АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Навука - гэта ідэалогія? Адказ Гапавай

Два тыдні таму "Наша Ніва" апублікавала мой кароткі допіс «Менавіта гэтаму і вучыць нас гендарная / фемінісцкая тэорыя». У адказ беларуска-амерыканская даследніца Алена Гапава, прыхільніца крытычных тэорый, апублікавала крытычны каментар. Ніжэй змяшчаю сваю рэпліку на яе заўвагі.


«[У Рудкоўскага] Выпад на адрас фемінізму паўстае ў першым абзацы»


Насамрэч жа у гэтым абзацы месціцца выпад не супраць фемінізму, а супраць пазіцыянавання гендэрнай/феміністычнай тэорыі як аўтарытэту апошняй інстанцыі.


«Здаецца, я ўжо чытала нешта такое ў аўтара раней, ці не дваццаць гадоў таму і калі ўсё засталося на тым жа месцы, можа быць карысна патлумачыць некаторыя тэрміны і паняцці...».


Так, гэта сапраўды толькі здаецца. Да 2004 года я ўвогуле нічога не публікаваў, апроч перакладу з літоўскай мовы адной песні. Гадоў пятнаццаць назад я коратка каментаваў палеміку паміж Міколам Кацуком і Аленай Гапавай. Але тады я збольшага падтрымаў Гапаву, таму наўрад ці гэта можа залічвацца ў гісторыю маіх інтэлектуальных пагрэшнасцяў. Пазней было ў мяне пару выказванняў адносна спробы Гапавай інтэрпрэтаваць праблематыку нацыябудаўніцтва праз прызму крытычных тэорый. Але надалей гэта не тычылася гендэрных/феміністычных тэорый.


Пра гендэрныя тэорыі я пачаў пісаць прыблізна пяць год таму, пасля таго, як у межах доктарскіх штудыяў грунтоўна вывучыў метадалагічную складовую гэтых тэорый. Значная частка выдадзенай у 2016 годзе манаграфіі «Беларуская гуманістыка пасля постмадэрну» прысвечана аналізу сямейства крытычных тэорый, разнавіднасцю якіх і з'яўляецца гендэрная тэорыя.


Канешне, прасцей сканструяваць вобраз апанента, які дваццаць гадоў не мяняе свае (памылковыя) перакананні, чым рэагаваць на рэальныя аргументы, на базе якіх многія навукоўцы (у тым ліку я) крытыкуюць гендэрныя тэорыі.


«Гэтыя фенамены [гендэрныя ролі]— а яны гістарычна зменлівыя і выглядаюць па-рознаму ў розных грамадствах, г.зн. яны сацыяльна абумоўленыя — можна вывучаць, што і робяць сацыяльныя навукі».


І навукоўцы сапраўды іх вывучаюць – у межах сацыялогіі, псіхалогіі, гісторыі і іншых дысцыплін. І такое – навуковае – вывучэнне гендэрных роляў я аберуч падтрымліваю.


Але апроч навукоўцаў ёсць таксама тэарэтыкі, якія вызнаюць такі падыход: «Навука – гэта тэрмін, які мы прычапляем да той ідэалогіі, якая жадае стаць гегеманічнай». Я тут прывёў выказванне Стэнлі Арановіца, пад якім падпісваецца праф. Гапава. Інакш кажучы, навука – гэта разнавіднасць ідэалогіі.


Няцяжка здагадацца, якія практычныя наступствы такога падыходу. Калі навука – гэта разнавіднасць ідэалогіі, то няма патрэбы дбаць пра логіку і эмпірычную правяральнасць. А калі не трэба дбаць пра логіку і адпаведнасць фактам, то застаецца толькі адзін крытэр правамоцнасці: адпаведнасць палітычнай/ідэалагічнай лініі.


Наколькі моцна гэты падыход укараніўся ў асяроддзі гендэр-тэарэтыкаў, выдатна паказаў славуты эксперымент Ліндсі, Плакроўз і Багасяна. Вось супраць такога – ідэалагічнага – падыходу і выступаю я, як тое робяць і многія іншыя навукоўцы.


«Па-другое: сацыялогія ведаў і эпістэмалогія. Іх прыдумалі не злыя феміністкі».


Сканструяваўшы вобраз апанента, які цягам дваццаці гадоў не мяняе свае (памылковыя) перакананні, цяпер трэба сканструяваць вобраз кагось, хто эпістэмалогію і сацыялогію ведаў лічыць «вынаходкай злых феміністак». З роўным поспехам я мог бы прыпісаць праф. Гапавай перакананне, што тэорыю адноснасці вынайшлі «злыя габрэі», а тэорыю вялікага выбуху – сярэднявечныя манахі.


Экскурс у філасофію Канта не выклікае асаблівых засцярогаў. Толькі пытанне, якое гэта мае дачыненне да зыходных праблем: абсалютызацыя гендэрнай тэорыі і звядзенне навукі да разнавіднасці ідэалогіі.


«Акадэмічная лявіца» не сцвярджае, што «аб’ектыўнай праўды няма». Яна кажа, што тое, што мы прымаем за праўду, залежыць ад таго, кім мы ёсць. А гэта зусім іншая справа».


Адна з праблем з акадэмічнай лявіцай такая, што яна не праймаецца прынцыпамі логікі. Гэта дае магчымасць ён стасаваць прыём, які Андрэа Кукла называе «пераключальніцтвам» (switcheroos). Зацытую фрагмент з яго працы «Сацыяльны канструктывізм і філасофія навукі»: «Пераключальніцтва мае месца тады, калі хтось стартуе ад гіпотэзы, якую можна інтэрпрэтаваць самымі рознымі спосабамі, прыводзіць аргумент на карысць яе слабой версіі, а затым робіць выгляд, што таксама і ў моцнай версіі дадзеная гіпотэза пацверджана (...). Абшар поўніцца таксама выпадкамі адваротнага пераключальніцтва: фармулюеш моцную версію гіпотэзы, а калі яна становіцца занадта праблематычнай, то адступаеш да слабой версіі».


«Мы не лічым, што аб'ектыўнай праўды няма». Але пры гэтым цвердзім, што «тое, што прымаем за праўду, залежыць ад таго, кім мы ёсць». Што вынікае з гэтых выказванняў? Ёсць-няма-можа-ёсць-можа-няма – нешта такое. Такая пазіцыя зручная тым, што можна лёгка «пераключацца» з адной аргументацыйнай лініі на другую, у залежнасці ад сітуацыі. Такая тактыка тыповыя для гендэрных тэарэтыкаў. Але непрымальная на грунце навукі.


18.02.20 13:18

Петр Рудковский