АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка сыдзе ў 2025-ым? Дужа імаверна

Шмат чаго Лукашэнка сказаў падчас сённяшняй "Вялікай размовы" і далёка не ўсё выпадае браць усур'ёз. Але ёсць як мінімум два моманты, якія выражаюць больш-менш устойлівую пазіцыю прэзідэнта і яго акружэння. Першы момант: "98% беларусаў выказалася б супраць аб'яднання з Расеяй". Гэта колькасная гіпербала азначае: "Пра аб'яднанне і гаворкі быць не можа". Другі момант - яшчэ больш сур'ёзны, магчыма, самы сур'ёзны і важны для будучыні - пра канстытуцыю:


"Что там должно быть? Ограничить полномочия президента — как они это видят. Нам придется усиливать другие ветви власти — исполнительную, законодательную. Может, после серьезного анализа нужно будет что-то предпринять по избирательной системе: вводить пропорциональную систему или остановиться на мажоритарной".


Гэта ўжо чарговы і гэтым разам даволі выразны сігнал, што

а) існуе адносна ўстойлівы намер мяняць Канстытуцыю;

б) змена будзе ў напрамку дэмакратызацыі Канстытуцыі;

в) змена адбудзецца цягам наступнага тэрміну Лукашэнкі.

На 100% Лукашэнка яшчэ не вырашыў, але відавочна схіляецца да таго, каб у 2025 сысці. Мая тэза грунтуецца на разумаванні да найлепшага выяснення. Прадстаўлю яго ў двух пунктах.


1. Калі б не было сур'ёзных намераў перагледзець канстытуцыю (у напрамку дэмакратызацыі), то невытлумачальнымі засталіся б факты ўздымання гэтай тэмы ў публічнай прасторы. Апроч таго, тое, што падчас "Вялікай размовы" выказванне пра Канстытуцыю было не хаатычным, а даволі кагерэнтным і асэнсаваным, сведчыць пра тое, што гэта тэма закранута не "з балды", а ёй папярэднічалі асэнсаваныя абмеркаванні ў коле набліжаных Лукашэнкі. Такім чынам, найлепшае выясненне - што на перыяд 2020-2024 мяркуецца канстытуцыйная рэформа.

2. Калі б Лукашэнка цвёрда быў настроены застацца пасля 2025 года, то невытлумачальным была б меркаваная на 20-24 гады канстытуцыйная рэформа (у напрамку дэмакратызацыі). Яго стыль і яго стыхія - гэта аднаасобнае кіраванне. Ён да гэтага прывык за 25 гадоў і чаму цяпер - на старасць гадоў - яму раптам перавучвацца на зусім іншы стыль кіравання, каторы будзе да болю яму нагадваў бы 1994-1996 гг., калі то парламент, то Канстытуцыйны Суд яго "даставалі".


Абодва выясненні гарманізуюць з высока верагоднай тэзай, што Лукашэнка хоча ўвайсці ў гісторыю як пазітыўны персанаж. Дэмакратызацыя краіны - гэта, у дадатак гэта успрымаецца ім (і будзе ўспрымацца не толькі ім) як нешта, што павышае вырагоднасць добрага іміджу пасля сыходу. Своеасаблівы штрых у дадатак да эканамічнай лібералізацыі, захавання незалежнасці і "міру і стабільнасці".

Такім чынам, Беларусь, імаверна, чакае "франкаўскі варыянт", толькі без смерці і без караля.


01.03.19 18:30