АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Міхаіл Жамчужны не патрапіў пад амністыю

Міхаіл Жамчужны не патрапіў пад амністыю
09.07.2019
Палітвязень Міхаіл Жамчужны марыў выйсці на волю па амністыі, якая ў гэтым годзе была прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення краіны, але пакаранні з яго так і не знялі.

«Зараз Міхаіл, напэўна, у чарговы раз знаходзіцца ў штрафным ізалятары, бо доўга ўжо нічога не пісаў», — паведаміў сайту palitviazni.info праваабаронца Леанід Свецік.

«Пад амністыю Жамчужны не патрапіў, бо з яго не знялі пакаранні, — кажа Леанід Свецік. — Хаця ён імкнуўся да гэтага, у яго была мэта — выйсці на волю. Міхаіл абскардзіў усе свае спагнанні і пакаранні, якія яму абвясціла адміністрацыя калоніі, але, як бачым, гэта выніку не дала».

У той жа час, па словах праваабаронцы, ёсць яшчэ, хаця і вельмі малы, але шанец апынуцца Жамчужнаму на волі.

«Як кажуць, надзея памірае апошняй, — зазначае Леанід Свецік. — Наколькі мне вядома, амністыя будзе працягвацца каля паўгода, і, магчыма, здарыцца цуд і Міхаіл патрапіць пад яе. Але на гэта трэба больш палітычная воля вышэйшага кіраўніцтва, і для гэтага павінны быць нейкія перадумовы ўнутранага і знешняга характару, якія б зрабілі вызваленне Жамчужнага мэтазгодным для ўлады.

Міхаіл Жамчужны — адзіны афіцыйна прызнаны палітвязень у Беларусі, і ўлада, можа быць, і хацела б, каб гэтай чорнай плямы ва ўзаемаадносінах з Захадам не было. Былі спадзяванні таксама на Еўрапейскія гульні, меркавалася, што да гэтага форума могуць быць нейкія целарухі ўлады ў дачыненні да палітвязня, але нічога не адбылося».

Праваабаронца мяркуе, што зараз ёсць два варыянты: альбо ўлада чакае неякіх падзей, каб выпусціць Жамчужнага на волю раней, альбо прынята прынцыповае рашэнне не выпускаць Міхаіла да 2021 года, калі ў яго закончыцца тэрмін зняволення.
***
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.



Дата стварэння навіны 09.07.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку