АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Пасля кроку на прайд: цi зробiць БНФ крок наперад?

Пасля кроку на прайд: цi зробiць БНФ крок наперад?
10.07.2019
Старшыня Беларускага Народнага Фронту Рыгор Кастусёў пасля шпацыру па Вiльнi трапiў у віхуру турбулентнасцi...

Спачатку лiдар БХД Павал Севярынец перастаў вiтацца з iм за руку, пра што публiчна выказаўся, а потым i намеснiк самаго Кастусёва пакiнуў партыю.

Гэтыя ўчынкі ў сваёй эмацыйнай дэманстратыўнасцi падаюцца зусiм не адпаведнымі нагодзе: Кастусёў усё ж не рабiў нечаканых камiн-аўтаў i не прапаноўваў рэвалюцыйныя папраўкi ў партыйную праграму. Ён усяго толькi папрысутнiчаў на першых хвiлiнах вiленскага гей-прайду, i нават не ў якасцi запрошанага госця — літаральна мiмаходзь. Але разумеючы, што палiтыкай займаюцца не дзецi, а дарослыя людзi, якiя нават у форму капрыза звычайна ўкладаюць глыбокі сэнс, я адразу задалася пытаннем: а што далей? I калi ў выпадку Севярынца цалкам зразумела, што дасведчаны палітык скарыстае нават дробную нагоду для працы на ўласную партыю, то дэмарш Аляксандра Стральцова прымушае задумацца, цi не згуляў намеснiк на апераджэнне якiх-небудзь наступных унутрыпартыйных падзей, з якiмi яму сапраўды складана было б сумяшчаць ультра-рэлiгiйныя погляды?

Тым не менш, любыя разважаннi на тэму, цi выступiць заўтра БНФ за легалiзацыю аднаполых шлюбаў, сутыкнуцца з ураганам контраргументаў, заснаваных на стэрэатыпным уяўленнi пра кансерватыўныя палiтычныя сiлы — што з боку iх самiх, што з боку iх iдэйных апанентаў. Таму я i не пачынаю такiх разважанняў. Лепш паразважаць пра тыя самыя стэрэатыпныя ўяўленнi кшталту «гэта немагчыма, бо немагчыма ў прынцыпе».

Кансерватар не гей, гей не кансерватар?

Памылкова лiчыць, што кансерватары не адчувальныя да зменаў у грамадстве i заўжды стаяць на адным месцы. Як трапна заўважае беларускi журналiст і палітычны аглядальнік Вiталь Цыганкоў, «кансерватары зусім не з’яўляюцца рэтраградамі, яны часта выступаюць за змены, але такія, якія адпавядаюць іх каштоўнасцям». Тым больш памылкова лiчыць, што сексуальная арыентацыя прадвызначае палiтычныя ды эканамiчныя погляды: бясконцыя прыклады ў Еўропе ды Злучаных Штатах яскрава дэманструюць зваротнае. 

Сапраўды, доўгі час правы аднаполых параў адстойвалі левыя палiтычныя сiлы, але сiтуацыя даўно змянiлася i не заўважыць гэта можа толькi сляпы. ЛГБТ-супольнасць у ЗША актыўна падтрымлівала Дональда Трампа, якi ў свой час адплаціў узаемнасцю, запланаваўшы дэкрыміналізацыю гомасексуальнасці ва ўсім свеце. Шэраг вядомых амерыканцаў гомасексуальнай арыентацыi (у тым лiку, напрыклад, заснавальнiк сiстэмы PayPal Пiтэр Тыль) паслядоўна падтрымлiваюць менавiта кансерватыўную Рэспублiканскую партыю; у абарону ЛГБТ выказваецца правы «Нацыянальны Фронт» у Францыi; шведскiя кансерватары дамагаюцца магчымасцi ладзiць гей-прайды таксама i ў мусульманскiх кварталах i нават у далёкай (геаграфiчна, але не цывiлiзацыйна) Аўстралii кансерватыўны прэм’ер-мiнiстр наведвае гей-парад.

У той час, калi некаторыя занадта прагрэсiўныя змены — у рэгуляваннi эканомiкi цi мiграцыйным заканадаўстве — не заўжды апраўдваюцца i правакуюць новыя бурлiвыя дыскусii, выглядае, што па пытаннях аднаполых стасункаў асноўныя палiтычныя сiлы дасягнулі кансэнсуса. I гэта цалкам лагiчна: якую б сексуальную арыентацыю не меў чалавек, ён мае яшчэ цэлы пакунак важных каштоўнасцяў ды iнтарэсаў, якiя, часам, можа дапамагчы абараніць толькi правая палiтычная сiла. А таму прадстаўнiкi ЛГБТ падтрымлiваюць кансерватыўных палiтыкаў, робяцца кансерватыўнымi палiтыкамi, i ў сваю чаргу, ужо як кансерватыўныя палiтыкi, абараняюць правы ЛГБТ.

А супраць хто?

Апаненты правых партый на Захадзе звычайна, у залежнасцi ад тых цi iншых надзённых праблем, — гэта партыi левага палiтычнага поля, а часам i ўльтракансерватыўныя. Але беларуская сiтуацыя мае свае адметнасцi: з аднаго боку, кансерватары (як i астатнiя апазiцыйныя партыi) супрацьстаяць афiцыйным уладам, а з iншага, менавiта БНФ заўжды выступаў перадусiм за максiмальнае адасабленне ад Расii i дасягненне сапраўднай эканамiчнай, палiтычнай, культурнай ды ментальнай незалежнасцi. Выпадковасць цi заканамернасць — па ЛГБТ-супольнасцi i беларускiя, i расiйскiя ўлады займаюць салiдарна негатыўную i агрэсiўную пазiцыю.


Канешне, само па сабе пытанне легалiзацыi аднаполых шлюбаў яшчэ доўга не паўстане ў Беларусі на першым плане палiтычнага парадку дня, але так цi iнакш выкарыстаць яго як дадатковую зброю ў змаганні з агульным праціўнікам было б цалкам лагiчна. Галоўнае — не спазнiцца, каб праціўнік раптам i нечакана не разыграў гэтую карту першым i не стаў выглядаць больш цывiлiзаваным.

Вернемся да нашых зуброў

Беларуская нацыянальная iдэя — гэта моцны i надзейны падмурак, якi заўжды дапамагаў партыi БНФ перажываць складаныя часы. I пакуль асобныя людзi дэманструюуць, што дагматычныя ўяўленнi аб сексуальнай арыентацыi для iх важней за гэтую iдэю, яна ўсё роўна жыве, i яе багата хто падзяляе, у тым лiку i з ЛГБТ-грамады. Нацыянальная iдэя, безумоўна, пераможа, але тым хутчэй, чым хутчэй знiкнуць дробныя штучныя перашкоды для ўсiх яе прыхiльнiкаў шанаваць адзiн аднаго. Каханне да чалавека iншага цi такога ж полу не можа супярэчыць любовi да Беларусi.

Рыгор Кастусёў праявiў сапраўдную палітычную мудрасць, калi скарыстаў магчымасць i ацанiць вулiчнае мерапрыемства ў дэмакратычнай краiне, i скласцi меркаванне, заснаванае на ўласных назiраннях, а не побытавых страшылках. Яно змянiлася ў параўнаннi з папярэднiм — i гэтая абгрунтаваная гнуткасць, здольнасць адчуць подых часу ёсць цудоўнай рысай, уласцiвай толькі мудрым людзям. Напрыклад, той жа Ангеле Меркель, якая моцна паўплывала на лёс аднаполых партнёрстваў у Нямеччыне, змянiўшы ў пазітыўны бок уласнае стаўленне i таксама пры блiжэйшым знаёмстве з аднаполымi парамi. Не ведаю, цi сустракаўся з ёй пасля гэтага Севярынец як прадстаўнiк той жа палiтычнай сям’i, але вiдавочна, што руку цiснуць не мусiў.

Яшчэ адна важная для любога цывiлiзаванага палiтыка якасць — гэта спагада, якую лiдар беларускiх нацыяналiстаў праявiў, рэзка асудзiўшы пагрозы i гвалт у дачыненнi да ўдзельнiкаў гей-прайду. І мне асабіста вельмi прыемна, што iдэалагiчныя погляды не перашкаджаюць прынамсі некаторым палiтыкам памятаць пра галоўнае: пра чалавечыя жыццi, нават i вельмi адрозных ад iх, i не ва ўсiм зразумелых iм людзей. Гэты крок Рыгора Кастусёва па вiленскай брукаванцы, да месца збору ўдзельнiкаў гей-прайду, гэты «маленькi крок для чалавека» сапраўды можа стаць «аграменным скачком» — ну калi не для чалавецтва, то дакладна для Беларусi, для перамогi спагады i гуманнасцi ў нашым стракатым грамадстве.

novychas.by, Кацярына Шуст



Дата стварэння навіны 10.07.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку