АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Чаму нас вучыць дыктатар Мугабэ 06.09.2019

Роберт Мугабэ (вечны супакой - калі супакой тут магчымы) - гэта напамін усяму 21 стагоддзю: рыхтуй дыялог задоўга да перамен. Бо эпоха Мугабэ - адна з горкіх ілюстрацый таго, што могуць азначаць сістэмныя перамены без культуры дыялогу.

Быў еўрапейскі каланіялізм - з перспектывы гісторыі разумеем, што кепская, ганебная з'ява. Прыходзіць Мугабэ - гуру змагароў з каланялізмам. Прагрэс? Так - прагрэс адной хвіліны, пасля якой наступае жудасны рэгрэс: пад прэтэкстам барацьбы з каланіялізмам пачынае працаваць злавешчы махавік рэпрэсій і нецярпімасці.

Увесну аналітычны агляд BISS паказаў, што Беларусь - на апошнім месцы ў Еўропе па дэлібератыўнай культуры (публічная аргументацыя). У плане будавання кансэнсусу мы на адным з апошніх месцаў.

Я да гэтага часу з горыччу ўзгадваю словы супрацоўніцы адной з заходніх амбасадаў. У адказ на нашу ідэю, што трэба развіваць культуру дыялогу як спосаб прадухілення канфліктаў, яна прыкмеціла: А ў Беларусі што - льецца кроў? ёсць узброеныя канфлікты?

Сама наяўнасць нізкага ўроўню дыялогу і будавання кансэнсусу - гэта трывожны званочак, асабліва для тых, хто збіраецца жыць у Беларусі не год або два, а дваццаць, трыццаць і болей гадоў. Я далёка не адзіны, хто словазлучэнне "змена ўлады" ўспрымае з прымессю надзеі і занепакаення. І гэта занепакаенне ўзнікае не на пустым месцы. Нізкая культура дыялогу, кейс Мугабэ... ёсць над чым задумацца.

Яшчэ раз: рыхтуй дыялог задоўга да сістэмных перамен.

Нацыяналізм еўрапейцаў і рускі мір беларусаў 03.09.2019

Мой учорашні артыкул Нацыяналізм вяртаецца ў Еўропу. А ў Беларусь - рускі мір і савецкі кансерватызм выклікаў нямала крытычных водгукаў. Пракаментую некаторыя з іх.

Скразным матывам большасці крытычных водгукаў было сугераванне, што, маўляў, беларускае грамадства аддаляецца ад савецкасці, дыстанцуецца ад рускага міру і становіцца больш адкрытым на Захад. Суадносна, маё канстатаванне узмацнення савецкасці/прарускасці/антызаходнясці - недарэчнасць.

Здагадваюся, скуль бярэцца гэтага рэпліка. Яна, хутчэй за ўсё, абумоўленна адной з трох рэчаў (або трох адразу): (1) звычкай знаёміцца з сацыялагічнымі дадзенымі на базе рэпартажаў СМІ або рэзюмэ экспертных цэнтраў; (2) пераносам працэсаў унутры дзяржаўных эліт на ўсё грамадства; (3) атаесамленне рускага міру і прарасейскага сепаратызму.

У гэтым допісе разгорнута спынюся на першай праблеме.

Пасля таго, як напачатку ліпеня Усходняе суседства ЕС апублікавала вынікі апытанняў, СМІ навыперадкі канстатавалі аптымістычную з'яву: "Усяго толькі 10% беларусаў негатыўна ставяцца да Еўрасаюзу" (гэты месыдж фармуляваўся ў розных варыяцыях). Складвалася ўражанне, што беларускае грамадства - ледзь не цвярдыня пра-заходнясці.

У мяне, чалавека еўрапейскага складу, такая навіна павінна выклікаць толькі радасць. І выклікала б, калі б не адна маленькая акалічнасць: загалоўкавы месыдж СМІ не адпавядае рэчаіснасці.

Калі зазіраем унутр самога рапарту, то перад намі вымалёўваецца наступная карціна:
а) у Беларусі - найменшы спасярод усіх краінаў УП адсотак тых, у каго імідж ЕС станоўчы (усяго 36%, падчас як у іншых краінах УП - не менш за 46%);
б) Беларусь - адзіная краіна УП, дзе бальшыня жыхароў лічаць, што Еўрасаюз НЕ спрыяе захаванню традыцыйных каштоўнасцяў грамадства;
в) Беларусь - на перадапошнім (пасля Азербайджана) месцы ў плане даверу да ЕС і на апошнім - у плане даверу да НАТО. А вось калі гаворка пачынае весціяся пра давер да ЕАЭС, то тут беларусы на першым месцы;
г) мала беларусаў (37%) у курсе таго, што ЕС аказвае нам дапамогу. А сярод тых, хто ўсё ж пра гэта ведае, ажно 54% лічаць, што яна неэфектыўная (у іншых краінах УП гэты адсотак не перавышае 46%).

Карацей кажучы, бел-грамадства - самае антызаходняе спасярод усіх краін УП. І гэта тычыцца 2019 года. У мяне няма аніякага інтарэсу беспадстаўна прыпісваць беларусам антызаходнясць. Хутчэй наадварот: на эмацыйным узроўні мне хацелася б, каб беларусы былі больш пра-заходнімі. Я сцвярджаю антызаходнясць/прарускасць не таму, што хачу гэтага, а таму, што гэта вынікае з дадзеных.

Можна, канешне, будаваць свае веды на загалоўках СМІ або падпарадкоўвацца таму, што "прынята казаць". Але гэта кепскі падыход.

p.s. Калі будзе час, то ахвотна пракаментую і іншыя крытычныя водгукі.

Вычварэнцы, гамафобы і культура плюралізму 26.07.2019

Пасляслоўе да размовы на Радыё Свабода "Каму і чаму не падабаюцца геі".

Год таму з'явілася цікавая кніга брытанскага журналіста Бэна Коблі "Племя: лева-лібералы і сістэма разнастайнасці". Адна з тэз гэтай кнігі, што барацьба за правы LGBT на Захадзе - гэта элемент будавання групавой тоеснасці, з механізмамі дыскрымінацыі і маргіналізацыі тых, хто "па-за групай".

Беларусь. Тут вельмі высокі паказнік непрыняцця LGBT, не толькі ў публічнай прасторы, але і проста ў якасці, напрыклад, суседзяў Прычым цягам бягучай дэкады гэты паказнік нават крыху ўзрос у стасунку да папярэдняй дэкады-паўтара. Падчас як цягам 1994 - 2009 гадоў у сярэднім 63% беларусаў не жадалі жыць па суседству з гомасэксуаламі, то цягам гэтай дэкады гэты адсотак складае каля 72%.

У адказ на пытанне Юрыя Дракахруста, чаму так ёсць, я выразіў дапушчэнне, што гэта элемент сцвярджэння сваёй культурнай тоеснасці. Спроба даць адказ на пытанне "Хто мы". Інакш кажучы, маем дачыненне з тым самым феноменам, пра які кажа Бэн Коблі ў дачыненні да заходніх грамадстваў, з тым адрозненнем, што ў выпадку Беларусі элементам тоеснасці з'яўляецца варожасць да LGBT, а на Захадзе - варожасць да тзв. "гамафобаў".

Катэгорыі "садаміт-вычварэнец" і "гамафоб-ненавіснік" - гэты сіямскія блізнюкі, якія функцыянуюць як сродкі стварэння знешняга ворага. "Паляванне на садамітаў" (у нас) і "паляванне на гамафобаў" (на Захадзе) - гэта два бакі аднаго і таго ж медаля. Дзве групы, два плямёны, устанавілі для сябе набор гатовых адказаў на ўсе пытанні пра ЛГБТ і патрабуюць ад іншых бездакорнай вернасці свайму крэда. Няма тут месца на крытычную дыскусію. Адно племя кажа: або цалкам згаджаешся з намі, або ты - гамафоб. Другое племя: або цалкам згаджаешся з намі, або ты - вычварэнец.

Культура плюралізму ў кепскім стане. Гэта тычыцца і Беларусі, і заходніх краінаў.

Севярынец, Кастусёў і "гонар LGBTQ" 29.06.2019

Я занадта не ўлазіў у палеміку вакол Павел Севярынец vs Рыгор Кастусёў, дый зараз не жадаю ўлазіць. Але не магу не падзяліцца інфармацыяй пра цікавыя супадзенні ў свеце LGBTQIA+.

1. Сёлетні Baltic Pride амаль супаў з круглай гадавінай першай дэманстрацыі геяў у Stonewall (якая дала пачатак "прайдам"). Гэта было ў чэрвені 1969. З нагоды круглай гадавіны (50 год) у Нью Ёрку, у месцы, дзе ўсё пачыналася, Stonewall National Monument (SNM) усталяваў "Сцяну Гонару LGBTQ". На Сцяну Гонару унесены таксама Хары Хэй як адзін з "Піянераў, Першапраходцаў і Герояў" (вялікія літары ў арыгінале).

Хто такі Хэй? Ну, ясна, што абаронца правоў LGBT. Але далёка не толькі. Хэй - гэта адзін з найбольш зацятых і настойлівых абаронцаў правоў педафілаў. Цягам усіх 80-ых гадоў ён настойваў на тым (і паспяхова), каб NAMBLA (асноўная пра-педафільская арганізацыя ў ЗША) удзельнічала ва ўсіх LGBT-прайдах. І нават у 90-ыя гады, калі большасць LGBT-арганізацый здыстанцаваліся ад педафільскіх рухаў, Хэй працягваў змагацца за "права на міжпакаленны інтым" і месца ў LGBT+.

І так, першае супадзенне: у адзін і той жа месяц - Baltic Pride і ўнясенне на "Сцяну Гонару LGBTQ" змагара за правы педафілаў. У якасці "Піянера, Першапраходца і Героя".

2. Але ёсць яшчэ адно цікавае супадзенне. 6 чэрвеня (у першы дзень Baltic Pride) у Касэлі, Нямеччына, пачаўся судовы працэс над універсітэцкім прафесарам, спецыялістам па эвалюцыйнай біялогіі, Ульрыхам Кучэрам. У адным са сваіх інтэрв'ю ён сцвердзіў (слушна ці няслушна - гэта асобная тэма), што гомасэксуалізм стварае большыя перадпасылкі для педафіліі, чым гетэра-. З-за гэтага ён быў прыцягнуты да судовай адказнасці (справа, як здаецца, яшчэ не завершана).

Асацыяванне гомасэксуалізму і педафіліі можна было б успрыняць як заведама ачарняльны ("гамафобскі") выбрык (і такім чынам апраўдаць абмяжоўванне акадэмічнай свабоды). Але, як на іронію лёсу, прыблізна два тыдні пасля працэсу, як ужо было сказана, адна з найбольш аўтарытэтных LGBT+ арганізацый (якой з'яўляецца SNM) абвесціла абаронцу правоў LGBT+педафілаў "Піянерам, Першапраходцам і Героем". А калі так, то грунтоўная дыскусія на тэму "гомасэксуалізм і педафілія" - гэта не толькі акадэмічнае права, але і акадэмічны абавязак.

Такая дыскусія зусім неабавязкова мусіць прывесці да негатыўных наступстваў для LGBT+. Магчыма, дзякуючы ёйі удалося б знайсці апраўдальнае вытлумачэнне для такіх фактаў, як ушанаванне Хары Хэя (хаця цяжка ўявіць такое апраўданне - калектыўная амнэзія арганізатараў? правакацыя вонкавых сіл?). Магчыма, такая дыскусія стварыла б магчымасць самаачышчэння. У абодвух выпадках дыскусія пайшла б на карысць LGBT+.

Baltic Pride у геаграфічным плане праходзіў далёка ад Нью Ёрка і Касэля. Але ў ідэалагічна-палітычным плане аніякай дыстацыі няма. Арганізатары Baltic Pride цытуюць тых самых аўтараў, выкарыстоўваюць тыя самыя аргументацыйныя стратэгіі, прымяняюць тыя самыя палітычныя тэхналогіі і, хутчэй за ўсё, маюць тых самых спонсараў, што і SNW або касэльскія LGBT-арганізацыі. І кожны/-ая, хто бярэ ўдзел у такіх акцыях або іх падтрымлівае, павінен / павінна ясна сфармуляваць сваю пазіцыю наконт дзвюх рэчаў:

1) абвешчання абаронцы педафіліі "героем і першапраходцам";
2) акадэмічнай свабоды.

Вось гэта - для мяне, дый не толькі для мяне - было б вызначальным, ці можна такой асобе паціскаць руку, ці не.

Сцяна Гонару з імем Хары Хэя

Хары Хэй з надпісам у падтрымку NAMBLA - галоўнай арганізацыі ЗША лабіруючай "правы педафілаў"

Хто корміць "правых папулістаў"? 27.05.2019

Паўсюль шумна наконт поспеху "правых папулістаў" падчас выбараў у Еўрапарламент. Пакідаючы ўбаку ацэнку гэтай плыні, цікава ў дадзены момант зацеміць такія рэчы:

1) у Літве, вядомай павышанай уразлівасцю на нацыянальную ідэнтычнасць, да таго ж з моцнай прысутнасцю ў публічнай прасторы Каталіцкага касцёла, выразна перамагла ліберальная пра-еўрапейская плынь;

2) на Мальце, маленькай краіне, якая з-за свайго становішча вельмі ўразлівая на эміграцыйныя праблемы, і ў якой каталіцызм з'яўляецца афіцыйнай рэлігіяй, пра-еўрапейскія ліберальныя сілы таксама перамаглі і ўзмоцнілі свае пазіцыі.

Пры гэтым "правыя папулісты" займелі выразны поспех у моцна секулярызаваных, з моцнымі ўплывамі "акадэмічнай лявіцы" грамадствах: Францыі, Нямеччыне, Бельгіі.

Гэтыя назіранні не дазваляюць казаць пра нейкія заканамернасці: казусы Вугоршчыны, Польшчы і Італіі паказваюць, што "правы папулізм" можа супрагацца з каталіцызмам і курсам на ўмацоўванне нац-ідэнтычнасці. Але іх дастаткова, каб разбіць вельмі моцны стэрэатып (і мінулым годзе нават замацавы ў рапарце Мюнхенскай канферэнцыі), што "рэлігія, культура, гісторыя" нібыта несумяшчальныя з ліберальным этасам і непазбежна падкормліваюць "правы папулізм" і еўраскептыцызм.

Гамафобія як з'ява і як этыкетка 18.05.2019

"Гамафобія" ў этымалагічным плане значыць "страх перад асобамі гомасэксуальнай арыентацыі", але звычайна падразумяваецца пад гэтым (таксама): "нянавісць да асоб гомасэксуальнай арыентацыі". Гэтая двухзначнасць не спрыяе выпрацоўцы аптымальных стратэгій не-дыскрымінацыі (гэта тычыцца таксама заходніх краін), але пакінем гэту праблему пакуль што ўбаку. Незалежна ад таго, ці трактуем тэрмін як "страх" ці як "нянавісць", давайце паглядзім, ці можам сцвердзіць хаця б адно з гэтага ў аўтараў наступных выказванняў:

«О, Божа! А можа, лепей і не глядзець» - вербальная рэакцыя на сцэну двух цалуючыхся мужчын.

«Так, добра, ідзем» - пасля таго, як сцэна знікае.

«Ды ладна! Спадзяюся, што цяпер аператары адшукаюць сапраўды класныя парачкі тут, у Тэль-Авіў Экспа» - рэакцыя на чарговую сцэну двух цалуючыхся мужчын.

