АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Завод перапрацоўвання пластыку ў Заслаўі: карысць ці шкода для прыроды?

Завод перапрацоўвання пластыку ў Заслаўі: карысць ці шкода для прыроды?
11.07.2019
Прадпрыемства па перапрацоўванню пластыку ў 300 метрах ад жылых дамоў.

 Сяргей Бычэнка ўсё жыццё пражыў у Заслаўі, мае прыватны дом. Днямі ён разам з суседзямі адчуў непрыемны пах.

«Апошнім часам увечары яно пачало адчувацца, вы ведаеце, раней думалі, што вогнішчы хтосьці паліць, пластмасы нейкія, а цяпер сапраўды пах стаіць. У вячэрні час, удзень нічога не скажу, а вось увечары адчуваецца», – кажа жыхар Заслаўя Сяргей Бычэнка.

За трыста метраў ад ягонага дому – прадпрыемства для перапрацоўвання пластыку. Пра тое, што прадпрыемства працуе ўжо некалькі гадоў, шмат якія жыхары даведаліся толькі два тыдні таму.

«Быццам плавіцца праводка, такі вось пах, проста мы не ведалі адкуль гэта. Па шчырасці, мы нават не падазравалі, што гэтае прадпрыемства так актыўна працуе», – кажа Ірына Захарэнка, жыхарка Заслаўя.

Жыхары Заслаўя адразу аб’ядналіся, каб разам развязаць праблему.

«Пераехалі з Менску для таго, каб жыць у экалагічна чыстым раёне, рэальнасць такая, што раён перастае быць экалагічна чысты, таму прыкладзем усе намаганні, каб неяк сітуацыю змяніць», – кажа Ганна Пахоніна, жыхарка Заслаўя.

«У Расеі адбыліся смеццевыя бунты, зусім нядаўна. Мы не хочам, каб у нас было, як у Расеі, адсталай краіне, мы хочам, каб у нас было, як у Францыі, перадавой краіне», – лічыць Ірына Федарэнка, жыхарка Заслаўя.

Мясцовы выканкам абвесціў пра пачатак грамадскага абмеркавання гэтак званай ОВОС – ацэнкі ўздзеяння на навакольны асяродак. Аднак каб правесці грамадскі сход, трэба напісаць адпаведную заяву. Жыхары ж, не чакаючы сходу, рушылі да чыноўнікаў. Але такія паходы не маюць шмат сэнсу, лічыць намеснік кіраўніка адміністрацыі.

«У працэсе грамадскага абмеркавання можна збіраць подпісы, гэта будзе афармляцца. Гэта будзе бачна, камісія павінная гэта ўсё адлюстраваць, а не проста прыйсці ды паразмаўляць», – мяркуе Аляксандр Нацэўскі, намеснік Заслаўскага Гарвыканкаму.

Пакуль выканкам не прызначыў даты грамадскага сходу, мы разам з жыхарамі і палітыкам Віталём Рымашэўскім ідзем на прадпрыемства.

«У прынцыпе, такія вытворчасці, вядома, патрэбныя для Беларусі, але размяшчаць іх у беспасярэдняй блізкасці ад дамоў, калі там вось людзі жывуць, гэта злачынства, бо нават паводле новай ОВОС 136 кг выкідаў прыкладна будзе штогод выкідацца ў паветра», – кажа палітык.

Кіраўнік прадпрыемства Леанід Ізотаў шчыра не разумее канфлікту. Ён расказвае, што з уласнае ініцыятывы замовіў ацэнку ўздзеяння на навакольны асяродак.

«13 гадоў я працую і толькі сёлета атрымаў магчымасць прывесці дакументацыю ў адпаведнасці з заканадаўствам», – кажа Леанід Ізотаў, кіраўнік ТАА «ІМЭКО».

«А як вы працавалі дасюль?» – цікавяцца жыхары.

«У мяне ліцэнзія ёсць» – адказвае Леанід.

Спадар Леанід перакананы: ягонае прадпрыемства карыснае для прыроды. Яно перапрацоўвае пластык. І паводле АВОС шкоды вялікае не нясе.

«Зрабілі маніторынг навакольнага асяродку, колькі ўжо тут ёсць, ну, колькі тут выкідаў, і тыя выкіды, якія будзе даваць гэтае прадпрыемства, яно не робіць экалагічнай небяспекі, без шкоды», – кажа Леанід Ізотаў.

Паводле кіраўніка прадпрыемства, ніякіх нормаў ён не парушае. Санітарная зона для гэткіх прадпрыемстваў – 100 метраў – ізноў – ніякага парушэння. Але жыхары ставяцца да вытворчасці з недаверам і будуць дамагацца правядзення незалежнай экалагічнай экспертызы. 

Наста Кахановіч, belsat.eu


Дата стварэння навіны 11.07.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку