыўкі, фрагменты, успаміны абставінаў і жаданьняў. З апісанага высклізвае дух “Вясны”. Я расчароўваюся, бо я не здольны перадаць атмасферу яе зачацьця. Зрабіць аказалася прасьцей, чым перадаць той уздым і віхор эмоцыяў і пачуцьцяў, які прывёў да нараджэньня “Вясны”. А зьява ж адбывалася важная і знакавая для мяне асабіста, ды сотняў вясноўцаў, для іншых людзей, хто ў большай ці меншай ступені дачыніліся да праваабарончай дзейнасьці ў “Вясьне”, зь “Вясною” і каля “Вясны”. Важнай была і застаецца праца па дапамозе, па зборы і распаўсюду інфармацыі, па навучаньні. А яшчэ больш важнае і значнае сімвалічнае, духоўнае значэньне гэтага дзіцяці, якое было зачата на Чарнобыльскім шляху ў Менску ў 1996 годзе падчас зьбіцьця дэманстрантаў і масавых арыштаў. І не пасьпела “Вясна” ўпэўнена стаць на ногі, як была пазбаўлена Мінюстам законных правоў на існаваньне ў 2003 годзе. Але ж не памерла, акрыяла і ярасна і весела чаплялася за жыцьцё і жыла напоўніцу ўсе наступныя нялёгкія гады.

Тое, што “Вясна” ў такіх жахліва неспрыяльных умовах праіснавала, пражыла 15 гадоў, ды як пражыла, стала найбольш актыўнай, крэатыўнай, найбольш уплывовай і пазнавальнай з праваабарончых суполак, — гэта можна назваць цудам. Найбольшы цуд, аснова “Вясны” — гэта людзі, якія былі ў ёй ад пачатку, якія стваралі “Вясну” ў яе яркасьці і адметнасьці, а тыповасьць — у тым, што, дзякуй Богу, не толькі адная “Вясна” можа ганарыцца 15-гадовым узростам і гісторыяй. Дзясяткі, а то і сотні іншых беларускіх няўрадавых арганізацыяў маюць таксама некароткі і багаты на падзеі жыцьцёвы шлях. “Вясна” — роўная іншым, і “Вясна” — у авангардзе, у першых радох, там, дзе і мусіць быць па сваёй ідэі, па сваёй задуме і пакліканьні. За гэты час мы не аслабелі, не змадзелі, не змаргіналізаваліся. Наадварот, мы сталі больш вопытнымі, жыцьцяздольнымі, крэатыўнымі.

Усе гэтыя думкі апаноўвалі мяне напярэдадні юбілею “Вясны”. Яшчэ ў 2010 годзе ў гамонках і абмеркаваньнях выкрышталізоўвалася некалькі пунктаў, якія хацелася б нам зрабіць да юбілею, да красавіка 2011 года. Кніжку інтэрв’ю актывістаў “Вясны”, кніжку эсэ і ўспамінаў пра жыцьцё “Вясны”, пра нашую праваабарончую дзейнасьць, фотавыставу, шэраг вечарынаў і сустрэчаў.

Ідэя падрыхтаваць і выдаць кніжкі была маёй. Бо, стоячы ля вытокаў стварэньня “Вясны”, я, як ніхто хіба, адчуваў хуткаплыннасьць часу. Гэтыя 15 гадоў прамільгнулі, як 15 дзён. Я адчуваў пільную патрэбу зафіксаваць перажытае і нажытае за гэтыя гады ў “Вясьне”.

Праца над запісам інтэрв’ю пачалася яшчэ ў 2010 годзе. Але потым падзеі 19 сьнежня 2010 года замарудзілі стварэньне кніжак. А вось фотавыставу за 15 гадоў жыцьця і дзейнасьці мы разьмясьцілі на сьценах свайго офіса ў вялікім фармаце, у прыгожых асадах. Яе адкрыцьцё мы сумясьцілі з прыёмам дыпламатаў і журналістаў, зладжаным намі ў зьвязку з 15-мі ўгодкамі “Вясны”. Прыйшлі пяцёра амбасадараў і яшчэ дыпламатычныя работнікі іншага рангу замест амбасадараў, якія прыйсьці не здолелі.

Я сьцісла, хаця атрымалася не зусім коратка, распавёў пра шлях разьвіцьця праваабарончай думкі, ідэяў і руху праваабаронцаў у Беларусі. І пачаў з другой паловы XVIII стагодзьдзя. Вялікае Княства Літоўскае, дзяржава беларусаў і літоўцаў, у той час у саюзе з Польшчаю ўтварала Рэч Паспалітую. У нашай шматнацыянальнай, з рознымі веравызнаньнямі краіне, несумненна еўрапейскай дзяржаве існавала надзвычай багатая і перадавая як на той час філасофія, была разьвітая грамадска-палітычная думка.

У тыя часы ў Беларусі поўным ходам ішло асэнсаваньне чалавечага я, праваабарончых каштоўнасьцяў у сучасным іх разуменьні. Зьяўляліся тэарэтычныя філасофскія трактаты, прысьвечаныя роўнасьці чалавека, разглядаліся іншыя фундаментальныя чалавечыя правы, прапаноўваліся тэорыі і планы больш справядлівага ўладкаваньня грамадства. Часта заканадаўцамі грамадзянскай, духоўнай і палітычнай думкі выступалі сьвятары, натхнёныя ідэямі чалавечай роўнасьці, якія прапаведавала еўрапейскае хрысьціянства. Таксама роўнасьць чалавека падтрымлівалі прадстаўнікі вышэйшага стану, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе. Больш таго, у духу асьветніцтва і рэфарматарства, новых эканамічных тэорыяў праводзіліся зьмены ў эканоміцы, адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Слабасьць каралеўскай улады моцна спрыяла разьвіцьцю талерантнасьці і вальнадумства.

Па разуменьні свабодаў, каштоўнасьці правоў чалавека, актыўнай прапагандзе новых ідэяў і іх распаўсюдзе ў шырокіх колах адукаванага грамадства, а праз адукаваных людзей — яшчэ глыбей і шырэй Вялікае Княства Літоўскае, як частка Рэчы Паспалітай, ішло літаральна сьлед у сьлед за Францыяй, дзе адбылася дэмакратычная рэвалюцыя і была прынятая і абвешчаная Дэкларацыя правоў чалавека.

У Рэчы Паспалітай і ВКЛ “заразу” вальнадумства прыдушылі суседнія абсалютысцкія, таталітарныя дзяржавы — Расія, Прусія і Аўстрыя. Менавіта з-за боязі распаўсюду вальнадумства з Рэчы Паспалітай гэтая дзяржава была разарваная на тры часткі, у выніку чаго Вялікае Княства Літоўскае было акупаванае Расійскай імперыяй. Гэта падзея карэнным чынам зьмяніла накірунак разьвіцьця Беларусі і ўцягнула яе ў бясконцую чараду стратаў і трагедыяў.

Усе паўстаньні, якія адбываліся ў Беларусі ў 1794, 1830, 1863 гадах, мелі вызвольны і дэмакратычны характар. Ужо ў 1796 годзе галоўнакамандуючы паўстанцкім войскам у Вялікім Княстве Літоўскім Якуб Ясінскі літаральна праз пару тыдняў пасьля захопу ўлады ў Вільні абвясьціў гістарычны акт — вызваленьне сялянаў Беларусі і Літвы ад прыгону. Дзякуючы гэтаму акту, які не пасьпеў запрацаваць напоўніцу, палова ягонага насьпех сабранага войска складалася зь сялянаў-касінераў, якія ішлі біцца з маскалямі, адстойваць у прамым, літаральным сэнсе сваю свабоду. Такім чынам, адмена прыгону ў Беларусі першы раз адбылася на 65 гадоў раней за паўторную адмену, якая прайшла ў межах Расійскай імперыі.

А знакамітыя словы Кастуся Каліноўскага, якія ён выгукнуў у 1864 годзе, стоячы пад пятлёй. Калі ў прысудзе яго назвалі “дваранінам Каліноўскім”, ён паправіў: “У нас няма дваранаў. У нас усе роўныя!” Грамадзянская і палітычная роўнасьць, валоданьне правамі чалавека ўсімі без выключэньня жыхарамі Вялікага Княства Літоўскага — гэта тое, чаго дабіваліся паўстанцы 1863 года для ўсяго беларускага народа.

І ў XX стагодзьдзі беларусы працягвалі змагацца за роўнасьць і правы чалавека. Ва Устаўных граматах Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у 1918 годзе, дзяржава гарантавала ў межах пражываньня беларускага народа захаваньне асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў. У 30-я гады ў Заходняй Беларусі беларускія палітычныя партыі ў сваіх палітычных праграмах афіцыйна выступалі супраць сьмяротнага пакараньня. У пасьляваенныя гады беларускія моладзевыя падпольныя арганізацыі мелі на мэце пабудову незалежнай дэмакратычнай Беларусі. У 1968 годзе беларускія дысідэнты выступілі супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

У выніку змаганьня за правы чалавека ў пасьляваенны час сотні беларусаў пацярпелі ад таталітарных камуністычных уладаў, былі асуджаныя, сасланыя, перасьледаваліся іншым чынам. Так, беларускі дысідэнт, праваабаронца Міхась Кукабака адсядзеў у псіхушках і лагерах 18 гадоў і быў апошнім вязьнем сумленьня, які ў 1989 годзе быў вызвалены з лагераў.

У 1988 годзе ў Менску была створаная першая беларуская праваабарончая арганізацыя “Мартыралог Беларусі”. А ў 90-я гады зьявіўся цэлы шэраг праваабарончых арганізацыяў. Таму зьяўленьне і праца “Вясны” мае лагічны гістарычны кантэкст. А яе актуальнасьць абумоўленая вялікаю патрэбаю, якая ўзьнікла ў беларускім грамадстве ў такой арганізацыі пасьля 1994 года.

Мой выступ перад замежнымі амбасадарамі быў пункцірным, але канцэптуальным. Інфармацыя была для іх малавядомай, таму, хоць і гаварыў я даўгавата, хвілінаў з 20, госьці не занудзіліся і слухалі ўважліва. Мы самі ведаць не ведаем, наколькі ў свой час беларусы былі ўключаныя, інтэграваныя ў агульнаеўрапейскія працэсы. Тым больш пра гэта не ведаюць іншыя. Такім чынам распачалося сьвяткаваньне 15-х угодкаў “Вясны”.

Увесну 2011 года мы пасьпелі сабрацца і адсьвяткаваць наш юбілей разам з рэгіянальнымі актывістамі. А вось сустрэчу з калегамі-праваабаронцамі ў Менску зладзіць не пасьпелі, хоць і планавалі яе. Як не пасьпелі выдаць і дзьве кнігі, пра якія я пісаў вышэй. Урэшце кніга інтэрв’ю актывістаў вясны выйшла ў 2012 годзе, да наступных, 16-х угодкаў.

Але хіба што самай яркай падзеяй, якая сімвалічна падвяла рысу пад 15-гадовай гісторыяй “Вясны”, была гісторыя, зьвязаная з маім арыштам. Гэтая падзея намі зусім не планавалася, але яна стала своеасаблівым вынікам, вяршыняю нашай дзейнасьці. Слабых не чапаюць. Гісторыя “Вясны” яшчэ не скончаная, яна працягваецца далей.


Страсбургскія сустрэчы 31.10.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

9 верасьня 2012 г., Бабруйск

Пасьля выступу на палітычным камітэце Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў нас былі сустрэчы з групамі парламетарыяў па краінах. Я папрасіў калегаў трымацца такога ж сцэнару нашых выступаў. Адно што мы скарацілі працягласьць сваіх прамоваў да 4–5 хвілінаў, каб змаглі выступіць усе ўдзельнікі нашай групы. Мы зьбіраліся акцэнтаваць увагу на тым, каб Рада Еўропы больш актыўна выкарыстоўвала свае магчымасьці ў працы зь Беларусьсю і каардынавала свае дзеяньні зь іншымі міжнароднымі структурамі. Праўрадавы палітолаг, які быў у нашай дэлегацыі, быў задаўлены колькасьцю крытычных выступаў, і ягоны голас зводзіўся да аднаго: ну не ўсё ж так дрэнна ў Беларусі.

Да вечара было пяць сустрэчаў у нацыянальных групах, і мы пад канец дня былі моцна стомленыя. Гаварылі адное і тое ж, і толькі другая частка гэтых сустрэчаў, там, дзе былі пытаньні, была адрознаю. Пасьля апошняй сустрэчы мы сядзелі, змучаныя, у невялікай сьветлай залцы і моўчкі пілі каву і мінералку. “Яшчэ адзін дзень такіх сустрэчаў — і я не буду сябе любіць”, — паскардзілася праваабаронка. “А што зробіш, — падбадзёрваў я калегаў, — гэта нашая праца. Будзем хоць сто разоў паўтараць адно і тое ж. Галоўнае, каб быў плён”.

Назаўтра апроч такіх самых сустрэчаў з нацыянальнымі дэлегацыямі парламентарыяў у нас былі запланаваныя дзьве сустрэчы з групамі дэпутатаў, якія працавалі на Беларусі. У першую групу, якая традыцыйна займалася Беларусьсю, уваходзілі ў асноўным дэпутаты з польскага, літоўскага і нямецкага парламентаў. Ачольвала групу нямецкая дэпутатка. Мы размаўлялі больш глыбока і падрабязна, чым з нацыянальнымі дэлегацыямі. Мы больш поўна абгаворвалі розныя варыянты магчымых дзеяньняў Рады Еўропы ў справе вызваленьня палітзьняволеных.

Сустрэча была плённаю, усе пайшлі з кабінета на наступную сустрэчу. Мяне кіраўнічка групы папрасіла затрымацца. “Мы атрымліваем ад вас інфармацыю, — сказала яна. — Далей мы тут, на міжнародным узроўні прымаем адпаведныя захады, размаўляем з вашымі ўладамі і не баімся, што нас за гэта пасадзяць у турму. А вось вас у Беларусі могуць пасадзіць за такую дзейнасьць, за вашую актыўнасьць. Вы павінныя быць больш разважлівымі і асьцярожнымі. Бярыце прыклад з “Amnesty International”, — працягвала яна. Я адказаў, што “Вясна”, гэтаксама як і “Amnesty”, зьяўляецца самастойнай праваабарончай арганізацыяй і самастойна вызначае тактыку і стратэгію сваіх дзеяньняў. “Вас пасадзяць у турму, а мы застанемся без інфармацыі”, — працягвала яна. “Мы не будзем сядзець склаўшы рукі, — адказваў я. — Значыць, такі наш лёс”. На гэтым нашая размова скончылася. Мы былі абое незадаволеныя ёй.

Пасьля абеду адбылася сустрэча з групаю дэпутатаў па расьсьледаваньні падзеяў 19 сьнежня. На яе прыйшоў старшыня групы дэпутат з Чэхіі і польскі дэпутат з сацыял-дэмакратаў. Размова зь імі была яшчэ больш расчаравальнай. Мы намаўлялі іх, каб яны як мага хутчэй, бо мінула ўжо амаль чатыры месяцы, падрыхтавалі свой даклад па 19 сьнежня, каб яны каардынавалі сваю дзейнасьць зь іншай групаю па расьсьледаваньні падзеяў 19 сьнежня, створаную ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ. Мы ж, са свайго боку, абяцалі даць ім усю патрэбную інфармацыю і ўсе неабходныя для збору фактаў кантакты.

Але дэпутаты былі непад’ёмнымі. А ці здолеем мы падрыхтаваць такі даклад без згоды беларускіх уладаў, а ці пусьцяць яны нас у Беларусь, а ці зьбяром мы неабходную інфармацыю, і ўрэшце — а ці не нашкодзіць наш даклад беларускай грамадзянскай супольнасьці. Мы іх цярпліва пераконвалі ў патрэбе такога даклада і падпіхвалі іх да дзейнасьці, як маглі. Урэшце нам гэта надакучыла, і мы, абмяняўшыся міжсобку красамоўнымі поглядамі, замоўклі. Так, памаўчаўшы некалькі хвілінаў, мы разышліся. “Навошта было ствараць такую групу, якая нічога не робіць?” — абуралася жонка палітзьняволенага. Я нічога не мог адказаць ёй на яе пытаньне.

А ўвечары я пайшоў да Кірыла ў госьці. Кірыл — малады, высокі, з шапкаю кучараў на галаве, юрыст-міжнароднік. Ён расіянін, выкладчык Страсбургскага ўніверсітэта, актывіст і эксперт FIDH, быў падрыхтаваў некалькі скаргаў расійскіх грамадзянаў да міжнароднага суда па правах чалавека, таксама ён браў удзел у некалькіх дасьледчых місіях FIDH. У 2007 годзе ён разам з Суэр Белхасен, прэзідэнтам FIDH, прыязджаў у Беларусь, у выніку чаго зьявіўся даклад «Умовы ўтрыманьня пад вартай у Рэспубліцы Беларусь». Улетку 2010 года мы разам зь ім і яшчэ адным дасьледчыкам французам езьдзілі ў дасьледчыцкую місію ў Кіргізію, пра якую я ўжо пісаў.

Месяц таму, у сакавіку, Кірыл па нашым запрашэньні прыязджаў у Беларусь у якасьці дасьледчыка па падрыхтоўцы чарговага даклада FIDH, прысьвечанага аналізу сітуацыі падчас і пасьля выбараў. Апроч абавязковых падчас беларускіх місіяў сустрэчаў, збору матэрыялаў, Кірыл, між іншага, за гэтыя дзьве паездкі засвоіў канструкцыю беларускай мовы, нанізаў на яе, колькі змог, засвоенай лексікі і ў выніку мог даволі ўдала зьвязаць колькі неабходных для сумоўя фразаў па-беларуску. На добрым узроўні ён ведаў усе асноўныя еўрапейскія мовы, размаўляў і чытаў на іх розную прававую літаратуру, кодэксы, законы, судовыя выпадкі. Ён адчуваў сябе ў еўрапейскай юрыспрудэнцыі як рыба ў вадзе.

У Парыжы, дарэчы, у сядзібе FIDH былі сумневы, ці варта рабіць даклад па падзеях у Беларусі, калі ўжо быў падрыхтаваны даклад “Human Rights Watch”. Але я пераканаў супрацоўнікаў парыжскага офіса ў тым, што такі даклад будзе зусім не лішнім, ён будзе чарговым замерам сітуацыі, якая хутка зьмянялася, і таму будзе мець адметную каштоўнасьць.

Місія ў Беларусь адбылася. І калі мяне запрасілі ў гэтую паездку ў Страсбург, то я сьпісаўся з Кірылам, і мы дамовіліся зь ім сустрэцца, каб у тым ліку паразмаўляць і пра даклад місіі, які рыхтаваўся ў гэты час.

Кватэра, якую ён здымаў разам са сваёй жонкаю, аказалася ў дваццаці хвілінах хады ад будынкаў Рады Еўропы. Гэта быў ужо прыгарад Страсбурга, таксама як і тая вёсачка, дзе я здымаў гатэль, дагледжаны спальны раён, прыстасаваны і ўладкаваны для ўтульнага жыцьця, са стагадовымі двух- і трохпавярховымі адрэстаўраванымі дамамі, зь зялёнымі, няпраўдападобна дагледжанымі газонамі і старым касьцёлам у цэнтры колішняй прыстрасбургскай вёскі. Кватэра была аднапакаёваю, з маленькай варыўняю, шырокай канапаю, кніжным сталом, музычным цэнтрам, гітараю і нотбукамі, такое тыповае моладзевае жытло, заваленае юрыдычнымі кодэксамі на розных мовах. Я падарыў Кірылу “Шалом” ад Артура Клінава, якую браў сам прачытаць, ды не пасьпеў, — няхай практыкуецца. Кірыл адварыў белыя нямецкія сасіскі, дастаў піва зь лядоўні, і мы паселі ў крэслах, п’ючы піва і абмяркоўваючы розныя навіны. А праваабаронцам, нават калі розьніца ва ўзросьце ў іх у 20 гадоў, ёсьць заўсёды пра што пагаварыць. Неўзабаве прыйшла ягоная жонка і далучылася да нашай кампаніі.

Сваю частку даклада Кірыл ужо завяршыў і распытваўся ў мяне пра апошнія навіны ці факты, якія яго цікавілі і маглі б штосьці дадаць у даклад. А пасьля мы яшчэ паразмаўлялі пра тое, што ў яго сканчаецца кантракт са Страсбургскім універсітэтам і ён жадаў бы быць больш далучаным да беларускіх справаў. Кірыл распытваўся пра Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, ці можна было б яму паспрабаваць уладкавацца туды і пачытаць курс лекцыяў. Вядома, што я падтрымаў ягоную ідэю. Кірыл быў выдатным юрыстам — міжнароднікам і адначасова праваабаронцам, і ягоны ўзровень ведаў і практычны вопыт, нягледзячы на маладосьць, былі б карыснымі для беларускіх студэнтаў. Кірыл нават паабяцаў, што калі атрымаецца ўладкавацца, то ён будзе гатовы выкладаць па-беларуску.

Мы засядзеліся, гамонячы, дапазна. І ў гатэль я вяртаўся на таксоўцы.

Назаўтра зранку, прыйшоўшы пешшу да будынка Рады Еўропы, на ганку я сустрэўся з калегамі, якія распавялі, хто ўчора выступаў. І ён (Лукашэнка – рэд.) нервова і раздражнёна, калі не з пагрозаю ў голасе, адгукнуўся аб прадстаўніках радыкальнай апазіцыі, якія ў той час, калі ў краінежалоба і смутак па загінулых падчас тэракту ў метро, займаюцца паклёпніцтвам і наладзілі ў Страсбургу танцы на касьцях. Гэтае выказваньне ўчора некалькі разоў круцілі падчас навінаў па ўсіх дзяржаўных тэлевізійных каналах. І яно адносілася менавіта да нас. Наш страсбургскі апякун Пітэр быў устрывожаны гэтай інфармацыяй.

У гэты дзень было ізноў некалькі сустрэчаў. Відавочна, што Пітэр са швейцарскай педантычнасьцю вырашыў выціснуць з нашай паездкі і з нас па-максімуму. Мы крахталі, але цярпелі, усе пагаджаліся, што не гуляць жа мы сюды прыехалі.

Найбольш цікаваю была сустрэча зь Венецыянскай камісіяй, да якой мы спрабавалі дагрукацца аж з 2006 года. Інтарэс беларускіх праваабаронцаў быў у тым, каб гэтая камісія пры Радзе Еўропы, складзеная з аўтарытэтных юрыстаў, дасьледавала і зрабіла сваё заключэньне па артыкуле Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Менавіта па гэтым артыкуле 193.2 у 2006 годзе судзіліактывістаў “Партнёрства”— арганізацыі, якая спрабавала наладзіць назіраньне за папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі. Па ім жа былі асуджаныя некалькі актывістаў “Маладога Фронту”.

У выпадку прызнаньня Венецыянскай камісіяй гэтага артыкула неадпавядальным міжнародным нормам беларускія ўлады апынуліся б у даволі непрыемнай сітуацыі. Тады, на добры лад, трэба было б прыбіраць гэты рэпрэсіўны артыкул з Крымінальнага кодэкса, а справядлівасьць асуджэньня па гэтым артыкуле мела б яшчэ большы сумнеў.

Згодна з існуючымі працэдурамі, ініцыяваць такі разгляд у Венецыянскай камісіі могуць дэпутаты Рады Еўропы. Таму ва ўсе папярэднія сустрэчы мы настойліва прасілі дэпутатаў выступіць з такой ініцыятываю.

З адной з выканаўчых супрацоўніц Венецыянскай камісіі ў нас і адбылася размова. Нас цікавілі персьпектывы такога разгляду, ягоныя магчымыя тэрміны. Яна пацьвердзіла, што гэта магчыма, і распавяла аб працэдуры такога разгляду і прыняцьця рашэньня. Сустрэчаю мы засталіся задаволеныя. Калі намоўленыя дэпутаты не падвядуць нас, то неўзабаве такі зварот зьявіцца ў Венецыянскай камісіі і на працягу года па ім будзе прынятае юрыдычнае заключэньне.

У гэты ж дзень адбылася яшчэ адная памятная і прыкметная сустрэча з Генеральным сакратаром Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). Мы сядзелі ў кабінеце, чакалі яго і размаўлялі зь ягоным дарадцам і памочнікам, хлопцам гадоў 35, расіянінам. Генсек затрымліваўся, дарадца-расіянін частаваў нас каваю, мы гаварылі пра магчымасьці далейшага супрацоўніцтва Беларусі і Рады Еўропы. Прагнозы і ў яго, і ў нас былі песімістычнымі. Толькі як быццам бы наладзіліся нейкія працоўныя стасункі, адчыніўся інфармацыйны цэнтр Рады Еўропы ў Менску, пайшлі сумесныя семінары, паездкі — і вось, такі адкат пасьля 19 сьнежня. Еўрапейскія палітыкі, казаў ён, стаміліся распрацоўваць планы, пабудаваныя на аптымізме, бо беларускі бок перакрэсьлівае гэтыя планы і яны ляцяць у кош. Прасьцей заняць выразную негатыўную пазіцыю і чакаць, пакуль у самой Беларусі не пачне штосьці сур’ёзна мяняцца.

Так, пагаджаліся мы, толькі зьмены ў самой Беларусі могуць зьмяніць сітуацыю. Мы ж, праваабаронцы, зацікаўленыя ў тым, каб еўрапейскія палітыкі і чыноўнікі не ўжывалі да Беларусі двайныя стандарты. Бо нішто так не падрывае веру ў справядлівасьць дэмакратычнага грамадства, нішто так не дэмаралізуе яго, як розны падыход і розная ацэнка адных і тых жа зьяваў і падзеяў. Калі Беларусь пазіцыянуецца і голасна абвяшчаецца еўрапейскай дзяржаваю, то і падыход да яе павінен быць, як да еўрапейскай дзяржавы.

Дарадца Генсека пагадзіўся. “Так, — сказаў ён, — калі бываеш у Менску, дык адчуваеш, што гэта еўрапейскі горад. У мяне ёсьць знаёмыя беларусы, — працягваў ён, — адукаваныя і прасунутыя людзі. Праўда, у апошнія гады зьявілася непрыемная рыса ў нашых размовах. Здаецца, усе мы выйшлі з Савецкага Саюза, а вось пачынаеш зь імі размаўляць у нефармальных абставінах, за півам, і ўсе беларусы, як адзін, крытыкуюць Расію. І тое ў Расіі пагана, і гэта”.

Мы пераглянуліся і прамаўчалі.

Урэшце прыйшоў Генсек ПАРЕ. Ён быў узрушаны і ўстрывожаны крытычнымі выказваньнямі ў наш бок і сказаў, што выступіць з заяваю і сустрэнецца зь беларускімі прадстаўнікамі пры Радзе Еўропы, каб папярэдзіць іх пра недапушчальнасьць нашага перасьледу.

А ўвечары Пітэр запрасіў нас да сябе дадому ў госьці. У гэты дзень ён прыехаў на працу на арандаваным мінівэне. Пасьля ўсіх сустрэчаў мы пагрузіліся ў яго і паехалі ў прыгараднае сяло, дзе Пітэр зь сям’ёй арандаваў для жытла дом. Дом быў невялікі, але ўтульны, з прасторнай варыўняю і гасьцёўняю на першым паверсе, спальнямі на мансардзе і адкрытай верандаю з мангалам. Дворык быў невялікі, мо зь якіх дзьве соткі, адгароджаны ад суседзяў жываплотам, на ім быў газон, расла трава. Жонка ў Пітэра была славенкаю, удома ў сябе працавала ў праваабарончай арганізацыі, пакуль не выйшла замуж, у іх было двое сыноў. Зь дзецьмі яны размаўлялі на швейцарскім дыялекце нямецкай мовы.

Вось табе і зьліцьцё моваў, думаў я. Людзі ў цэнтры Еўропы берагуць свае дыялекты, не саромеюцца іх, не забываюць, вучаць размаўляць на іх дзяцей. Бо яны шануюць роднае слова, адчуваюць ягоную значнасьць для ўласнай самаідэнтыфікацыі. А мы, беларусы, не тое што дыялекты пакідаем, дык і самую літаратурную мову занядбалі.

Нас частавалі чыпсамі, гарэшкамі, смажанымі на мангале сасіскамі і антрэкотамі зь півам. Заўтра быў адлёт, нашая праграма візіту скончылася. Пітэр, запінаючыся, выбачаўся за тое, што наш візіт паставіў нас пад пагрозу, а потым сказаў, што калі хто з нас хоча перачакаць гэты напружаны час, то можна застацца ў іх удома на месяц і пажыць тут. Мы са сьмехам і жартамі шчыра падзякавалі яму. Ніхто з нас не зьбіраўся здаваць квіткі.

Увечары у гатэль на сотавы патэлефанаваў мой калега і сябар зь “Вясны” і сказаў, што будзе сустракаць мяне ў аэрапорце.

Калі на наступны дзень я прыляцеў у менскі аэрапорт, то без праблемаў прайшоў мяжу і мытню. Мае калегі-праваабаронцы сустрэлі мяне. “Мы апасаліся, што цябе могуць арыштаваць проста ў аэрапорце”, — казалі яны. Мне быў прыемны іхні клопат. Відаць, час для арышту яшчэ не наступіў.


Прыхільнікі дэмакратычных пераменаў Тунісу асудзілі рэспрэсіі ў Беларусі 28.10.2013 2


Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

Бабруйск, 11.09.12

Пасьля сустрэчы з Суэр у Жэневе я вярнуўся ў Менск. А праз два тыдні, 15 сакавіка я дабіраўся зь Менска ў Вену, з Вены ў Парыж і з Парыжа ў Туніс. Сталіца краіны Туніс гэтаксама называецца Туніс. Канферэнцыя, у якой я меў браць удзел, называлася “Пераход да дэмакратыі ў Тунісе”. На ёй зьбіраліся абмяркоўваць шляхі гэтага пераходу і магчымыя перамогі і паразы. З замежнікаў пра “перамогі” зьбіраліся распавядаць палякі, а пра “паразы”, гаворачы пра Беларусь, я.

