АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Сацыялагічнае (а)пытанне Лукашэнкі

Ці ёсць сэнс слухаць аповеды параноіка? Так, ёсць. Хоць з такіх аповедаў мы нічога не даведваемся пра навакольную рэчаіснасць, але шмат чаго можам даведацца пра ўнутраны стан параноіка.
Нешта падобнае і ў выпадку рэжымных "сацыялагічных апытанняў". З іх мы нічога не даведваемся пра сацыяльную рэчаіснасць, затое шмат чаго можам даведацца пра псіхалагічны стан рэжыму.
"Давер прэзідэнту - 66,5%". "Давер апазіцыі - 17,2"*. Вось так была вырашана дылема наступнага характару: Якія цыфры напісаць, каб яны падкрэслівалі легітымнасць Лукашэнкі і пры гэтым не рэзалі вока сваёй непраўдападобнасцю.
Здабыць давер пратэстнага насельніцва шляхам публікацыі гэтых "вынікаў" там ніхто і не ставіў за мэту. Мэтай было ўмацаваць веру ў легітымнасць сярод "сваіх" або тых, хто па прычыне займаных пасадаў павінны быць сваімі (топ-чыноўнікі, сілавікі і хаця б частка расейскіх эліт).
Дык вось, апазіцыі было выдзелена не "толькі", а "ажно" 17 з капейкамі працэнтаў. А гэта паўтара мільёна генеральнай сукупнасці. Ну, ладна, калі браць дарослае насельніцтва - мільён.
А цяпер задумайцеся: 1) аўтарытарны рэжым з 26-гадовым стажам, 2) каторы пасля жніўня-2020 жудасна ненавідзіць гэтых "крысаў", каторыя прымусілі праглынуць кілаграм страху і два кілаграмы прыніжэння - вось гэты рэжым вось гэтым "крысам" прызначае цэлых 17%, то бок прызнае, што іх можа быць больш за мільён.
Будзь яго - гэтага рэжыму - воля, ён бы прыдзяліў гэтым "крысам" марныя 0,7... ці нават 0,07%. Але... не так проста. Бо справа не толькі ў тым, каб "адвесці душу", але і каб мэтавая аўдыторыя змагла праглынуць.
Напішаш 0,7% - не павераць самыя лаяльныя.
Напішаш 7% - у лепшым выпадку 7% спасярод самых лаяльных павераць.
Нават 10-12% - рэпліка выбарчай дозы, што было б само па сабе лагічным - ужо не пройдзе.
Мусіць быць больш за 15%. Інакш рызыкуем, што нават свае будуць за плячыма пасмейвацца з гэтых лічбаў. Ну, а пабочны эфект ад прыдзялення такой лічбы гэтай "майданутай" апазіцыі можна будзе амартызаваць каментатарскімі суправаджэннямі, тыпу: "Рэспандэнты блыталіся, спрабуючы прыгадаць каго-н. з апазіцыйных лідэраў", "Нават самыя разважлівыя грамадзяне часам паддаюцца замежным тэлеграм-каналам, але пройдзе месяц і іх перакананні вернуцца на свае месцы" (ігд. ігд.)
Так што я б не сказаў, што рэзультаты Мусіенкі - гэта пустое. Насамрэч вельмі інфарматыўны і каштоўны матэрыял.
-----

10.02.21 20:23

Петр Рудковский