АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Харчовыя войны Курапаты Выбары прэзідэнта Украіны Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Злачынства ў Лунінцы і законапраект аб "хатнім гвалце"

Любая гучная трагедыя, як правіла, суправаджаецца спробамі выкарыстаць яе на пацвярджэнне ўласнай пазіцыі і клеймавання пазіцыі апанентаў. Калі ў 1997 г. загінула прынцэса Дзіяна, аўтарытарныя лідэры (уключна з нашым) не прамінулі аказіі, каб заявіць: "Вось да чаго прыводзіць хвалёная вамі свабода прэсы. Палюбуйцеся". Калі ў Кёльне адбыліся  нападзенні на жанчын, правыя папулісты адразу ж заявілі: "Вось да чаго прыводзіць хвалёная вамі велікадушнасць да мігрантаў і бежанцаў. Палюбуйцеся". Калі памірае дзіця ў звязку з вакцынацыяй, адразу ж уздымаецца хор галасоў: "Вось да чаго прыводзіць практыка вакцынацыі. Палюбуйцеся".

Калі СМІ паведамілі пра жудаснае злачынства ў Лунінцы, я ведаў, што абавязкова знойдуцца тыя, хто захочуць выкарыстаць гэту трагедыю для клеймавання крытыкаў законапраекта аб хатнім гвалце. Але для мяне было поўнай нечаканасцю, што да такога прыёму апусцяцца людзі, ад якіх выпадала б чакаць нейкага ўзроўню крытычнага мыслення.

Так сталася, што злачынства адбылося на фоне ўсцяж трываючай дыскусіі вакол законапраекта аб хатнім гвалце. Але яно магло адбыцца зусім на іншым фоне. Напрыклад, на фоне дыскусіі вакол законапраекта аб забароне алкаголю. Уявім сабе, што паўгода таму група НДА "За цвярозасць" распрацоўвае законапраект, які прадугледжвае поўную забарону прадавання, купляння і спажывання алкаголю. Няма сумневу, што значная частка грамадства сказала б: "Гэта кепская ідэя". Нешта такое сказалі б у тым ліку і паслядоўныя цвярознікі. Законапраект адкінуты. Але... незадоўга пасля гэтага ў Лунінцы - у стане алкагольнага ап'янення - мужчына забівае 8-месячную дзяўчынку. І што цяпер? А цяпер - усё ясна: кожны, хто быў супраць поўнай забароны алкаголю, вінаваты ў гэтым зверскім учынку.

Згодныя з такой пастаноўкай справы? Не? Калі не, то звярніце ўвагу на наступнае: нашмат лягчэй знайсці прычынна-выніковую сувязь паміж адсутнасцю забароны на алкаголь і трагедыяй у Лунінцы, чым паміж крытыкай законапраекта аб хатнім гвалце і гэтай трагедыяй.

Падобнае тычыцца і гіпатэтычнага законапраекта аб забароне вакцынацыі. Уявім сабе, што з'яўляецца група ідэолагаў, якія аб'яўляюць вакцынацыю інструментам нажывы і абалваньвання людзей. Праводзяць медыйную кампанію, распрацоўваюць законапраект аб забароне вакцынацыі дзяцей. Законапраект выклікае крытыку і адкідваецца. І незадоўга пасля гэтага... трагедыя ў Ганцавіцкім раёне: на вачах бацькоў памірае ад вакцыны двухмесячнае дзіцятка. Усё ясна: усе прыхільнікі вакцынацыі, паглядзіце, што вы нарабілі! Усе спробы нюнсаваць, удакладняць, што вінавата не сама практыка вакцынацыі, а некаторыя злоўжыванні, з парогу адкідваюцца, паколькі дзейнічае толькі і выключна эмацыйная звязка:  

дзіця-памерла-ад-вакцыны -> абаронцы-вакцынаў = абаронцы-гібелі-дзяцей.

Эмацыйны бунт перад абліччам трагедыі - гэта рэч зразумелая. Але калі эмацыйны бунт падмяняе крытычнае мысленне, то гэта ні да чаго добрага не прыводзіць.

30.10.18 11:09

Петр Рудковский