У Менску на газонах яшчэ ляжаў сьнег, а ў Тунісе стаяла позьняя вясна, днём было плюс 22. У гэтай невялікай арабскай міжземнаморскай краіне пры ранейшым рэжыме амаль адсутнічалі незалежныя СМІ, праходзілі зрэжысіраваныя ўладамі “выбары”, актывісты зь няўрадавых арганізацыяў знаходзіліся пад пастаянным прэсінгам, найперш сілавых ведамстваў. Ранейшыя ўлады Туніса, нягледзячы на аўтарытарны рэжым, адсутнасьць у краіне грамадскіх і палітычных свабодаў, тым не менш мелі неблагія стасункі зь Еўрасаюзам, палохаючы еўрапейскіх палітыкаў радыкальнымі ісламістамі. Калі не хочаце мець справу з намі, сьцьвярджалі яны, будзеце тады мець справы з ісламістамі. Тым не менш культурныя, грамадскія, цывілізацыйныя кантакты найперш з Францыяй кшталтавалі туніскія дэмакратычныя эліты. Яны былі даволі шматлікімі, арыентаванымі на еўрапейскія каштоўнасьці і няблага падрыхтаванымі для дэмакратычных зьменаў. Тысячы маладых тунісцаў вучыліся ў Францыі і Італіі, французская мова багата для каго была другой моваю. Нездарма прэзідэнтам FIDH стала журналістка, старшыня туніскай Лігі правоў чалавека Суэр Белхасен. І духоўна, і прафесійна яна была цалкам падрыхтаваная, каб стаць на чале фэдэрацыі, якая аб’яднала каля 200 праваабарончых арганізацыяў з усяго сьвету. Шырыня яе поглядаў, энергія, інтэлект, востры розум і ўменьне глядзець наперад далі добры імпульс для разьвіцьця FIDH у апошнія гады.

І вось мы сядзім у вялікай залі, запоўненай грамадскімі актывістамі, якія сабраліся з усіх куткоў краіны Туніс. Тут і праваабаронцы, і актывісткі жаночых арганізацыяў, і прафсаюзьнікі, і блогеры — разнастайны народ. Аўдыторыя сваім складам нагадала мне форумы нашай Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў. Я ўважліва ўглядаўся ў іхнія твары, лавіў тон іхніх размоваў. Тутэйшыя перакладчыкі, двое мужчынаў, якія па чарзе перакладалі мне з арабскай мовы на рускую, губляліся, бо ў іхнім ранейшым перакладчыцкім лексіконе не знаходзілася адпаведных словаў, якія гучалі ў прамовах выступоўцаў.

Але дзьве асноўныя эмоцыі прачытаў я ў вачах і прыкмеціў у паводзінах удзельнікаў канферэнцыі. Па-першае, яны яшчэ не звыкліся з тым, што перамаглі. І гэтая напрацаваная за дзесяцігодзьдзі стрыманасьць у сумоўі, асьцярожнасьць у рухах, абачлівасьць у паводзінах прабіваліся ў грамадзе то там, то сям. Па-другое, зусім супрацьлеглае — надзвычайны запал і эмацыйнасьць у выступах, як быццам бы яны толькі прыйшлі з дэманстрацыяў і мітынгаў і яшчэ не астыглі, не суцішыліся. Гэтае дзіўнае спалучэньне яшчэ больш падкрэсьлівала тое, што зьмены толькі як адбыліся.

П’янкое віно перамогі плёскалася ў вачох выступоўцаў, яны гаварылі пра пільныя і важныя праблемы, якія неабходна было тэрмінова вырашаць. Гэта і падрыхтоўка новай Канстытуцыі, і праблемы з правасудзьдзем, і неабходнасьць зьменаў у кансерватыўных колах вайскоўцаў і сілавых службаў, і эканамічная сітуацыя ў краіне, дзеля чаго была і пачалася рэвалюцыя, і жаданьні розных слаёў насельніцтва ў сувязі са зьменамі.

Я падпаў пад уплыў гэтай салодкай як мёд атмасферы зьменаў і выступаў эмацыйна і разьняволена. Прамаўляў, як засякла на гадзіньніку мая сяброўка Аляксандра, шаснаццаць хвілінаў. Гэта доўга, але зала слухала ўважліва. Я казаў пра тое, што ім, грамадскім лідарам і актывістам, няма чаго спачываць на лаўрах, бо дэмакратычныя зьмены і пераўтварэньні не прыходзяць самі па сабе, а здабываюцца ў выніку цяжкай штодзённай працы. І што гэтую працу павінныя рабіць яны самі, бо ніхто за іх яе не зробіць. Вы павінныя, сказаў я ім, забыцца на сон і адпачынак і працаваць круглыя суткі. Бо інакш рэакцыя можа вярнуцца. Я распавёў ім пра сумны гістарычны досьвед, які атрымалі беларусы за апошнія дваццаць гадоў. Беларусь стала незалежнаю, але дэмакратычныя рэформы на пачатку 90-х гадоў былі нясьмелымі і палавіністымі, яны не набылі незваротнасьць. Кансерватыўная частка былога кіраўніцтва краіны здолела перагрупавацца і аб’яднацца зь іншым лідарам. І адбыўся адкат ад дэмакратычных зьменаў, які працягваецца ўжо болей за паўтара дзесяцігодзьдзі. А ўсё таму, што дэмакратычныя сілы расслабіліся, шмат хто думаў, што зьмены ўжо незваротныя, і памыліўся.

Зразумела, што казаў я даволі схематычна, для людзей, якія мала што ці нічога не ведалі пра Беларусь, але свой пасыл — заклік быць пільнымі, працаваць, не супакойвацца — я, здаецца, перадаў. Яшчэ я параіў з халоднай галавою і ясным розумам разабрацца, разгледзець усе выпадкі парушэньняў правоў чалавека пры былым рэжыме, колькі б гэта часу і высілкаў ні каштавала. Справядлівасьць мусіць узяць гару, мусяць быць названыя і героі, і каты, і пакутнікі, і здраднікі. Гэта будзе адной з падставаў невяртаньня людзей са старой сістэмы да ўлады. Пасьля выступу ўдзельнікі канферэнцыі дружна пляскалі ў ладкі.

Была ў мяне яшчэ адна задума, якую я спадзяваўся зьдзейсьніць у Тунісе на гэтай канферэнцыі. У першы ж дзень прылёту, размаўляючы з Суэр, я папрасіў яе пагаварыць з арганізатарамі з просьбаю ад мяне прыняць зварот да беларускага народа ад імя ўдзельнікаў канферэнцыі. Я меркаваў, што такі зварот у час агульнай паняверкі і ўтрапеньня ў Беларусі быў бы вельмі дарэчным. Суэр з разуменьнем выслухала мяне і паабяцала парупіцца.

І вось на канферэнцыі выступае невысокая мілавідная жанчына. Саша распавяла, што гэта адна зь непрымірымых праціўніц былога рэжыму Бен Алі, грамадская дзяячка, якая сядзела ў турме. У Францыі FIDH была арганізаваная кампанія па яе вызваленьні. Зараз яна — сябра камісіі па падрыхтоўцы новай Канстытуцыі Туніса, і яшчэ яна будзе прапаноўваць прыняць зварот да беларусаў.

Жанчына казала пра бягучыя праблемы Туніса, пра тое, як важна, каб не зьніклі і захаваліся архівы сьпецслужбаў, а потым сказала і пра Беларусь. Выступала яна эмацыйна, цьвёрда, прапанавала зваротам ад удзельнікаў канферэнцыі падтрымаць дэмакратычныя слаі беларускага грамадства, сказала, што гэта быў бы вельмі важны і сімвалічны жэст з боку перамогшай аўтарытарны рэжым маладой туніскай дэмакратыі. Пад канец выступу яна патэтычна заявіла, што “Алесь, які зараз знаходзіцца з намі, там у Беларусі працуе ў небясьпецы. І калі беларускія ўлады будуць перасьледаваць Алеся, то тады Туніс рашуча заступіцца за яго”.

У тую хвіліну, калі мне пераклалі гэты сказ, я заўсьміхаўся. Усё ў гэтым яе выказваньні выглядала эмацыйна-перавялічаным. Але зараз вось я думаю, што, гледзячы на мяне, яна штосьці прадчула, убачыла маю недалёкую будучыню сваім набітым вокам нядаўняй зэчкі.

Зварот прынялі пад бурныя воплескі аднагалосна.

Падчас канферэнцыі адбыліся яшчэ дзьве цікавыя сустрэчы. Першая, кароткая, была са старшынёй Еўрапарламента Ежы Бузекам. Прадставіў мяне яму польскі амбасадар у Тунісе, з якім мы ў перапынку пазнаёміліся і крыху паразмаўлялі наконт беларускай сітуацыі. Ежы Бузек — стары салідарнасьцёвец, абазнаны і вопытны палітык, які добра арыентаваўся ў беларускіх праблемах. Размаўлялі мы літаральна некалькі хвілінаў перад ягоным выступам на канферэнцыі. Я сказаў, што дэмакратычная грамадскасьць у Беларусі чакае дапамогі ад Еўрасаюза. І я пачуў, што Еўрасаюз настроены рашуча падтрымліваць правы чалавека ў Беларусі. І гэта было самае істотнае.

Я ніколі не саромеўся прасіць дапамогі для падтрымкі грамадскіх і палітычных правоў у Беларусі. Бо, па-першае, я прашу гэтую дапамогу не для сябе асабіста. Па-другое, трэба ведаць, што дэмакратычныя краіны ў межах міжнародных дамоў дэкларавалі гатоўнасьць аказваць такую дапамогу краінам і супольнасьцям ва ўсім сьвеце, хто мае ў ёй патрэбу. Па-трэцяе, у міжнародных стасунках яно так, што сёньня дапамагаюць вам, а заўтра будзеце дапамагаць вы. Бо гэтая дапамога спрыяе даверу паміж народамі, міжнароднай стабільнасьці, адкрытасьці і, урэшце, узроўню чалавечага вымярэньня ў краіне-донары. Палякі, якія перанесьлі дзесяцігодзьдзі прыгнёту ад камуністычнай таталітарнай улады, вельмі добра разумеюць каштоўнасьць міжнароднай салідарнасьці. Таму штосьці асабліва ім тлумачыць не выпадае.

Другая сустрэча прайшла ў наступны дзень канферэнцыі. І адбылася яна зь міністрам замежных спраў Туніса. Ізноў жа падчас перапынку Суэр падвяла мяне да яго, інтэлігентнага, усьмешлівага, з роўнай паставаю для сваіх сталых гадоў дыпламата. Ён, аказваецца, быў даўнім сябрам Суэр, размаўляў па-руску, бо некалі, яшчэ ў часы Савецкага Саюза, быў амбасадарам Туніса ў Маскве. Затым яго звольнілі зь Міністэрства замежных справаў за надта ліберальныя погляды. Моўнага бар’еру ў нас не было, за дзесяць хвілінаў размовы мы пасьпелі багата пра што паразмаўляць. Я прасіў міністра аказваць ціск на беларускія ўлады з патрабаваньнем выконваць міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека найперш у ААН. Я рэкамэндаваў Туніскаму МЗС прытрымлівацца ў дачыненьнях зь Беларусьсю пазіцыі, выпрацаванай Еўрасаюзам. Рэкамэндацыя была зразумелай, бо ЕС зьяўляўся найбуйнейшым стратэгічным партнёрам Туніса. Міністр пагадзіўся і паабяцаў. Я пажадаў ягонаму народу посьпехаў у пабудове дэмакратычнага грамадства. Бо кожны станоўчы вынік трансфармацыі аўтарытарнага рэжыму зьяўляецца добрым прыкладам для іншых паднявольных народаў. Мы зь ім цёпла разьвіталіся.

У гэтай сустрэчы зь міністрам замежных спраў быў працяг. Праз два месяцы ў Туніс з афіцыйным візітам прыехаў Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун. У размове зь ім міністр згадаў нашую сустрэчу і спытаўся ў Генеральнага сакратара ААН, а ці дастаткова той робіць для спыненьня рэпрэсіяў і парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Мабыць, Пан Гі Мун быў крыху азадачаны. Але пытаньне прагучала сур’ёзна, і ён мусіў сур’ёзна адказваць на яго.

Падчас абеду ў другі дзень канферэнцыі было крыху часу выйсьці навонкі і абгледзецца. Гатэль, дзе адбывалася канферэнцыя, стаяў на ўзгорку, удалечыні сінела мора. Сьвяціла гарачае сонца, лёгкія аблокі гулялі па небе. Я прайшоў па зьвілістай сьцяжынцы па прыгатэльным садзе. Цьвілі рознымі колерамі, ужо адцвіталі цюльпаны, сьвежай чысьцінёю бялелі нарцысы. Я выйшаў да пляцоўкі невялікага амфітэатра, побач ляжалі і стаялі кавалкі антычных калонаў, якія стваралі мастацкую інсталяцыю і нагадвалі пра старажытную гісторыю Туніса. Непадалёк ад сучаснага Туніса знаходзіўся старажытны горад Карфаген, сталіца Паўночнай Афрыкі і зьлейшы вораг Рыма. Адсюль знакаміты Ганібал дзесяцігодзьдзямі назаляў Рымскай імперыі, і ў гэты бок, празь Міжземнае мора, крычаў рымскі сенатар Катон Старэйшы, заклікаючы рымлянаў: “Карфаген павінен быць разбураны!”. З гэтай зямлі паходзіць знакаміты хрысьціянскі тэолаг Аўгусьцін.

Але, на жаль, паглядзець на ўсё ж такі разбураны рымлянамі Карфаген часу ў нас не было. Адзінае што, дык гэтага назаўтра ў мяне былі тры гадзіны вольнага часу, і пасьля абеду я не ўседзеў і выбраўся з гатэля, у якім мы жылі, у бок старога горада. Спачатку я прайшоў некалькі кварталаў, забудаваных напачатку XX стагоддзя ў мараканскім стылі ўзорчата-вітых формаў, а затым убачыў муры старога горада. Я ўвайшоў у цёмную змрочную браму і празь яе патрапіў у стары горад. Адразу за брамаю пачынаўся гарадскі базар, усе першыя паверхі дамоў былі занятыя невялікімі крамкамі з самым разнастайным таварам, аўтадэталямі, мэбляю, кілімамі, біжутэрыяй, адзеньнем і абуткам. Яткі з садавіною і гароднінаю стаялі доўгімі радамі пасярэдзіне вуліцаў.

Вось я ўбачыў ганчарную лаўку, зайшоў і набыў гліняны глечык формы, якая нагадвала старажытную амфару. Затым я спыніўся каля кавярні і зьеў булку з катлетаю і цыбуляю, залітую востраю падліваю. Затым прайшоў яшчэ троху і выпіў шклянку апельсінавага соку, які выціснулі ў мяне на вачах. “Ты адкуль?” — запыталася ў мяне дзяўчына, спрытна ўпраўляючыся з апельсінамі. “Зь Беларусі”, — адказаў я. “Менск?” — спыталася яна. “Так, так, Менск”, — заўсьміхаўся я ёй. Адкуль простая гандлярка са старога Туніса ведае горад, дзе я жыву? Яна шчыра ўсьміхнулася мне ў адказ. Усьмешка сьведчыць пра твае намеры, пра твой настрой, усьмешка — гэта як пароль у стасунках паміж людзьмі. Беларусы — стрыманы народ і рэдка пасьміхаюцца першымі. А дарэмна.