Няма сумневу, што гэтыя выказванні сведчаць аб крытычным стаўленні іх аўтараў да паказвання на TV дзеянняў гомасэксуальнага характару. Магчыма, іх крытыцызм няслушны. Але, спадарства, уключыце логіку і падумайце самастойна: ці прыведзеныя вышэй выказванні можна ўспрымаць як індыктары страху? індыкатары нянавісці? Вы ніколі ў жыцці не чулі/бачылі выказванняў, які сапраўды нагружаны нянавісцю або страхам?

Крытыцызм і нянавісць - гэта розныя рэчы. Крытыцызм і страх - таксама розныя рэчы. Некаторым здаецца, што калі пачнуць направа і налева раскідвацца этыкеткай "гамафобы!", "гамафобы!", то тым самым спрычыняцца да не-дыскрымінацыі. Няпраўда. Яны спрычыняцца да таго, што слова "гамафоб" перастане што-кольвечы значыць. Далейшым наступствам будзе кампраметацыя ўсёй кампаніі па недыскрымінацыі.

Мяккая беларусізацыя? Дык чаму чыноўнікі не апладзіруюць Анісім? 14.05.2019

Чарговая "фальсіфікацыя" тэзы пра мяккую беларусізацыю - чыноўнікі без энтузіязму ўспрынялі рэфарматарскія прапановы спадарыні Анісім.

Уявім сабе, што ў горадзе Г улады цягам 15 гадоў вырубвалі дрэвы. Гэта азначае, што адбывалася вырубванне. Ідэя вырубвання прыпадносілася як прагрэсіўная і добрая. У пэўны момант прыхільнікі азелянення (якія заўсёды былі ва ўладных структурах, хоць і ў меншасці) пачынаюць здабываць уплыў, але мусяць нейк дамаўляцца з "вырубальнікамі". Маем сітуацыю, калі:

1) вырубванне працягваецца, але ўжо павальнейшымі тэмпамі, з тэндэнцыяй да заняпаду;
2) паралельна адбываецца азеляненне, хоць і не комплекснае, з тэндэнцыяй да росту;
3) вырубванне больш не прыпадносіцца як нешта прагрэсіўнае і станоўчае, тыя, хто практыкуюць вырубванне мусяць рабіць мудрагелістыя рытарычныя манёўры, каб паказаць, што іхняе вырубванне - гэта насамрэч не вырубванне, а нешта іншае.

Ці ў гэтай сітуацыі можна сказаць, што адбываецца "азеляненне"? Можна з прыметнікамі: "Павольнае азеляненне"? "Мяккае азеляненне"? Так, можна, таму што трэнд абазначыўся. Наўнасць контр-трэнду - рэч зразумелая для кожнага, хто хаця б трохі ведае, што такое эфект каляіны. Паводзінныя ўстаноўкі не мяняюцца з хвіліны на хвіліну. Сістэма стымулаў не мяняецца з хвіліны на хвіліну. Яна мяняецца - у залежнасць ад абставіны - месяцамі, гадамі, а часам дзесяцігоддзямі.

Яшчэ адна ілюстрацыя. Уявіце сабе, што вы плывяце ў лодцы па цячэнню ў пункт А. У пэўны момант вы прыходзіце да высновы, што плывяце ў няправільным напрамку і рашаеце развярнуць лодку на 180 гр. і плысці ў пункт Б. Нават калі ў вас вельмі развіты мускулы і веславальніцкі талент, то ўсё-роўна будзе мець месца нейкі час t, калі вы намагаецеся плысці ў пункт Б, але па факту надалей плывяце ў пункт А.

Калі ў крамах рахоўніцы (счёты) пачалі мяняцца на касавыя апараты з калькулятарам, не было так, што ўсе прадаўцы за адну хвіліну з энтузіязмам пераключыліся. Калі адбывалася кампутарызацыя банкаў, не ўсе працаўнікі банкаў за адну хвіліну заапладзіравалі. Але наяўнасць эфекту каляіны не сведчыць пра адсутнасць рэфарматарскага трэнду.

