АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Выбары ў Польшчы, турма ў Беларусі

Ураджэнец Беластока Шыман Галоўня - фаварыт другога тура выбарчай гонкі на прэзідэнта Польшчы. Што праўда, пакуль няясна, ці ўдасца яму выйсці ў другі тур.

Я быў разам з Шыманам у навіцыяце Дамініканскага ордэна ў 2000 годзе. Памятаю, даводзіў яму, што ў яго беларускае прозвішча (дарэчы, непадалёк ад маіх Канвелішак ёсць вёска "Галоўня"). Не магу прыгадаць, як ён каментаваў маю тэорыю, але, здаецца, я яго не пераканаў.

Каталіцкі ліберал. Зрэшты, Дамініканскі ордэн, з 700-гадовай традыцыяй унутранай дэмакратыі - добрае месца для такіх. І бачна было, што Шыман шчыра жадаў стаць дамініканцам: два разы паступаў у навіцыят, змагаўся з унутранымі выклікамі, але ў канчатковым плане прыйшоў да высновы, што гэта не яго дарога.

Але яго прабыванне ў ордэне пакінула адпячатак: многія яго цяперашнія праграмныя пастулаты наконт стасункаў дзяржава - Касцёл (тэма дужа вострая ў Польшчы) перагукацца з ідэямі, якія ўсплывалі падчас сумесных дыскусій тады ў навіцыяце.

Востра, часам нават з'едліва крытыкаваў нацыянал-кансерватыўную пазіцыю асяроддзя "Радыё Марыя". Клімат, які тады быў у ордэне, спрыяў такому крытыцызму: большасць дамініканцаў, уключна з настаяцелямі, ставіліся да "Радыё Марыя" крытычна. Гэты крытыцызм таксама захаваўся ў Шымана і пашырыўся на асяроддзе PiS. Магу запэўніць, што ён не проста апанент Качынскага, а ідэйны апанент.

Паралелі з Бабарыкам могуць падацца недарэчнымі. Але далёкае - падкрэслю: далёкае - рэха тут ёсць. Па-першае, аналагічна як Бабарыка, Галоўня ўварваўся ў палітыку нечакана і парушыў прывычны расклад сілаў. Раней было так: ёсць традыцыйная апазіцыя, ёсць паноўная улада. У Польшчы яны мяняліся месцамі, у Беларусі - не. Але была вось такая ўстойлівая мадэль. Бабарыка разбіў яе ў Беларусі, Галоўня - у Польшчы.

Па-другое, як Бабарыка, так і Галоўня - гэта зацятыя прыхільнікі празрыстых правіл. Погляды поглядамі, каштоўнасці каштоўнасцямі, а працэс прыняцця рашэнняў павінен адбывацца ў строгай адпаведнасці з правіламі. Калі правілы недасканалыя, тады мяняем іх, але робім гэта - зноў жа - згодна з устаноўленымі працэдурамі. Парушэнне правіл у імя "вышэйшага дабра" - гэта не іх філасофія.

Па-трэцяе, Галоўня - выхадзец з Усходняй Польшчы, традыцыйнага бастыёну PiS. Бабарыка - былы шэф расейскага банку, гэта значыць, паходзіць з таго абшару, які быў ідэалагічна манапалізаваны Лукашэнкам. Тое, што Галоўня і Бабарыка так хутка здабылі палітычную папулярнасць, нанесла моцны псіхалагічны ўдар па паноўнай эліце.

Але.

Каб перамагчы, Галоўню трэба - ні многа ні мала - перайсці ў другі тур.

Бабарыку, каб перамагчы, трэба спачатку... выйсці з турмы. Ні многа ні мала.

Вось гэта важнае непадабенства дзвюх сітуацый.


27.06.20 11:55

Петр Рудковский