На вузкіх вуліцах старога горада зусім не было турыстаў, мабыць, гэта нядаўняя рэвалюцыя распалохала іх. Я быў ці не адзіным турыстам-зявакам, як той першы шпак, які прыляцеў на засьнежаную яшчэ суровую зямлю, і людзі зь цікаўнасьцю паглядалі на мяне... Я пасьміхаўся ім. Сваёй усьмешкаю я вітаў туніскі народ, які зьдзейсьніў вось гэткі цуд як “глогавую” ці “язьмінавую” рэвалюцыю. Гэты ціхмяны і нясьмелы народ, які, як казала мне Суэр, вельмі падобны да беларусаў.

Cям’я еўрапейскіх краінаў разглядае Беларусь як частку Еўропы 23.10.2013 2

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:
 
Бабруйск, 21 кастрычніка 2012 г.

Другая паездка ў Варшаву 2 лютага 2011 года была зьвязаная з правядзеньнем канферэнцыі краінаў-донараў для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў і дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці. Як я ўжо згадваў, ідэя такой канферэнцыі належала польскаму міністэрству замежных спраў, падштурхнутаму да актыўнасьці тонам і зьместам заяваў беларускіх уладаў. Тыя ж усіх сабак за падзеі 19 сьнежня вырашылі павесіць на “пятую калону” — беларускую апазіцыю, а таксама на зьнешніх “ворагаў” — Польшчу і Германію.

Парадаксальнасьць гэтых абвінавачваньняў была ў тым, што якраз Польшча і Германія перад 19 сьнежня і былі прамоўтарамі новай палітыкі ў дачыненьні да беларускага рэжыму. Тактыка гэтай палітыкі заключалася ў актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і паступовым уцягваньні Беларусі ў сумесныя палітычныя праекты, самым буйным зь якіх зьяўлялася Усходняе партнёрства. Еўрапейскія ідэолагі супрацы зь беларускімі ўладамі сьцьвярджалі, што ўсе папярэднія гады міжнародная ізаляцыя не дала чаканых вынікаў. Яны былі ўпэўненыя, што беларускія ўлады не здолеюць адмовіцца ад выгодных варыянтаў такой супрацы. Вось жа з гэтымі абяцанкамі-цацанкамі ў Менск прыязджалі розныя міністры замежных спраў, у тым ліку і міністры Польшчы і Германіі Сікорскі і Вестэрвэле. А ў выніку яны і аказаліся галоўнымі “ворагамі” беларускай палітычнай стабільнасьці. Бо для поўнай карціны змовы былі патрэбныя не толькі ўнутраныя змоўшчыкі, але і замежныя.

Якіх толькі эпітэтаў не атрымаў у свой бок Сікорскі! Да ягонага гонару, ён даволі хутка здолеў ацаніць маштаб той палітычнай катастрофы, якая адбылася ў Беларусі пасьля 19 сьнежня, і адпаведным чынам зьмяніць і сваю рыторыку, і свае дзеяньні.

Канферэнцыя мела хутчэй міждзяржаўны характар. Яе паўнавартаснымі ўдзельнікамі былі прадстаўнікі краін, гатовых фінансава падтрымаць дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку і я, былі запрошаныя ў якасьці кансультантаў і рэпрэзентатараў гэтай самай супольнасьці.

Такога плану канферэнцыя па Беларусі праводзілася ўпершыню. Многія краіны Еўрасаюза, а таксама ЗША і Канада адгукнуліся на гэтае запрашэньне. Гэта паказвала ўзровень устрывожанасьці і заклапочанасьці, якія панавалі ва ўрадах еўраатлантычных дзяржаў у дачыненьні да сітуацыі ў Беларусі.

Распачалася канферэнцыя эфектным агульным выступам Радаслава Сікорскага. Пасьля яго пачаліся даклады прадстаўнікоў розных краінаў. Іх было цікава слухаць, бо выступоўцы называлі тыя прыярытэты, якія былі гатовыя падтрымліваць, а таксама сумы, якія іхнія ўрады гатовыя былі тэрмінова выдзеліць на такога рода дапамогу.

Размова не ішла пра падтрымку дзейнасьці палітычных партыяў ці іншых палітычных арганізацыяў. Як правіла, такая падтрымка палітычных арганізацыяў за мяжою забаронена заканадаўствам краінаў. Дэкларавалася падтрымка праваабарончым, інфармацыйным, адукацыйным ды іншым ініцыятывам і праграмам падобнага кшталту, накіраваным на ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Такая тэорыя і практыка не аднойчы выклікалі нараканьні з боку беларускіх дэмакратычных апазіцыйных партыяў. Але палітычная барацьба лічыцца ў міжнародных стасунках унутранай справаю краінаў і народаў. Ніхто сёньня не бярэцца займацца “экспартам рэвалюцый”. А вось дапамога дэмакратычным памкненьням, фармаваньню дэмакратычнага сьветапогляду шырокіх слаёў грамадства мае легальную і законную моц. Яна базуецца на міжнародных дамовах і пагадненьнях, падпісаных у тым ліку і Беларусьсю, дзе нашая краіна абавязалася падтрымліваць прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека. Гэтыя прынцыпы ўжо даўно перасталі мець унутраны характар, абмежаваны граніцамі адной краіны. Яны набылі агульны, міжнародны, універсальны характар. Я так падрабязна тлумачу гэта, каб паказаць абгрунтаванасьць і легальнасьць міжнароднай фінансавай дапамогі ў такіх краінах, як нашая сёньняшняя Беларусь.

Розныя краіны выступалі па-рознаму. І калі тая ж Польшча, Швецыя, Германія даўно заангажаваныя ў разнастайныя праграмы падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, то былі і не зусім звычайныя выступы. Так, прадстаўніца адной зь еўрапейскіх мікракраінаў паведаміла, што іхні ўрад знайшоў магчымасьць тэрмінова выдзеліць 10 тысячаў еўра на падтрымку беларускага незалежнага радыё. Як кажуць, і за гэта дзякуй.

Запомніўся выступ кіраўніцы канадскай дэлегацыі, дэпутаткі канадскага парламента, беларускі па паходжаньні, бацькі якой пасьля вайны апынуліся ў Канадзе. Вось жа яна, дачка бедных эмігрантаў, зрабіла там бліскучую палітычную кар’еру. Яна выступала і як беларуска, якая перажывала за сваю далёкую Бацькаўшчыну, і як прадстаўніца дзяржавы-спонсара. Канада вылучыла на адукацыйныя праграмы амаль мільён канадскіх даляраў.

Цікавы быў і выступ кіраўніка малдоўскай дэлегацыі. Выступаў стары такі чыноўнік, савецкага тыпу дзядзька. Ён доўга мяўся і мармытаў штосьці агульнае пра правы чалавека, а потым сказаў, што Малдова — бедная краіна, для якой вельмі важныя гандлёвыя стасункі зь Беларусьсю. І што грошай Малдова даць не можа, а ўсё, што яна можа, — маральна падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі. І з гэтай нагоды ён і прысутнічае на канферэнцыі. Іншыя ўдзельнікі шчыра пляскалі яму.

Я вяртаўся з канферэнцыі з пачуцьцём, што мы, беларусы, у гэтай надзвычай складанай сітуацыі не застанемся адныя. Вядома, што гэтая прадэклараваная дапамога не зьявіцца лекамі ад усіх нашых бедаў. Але гэта яшчэ адзін відавочны знак таго, што сям’я еўрапейскіх краінаў разглядае Беларусь як частку Еўропы, як еўрапейскую краіну, народ якой апынуўся часова ў бядзе і нядолі, і якая патрабуе разнастайнай дапамогі. Для мяне было ясна зразумела, што ні палітычныя вязьні, ані іхныя сем’і, ані студэнты, выгнаныя з вучобы за грамадскую дзейнасьць, не застануцца без дапамогі.


Палітычныя сілы ў Польшчы маюць кансалідаваную пазіцыю па Беларусі 21.10.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

18 кастрычніка 2012 г., Бабруйск

У Варшаву за першую палову 2011 года я езьдзіў тройчы. Першая паездка была на канферэнцыю, зладжаную найбольш уплывовай на той час партыяй Грамадзянская платформа, 13 студзеня. І прэм’ер-міністр, і прэзідэнт, і большасьць міністраў — прадстаўнікі гэтай партыі. Усе значныя палітычныя сілы ў Польшчы, як бы яны ні канкуравалі паміж сабой, маюць кансалідаваную пазіцыю па Беларусі. Усе яны выступаюць за падтрымку дэмакратыі, свабоды слова і правоў чалавека ў Беларусі.

Такая пазіцыя палякаў склалася ў выніку перажытага імі перыяду камуністычнай дыктатуры і шматгадовага змаганьня за сваю свабоду і дэмакратычны лад. Палякі першыя на пачатку 80-х гадоў стварылі магутны масавы рух, незалежны прафсаюз працоўных “Салідарнасьць”, і ўзарвалі, здавалася б, непарушны бастыён дзяржаў прасавецкага камуністычнага блока. І нягледзячы на шматлікія рэпрэсіі і ахвяры, у канцы 80-х гадоў яны першыя скінулі ненавісную ім камуністычную дыктатуру. Таму ў сучаснай палітычнай культуры польскіх грамадскіх і палітычных элітаў прысутнічаюць поўнае разуменьне, што такое дыктатура і аўтарытарны рэжым, непрыняцьце падаўленьня правоў чалавека ў любых формах, шчырая спагада і жаданьне дапамагчы іншым паняволеным народам. Менавіта польскія палітыкі зьяўляюцца пасьлядоўнымі ініцыятарамі падтрымкі дэмакратыі правоў чалавека як у межах Еўрасаюза, так і праз уласнапольскія праграмы і ініцыятывы. У значнай ступені яны накіраваныя на суседнія з Польшчай дзяржавы — Беларусь, Украіну, Малдову, але таксама і на далёкія краіны, такія, як Бірма, Куба, дзе адчуваецца дэфіцыт дэмакратыі.

Дык вось гэтая канферэнцыя была прысьвечана бягучай сітуацыі ў Беларусі. Праходзіла яна ў адным з урадавых памяшканьняў. Прыйшло багата палітыкаў, прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў, журналістаў. Было, можа, каля 200 асобаў. Цікавасьць да таго, што ў нас адбылося 19 сьнежня і што адбывалася пасьля, спагада, жаданьне дапамагчы былі велізарнымі.

Не ўсе запрошаныя зь беларускага боку здолелі патрапіць на канферэнцыю. Шэраг выпрабаваньняў і прыгодаў чакалі жонку кандыдата ў прэзідэнты палітычнага зьняволенага Алеся Міхалевіча. Спачатку перад самым ад’ездам у іхняй кватэры ў Менску арганізавалі вобшук. Падчас вобшуку яе папярэдзілі, што лепей ёй гэтым разам нікуды не езьдзіць і сядзець удома. У выніку яна спазьнілася на цягнік, але ўсё ж паехала на машыне. Машыну спынілі на трасе каля Баранавічаў, у Міланы “для праверкі” забралі пашпарт, і на канферэнцыю яна так і не патрапіла.

Усе астатнія ўдзельнікі з Беларусі, у тым ліку і я, даехалі без праблемаў. І тым больш было незразумела тады, навошта было перасьледаваць бедную Мілану і чаму менавіта яе. Лагічнага адказу ў мяне няма і дасюль. Можна было б зразумець, калі б адлоўлівалі і не пускалі ўсіх беларускіх удзельнікаў канферэнцыі ці самых “важных” і “небясьпечных”. А так усе даехалі, можна сказаць, камфортна. А Мілане адной дасталося за ўсіх. І яе непрыезд яшчэ больш падкрэсьліў і вылучыў усю непрывабнасьць і абсурднасьць сітуацыі ў Беларусі.

На канферэнцыі зь беларускага боку выступілі: жанчына, зьбітая дубінкамі на плошчы Незалежнасьці каля Дома ўрада, актывіст каманды аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, якога шукалі пасьля плошчы сьпецслужбы і які, апасаючыся арышту, зьехаў у Польшчу. Таксама выступалі адзін з назіральнікаў палітычнай партыі, якая брала ўдзел у выбарах, і я. Я казаў пра тое, што, на погляд праваабаронцаў, нічога нечаканага ў краіне не адбылося. Так, можа, хто ў Беларусі і за яе межамі і меў ілюзіі наконт магчымых паступовых пазітыўных зьменаў у краіне, але зараз, паралельна зь пераасэнсаваньнем сітуацыі, патрэбна як мага хутчэй арганізаваць дапамогу дэмакратычнай супольнасьці Беларусі па ўсіх неабходных накірунках.

Здаецца, сваю місію мы выканалі. Далі агульную аб’ектыўную карціну таго, што адбывалася ў краіне пасьля выбараў, як для шырокай грамадскасьці, так і для палітыкаў Польшчы. І ўжо падчас канферэнцыі была агучаная і ўхваленая ідэя правядзеньня наступнай шырокай канферэнцыі з удзелам краінаў-донараў, якія былі б гатовыя вылучыць фінансавыя сродкі на падтрымку ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі ў гэтыя няпростыя і цяжкія часы.

Даклад “Human Rights Watch” па выбарчых падзеях у Менску спрыяў выпрацоўцы агульнай пазіцыі міжнароднай супольнасьці 16.10.2013 1

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

Ужо ў студзені 2011 года, занепакоеная сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, міжнародная праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” прыслала ў Менск кіраўнічку свайго маскоўскага офіса для напісаньня адмысловага дакладу. Расійская грамадзянка, яна без праблемаў ціха сустракалася з колам цікавых ёй людзей з палітычных партыяў, няўрадавых арганізацыяў, з сваякамі палітзьняволеных і ахвярамі рэпрэсій. Такая сустрэча адбылася і ў нас зь ёй на офісе “Вясны”.

Спатканьне было пункцірным. Да нас бясконца, плыньню, ішлі людзі — родныя палітычных зьняволеных ці самі сутачнікі. Мы пісалі скаргі, прымалі ад пацярпелых заявы, тлумачылі сваякам, што рабіць, ці проста размаўлялі, выслухоўвалі і супакойвалі. Былі і яшчэ разнастайныя пільныя праблемы, таму я ўвесь час падхопліваўся падчас нашай размовы і сыходзіў то ў пакой да юрыстаў, то на варыўню, каб там перакінуцца парай словаў зь іншымі людзьмі. А яшчэ хапаўся за тэлефон, калі бачыў там нейкія пільныя званкі. Адным словам, яна патрапіла ў самы цэнтр вэрхалу, зьвязаны з арганізацыяй дапамогі ахвярам рэпрэсіяў. Тым не менш я распавёў ёй і пра тое, што, на мой погляд, адбывалася ў краіне ў гэтыя тыдні, і найбольш важныя, як мне падавалася, факты і падзеі. Гэтаксама сьпехам паразмаўлялі зь ёю і вясноўскія юрысты. У прынцыпе, збольшага мы перадалі ёй усю інфармацыю, якая цікавіла яе.

