АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Каранавірус: ці карантын - адзінае выйсце?

"Кожнае жыццё чалавека каштоўнае" - гэта базавы аргумент прыхільнікаў жорсткага карантыну. Я цалкам згодзен з самой тэзай. Так, жыццё кожнага чалавека - пачынаючы ад зачацця і да натуральнай смерці - каштоўнае, і грамадства павінна ўзяць на сябе пэўную дозу магчымых нязручнасцяў дзеля ўзмацнення абароны жыцця тых катэгорый людзей, якія паддадзены небяспецы.

Але сарцавіна дыскусіі вакол карантыну, бадай, не вядзецца вакол пытання, ці жыццё чалавека каштоўнае ці не. І (спадзяюся) не вакол таго, ці дабрабыт адных (маладых і здаровых) важней за жыццё і здароўе іншых (пажылых або хворых).

Сарцавіна дыскусіі ў наступным: ці гуманітарныя здабыткі ва ўмовах жорсткага карантыну сапраўды пераўзыходзяць гуманітарныя страты? Я не маю гатовага адказу на гэтае пытанне, але вось рэчы, якія варта тут узяць пад увагу:

1. Рашэнні наконт карантыну прымаліся/прымаюцца ў сітуацыі дэфіцыту часу і - у многіх выпадках - на базе навуковых гіпотэзаў (а не правераных заканамернасцях - бо на гэта патрэбна больш часу).

2. Вялікую ролю ў прыняцці рашэнняў іграе эмацыйная рэакцыя на пандэмію.

3. Ёсць павучальны кейс 2009 года. Сусветная арганізацыя здароўя абвесціла дзесь на паўгода пандэмію. Раслі панічныя настроі. Пасля, калі эмоцыі апалі, пачалі з'яўляцца даследаванні і расследаванні. British Medical Journal, рапарт ПАСЕ, шэраг індывідуальных экспертаў канстатавалі, што пандэмія была абвешчана беспадстаўна і выклікала непатрэбную паніку.

Каб не было непаразуменняў: я не цверджу, што цяперашні кейс такі самы. Хутчэй за ўсё, не. Але кейс-2009 павучальны тым, што ва ўмовах нарастаючага страху і неабходнасці прымаць хуткія рашэнні ёсць высокая імавернасць кагнітыўных скажэнняў. Вось чаму не варта "з парогу" адкідваць меркаванні крытыкаў карантыну. (А такія крытыкі водзяцца не толькі ў Беларусі. Іх нямала і ў заходнім свеце, у прафесійных асяроддзях.)

30.03.20 10:28

Петр Рудковский