Сэкс і наркотыкі - ці трэба за іх караць? 07.04.2019

Калі 15-гадовы юнак заняўся сэксам з 20-гадовай спадарыняй, жорстка пакаралі спадарыню. Бо, маўляў, малалетні юнак няздольны адэкватна ацаніць сітуацыю, а паўналетняя гэтым пакарысталася.

Калі ж 14-гадовага юнака або юначку дарослыя людзі шляхам відавочных маніпуляцый ангажуюць у продаж мікраскапічнай колькасці наркотыку, то такі юнак раптам аказваецца цалкам здольным адэкватна ацаніць сітуацыю. І Феміда шчодра раздае такім непаўналетнім пакаранні - 8, 10 гадоў турмы.

Ці за названыя казусы зусім не трэба караць? Трэба, але без прыцягвання якіх-кольвечы крымінальных артыкулаў. У выпадку сэксуальнай афёры цалкам адэкватным пакараннем было б напісаць у мясцовай газеце з каментаром кампетэнтнага псіхолага. Сорам і стымул да аўтарэфлексіі - цалкам дастаткова ў якасці пакарання.

Што да бальшыні "юных наркадылераў", то аптымальнае пакаранне павінна быць такім: 1) арганізаваць для іх грунтоўны курс па шкоднасці наркотыкаў; 2) арганізаваць грунтоўны курс па бізнес-магчымасцях у легальным полі. Бо бальшыня гэтых "дылераў" - гэта патэнцыйныя бізнэсоўцы. Моцнае жаданне зарабіць - само па сабе добрая, нават вельмі добрая рыса. Гэта людзі, якія не баяцца рызыкаваць, не баяцца рабіць памылкі, а гэта таксама ключавыя задаткі для бізнэсоўца. Так, яны мусяць зразумець, што ёсць тыкія тыпы памылак, якія рабіць не варта. Пападанне на наркотыках - гэта добрая нагода, каб гэтым маладзёнам уцямна растлумачыць, што ёсць межы, якія ў будучым ім нельга пераступаць. Тога страху і няўпэўненасці, якога яны наядуцца цягам двух-трох месяцаў разбіральніцтва - гэта ўжо дастатковая кара для 14-17-цігадовых. Рэшта кары - так як кажу - мае быць нешта кшталту падвойнага курсу.


Религия, сексизм, гомофобия... что стыдно, а что не стыдно? 30.03.2019

KYKY.ORG опубликовало "Топ-50 вещей, которые стыдно делать, носить и транслировать в 2019 году". Здесь предлагаю избранное и после прогона через критическое мышление:

1. "Выгул собак без пакетиков". Да, мы "в ответе за тех, кого приручили"... и за тех, кого не приручили - сограждан из гомо сапиенс, которые имеют право войти в парк и не очутиться там, где очутилась бедная шкловская корова.

2. "Отрицание чтения книг: Ученые, которые исследуют мозг, как один говорят, что люди..." На счет книг - правильно. А вот эксплуатация авторитета науки для подтверждения любого банального высказывания - это дурная привычка. Что касается выражения "как один говорят" - вообще оскорбление для научного сообщества (подумайте сами, почему).

3. "Ор на детей" - правильно и своевременно.

4. "Шутки над блондинками" - правильно. От себя добавим: Нечем притупить свой интеллект, так ударься головой об стенку, а не тиражируй такого рода шутки.

5. "Гомофобия" - правильно и неправильно. Если решили говорить об "убеждении о «неправильности бытия геем»", тогда обратите внимание, что "-фобия" - это страх, а не убеждение. Ага, "все употребляют такой термин"? Ок, будьте как все.

6. "...И беларуского"* - расслабьтесь: секунду ранее вы писали "английского", а не "инглишского", поэтому нет смысла и здесь коверкать русский язык. "Беларуский" - это было модно в начале нулевых, но мода прошла - возвращайтесь к форме "белорусский". Или переходите на мову.

