АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Беларусы паварочваюцца да Захаду... у загалоўках СМІ

"Падтрыманне саюзу з Расеяй падае, а з Еўразвязам – расце" - пад такім загалоўкам з'явіўся сёння рэпартаж Белсат пра геапалітычныя прэферэнцыі беларусаў.

Гэта ўжо трэцяя хваля "загалоўкавага аптымізму". Паўгода таму, пасля публікацыі апытання Усходняга суседства ЕС, СМІ заяўлялі, што ледзь не ўсё насельніцтва сімпатызуе ЕС. Паўтара месяца таму таксама агучваўся такі пасыл. Ну і зараз.

Насамрэч жа сітуацыя такая:

1. Сярэдні адсотак падтрымкі для еўраінтэграцыі за 2005 - 2013 гг.: 39%. За перыяд 2014 - 2019 МАКСІМАЛЬНЫ працэнт падтрымкі - 25%.

2. Сярэдні адсотак падтрымкі для інтэграцыі з Расеяй за 2005 - 2013: 43%. За перыяд 2014 - 2019 МІНІМАЛЬНЫ працэнт - 54,5%.

(Вылічэнні сярэдніх адсоткаў зроблены на базе апытанняў НІСЭПД.)

Дадайма тут такія фактары: а) раней бел-рэжым быў больш антызаходні, апошнія гады - нейтральны або прыязны да Захаду; б) не без уплыву Захаду Беларусь значна паднялася ў рэйтынгу Doing Business; в) большасць грамадзянска актыўных НДА - празаходнія. І пры ўсім гэтым дынаміка ў цэлым адмоўная.

Здавалася б, за кошт (а), (б) і (в) грамадства павінна станавіцца больш адкрытым на Захад. Але дзеецца нешта адваротнае.

Аптымістычныя загалоўкі тут мала ў чым могуць памагчы. Патрэбен комплексны і ўсебаковы аналіз сітуацыі.


16.11.19 14:19

Петр Рудковский