“Human Rights Watch” зьяўляецца адной з самых аўтарытэтных праваабарончых арганізацыяў у сьвеце. Штаб-кватэра яе знаходзіцца ў Нью-Ёрку, а шматлікія прадстаўніцтвы разьмешчаныя ў некалькіх дзясятках краінаў сьвету. Працуюць у іх зазвычай высокапрафесійныя юрысты-праваабаронцы, якія адсочваюць сітуацыю і рыхтуюць даклады па найбольш вострых праблемах з правамі чалавека ў краінах свету. У Расіі “Human Rights Watch” вядомая па дакладах, якія тычыліся парушэньня правоў чалавека падчас першай і другой войнаў у Чачні. У дакладах расійскія ўлады былі востра скрытыкаваныя за масавыя парушэньні правоў мірнага насельніцтва Чачні. Пасьля гэтага дзейнасьць “Human Rights Watch” у Расіі ўспрымаецца расійскімі ўладамі варожа і непрыхільна.

Сістэмна працаваць па Беларусі ў “Human Rights Watch” не хапала сілаў. Але арганізацыя перыядычна адгукалася на найбольш вострыя падзеі ў краіне, публікавала заявы, прэс-рэлізы. Было зразумела, што зьяўленьне незалежнага даклада па выбарчых падзеях у Менску будзе мець важнае значэньне для выпрацоўкі агульнай пазіцыі міжнароднай супольнасьці. Бо ў цывілізаваным сьвеце зважаюць на меркаваньні праваабарончых арганізацыяў, да іх прыслухоўваюцца і іхняя эксьпертная думка мае вялікую вагу.

Празь нейкі час пасьля гэтай сустрэчы мы з кіраўнічкаю маскоўскага офіса “Human Rights Watch” выступілі разам у якасьці эксьпертаў у Жэневе падчас абмеркаваньня ідэі прыняцьця адмысловай заявы па Беларусі на Радзе па правах чалавека ААН. Вось там, у Жэневе, яна запрасіла мяне на прэзентацыю падрыхтаванага ёй даклада па Беларусі ў Маскву. Я пагадзіўся.

І вось праз два тыдні зранку я вылецеў з Менска ў Маскву. Лёту атрымліваецца каля гадзіны часу. 20 хвілінаў самалёт узьлятае і набірае вышыню, 20 хвілінаў ляціць і 20 хвілінаў зьніжаецца і сядае. Праз гадзіну я ўжо ў Маскве, у “Шарамецева-1”. Арганізатары абяцаліся мяне сустрэць. Прайшло 20 хвілінаў, паўгадзіны — нікога не было. Я меў адрас правядзеньня прэс-канферэнцыі і мапу цэнтра Масквы, дзе знаходзілася патрэбная мне вуліца. Таму не стаў далей чакаць, сеў на аўтобус і паехаў да станцыі метро. Звычайна, прыляцеўшы ў Маскву ў ранейшыя прыезды, я дабіраўся да станцыі метро “Рачны вакзал”. Гэтым разам на маршрутнай шыльдзе аўтобуса была ўказаная іншая станцыя метро. Якая розьніца, падумаў я, часу да канферэнцыі яшчэ багата, можна і пакатацца. Квіток каштаваў 30 расейскіх рублёў, у мяне ж была адная тысячная паперка. Рэшты ў кіроўцы не было, і ён кіўнуў галавою — пралазь праз турнікет. У аўтобусе ў Маскве заходзяць у пярэднія дзьверы праз турнікет, у кіроўцы ты можаш купіць квіток і скасаваць яго ў кампосьцеры на круцёлцы, тады яна паварочваецца і прапускае цябе. З рэчаў у мяне быў адзін пляцачок, таму я лёгка праціснуўся паўз турнікет, сеў сьпераду, і аўтобус павёз нас у Маскву.

Паехалі мы нейкім іншым, чым звычайна, шляхам. Аўтобус доўга аб’язджаў бясконцыя маскоўскія раёны. Мне гэта было за бясплатную экскурсію. Мабыць, калі б я пажыў даўжэйшы час у Маскве, я прызвычаіўся б да яе, а так, бываючы ў “белакаменнай” гады ў рады, кожны раз на яе прасторах я адчуваю сябе маленькай і слабенькай кузуркаю. Масква насьцярожвае і трымае ў напрузе. Але гэта толькі першыя дні. Затым паступова прызвычайваешся і да бясконцых вераніцаў аўто, і да чалавечага мурашніка ў глыбокім падзямельлі метро, і да пярэстай прывакзальнай мітусьні. А яшчэ праз колькі дзён прыходзіць раўнавага і спакой чалавека, які жыве ў мегаполісе. Такое самае адчуваньне ў мяне было ў Нью-Ёрку і ў Парыжы, вялізных сусьветных гарадах, дзе людзей жыве столькі багата, што ты ў гэтай сваёй згубленасьці і адзіноце ўрэшце знаходзіш вольнасьць і самадастатковасьць.

Мае думкі перарваў званок тэлефона, высьвеціўся маскоўскі нумар. Я адказаў. Мяне шукаў кіроўца, які спазьніўся ў аэрапорт. Я падзякаваў і адказаў, што дабяруся сам. Адно ўдакладніў, на якой станцыі метро мне лепей выйсьці. Я ехаў далей і далей. І дзівіўся той грунтоўнейшай мадэрнізацыі, якую перажывае Масква. Новыя аграмадныя кварталы на ўскраінах замяніліся даўнімі ўжо кварталамі, забудаванымі ў 70–80-я гады. Але і там паўсюль былі ўстаўленыя новыя будынкі крамаў, кавярняў, офісаў. Відавочна было, што ў Маскву былі ўкладзеныя мільярды і мільярды даляраў.

Урэшце мне падказалі, што наступны прыпынак — гэта і будзе метро. Але ўвайшоў кантралёр. Я патлумачыў яму, чаму еду без квітка, і памахаў тысячнай купюраю. Кіроўца пацьвердзіў, што сам прапусьціў мяне, і кантралёр выпусьціў мяне безь пярэчаньняў. Яшчэ не хапала беларускаму праваабаронцу быць аштрафаваным у Маскве за бесквітковы праезд.

Праз гадзіну, даехаўшы на метро, я быў на вуліцы, пазначанай у запрашэньні. Я шукаю патрэбны мне будынак. У маскоўскіх адрасах ёсьць не толькі вуліцы, дамы і кватэры, але існуюць і “проезды” і “строения”, па-нашаму “пабудовы”. Чым дом на гарадской вуліцы адрозьніваецца ад пабудовы, я не ведаю. Можа, тым, што гэтая пабудова стаіць у дварах і гэта як нашыя карпусы? А можа, тым, што ў пабудовах няма жылых кватэраў, а толькі службовыя памяшканьні? Спытаць няма ў каго, і я шукаю мудрагелістую дом-пабудову, дзе знаходзіцца памяшканьне для правядзеньня прэс-канферэнцыяў. Гэта даволі зручна — мець у горадзе памяшканьне, дзе кожны жадаючы можа правесьці прэс-канферэнцыю і калі ўсе журналісты ведаюць гэтае месца. Звычайна такія залы маюць прэс-цэнтры ці незалежныя журналісцкія арганізацыі. Я бачыў такія памяшканьні ў Бялградзе і Бішкеку, а зараз вось шукаю яго ў Маскве.

З вуліцы па гэтым адрасе ў доме з карункавым цагляным фасадам, пабудаваным у стылі расійскага мадэрну, шыльды, якая казала б пра існаваньне прэс-цэнтра, няма. У мяне ёсьць яшчэ вольнага часу, і я іду па вуліцы, разглядаючы дамы. У адным зь іх, старым барскім палацы, месьціцца Акадэмія мастацтваў Расіі. У вокнах відаць гіпсавыя бюсты і фігуры. У іншым будынку — рэстаран, а перад ім стаіць швейцар у гарнітуры з чырвонага сукна зь цяжкімі шнурамі залатых аксельбантаў на грудзях і ў сіняй фуражцы. Ён запрашае ўсіх мінакоў зайсьці ўсярэдзіну і адабедаць. Я праходжу далей. На вуліцы захавалася багата старых дамоў ХІХ стагодзьдзя цікавай архітэктуры. Але на некаторых пляцах — навабуды. Навабуды — сімвал новай капіталістычнай Масквы, горада-мегаполіса, які заселены зараз вялікай інтэрнацыянальнай грамадою.

Я вяртаюся назад. Да ганка пазначанага ў запрашэньні будынка падыходзяць дзьве жанчынкі замежнага выгляду. Зьзяе яркае веснавое сонца, ручаі з расталага сьнегу цякуць па вуліцы, сонечныя зайцы адбіваюцца ад ваконных шыбаў і скачуць па машынах, па людзях, робячы іх больш сьвяточнымі і весялейшымі. Мы вітаемся. Гэта аказваюцца дыпламаткі зь фінскай амбасады, якія цікавяцца Беларусьсю. Фінскай амбасады ў Менску няма, і беларускімі справамі фіны цікавяцца зь Вільні і Масквы. Фінскія дыпламаткі таксама ўпершыню прыйшлі па гэтым адрасе і гэтаксама не ведаюць дакладнага месца, дзе будзе адбывацца прэс-канферэнцыя.

Я набіраю нумар маёй знаёмай з “Human Rights Watch”, і яна скіроўвае нас па тэлефоне. Мы абыходзім будынак зьлева, уваходзім у арку. Маладыя смуглявыя і чырванашчокія кіргізы ў вайсковых бушлатах раскідаюць-растрасаюць у двары сьнег. Яны разразаюць зьляжалыя вогкія сумёты бляшанымі шуфлямі і адкідаюць сьнежныя і ледзяныя глыжы на сонца. Патрэбныя нам дзьверы знаходзяцца справа. Мы ўзьнімаемся па зваранай з арматурных прутоў лесьвіцы на ўзровень першага паверха, які вышэйшы за цокаль дома, і заходзім усярэдзіну. У памяшканьні ўжо ёсьць журналісты — каля 20 чалавек і тры здымачныя групы. Мне гавораць, што для Масквы, дзе ўвесь час штосьці адбываецца, такая колькасьць журналістаў — гэта вельмі добра.

Першаю выступіла аўтарка даклада з “Human Rights Watch”. Затым выказаліся я і расійскі праваабаронца Валянцін Гефтар. Каб не зануджваць журналістаў, мы пастараліся ўкласьціся ў гадзіну. Я быў задаволены. Праз інфармацыйныя агенцтвы, тэлеканалы, праз газеты голас беларускіх праваабаронцаў, нашая ацэнка падзеяў 19 сьнежня ў Менску будзе пачутая і ў Расіі. Апроч таго з гэтай хвіліны даклад “Human Rights Watch” па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стаў інфармацыйнай зьяваю. Багата хто з зацікаўленых асобаў прачытае яго.

Нечаканы розгалас атрымаў выступ Валянціна Гефтара. Ён гаварыў коратка, мо якіх пяць хвілінаў, імкнучыся ўвесьці ў кантэкст таго, што адбываецца ў Беларусі, і журналістаў, і верагоднага чытача-гледача. Ён сказаў, што катаваньні беларускіх вязьняў, пра якія ідзе размова, вядома, нельга параўнаць з тым, што адбываецца ў Расіі, у Чачні, Інгушэціі і на астатнім Каўказе, дзе катуюць да сьмерці ці да калецтва. Але ж гэта ўсё роўна парушэньне правоў чалавека.

Я разумею, чаму так сказаў Валянцін, бо казаў ён для расійскіх журналістаў, якія сапраўды багата чаго бачылі ў сваіх гарачых кропках. Але тым не менш я, адказваючы на пытаньні журналістаў, яшчэ раз падкрэсьліў, што, згодна са сьведчаньнямі вязьняў “амерыканкі”, да іх ужываліся катаваньні. І што ацэньваць тое, што адбывалася ў “амерыканцы” зь беларускімі вязьнямі, варта сыходзячы зь міжнародных стандартаў. Валянцін Гефтар, вядома, пагадзіўся са мной.

Ужо пасля канферэнцыі “Human Rights Watch” разьмясьціла запіс нашых выступаў у інтэрнэце. І там “сумневы” Гефтара наконт катаваньняў у “амерыканцы” прагучалі літаральна. Тады беларускі журналіст і драматург, паплечнік і сябра кандыдата ў прэзідэнты А. Саньнікава Мікалай Халезін, які, асьцерагаючыся рэпрэсіяў, вымушаны быў пасьля 19 сьнежня зьехаць зь Беларусі, рэзка раскрытыкаваў Валянціна Гефтара на сайце “Хартыі”. Не ведаю, ці чытаў яго аўтар непаразуменьня Валянцін Гефтар, але “Вясна” з гэтай нагоды прыняла заяву, дзе мы адназначна сьцьвярджалі, што ўтрыманьне палітычных вязьняў у “амерыканцы” мы расцэньваем як нечалавечнае абыходжаньне і катаваньне.

Але гэтае высьвятленьне пазіцыяў адбывалася ўжо ў наступныя тыдні пасьля майго вяртаньня з Масквы. А ў гэты дзень правядзеньня прэс-канферэнцыі мы, выступоўцы і арганізатары, прайшліся разам у бок метро, бо Валянцін, як заўсёды, некуды сьпяшаўся. Зайшлі ў прыметроўскую кавярню, ссунулі два столікі і ўселіся паразмаўляць яшчэ раз сваёй невялікаю кампаніяй. Мы выпілі кавы, зьелі блінчыкаў з сырам. Затым Валянцін пабег па сваіх справах, а мяне на офіс “Human Rights Watch” павяла маладая дзяўчына, напалову францужанка, напалову руская, якая жыла і вучылася ў парыжскай Сарбоне, а прыехала ў Маскву на некалькі месяцаў на практыку працаваць валанцёркаю ў офісе “Human Rights Watch”.

Яна завяла мяне на офіс, які знаходзіўся гэтаксама на кватэры, як і офіс праваабарончага цэнтра “Вясна”. Але ж наколькі адрозьніваўся стыль працы нашых арганізацыяў! У нас гэта была пляцоўка, куды вечна то ўваходзілі, то выходзілі плоймы і вераніцы людзей: ахвяры палітычных рэпрэсіяў і іхныя сваякі, праваабаронцы зь іншых арганізацыяў, журналісты, актывісты з інакшых няўрадавых арганізацыяў, моладзь ды ўсялякі розны народ. А тут — кодавы замок з кодам “для сваіх”, некалькі супрацоўнікаў і амаль падпольная, насьцярожаная цішыня. Абмежавальны і аскетычны рэжым працы маскоўскага офіса “Human Rights Watch” сьведчыў, што яны працуюць у неспрыяльнай для арганізацыі атмасферы, у прыхаваным рэжыме. Квіток на самалёт да Масквы я купляў у Менску за беларускія рублі, мне аддалі грошы за квіток у расійскіх рублях.

Я выйшаў з офіса “Human Rights Watch” на веснавую маскоўскую вуліцу. Сонца прыпякала на ўсю моц. Я зьлятаў у Менск увечары і яшчэ меў крыху часу, каб зайсьці ў кнігарню. Кнігарня была і гарбатняю, усярэдзіне смачна пахла зёлкамі і рознымі гатункамі гарбаты. Я купіў “Круты маршрут” Яўгеніі Гінзбург, успаміны рэпрэсаванай у 30-я гады выкладчыцы. Яна запомніла і апісала свой шлях у пекле сталінскіх турмаў і лагераў. Аўтарка пасьля перажытага стала антысталіністкаю, а яе сын, таленавіты расійскі пісьменьнік Васілій Аксёнаў, пайшоў яшчэ далей. Ён быў “антысавецкім” пісьменнікам, дысідэнтам і ў часы СССР вымушаны быў эміграваць на Захад.

