АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Дзень волі-2019 Беларусь-Расія Выбары-2019 Праграма ураду Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Прыватны погляд на праблему аўтэнтычнасці.


Калі разважаць, то сучасныя аб'екты, якія праходзяць рэканструкцыю і рэстаўрацыю, губляюць сваю аўтэнтычнасць даволі ў значнай ступені. Гэта тычыцца нават аб'ектаў, працы на якіх вельмі ўхвальна ўспрымаюцца шырокім грамадствам. Увогуле, у метадалагічным плане сожна вылучыць:
- Аўтэнтычнасць задумы
- Аўтэнтычнасць матэрыялу
- Аўтэнтычнасць формы
- Аўтэнтычнасць майстэрства ці тэхналогіі
- Аўтэнтычнасць асяродку
- Аўтэнтычнасць выкарыстання.

А зараз давайце разбярэм "па костачках" працы, якія вядуцца на Крэўскім замку з пункту гледжання адпаведнасці аб'екта ўсім крытэрыям аўтэнтычнасці. З аўтэнтычнасцю задумы не паспрачаешся. Усім вядома, і гэта падцвярджаецца крыніцамі, што замак узводзіўся, як фартыфікацыйнае збудаванне.

Што тычыцца аўтэнтыкі матэрыялу, то так, вельмі шмат засталося канструкцый аўтэнтычных, вельмі шмат палявога камяню выкарыстана менавіта з гістарычных муроў замка. Але, цэгла, новыя прывезеныя камяні, рошчына для муроўкі і г.д. - гэта ўжо не аўтэнтыка. Так, матэрыялы ідэнтычныя аўтэнтычным ці ім блізкія, але гэта не аўтэнтыка.

Аўтэнтычнасць формы захавана ўзначнай ступені, але не да канца. Планіровачная структура замка захаваная, але пытанне вялікае з марфалогіяй аб'екта. Тут даволі складана, бо на 100% мы не ведаем, як завяршаліся вежы, сцены, і таму якое праектнае рашэнне не было б прынята, гэтае рашэнне будзе ў большай ці меньшай ступені гіпатэтычным.

Аўтэнтычнасць майстэрства ці тэхналогій пры правядзенні будаўнічых, у тым ліку рэстаўрацыйных, прац у 21-м ст. увогуле знаходзіцца пад пытаннем. Так, нават у сучасным будаўніцтве шэраг прац тэхналагічна не адрозніваецца ад сярэднявечча, але, але... Немагчыма нават уявіць, што нават на рэстаўрацыйным аб'екце працы на 100% носяць ручны характар. Машыны і механізмы выкарыстоўваецца, таму на 100% аўтэнтычнасці пры тэхналогіі прац быць не можа, а толькі часткова.

Аўтэнтычнасць асяродку - пытанне рытарычнае. Што гэта, той асяродак, які існаваў у сярэднявеччы, ці асяродак, які склаўся да пачатку рэстаўрацыі аб'екта разам з элементамі Першай сусветнай вайны, падступіўшай пад замак забудовай, як жылой, так і грамадская, нават будынак з сілікатнай цэглы - гэта элемент аўтэнтычнага асяродку ці дысананс? Таму практычна для кожнага гісторыка-культурнага аб'екта аўтэнтыка асяродку - справа даволі недакладная і спрэчная.

Ну і аўтэнтычнасць выкарыстання аб'екта. Тут ужо поўнасцю гэтая аўтэнтычнасць страчана і не адновіцца. Не будзе больш замак выконваць абарончую функцыю, апошні раз 100 год таму часткова гэтую функцыю выконваў, што і прывяло да маштабных руйнаванняў.

І вось так практычна з кожным аб'ектам. Праблема аўтэнтычнасці ў залежнасці ад розных абставін па рознаму ўспрымаецца. Таму можа варта нам увесці ва ўжытак такую тэзу, як аўтэнтыка ўспрыяцця аб'екта, тым больш, калі ўзяць пад увагу, што шэраг аб'ектаў у нас не рэканструююцца, не рэстаўруюцца, а аднаўляюцца, аднаўляюцца з нуля, як ратушы ў Мінску і Магілёве, храмы ў Віцебску, Мінску, Магілёве.

Можа, сапраўды, аб'ект аўтэнтычны, калі мы яго самі так успрымаем, а не аналізуем па метадалагічнай шкале?

03.12.18 17:19

Антон Астаповіч