7. "За легализацию абортов женщины боролись..." ...а также мужчины, которым выгодно сказать "ну так делай аборт", умыть руки и все последствия оставить женщине. Про статус человеческого эмбриона молчим, так как в 2019 все еще в тренде средневековое убеждение, что человеческой эмбрион - это растеньице. Но не за горами времена, когда стыдно будет не знать, что ЧЭ - это представитель homo sapiens.

8. "Сексизм (...) Любая установка на то, что кто-то что-то должен, исходя из своего природного гендера..." Все верно, но сексизм - установка не на то, "что кто-то что-то должен", а на на то, кто кем есть.

9. "Фанатичная религиозность. В эпоху ИИ сложно найти более несвоевременную идею, чем божественное происхождение человека и природы." Плагиат. Начиная с 18 века точно такая же фраза появлялась в сотнях манифестах атеистов. Вставка переменной "ИИ" ничего не меняет. Стыдно тиражировать в 21 веке затасканные фразы двухсотлетней давности. Это тот же самый уровень, что и анекдоты о блондинках.

--
* "и беларуского" - во избежание недоразумений: "стыдно в 2019 не знать беларуского" - таков посыл KYKY. К самому посылу возражений нет.

Не верце шарлатанам 22.03.2019

Я ніколі не быў фанатам Джорджа Сораса і ніколі ім не буду. Але гэта разумны дзядзя, а да таго ж гэта на сённяшні дзень адзін з нямногіх (sic!), для каго "адкрытае грамадства" - гэта нешта большае, чым прыгожы слоган.

Падчас прамовы на сёлетняй Давосаўскай канферэнцыі Сорас гаварыў пра Штучную Інтэлігенцыю як патэнцыйную пагрозу для адкрытага грамадства. Канкрэтна, ён казаў пра тое, што можа азначаць ШІ ў руках такога ўраду, як кітайскі. Я ўжо чакаў, калі яго абвесцяць "рэтраградам" і будуць павучаць заўвагамі, што маўляў, развіццё ШІ - гэта заканамерны этап цывілізацыі, што гэта будучыня, мультыплікацыя магчымасцяў і пад. Але... ці дзякуючы аўтарытэту Сораса, ці трапнасці яго заўваг, нідзе ў вядучых СМІ не было такіх намёкаў. Што ж, гэта нават цешыць.

Сорас казаў пра пагрозу, якую ШІ можа несці як тэхналагічная з'ява. Але - пачынаю цяпер гаварыць ад сябе - гэта, бадай, толькі 25% або нават 15% праблемы. 75-85% пагрозы - гэта ірацыянальная вера ў штучную інтэлігенцыю. Вера ў надыход Эры ШІ.

Паколькі "штучная інтэлігенцыя" - гэта мянушка- антрапамарфізм нададзены найбольш прасунутым інфармацыйным тэхналогіям, якія "імітуюць" чалавечыя кагнітыўныя здольнасці, то буду далей гаварыць больш нейтральна - менавіта пра ІТ.

Пару год таму адзін з айчынных бліскучых айцішнікаў па імені Мікола Маркоўнік, у палеміцы з Сярнеем Чалым харызматычна даводзіў, што мы стаім перад эпохай "нетакратыі" - эпохай, якая сілай гістарычнага наканавання неўзабаве прыйдзе на месца капіталізму, калі ўся ўлада будзе належаць "лічбаваму класу". Спадар Маркоўнік начытаўся візіянераў а-ля Аляксандр Барт, якія маюць столькі супольнага з рацыянальным мысленнем, што расейскія філосафы а-ля Дугін. Тое, што адзін распавядае пра "Усемагутны Інтэрнэт", а другі - пра "Вялікую Расею" - хай вас не ўводзіць у зман. Агульны назоўнік: наканавальніцкае мысленне, маўляў, у гэтым свеце ўсё прадвызначана. А калі ўсё прадвызначана, то вы, ты, я, мы - бязвольныя пешкі... Кожная форма таталітарызму пачыналася ад такой тэзы.