Затым я паехаў у аэрапорт і паляцеў у Менск.

5 жніўня, на наступны дзень пасьля арышту, мяне прывезьлі з “абязьяньніка” Савецкага РУУС ізноў у Сьледчы камітэт у ДФР на вуліцу Глебкі на допыт. Пасьля допыту, перад адпраўкаю ў СІЗА на Валадарку, мне дазволілі забраць у жонкі перадачу зь неабходнымі рэчамі. Калі я забраў торбу, то сярод адзеньня, туалетнай паперы і харчоў убачыў тоўсты том Яўгеніі Гінзбург “Круты маршрут”, прывезены мной з Масквы. “Гэта табе, каб не было сумна”, — адказала на мой запытальны погляд жонка. Хоць я пасьпеў ужо прачытаць гэтую кніжку, я быў удзячны. “Круты маршрут” прапусьцілі ў СІЗА на Валадарскага, і я перачытаў яе. У камеры № 15 засталася гэтая кніга пасьля майго этапаваньня ў Жодзінскае СІЗА.

Міжнародная назіральніцкая місія і запуск Маскоўскага механізма АБСЕ у дачыненьні да Беларусі 14.10.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

14 кастрычніка 2012 г.

Літаральна праз некалькі дзён пасьля катастрофы 19 сьнежня прыйшоў да нас на офіс “Вясны” расійскі праваабаронца Андрэй. Сам ён быў з Варонежа і ўзначальваў расійскі моладзевы праваабарончы рух, хаця яму ўжо гадоў каля 40 і называць яго маладым праваабаронцам ніяк не выпадае. Але ж гэта, мабыць, у нас, у Беларусі. А ў Расіі, дзе яшчэ актыўнічае і 70-гадовая і 80-гадовая праваабарончая гвардыя, такія легендарныя ўжо асобы, як Юры Арлоў, Людміла Аляксеева, Сяргей Кавалёў, то пэўна, што Андрэй быў яшчэ “маладым” праваабаронцам.  

Беларускі ж праваабарончы рух не такі стары. Вось мне — 50, а я ўжо лічы што ветэран. А большая частка актыўных, вопытных і аўтарытэтных праваабаронцаў маладзейшая за мяне.

Андрэй займаўся ў асноўным праваабарончай адукацыяй, чытаў лекцыі на семінарах і для беларусаў, шчыльна супрацоўнічаў зь Вярхоўным камісарам па правах чалавека Рады Еўропы. Мы зь ім неаднаразова сустракаліся на праваабарончых імпрэзах у Варшаве, Вільні, Страсбургу. Андрэй, высакаваты і грузнаваты, у вечнай камізэльцы, з бакенбардамі, з крыху вальяжнымі манерамі, быў заўсёды добразычлівы і любіў пагаварыць.

Мы ўселіся на варыўні, пілі гарбату і размаўлялі. У гэты самы час ва ўсіх астатніх пакоях кіпела праца. Прыходзілі і выходзілі заплаканыя сваякі зьняволеных, удакладняліся і даваліся велізарныя сьпісы затрыманых, не змаўкалі, дзынкалі і сьпявалі тэлефоны. Андрэй прыйшоў параіцца, у чым бы расійскія, ды і не толькі, праваабаронцы маглі б у гэты час быць карыснымі для нас. “Мы ні ў якім разе не хочам вам замінаць”, — казаў ён. Мы вызначыліся, што найважнейшай была б інфармацыя пра бягучыя падзеі ў Беларусі, якую яны рыхтавалі б як незалежныя назіральнікі для разнастайных расійскіх і міжнародных, замежных інстытуцыяў.

Неўзабаве быў кінуты заклік, і да расіянаў далучыліся праваабаронцы з Украіны, Арменіі. Некалькі дзясяткаў замежных праваабарончых арганізацыяў падтрымалі ідэю міжнароднага маніторынгу. Місія ператварылася ў міжнародную. І гэта была сапраўдная інтэрнацыянальная дапамога, карысная і патрэбная, бо ў беларускіх праваабаронцаў на ўсё на хапала рук.

Нашыя сябры рыхтавалі прэс-рэлізы па-руску і па-ангельску і шырока раскідвалі іх па Расіі, Еўропе і па ўсім сьвеце. Яны працавалі вахтавым метадам. На які тыдзень прыязджалі адныя і зьязджалі іншыя, так што ў Беларусі заўсёды знаходзілася група зь некалькіх чалавек. Малапрыкметныя, замяняльныя, назіральнікі нікуды асабліва не ўлазілі і не сьвяціліся надарэмна. Але яны заўсёды імкнуліся быць там, дзе штосьці адбывалася, ці дзе кагосьці затрымлівалі, ці ў каго праходзіў вобшук. А калі накапілася даволі фактаў, то міжнародная місія падрыхтавала некалькі бягучых аналітычных запісак, а праз колькі месяцаў і свой даклад. Амаль штодзень зьяўляліся бягучыя прэс-рэлізы па ацэнцы сітуацыі ў Беларусі.

Паралельна ў нетрах місіі ўзьнікалі розныя праваабарончыя ініцыятывы. Не ведаю, хто быў аўтарам гэтай ідэі, але даволі хутка сасьпела думка паспрабаваць у дачыненьні да Беларусі задзейнічаць Маскоўскі механізм АБСЕ. Мы, натуральна, падтрымалі гэтую ідэю.

Беларусь зьяўляецца сябрам АБСЕ. Гэтае сяброўства перайшло нам у спадчыну ад Савецкага Саюза. Менавіта ў час утварэньня АБСЕ, у 1975 годзе, краінамі-ўдзельніцамі былі падпісаныя Хельсінкскія пагадненьні, у рамках “разрадкі”, зьмякчэньня супрацьстаяньня Захаду і краінаў сацыялістычнага блока на чале з Савецкім Саюзам. Для праваабаронцаў жа Хельсінкскія пагадненьні былі каталізатарам для стварэньня шырокага міжнароднага праваабарончага руху.

Гэтаксама ў рамках АБСЕ былі прынятыя іншыя міжнародныя пагадненьні, адным з якіх зьяўляецца і так званы Маскоўскі механізм, прыняты на нарадзе краінаў — удзельніц АБСЕ ў Маскве напачатку 90-х. Ягоны сэнс заключаецца ў тым, што ў пэўных выпадках, калі ў якой-небудзь краіне сябра АБСЕ адбываецца штосьці надзвычайнае, тады па ініцыятыве дзесяці краінаў — удзельніц АБСЕ ствараецца група дасьледаваньня, ці маніторынгу, гэтага здарэньня ці зьявы. Гэты механізм надзвычайны, бо, як правіла, у дзейнасьці АБСЕ ўсе дакументы і рашэньні прымаюцца кансэнсусам. Апошні раз Маскоўскі механізм быў ужыты пры дасьледаваньні падзеяў, якія адбыліся ў Андзіжане, ва Узбекістане ў 2006 годзе, дзе вайскоўцамі па загадзе ўладаў быў расстраляны мітынг і загінула больш за 500 чалавек, сярод якіх былі жанчыны і дзеці.

Мы меркавалі, што праца такой групы і падрыхтаваны ёю даклад па падзеях 19 сьнежня 2010 года будзе важкім фактам для аб’ектыўнай ацэнкі міжнароднай супольнасьці і прыняцьця адпаведных рашэньняў. Таксама мы спадзяваліся, што праца гэтай групы хоць у нейкай ступені паўплывае на будучыя крымінальныя працэсы над “дзекабрыстамі”, а таксама на іхні далейшы лёс.

З мэтаю прапанаваць запусьціць Маскоўскі механізм у студзені 2011 года адбылася сустрэча ў Вільні ў Міністэрстве замежных спраў Літвы. Чаму там? Бо ў 2011 годзе менавіта Літве пасьля Казахстана перайшло старшынства ў АБСЕ. Станоўчых момантаў для беларусаў, я маю на ўвазе дэмакратычную частку беларускага грамадства, было болей. Літоўская дзяржава, як сябра Еўрапейскага саюза, палітычна далучылася да судовай і жорсткай крытыкі беларускіх уладаў у сувязі з ламаньнем правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў пасьля 19 сьнежня 2010 года. Літоўцы, як нашы суседзі, меркавалі адыграць прыкметную ролю ва ўрэгуляваньні гэтага міжнароднага палітычнага канфлікту. Літоўскія палітыкі і ўрад мелі дастаткова інфармацыі, каб уяўляць, што ж адбылося падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Іхнія палітычныя эліты таксама добра памяталі савецкі таталітарны прыгнёт, а літоўскі народ адчуў усе яе “дасягненьні” на ўласнай скуры.

Але, зь іншага боку, менавіта суседнія Літва ды Латвія з краінаў ЕС хіба што найболей уцягнуліся ў гандаль зь Беларусьсю. Планы далейшага разьвіцьця супрацоўніцтва былі сур’ёзныя і вялікія. Таму пагаршэньне палітычных стасункаў, якое цягнула за сабой непазьбежнае пагаршэньне і эканамічных сувязяў, было малапрыемным сюрпрызам для літоўскіх палітыкаў і дыпламатаў.

У МЗС мы сустракаліся з чыноўнікам, адказным за старшынства Літвы ў АБСЕ. Гэта быў сталага веку, за 60 гадоў, маларухомы і інфантыльны, на першы погляд, дыпламат. Гледзячы і слухаючы яго, я падумаў, што жыцьцёвы досьвед прыносіць з сабой не толькі мудрасьць, але і стомленасьць.

Напачатку ён даволі скептычна паставіўся да нашых прапановаў. Ён павольна так, па-літоўску, разважаў, а ці знойдзецца неабходная колькасьць дзяржаваў для ініцыяцыі Маскоўскага механізма, ці ўдасца створанай групе сабраць дастаткова матэрыялаў для падрыхтоўкі якаснага дакладу, ці пусьцяць, урэшце, групу ў Беларусь і як адрэагуюць беларускія ўлады на дзейнасьць гэтай групы і на падрыхтаваны ёю даклад. Мы спрабавалі адказваць на гэтыя пытаньні, разважалі, мадэлявалі розныя сітуацыі, і нашая размова хутчэй нагадвала не афіцыйную сустрэчу, а сяброўскую гутарку.

Зь ягоных словаў я зразумеў, што падзеі 19 сьнежня і паводзіны беларускіх уладаў былі поўнай нечаканасьцю для літоўцаў, бо яны, на думку літоўцаў, не мелі ніякай логікі і былі на шкоду самой уладзе. А вось мы, праваабаронцы, добра разумелі, што тое, што здавалася нелагічным і ненармальным для прызвычаеных ужо да цывілізаваных паводзінаў у палітыцы літоўцаў, насамрэч было вельмі натуральным для нашых уладаў. І разгон маніфестацыі 19 сьнежня 2010 года стаяў у адным шэрагу з разгонамі дэманстрацыяў у 1996, 1997, 1999, 2006 гадах. Мы, беларускія праваабаронцы, якія ўсе гэтыя гады адсочвалі і зьбіралі інфармацыю аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, ведалі гэта лепей, чым хто-небудзь. Штогод тысячы людзей перасьледаваліся самым розным чынам. За свае палітычныя перакананьні, за грамадскую і палітычную дзейнасьць.

Занадта даверлівымі і рацыянальнымі адначасова сталі літоўцы. Занадта рана яны пастараліся забыцца на тое, што такое аўтарытарны рэжым.

Урэшце, як мне падалося, мы крыху разварушылі літоўскага дыпламата. Падчас размовы стомленасьць у ягоным поглядзе зьнікла, і ён актыўна і неабыякава падтрымліваў гутарку.

Пасьля сустрэчы мы абмяняліся паміжсобку думкамі. Высновы былі такія: мо з гэтага рая што і будзе.

Пасьля гэтай сустрэчы мінула два з паловай месяцы, і 6 красавіка 2011 года Маскоўскі механізм у дачыненьні да Беларусі быў запушчаны. Яго падтрымалі 14 дзяржаў — сяброў АБСЕ.

У адзін з чарговых прыездаў Андрэя ў Беларусь, у групу міжнароднай назіральніцкай місіі, яго затрымалі міграцыйныя службы і паставілі ў ягоны расійскі пашпарт беларускі штэмпель, які забараняе ўезд у Беларусь, і выправадзілі зь Беларусі. Ён быў першым выкінутым зь Беларусі праваабаронцам зь міжнароднай назіральніцкай місіі, але не апошнім. Беларускія ўлады ўрэшце заўважылі місію нашых замежных калегаў і не пажадалі бачыць іх у Беларусі. Ім хапала клопату і са сваімі праваабаронцамі. Ад нашых сяброў зь міжнароднай назіральніцкай місіі атрымалі яны, між іншага, і Маскоўскі механізм АБСЕ па Беларусі.

Я, шчыра кажучы, быў моцна зьдзіўлены. Тое, што напачатку здавалася голай і нерэальнай ідэяй, на практыцы спрацавала. Гэтая ідэя з Маскоўскім механізмам была чыста няўрадавай ініцыятываю. І дзякуючы дзеяньням праваабаронцаў нам удалося запусьціць гэты механізм у патрэбным накірунку. Натуральна, што і пасьля гэтай сустрэчы ў МЗС Літвы былі яшчэ дзясяткі размоваў з палітыкамі, дыпламатамі розных краінаў — удзельніц АБСЕ, дзе мы ў розных месцах, пры розных нагодах казалі адно і тое ж. Намі быў створаны і распаўсюджаны дакумент, у якім мы, прадстаўнікі беларускіх і замежных праваабарончых арганізацыяў, сьцьвярджалі, што такі міжнародны інструмент, як Маскоўскі механізм, быў бы вельмі карысным для паляпшэньня сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

І вось знайшлася неабходная колькасьць дзяржаваў — сяброў АБСЕ, якія выступілі за актывізацыю Маскоўскага механізма ў дачыненьні да Беларусі.

У выніку працы групы дасьледчыкаў у чэрвені 2011 года быў падрыхтаваны даклад. Даклад атрымаўся крытычны. Беларускія ўлады крытыкаваліся за парушэньне міжнародных пагадненьняў па абароне грамадскіх і палітычных правоў, якія Беларусь мусіла выконваць як іх падпісант.

Дзякуючы ж сваёй актыўнай рабоце ў маніторынгу пасьлявыбарчай сітуацыі ў Беларусі нашыя калегі з міжнароднай назіральніцкай місіі часта запрашаліся на розныя міжнародныя форумы ў якасьці эксьпертаў і вельмі дастойна там гаварылі пра існуючыя праблемы з правамі чалавека ў Беларусі.

На маю думку, праца міжнароднай назіральніцкай місіі ў Беларусі пасьля выбараў 2010 года была ўнікальнай зьяваю. І па маштабу салідарнасьці праваабаронцаў з розных краінаў зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, і па выніковасьці і эфектыўнасьці працы. За паўгода, а прыкладна столькі пратрымалася амаль безь перапынку міжнародная назіральніцкая місія ў Беларусі, была праробленая вялікая і прафесійная праца, напісаныя дзясяткі прэс-рэлізаў, падрыхтаваны даклад.

