АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Пакуль не позна...

Як павеламіла Вольга Севярынец, Павел Севярынец "парэзаў сабе тыльны бок рукі ў знак пратэсту, каб прыцягнуць увагу да беззаконня". Гэта не была спроба самагубства, але тое, што Павел вырашыў пайсці на такі крок, сведчыць пра разгул катаванняў...

Пакуль не позна - я лічу, што яшчэ не - патрэбна "Жэнеўская канвенцыя". Сілавікі не пераступаюць цяпер пэўных межаў. Узамен - улічванне аргументу "выконваў загады зверху" пасля змены рэжыму.

Няма сэнсу разлічваць на тое, што яны будуць гуляць "па ўсіх - прававых і этычных - правілах". Не будуць, на жаль. Дакладней - будуць не ўсе. Тыя, хто жадалі б гуляць па правілах, будуць няўхвальна маўчаць. Гэтага дастаткова, каб зруйнаваць жыццё не аднаго дысідэнта.

Этыка тут не спрацуе (яшчэ раз - на жаль). Заявы ЕС, Штатаў, ААН (калі ўвогуле яны з'явяцца) могуць прымусіць МЗС далікатна ўмяшацца ва ўнутраную палітыку. Вынікам можа стаць спроба ястрабаў знайсці больш вытанчаныя, менш кідкія формы рэпрэсій. Але сітуацыю гэта ўжо не зменіць. Махавік рэпрэсій ужо запушчаны і ён працягнецца як мінімум да глыбокай восені.

А вось фактар няпэўнасці наконт заўтрашняга дня - так, ён можа быць дзейсны. Усе ўсведамляюць, што рэйтынг дзеючага прэзідэнта невысокі. Эканамічны стан пагаршаецца і будзе пагаршацца. Нацыянальныя апытанні паказваюць рэзкі рост песімістычных настрояў (БАМ, EU Neighbours East). Унутры сістэмы велізарная стомленасць менеджментам у стылі "Из этого помещения сделать дворец!" Крэмль не імкнецца звяргаюць дзеючага, але ў выпадку яго "элегантнага падзення" не будзе напружвацца, каб яго ратаваць. Апроч таго, Лукашэнка старэе.

Этыка ці прававыя нормы для многіх (хоць не ўсіх) сілавікоў - пусты гук. Але пытанне асабістай бяспекі і сацыяльнага статусу пасля змены (або транзіту) улады - гэта ўжо не пусты гук. Меркаванне іхніх дзяцей - таксама не пусты гук. Сілавікі могуць не падаваць выгляду, але насамрэч гэтыя рэчы іх хвалююць, нават вельмі хвалююць. І варта гэта выкарыстаць - каб мінімалізаваць колькасць цяперашніх ахвяраў.

Дзеля таго, каб умоўная "канвенцыя" спрацавала, патрэбны дзве рэчы:

1) Чырвоную лінію працягнуць недалёка: катаванне, шантажаванне членамі сям'і, выкраданне, забойствы... - вось мяжа. Тут павінна быць поўная яснасць - гэту мяжу пераступаць нельга. І, зрэшты, не так цяжка знайсці спосабы, каб не пераступаць яе, нават калі на вас ціснуць або абяцаюць прэміі.

А што з нелегальнымі затрыманнямі, вобшукамі, нерэагаваннем на відавочныя фальсіфікацыі падчас выбараў - усё гэта месіцца ДА "чырвонай лініі"? Так, прапаную іх памясціць ДА лініі і пакінуць гэта на ўласным сумленні. Адмова ад неабгрунтаваных затрыманняў, вобшукаў, процідзеянне фальсіфікацыям... - для нас гэта этычныя нормы. Для іх - гэта прыпыненне кар'еры, фінансавыя страты (прэміі), цкаванне, службовая дэградацыя. Інакш кажучы, высокія кошты, прычым раптоўныя кошты.

Маючы выбар: ці пазбегнуць высокіх коштаў цяпер, ці пазбегнуць высокіх коштаў у нейкай неакрэсленай будучыні, пераважная большасць абярэ першую опцыю. Канвецыя не будзе працаваць, калі чырвоная лінія будзе праведзена занадта далёка (з перспектывы сілавікоў).

2) Запэўненне ўлічваць аргумент "выконваў загады зверху" павінна быць салідным і паслядоўным. Пасля змены рэжыму яго трэба будзе выканаць; і сілавікі павінны зараз адчуваць, што яно - не пусты гук.

А як гэта фармалізаваць? Хто будзе пільнаваць яго выкананне? А не трэба нічога фармалізаваць. Калі чалавек няўпэўнены ў заўтрашнім дні, для яго дастаткова непустой надзеі. Дастаткова суб'ектыўнага адчування, што невысокім коштам, які трэба заплаціць зараз, ён зможа пазбегнуць высокіх коштаў у будучым. Каб дасягнуць такога эфекту, дастаткова, калі сігнал будзе сыходзіць з розных бакоў і ад людзей, якія маюць рэальныя шанцы займець уплыў пасля трансфармацыі.

Я добра разумею, што прапаную нешта, што ідзе ў разрэз з этыкай абсалютных прынцыпаў. Але тут трэба памятаць, што:

а) стаўка - жыцці і здароўе дзясяткаў або і сотняў актывістаў;
б) "канвенцыя" паскорыць трансфармацыю і павысіць шанцы на тое, што яна будзе негвалтоўнай;
в) адмова ад пераследу за бяспраўныя дзеянні не раўназначна іх этычнаму апраўданню.

18.06.20 15:18

Петр Рудковский