І вось, нядаўна з'явілася новая "зорка" на гарызонце - і пранеслася паўз беларускі небасхіл - Ювал Ноах Харары. Чарговы прамоўтар наканавальніцкага мыслення. Свабодная воля - гэта, маўляў, фікцыя, спароджаная хрысціянскімі багасловамі, а праўда палягае ў тым, што чалавек у сваіх дзеяннях прадвызначаны генетыкай, а чалавецтва ў сваёй гісторыі - "гістарычнымі законамі". Мы непазбежна рухаемся ў напрамку "датаізму" (ператварэнне чалавека ў элемент "дадзеных"). Калі хтось хоць павярхоўна знаёмы з гісторыяй філасофіі, то ведае, што фактычна нічога арыгінальнага ў тэзісах Харары няма, за выключэннем хіба што слова "датаізм" (нават не парупіўся прыдумаць больш арыгінальную назву для "наканаванай эпохі").

Наколькі ўплыў "наканавальніцкага мыслення" шырокі і моцны, я пераканаўся, калі адзін з эканамістаў, чалавек у цэлым рацыянальнага складу, у размове са мной пачаў разважаць у вельмі падобным стылі, што і Маркоўнік. Маўляў, "усё ідзе ў накірунку" вось такім і такім. Гэта прымусіла мяне ўсвядоміць, наколькі ўплывовымі і спакуслівымі могуць быць наканавальніцкія дактрыны.

Дык пры чым тут ІТ? Яны - па вялікім рахунку - ні пры чым. Гэтаксама як зоркі на небе ні пры чым. Пытанне ў тым, што чалавек з імі робіць. Існуе архаічная тэндэнцыя ў чалавеку "дэлегаваць" свае мысленчыя здольнасці нейкім над-асабовым сілам. Адсюль папулярнасць астралогіі. Вера ў надыход "эпохі штучнай інтэлігенцыі" або "нетакратыі" або "датаізму" - гэта разнавіднасць вось такога дэлегоўвання. Маўляў, зоркі, кафейная гушча або штучная інтэлігенцыя (ІТ) прадвызначаюць чалавечы лёс.

Але ІТ валодае ўсё ж большым патэнцыялам у плане ўвядзення людзей ў стан наканавальніцкай ілюзіі, чым зоркі або кафейная гушча. Чалавек, які 10, 15, 20 гадзін у суткі камунікуе з кампутарамі, іх абслугоўвае, ім давярае, уваходзіць у стан навязлівай ілюзіі, што таксама сацыяльны свет - гэта прадукт кампутарнай праграмы і што, магчыма, уся чалавечая гісторыя ад пачатку і да канца "запраграмавана". Гэта шкодная і вельмі непажаданая ілюзія.

Спадарства, не было такой эпохі, калі па свеце не гойсалі харызматычныя футуролагі-наканавальнікі. Хіліясты ў сярэднявеччы, Гегель або Маркс у 19-ым стагоддзі, Зодэрквіст, Бард ці Харары ў 21-ым - усе яны прадстаўнікі аднаго і таго ж мысленчага тыпу: наканавальніцтва. Усе даўнейшыя футуролагі мелі масу прыхільнікаў і палымяных вызнаўцаў. Сучасныя - таксама. Ну, чалавеку заўсёды хочацца ведаць будучыню. Я не хачу сказаць, што будучыня абсалютна непазнавальная. Што ж, у нейкай ступені будучыню мы можам пазнаць, але толькі з адноснай імавернасцю (як правіла, невысокай) і толькі на найбліжэйшыя 5-10, у рэдкіх выпадках - 15-20-25 год. Але па вялікім рахунку, будучыня людзей не падпарадкоўвацца ні гістарычным, ні эвалюцыйным, ні яшчэ якім законам. Яна - адкрытая і ў значнай ступені невядомая.

Важна падкрэсліць: я крытыкую Харары і яму падобных не таму, што яны "няправільна" прадказваць будучыню, а таму, што яны няведанне выдаюць за веду. Гэта шарлатаны. Калі вам сапраўды дарагія такія каштоўнасці, як свабода, розум і гуманізм, то ігнаруйце гэтых шарлатанаў.

чытаць іншыя навіны