Падчас суду нада мной сябры-калегі зь місіі гэтаксама знаходзіліся ў судовай зале, тыя зь іх, хто мог уехаць у Беларусь. Нягледзячы на забарону, зьбіраўся прыехаць у Менск і Андрэй, але яго адгаварылі, папрасілі не ехаць, бо яго, расійскага грамадзяніна, чакаў тут немінучы арышт.

Праваабаронцы з усяго сьвету частыя госьці ў Жэневе 20.09.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

6 верасьня 2012 года, Бабруйск

У лютым 2011 года праходзіла Рада па правах чалавека ААН. Некалькі нацыянальных дэлегацыяў сяброў Рады, заклапочаныя сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, меркавалі прыняць асобную рэзалюцыю па Беларусі. У якасьці экспертаў на нараду па гэтай рэзалюцыі запрасілі мяне і жанчыну з маскоўскага офісу праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch. Яна ня так даўна прыяжджала ў Менск і зьбірала матэрыялы для дакладу.

Пасьля падзеяў у Менску 19 сьнежня некаторыя сябры Рады па правах чалавека ААН прапанавалі беларускаму прадстаўніцтву ў ААН правесьці брыфінг і патлумачыць пазіцыю беларускага ўраду — што здарылася, чаму і з якімі скуткамі. Беларуская дэлегацыя “пакрыўдзілася” і ніяк не адказала на гэтую прапанову. Тады і ўзьнікла ідэя прыняць адмысловую рэзалюцыю. Меркавалася правесьці папярэднюю сустрэчу, каб прагаварыць лепшыя шляхі прыняцьця рэзалюцыі.

Сустрэча праходзіла ў офісе нарвежскага прадстаўніцтва ў ААН. Прыйшлі прадстаўнікі краінаў Еўрапейскага саюзу, а таксама Лацінскай Амерыкі. Вось жа, пераважна для іх, мала абазнаных, і быў разьлічаны мой выступ. Трэба было распавесьці пра вынікі выбараў, што адбылося 19 сьнежня 2010 года ў Менску і якія наступствы адбыліся пасьля. Таксама я распавёў пра самыя апошнія на той час навіны. Карціна, як для краіны, якая знаходзіцца ў Еўропе і прэтэндуе быць “цэнтрам Еўропы”, выглядала непрывабнай і змрочнай. Ды ці ж была ў гэтым нашая віна. Выказаліся і задалі пытаньні прадстаўнікі розных нацыянальных дэлегацыяў. Больш экспрэсіўныя жанчыны-дыпламаткі жаласьліва ківалі галовамі.

Затым адбылося абмеркаваньне, з якога вынікала, што шанцаў на прыняцьце асобнай рэзалюцыі на Радзе па правах чалавека мала. Падобныя дакументы прымаліся, як правіла, кансэнсусам, з агульнае згоды. А дэлегацыя Расіі, саюзьнікі беларускага рэжыму, ніколі не пагадзіцца на яе прыняцьце. Таму спроба вынесьці на абмеркаваньне непрахадны дакумент была б тактычна няслушнай. Тады вырашылі пусьціць падрыхтаваны дакумент для індывідуальнага подпісу. Гэта быў максімум, які можна было зрабіць у сёньняшняй сітуацыі. І ў гэтым выпадку беларускаму прадстаўніцтву ў ААН будзе цяжка зрабіць выгляд, што нічога не адбылося.

Як задумалі, так і зрабілі. Праз два тыдні даволі жорсткая рэзалюцыя з патрабаваньнем да беларускіх уладаў спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне і вызваліць палітычных зьняволеных была падпісаная значнай часткаю дэлегацыяў з краінаў, якія ўваходзілі ў Раду па правах чалавека ААН. Гэта ўжо было зроблена без нас, як вынік нашага спатканьня.

Што я адзначыў пасьля гэтай сустрэчы, дык гэта чыста чалавечую спагаду ў выказваньнях дыпламатаў, якія прадстаўлялі розныя краіны. Ужо пасьля сустрэчы яны вельмі непасрэдна і эмацыйна размаўлялі са мной і перадавалі свае спачуваньні сем’ям рэпрэсаваных і ўсім беларусам, якія апынуліся закладнікамі палітыкі ўраду. Так, звычайна, спачуваюць суседзям, у якіх зрабілася нейкае гора.

Праграма перабываньня ў Жэневе на гэтым ня скончылася. Назаўтра быў запланаваны сумесны брыфінг спецыяльнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ААН па правах чалавека, мяне і юрыста-праваабаронцы з Калумбіі. У Жэневе пастаянна працуе Рада па правах чалавека ААН, таксама разьмешчаныя іншыя аанаўскія інстытуцыі, якія займаюцца правамі чалавека, у тым ліку офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Таму мы, праваабаронцы з усяго сьвету, частыя госьці ў гэтым невялікім, утульным швейцарскім гарадку. Тут разглядаюцца і індывідуальныя скаргі па правах чалавека, тут мы прысутнічаем на сесіях Рады па правах чалавека, калі абмяркоўваюцца краінавыя даклады па правах чалавека, тут мы праводзім паралельныя брыфінгі, прэс-канфэрэнцыі і сустрэчы.

А сёньня я меў яшчэ некалькі вольных гадзінаў і вырашыў пахадзіць, пагуляць па Жэневе. Я люблю хадзіць па ўзьбярэжжы Жэнеўскага возера, падалей ад цэнтру, дзе людна і шустрыя напарстачнікі-албанцы абдурваюць даверлівых турыстаў. Але гэтым разам я перайшоў мост, перакінуты праз вусьце Роны, дзе яна ўпадае ў возера, прайшоў паўз невялікі будынак першай гідраэлектрастанцыі ў Жэневе, дзе зараз знаходзіцца музей і існуе ўрачысты запіс пра тое, што кантон Жэнева абвешчаны тэрыторыяй, дзе не выпрадукоўваецца і не выкарыстоўваецца ядзерная энэргія. Вось так “глупыя” жэнеўцы адмовіліся ад ядзернай энэргіі, а “хітрыя” беларусы вырашылі ўзнуздаць і пакатацца на ядзерным кані.

Я іду ў гору, вышэй, у жылыя кварталы, дзе раней ніколі не хадзіў. Стары горад, выбудаваны ў стылі строгай ашчаднай кальвінісцкай архітэктуры, застаўся справа. Я прайшоў паўз гарадзкі музей, дзе вісіць у экспазіцыі і карціна вітэбскага перыяду Марка Шагала, затым паўз невялікую праваслаўную царкву. І вось я патрапіў у эканамічны квартал. Тарцом да вуліцы стаялі ў рад чырвоныя шматпавярховікі. Усе з жалюзі на вокнах і з падземнымі гаражамі. Паміж дамамі ў дварах расьлі вялікія бярозы, сосны і клёны. Кожнае дрэва было дагледжанае, відавочна, што ўтыркнутае-пасаджанае некалі не абы-як. Паміж дрэваў зелянела акуратна падстрыжаная трава. Стаяў канец лютага і ў Жэневе ўжо пачыналася раньняя вясна.

Я прайшоў наскрозь адзін такі двор, убачыўшы за домам большую купу дрэваў. Асфальтавая сьцежка нечакана вывела мяне да каменнага шкілету старой гатычнай вежы, складзенай з белага абчасанага каменю. За вежаю праз некалькі метраў уніз ішоў абрыў, зарослы дрэвамі і кустоўем. Пад абрывам бегла па камянях плыткая, але шырокая рэчка.

Я стаў на абрывістым схоне, а далей на дзесяткі кіламетраў раскінулася роўнядзь швейцарскай зямлі. Далёка справа бялеў сьнежнай шапкаю Монблан. Сотні гадоў таму пільныя вочы замкавых ратнікаў паглядалі ў дол на статкі адкормленай гавяды, што пасьвілася на зялёных лугах, на жняцоў з кароткімі косамі ў руках, на кавалькаду вершнікаў і карэту, якая пыліла па дарозе. А зараз я гляджу на асфальтавыя ніткі дарогаў, па якіх рухаюцца-бягуць, як цацачныя, машынкі, на бетонныя электрычныя слупы, на белы хвост ад самалёту ў небе. Штосьці зьмянілася на гэтай зямлі. Штосьці моцна зьмянілася на гэтай зямлі.

Я вярнуўся на вуліцу і пайшоў далей. Прайшоў два кварталы аднолькавых эканамічных дамоў і патрапіў у квартал, забудаваны старымі стогадовымі віламі са скацістымі, хвалепадобнымі чырвонымі дахамі. Вілы былі абгароджаныя непафарбаваным драўляным штыкетам. У кожным дворыку каля будынкаў расьлі вялічэзныя, з пяціпавярховы гмах вышынёй, разлапістыя, дрымучыя хвоі.

Хто захаваў гэтыя дамы, хто іх не разваліў, не раздалбаў, не сьпілаваў гэтыя невыгодныя дрэвы і не паставіў які-небудзь элітны гмах на такой каштоўнай жэнеўскай зямлі? І ў мяне зашчаміла сэрца. На маіх вачох разбурылі вілу-дом Купаліхі, так звалі з любоўю знаёмыя жонку Янкі Купалы Ўладзіславу. Ён стаяў у двары майго дому на плошчы Перамогі па вуліцы Румянцава. Вокны нашай кватэры якраз выходзілі на яго, а за ім — на будынак польскай амбасады. Увосень, калі аблятала лістота, у зарослым старымі дрэвамі садзе вакол вілы Купаліхі, тады станавіўся бачны чырвона-белы штандар на двары польскай амбасады. І колькі разоў, зьнянацку паглядзеўшы ў той бок, мне мроіўся наш бел-чырвона-белы сьцяг.

Мая жонка зьбірала подпісы жыхароў нашага двара супраць пабудовы новага гмаху на месцы дамка-вілы, пабудаванага спецыяльна пасьля вайны для Уладзіславы Луцэвіч, дзе першыя гады месьціўся музей Янкі Купалы, куды прыходзілі практычна ўсе недабітыя падчас сталіншчыны і вайны беларускія літаратары. Ды і сама Уладзіслава Францаўна была легендарнаю і заслужанаю перад беларускай культураю асобаю. Подпісы не дапамаглі. Дом-вілу Купаліхі развалілі на маіх вачох. Згоду на ягонае разбурэньне, як будынку, які не ўяўляе гісторыка-архітэктурнай каштоўнасьці даў мой былы сябра, а зараз чыноўнік Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. І чаму я тады не выйшаў у свой двор з плакатам і не запратэставаў?

Памёр мэр Паўлаў, памёр галоўны архітэктар Менску Белагорцаў, адэпты ўшчыльненьня Менску, вілу разбурылі, высеклі сад і паставілі бязьлікую скрынку з падземным гаражом. І дом Купаліхі ўжо не аднавіць. Маладзейшыя менчукі і ведаць ня будуць, што тут нешта стаяла, зьвязанае з беларускай культураю. Не, відаць, я ўсё ж не змаладушнічаў, а вырашыў не ўвязвацца яшчэ ў адну бойку, паралельную асноўнай. Бо нельга ж быць да кожнай бочкі заткалам — і там, і там, і там. Сілаў ня хопіць і заламаесься. Але дамку Купаліхі няма, засталася, вось, толькі шчымлівая памяць.

Вяртаўся я ў гатэль іншым шляхам паўз дваровы стадыён, дзе падлеткі гулялі ў футбол. Па сьцежцы наўкол поля, пад соснамі, мамы ў вазках выгульвалі сваіх немаўлятаў.

Вуліца ізноў прывяла мяне да музею. Тут, з узгорку, можна было паглядзець на возера, на высокі струмень фантану і ўявіць сабе, што гэта вялікі кіт ляжыць на дне возера і выплёўвае са сваіх лёгкіх азёрную ваду.

Назаўтра зранку мы прыйшлі ў Палац Нацыяў, дзе праходзяць сесіі Рады па правах чалавека ААН, а таксама іншыя разнастайныя імпрэзы праваабарончага накірунку. На брыфінг, прысьвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і Калумбіі, сабралася некалькі дзесяткаў чалавек, што даволі багата для такога роду мерапрыемстваў. Звычайна на брыфінгі прыходзіць вельмі розны народ — і дыпламаты, і аанаўскія чыноўнікі, і журналісты, і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў. Вазе нашага брыфінгу спрыяў удзел у ім спецыяльнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ААН па праваабаронцах Маргарэт Секагіі. Сярод прысутных я ўбачыў Аню з нарвежскага фонду Дамоў правоў чалавека, сваю даўнюю сяброўку, якая шмат што зрабіла для таго, каб запрацаваў Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні. Аня гаворыць па-руску, грае на альце ў аркестры ў Осла, багата часу праводзіць у Закаўказьзі, дзе мае сумесныя праекты з тамтэйшымі праваабаронцамі. Мы разам з ёй і Берыт назіралі за парламенцкімі выбарамі ў 2005-ым годзе ў Азербайджане. Там я навучыў яе есьці хурму, сакавітую і духмяную хурму з такой тонкай і пяшчотнай скуркай, што да яе і дакрануцца немагчыма, адразу лопаецца. З таго часу, бываючы ўвосень у Баку, яна заўсёды пісала мне эсмээскі: “Я ў Баку, ем хурму”. Пры сустрэчах ці ў Осла, ці ў Варшаве, ці ў Вільні мы любім з ёй паразмаўляць, пасьмяяцца.

Першай на брыфінгу выступіла сьпецпрадстаўніца генсека ААН. Гаварыла яна толькі пра Калумбію і ні слова пра Беларусь, што крыху засмуціла мяне. Затым выступіў калумбійскі юрыст. Сітуацыя ў Калумбіі была няпростай. Забойствы грамадзкіх актывістаў, праваабаронцаў, прафсаюзных дзеячаў, левыя партызаны ў джунглях, правыя эскадроны сьмерці. Я крыху ведаў пра гэта ад Луіса, праваабаронцы з Калумбіі, генеральнага сакратара FIDH, які пяць гадоў пражыў як палітычны эмігрант у Бельгіі, а год таму ўсё ж вярнуўся на радзіму, нягледзячы на тое, што перад гэтым яго некалькі разоў спрабавалі забіць.

Выступаць пасьля двух сьпікераў, якія гаварылі на адну тэму, цяжка. Складана пераключыць увагу на іншы кантынент. Але я стараўся. У выступе, між іншага, папрасіў спадарыню сьпецпрадстаўніцу па праваабаронцах зьвярнуць большую ўвагу на становішча з праваабаронцамі ў Беларусі, якія дзеля сваёй актыўнасьці і бескампраміснасьці апынуліся ў першых радах барацьбы за дэмакратыю і правы чалавека ў краіне. Таксама я папрасіў яе зьвярнуцца да беларускага ўраду з прапановаю наведаць Беларусь. Яна міла пасьміхнулася мне ў адказ, але нічога канкрэтнага не паабяцала.

Пасьля нашых выступаў быў час на дыскусію з удзелам усіх прысутных. У зале ўзьняла руку і выступіла Аня. Яна гаварыла пра беларускія праблемы і яшчэ раз паўтарыла мае прапановы да спадарыні сьпецпрадстаўніцы. Тая ўжо не ўсьміхалася. Здаецца, яна зразумела, што заклапочанасьць лёсам беларускіх праваабаронцаў і правамі чалавека ў краіне мае міжнародны рэзананс і ад яе так проста не адмахнесься.

