АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Качанава: "Прэзідэнт - гэта недатыкальна!"

Наталля Качанава: "У нашай краіны сімвалы — гімн, сцяг, герб, прэзідэнт. Гэта недатыкальна!" Ну так, мала каму хочацца датыкацца да прэзідэнта, у тым ліку і спадарыні Качанавай...

...А калі сур'язней. Словы Качанавай выяўляюць адну з заканамернасцяў нацыянальнай ідэнтычнасці: чым больш слабыя культурна-гістарычныя маркеры, тым большая патрэба ў персаналізаваным маркеры.

Эфектыўная нацыянальная ідэнтыфікацыя павінна спаўняць дзве ўмовы: 1) адметнасць; 2) унутраная звязнасць.

Разгледзім пяць магчымых маркераў ідэнтычнасці: (А) Сцяг і герб; (Б) Гімн; (В) Мова; (Г) Рэлігія; (Д) Прэзідэнт. Каторыя з іх найлепш выконваюць названыя дзве ўмовы?

А. Адаптаваныя БССРаўскія сцяг і герб кепска выконваюць умову (1). Апроч таго, кепска спалучаюцца з многімі элементамі нацыянальнага гістарычнага наратыву (спараджаюць унутраную нязвазнасць).

Б. Гімн РБ, калі ўзяць у дужкі аўтарытарны кантэкст яго паўстання і ўстанаўлення, больш-менш добра выконвае абедзве ўмовы. Але гэта цырыманіяльны маркер, таму яго ідэнтыфікацыйная роля мінімальная. У спалучэнні з іншымі - больш эфектыўнымі - маркерамі ён быў бы ОК. А сам па сабе - слабы.

В. De iure двухмоўе, de facto аднамоўе (рускамоўе) - вельмі кепска выконвае як умову (1), так і (2).

Г. Ніводнае з пашыраных веравызнанняў (праваслаўе, каталіцызм, рэфармаваныя веравызванні, іслам, іудаізм...) не спаўняе ўмовы (1). Этнарэлігія - тэарэтычна - магла б спаўняць, але яна маргінальная і аморфная.

Д. Прэзідэнт. У якасці ідэнтыфікацыйнага маркера добра выконвае ўмову (1). Што да другой умовы - справа менш відавочная. Але калі гісторыю Беларусі пасля 1994 прэзентаваць як "вяршыню дзяржаўнасці/нацыянальнага росквіту", умову (2) таксама няблага спаўняе: гісторыя Беларусі, маўляў, гэта дыялектычны рух супярэчнасцяў, які набывае найбольш развітую і дасканалую форму пасля 1994 г. (Паколькі гегельянскае мысленне даволі пашырана сярод элітаў, такая трактоўка не павінна спараджаць цяжкасцяў.)

Калі я кажу, што нейкі маркер "эфектыўны", гэта яшчэ не значыць, што ён этычна прымальны або стратэгічна апраўданы. Тут хачу звярнуць увагу на тое, што ва ўмовах атрофіі культурна-гістарычных маркераў, узмацненне ролі Прэзідэнта як дзяржаўна-нацыянальнага маркера - рэч заканамерная.

Так працуе прагматыка ідэнтычнасці.

Выснова: хочам пазбегнуць персонацэнтрычнай нацыянальнай ідэнтычнасці ў будучым - давайце рабіць стаўку на моўна-культурна-гістарычныя маркеры ідэнтычнасці.

24.06.20 15:01

Петр Рудковский