Пасьля заканчэньня брыфінгу я падзякаваў Ані за падтрымку. Затым мы пайшлі ў кавярню Палацу, знакамітую кавярню, дзе адбываюцца ўсе нефармальныя сустрэчы і перамовы. І там я на сваю радасьць убачыў Суэр Белхасен, прэзідэнта FIDH. Суэр уся сьвяцілася ад шчасьця. Толькі-толькі як у яе родным Тунісе адбылася “глогавая рэвалюцыя”. Народ паўстаў і аўтарытарны прэзідэн Бен Алі вымушаны быў уцячы з краіны. Гэтая рэвалюцыя была зусім нечаканай і для інтэлектуальнай эліты Тунісу, і для палітыкаў Еўрасаюзу, і для Францыі, моцна зьвязанай з Тунісам культурна і гістарычна. Тым выдатнейшым быў гэты сюрпрыз, які паказаў нястрыманую прагу туніскага народу да свабоды.

Мы абняліся. Я быў шчыра рады за Суэр, бо ўрэшце адбылося тое, пра што яна марыла і дзеля чаго працавала багата гадоў. У 2007 годзе Суэр прыяжджала ў Беларусь па запрашэньні “Вясны”. У размове са мною перад ад’ездам яна некалькі разоў паўтарыла, што тое, што яна ўбачыла ў нас, ёй вельмі нагадвае тое, што ёсьць у Тунісе.

Мы селі паразмаўляць за столік. Я распавёў ёй пра вынікі сваёй паездкі, пра сітуацыю ў Беларусі. А яна прапанавала мне праз два тыдні паехаць у ...Туніс. Там меркавалася вялікая канферэнцыя лідэраў туніскіх няўрадавых арганізацыяў, першая пасьля рэвалюцыі, з удзелам урада і старшыні Еўрапарламенту Ежы Бузэка.

Я пагадзіўся. Я быў гатовы ехаць у Туніс і выступіць там на канфэрэнцыі.

Поствыбарчыя паездкі і пракурорскае папярэджаньне 16.09.2013

Працяг лістоў зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, напісаных ім у бабруйскай калоніі:

Бабруйск, 12.09.12 (па штэмпелю)

Наступныя месяцы прайшлі ў вельмі напружанай працы. Ніколі яшчэ мы не працавалі так інтэнсіўна і зладжана. Набыты за гады працы вопыт давёў нашыя дзеяньні да адточанага прафэсіяналізму. Праваабарончы цэнтар “Вясна” працаваў як хранометр. Мы дзейнічалі практычна па ўсіх, вызначаных на віленскім спатканьні, кірунках. Першае што мы зрабілі, дык гэта склалі вясноўскую заяву, дзе сьцісла апісалі вынікі выбарчай кампаніі 19 сьнежня 2010 году ў Менску, маштабы рэпрэсіяў уладаў, зафіксавалі існуючую сітуацыю і выклалі свае патрабаваньні і прапановы да ўладаў, беларускага дэмакратычнага грамадзтва і міжнароднай супольнасьці, у зьвязку з масавым парушэньнем правоў чалавека ў краіне.

Значную частку майго часу займалі міжнародныя кантакты і сустрэчы. Усе папярэднія гады я абмяжоўваў свае замежныя паездкі і сыходзіў з прынцыпу карысьці, наколькі гэтыя паездкі патрэбныя і неабходныя. Замежныя паездкі зьяўляюцца часткаю беларускай і міжнароднай праваабарончай працы. Моц праваабаронцаў у міжнародных кантактах і міжнароднай салідарнасьці. На гэтыя кантакты мы маем права, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ды іншых міжнародных дакументах. Правы чалавека даўно ужо не зьяўляюцца чыста ўнутранай справаю асобных дзяржаў, яны маюць універсальны і паўсюдны характар. А праваабаронцы зьяўляюцца тымі часьцінкамі, якія разносяць кісларод свабоды па арганізьме ўсяго чалавецтва.

Ты выбіраесься на форум ці іншую якую імпрэзу, дзе мусіш сустракацца з важнымі персонамі, дэпутатамі, чыноўнікамі, прадстаўнікамі нацыянальных уладаў і міжнародных структураў, з журналістамі, сваімі замежнымі калегамі. Там ты мусіш знайсьці менавіта тыя словы, якія за некалькі выдзеленых табе хвілінаў павінны данесьці да людзей, якія часта вельмі прыблізна арыентуюцца ў тым, што робіцца ў Беларусі, тваю думку і твой пасыл.

Я заўсёды адчуваю вялікую адказнасьць падчас такіх выступаў, заўсёды імкнуся прааналізаваць аўдыторыю, перад якой мушу выступаць, і ў залежнасьці ад гэтага пабудаваць свой выступ, падабраць менавіта тыя довады і аргументы, якія спрацуюць найлепш. Звычайна я рыхтуюся да выступу загадзя, запісваю думкі, якія я хацеў бы агучыць, складаю план выступу. Затым абдумваю пункты гэтага плану, спрабую перастаўляць іх у розных варыянтах. Раблю я гэтую падрыхтоўчую працу часткова ў Менску, перад паездкаю, а часткова ў той невялікі вольны час, які ёсьць перад самім мерапрыемствам, падчас сьняданку ці вячэры, ці прачнуўшыся раней ў ложку з асадкаю і нататнікам ці нэтбукам у руках. Я імкнуся не чытаць выступ па паперцы, я гляджу слухачам у вочы і выкладаюся падчас выступу як спрынтар на стометроўцы. Часта пасьля выступу я адказваю на пытаньні, тлумачу, рупна выпраўляю недаробкі і агрэхі на засеяным маімі думкамі полі.

Увесь гэты працэс вельмі няпросты, а часам нэрвовы, цяжкі і пакутлівы. Ён патрабуе багата ўнутранай энэргіі і высілкаў, ён займае амаль увесь час паездкі. Гэта напружаная інтэлектуальная і псіхалагічная праца. Таму ў маіх паездках я прымушаю сябе расплюшчваць вочы і глядзець навокал, каб разслабіць засяроджанасьць і зьняць нярвовае напружаньне. Але ўсё-роўна гэта зусім ня тое, чым калі ты едзеш у адпачынак ці ў вандроўку і адпачываеш там напоўніцу і ніякія клопаты не турбуюць цябе.

Я апісваю гэта так падрабязна, каб не ўзьнікла ўражаньня, што праваабаронцы толькі і робяць, што гойсаюць па замежжы як турысты і катаюцца там як сыр у масьле. Вядома, гэта цікава пабываць і там і сям, але пасьля кожнай такой паездкі я вяртаюся дадому як выціснуты лімон.

Вось жа з пачатку 2011 году я вырашыў, што буду ездзіць столькі, колькі трэба. У нашай сітуацыі, калі ўлады бачылі ў праваабаронцах, дэмакратычных актывістах, журналістах толькі ворагаў, “пятую калону”, і мы ніяк не маглі паўплываць на паляпшэньне сітуацыі, фактар замежнага уплыву, адпаведных дзеяньняў і ціску станавіўся надзвычай важным.

У канцы сьнежня – пачатку студзеня выпусьцілі асуджаных сутачнікаў. Але нічога не было вядома пра тых зьняволеных, каго абвінавацілі ў “масавых беспарадках” і трымалі ў “амерыканцы”. Ні лісты туды не даходзілі, ні адвакатаў туды не пускалі. Адвакаты днямі сядзелі і чакалі пакуль вызваляцца два пакойчыкі, вылучаныя ў “амерыканцы” для спатканьняў з вязьнямі. Пакойчыкі так і не вызваляліся. Жахлівая сітуацыя была ў Андрэя Саньнікава, жонка якога Ірына Халіп таксама была зьняволенаю. Органы апекі спрабавалі забраць у бацькоў Ірыны чатырохгадовага сына Андрэя і Ірыны, як дзіцёнка, які застаўся без бацькоўскага догляду. Невядома што адбывалася з Уладзімерам Някляевым, які быў моцна зьбіты падчас затрыманьня. Да нас на офіс прыходзіла ягоная жонка Вольга, утрапёная, з сінякамі па вачыма. Па горадзе прайшлі чуткі, што ён ня вытрымаў зьбіцьця і памёр. Можна сабе ўявіць, што яна перажыла ў гэтыя дні, напоўненыя страхамі і невядомасьцю.

Мы за два дні аднавілі працу на офісе “Вясны” пасьля канфіскацыі оргтэхнікі, папрыцягвалі старыя кампутарныя блокі, нотбукі, нашыя калегі перадалі нам і некалькі новых. Мы дамовіліся, па магчымасьці прыносіць нэтбукі і ноўтбукі на працу і забіраць іх з сабой у канцы дня. У выгоднейшай сітуацыі апынуліся тыя, хто меў нэтбук. Ён быў лягчэйшы і яго можна было хаваць у невялікай торбе ці пляцаку. Працоўныя дні сталі безпамернымі, некуды зьніклі і выходныя.

Аднойчы ў лютым 2011 году мне пазваніў мой калега з офісу і сказаў, што мяне шукаюць з Генеральнай пракуратуры. Калі я зьявіўся на офісе, то ператэлефанаваў па запісаным тэлефоне. Мужчынскі голас запрасіў мяне прыйсьці ў Генпракуратуру. “З якой нагоды?” – пацікавіўся я. “Неабходна з вамі паразмаўляць”, — абцякальна і няпэўна патлумачыў мужчынскі голас. “Дасылайце позву, — адказаў я, — без позвы не атрымаецца”. “Добра, — пагадзіўся мужчынскі голас, — заўтра я яе дашлю, пасьлязаўтра вы атрымаеце, а на наступны дзень тады давайце і сустрэнемся”. “Я падыйду”, — запэўніў я.

Позва сапраўды прыйшла пасьлязаўтра і на наступны дзень, 16 лютага, я адправіўся ў Генпракуратуру. У холе пракуратуры я паказаў дзяжурнаму позву, той патэлефанаваў і праз пяць хвілінаў з ліфта выйшаў высакаваты, адкормлены, гадоў трыццаці пяці мужчына ў сінім пракурорскім мундзіры. Ён прадставіўся і папрасіў мяне паехаць разам з ім. Мы зайшлі ў ліфт, узьняліся на патрэбны паверх і зайшлі ў кабінет, дзе ў пракурорскага работніка быў свой стол з кампутарам. Ён прапанаваў мне прысесьці і паведаміў, што ў пракуратуру паступіла інфармацыя аб дзейнасьці незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі Праваабарончы цэнтар “Вясна” і пра маё дачыненьне да гэтай дзейнасьці. У сувязі з гэтым ён мусіць задаць мне некалькі пытаньняў.

Я пацвердзіў свае пашпартныя дадзеныя і на наступныя пытаньні, датычныя “Вясны”, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі, адказваць адмовіўся.

Гадоў пяць таму сюды ж выклікаў мяне іншы пракурорскі работнік Новікаў. Тады ён распытваў у мяне наконт Асамблееўскага часопіса, увесь наклад якога былі канфіскавалі, калі яго спрабавалі разаслаць па пошце. І тады я спаслаўся на 27-ы артыкул Канстытуцыі і нічога яму не сказаў. Новікаў тады сказаў пагрозьлівым голасам, выпісваючы мне пропуск на выхад: “Мы з вамі яшчэ ўбачымся”. І вось, Новікаў ужо мабыць на пенсіі, а іншы ягоны калега выконвае ягоную пагрозу, спрабуе дапытаць мяне.

Між тым пракурорскі работнік убіў у пратакол мае лаканічныя – адмовіўся, адмовіўся, адмовіўся, даў мне прачытаць і падпісаць пратакол, а потым паведаміў, што я афіцыйна папярэджаны Генеральнай пракуратураю за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі і ўручыў мне загадзя падрыхтаваную паперку. Я быў спакойны і не зьдзівіўся, і не ўзьнерваваўся. Папярэджаньне дык папярэджаньне.

Пасьля афіцыйнай часткі сустрэчы, ужо з пропускам у руках, у мяне адбылася і кароткая нефармальная размова. “Гэта вас хто, Мінюст нацкаваў?” – спытаўся я ў пракурорскага работніка. Той няпэўна паціснуў плячыма і пасьміхнуўся, з чаго можна было зрабіць выснову, што – так.

Прыкладна за тыдзень перад гэтым, у адным са сваіх шматлікіх каментароў, я рэзка адмоўна адгукнуўся аб Міністэрстве юстыцыі ў сувязі з рэпрэсіямі, якія Мінюст абваліў на адвакатаў, абараняючых ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэтую публікацыю з інтэрнэту, як доказ маёй пазапраўнай дзейнасьці і паказваў мне пракурорскі работнік.

Сітуацыя была вельмі подлай і брыдкай. Адвакатаў перасьледавалі за іхнюю прафэсійную дзейнасьць, за тое, што менавіта ад іх упершыню грамадзкасьць даведалася пра катаваньні і нечалавечае абыходжаньне з палітзьняволенымі ў “амерыканцы”. Пасьля чаго можна меркаваць, што Мінюст атрымаў загад з адпаведных структураў заткнуць адвакатам рот. Пачаліся масавыя праверкі дзейнасьці адвакатаў, пошукі фармальных прычынаў, каб пакараць няўгодных адвакатаў і такім чынам запалохаць усіх іншых.

Усё гэта да болю было знаёма з крымінальных працэсаў над дэсідэнтамі яшчэ ў савецкія часы, а затым з перасьледу “недабранадзейных” адвакатаў ужо ў беларускай дзяржаве: Гары Паганяйлы, Веры Стрэмкоўскай, Сяргея Цурко. Але такога безпардоннага, адкрытага і нахабнага ціску на кіраўніка менскай гарадзкой адвакатуры, на сяброў прэзідыюма, дасьведчаных і паважаных адвакатаў, які ішоў у гэтыя дні, яшчэ не было. Вось таму я і раскрытыкаваў Мінюст, а той не знайшоў нічога лепшага як зьвярнуцца ў Генпракуратуру з патрабаваньнем пакараць мяне.

“Дарэмна вы гэта робіце, — упікнуў я пракурорскага, — такой адказнасьці няма нідзе ў Еўропе. З вас усе будуць кпіць і тыкаць у вас пальцамі”. “Ну, ня ўсё ў нас так дрэнна, — адказаў пракурорскі, — вось, 19-га сьнежня ж спецтэхніку, вадамёты не ўжывалі”. Ён паўтарыў тое, што ужо было ў дзяржаўным друку і падавалася як праява гуманнасьці беларускіх уладаў у параўнаньні з тым, як разганяюцца дэманстрацыі на Захадзе. “Яшчэ чаго не хапала, — адказаў я, — гэта толькі фашысты аблівалі генерала Карбышава вадою на марозе”.

Пракурорскі сумеўся, не знайшоў што адказаць. На тым мы і разьвіталіся.

На выхадзе з пракуратуры мяне чакалі трое маладых людзей з міжнароднай назіральніцкай місіі. Яны цікавіліся як усё прайшло. Я запрасіў іх у недалёкую кавярню, бо на вуліцы мне размаўляць не хацелася. Мы сядзелі, пілі гарбату. Я паказаў афіцыйнае папярэджаньне, распавёў што адбылося. А сам падумаў, што наступны крок – гэта ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць мяне. Ізноў, як некалі ў 1996-ым і ў 2007-ым пагрозьлівы потых уладаў адчуваўся зусім-зусім блізка.

чытаць іншыя навіны