АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Эколаг Ірына Кашпей: Убачыў воўка — радуйся

Эколаг Ірына Кашпей: Убачыў воўка — радуйся
02.07.2019
Суразмоўніца вывучае ваўкоў у Белавежскай пушчы і на Палессі.

«Канец страшнай ваўчыцы», «Пад Слонімам застрэлілі вялізнага воўка. Магчыма, таго самага чупакабру-забойцу», «Вёска ўзвыла воўкам: у Гарадоцкім раёне шэрыя драпежнікі прывучылі вяскоўцаў да вілаў і сякер...» Вакол гэтага звера існуе шмат страхаў, стэрэатыпаў, якія стараюцца разбурыць у грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» дзякуючы праекту vоuk.bу. Яе супрацоўніца Ірына КАШПЕЙ любіць жывёлу ўсёй душой. Паслухаем яе?

Суразмоўніца вывучае ваўкоў у Белавежскай пушчы і на Палессі. Як? Пры дапамозе спецыяльных GРS-ашыйнікаў, якія ўключаюцца раз у гадзіну і фіксуюць месцазнаходжанне звера. Дзяўчына ездзіць у экспедыцыі на адлоў, каб павесіць тыя самыя ашыйнікі, збірае генетычны матэрыял, працуе з фотапасткамі, аналізуе замежную літаратуру і рыхтуе навуковыя публікацыі, якія адаптуюць і публікуюць у спецыяльным «воўчым» блогу. Там можна даведацца, чаму жывёлы выюць, што ўваходзіць у іх ланч-бокс, і як шэрыя праводзяць свае ўік-энды. Зверу можна выбраць імя, а таксама прасачыць за яго перамяшчэннямі. Ваўкі Мікола, Міхась, Руды, Завея, Алесь і Луна прывабліваюць вялікую аўдыторыю сваімі гісторыямі і становяцца сапраўднымі сябрамі многіх беларусаў...

Фо­та Тац­ця­ны Ка­пі­то­на­вай.

...З самага дзяцінства маленькая Іра ведала: кожны звер важны і карысны, і кожнаму ёсць месца ў жыцці. Аднак, калі глядзела фільмы пра дзікую прыроду, ніколі не думала, што стане яе абаронцай.

— Я нарадзілася на Палессі, але пасля з сям'ёй пераехала ў Мінск, і тут ужо скончыла школу, — расказвае сваю гісторыю суразмоўніца. — Думала, што калі пайду на біялагічную спецыяльнасць, то стану толькі настаўнікам. Насамрэч, аказалася, што ў гэтай прафесіі ёсць вялізная колькасць розных кірункаў. Спачатку вырашыла, што максімальна блізка маім інтарэсам адпавядае медыцына. І паступіла на ўрача. Але потым зразумела, што гэта не маё. Размеркавалася ў навукова-практычны цэнтр, дзе працавала ўжо на шостым курсе. Але і там не атрымлівала ні радасці, ні задавальнення. Уставала ранкам і думала: «Хутчэй бы вечар, выхадныя...» Не таму, што работа дрэнная, не. Проста гэта не тое, чым хацелася б займацца, дзе я змагла б рэалізаваць сябе. Таму пасля размеркавання сышла. Прычым, у нікуды. Падумала: «Як будзе, так і будзе».

— Калі ваша жыццё кардынальна змянілася?

— Мабыць, пачалося ўсё з падачы заяўкі па праграме Еўрапейскай валанцёрскай службы ў найбуйнейшую італьянскую арганізацыю па абароне навакольнага асяроддзя. Падала і, як гэта часта бывае, зусім забылася пра яе. На месца прэтэндавала вельмі шмат ахвотных, і я нават не ўяўляла, што шанц выпадзе менавіта мне. Аднак, акурат пасля таго, як звольнілася і паехала на адпачынак, мне прыйшло запрашэнне на сумоўе. Усё само склалася так, як нават і не планавала. Я трапіла ў праект па абароне навакольнага асяроддзя і дзікай прыроды і на ўвесь 2017 год з'ехала ў Італію. Вось менавіта тады быў такі пераломны момант, калі я зразумела: мары спраўджваюцца, і ўсё, што было нерэальнае і недасягальнае, становіцца рэчаіснасцю. Дзякуючы праекту ў Італіі я па-іншаму паглядзела на тое, чым займаюся, пачала прыслухоўвацца да сябе і сваіх жаданняў...

— ...І менавіта яны прывялі вас у арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны»?

— Можна і так сказаць. Пасля праекта я завочна паступіла ў магістратуру Эдынбургскага ўніверсітэта на спецыяльнасць «Біяразнастайнасць, дзікая прырода і здароўе экасістэм». А дзе ж працаваць? Мне вельмі хацелася атрымаць досвед у гэтай сферы. Даведалася пра АПБ, прыйшла туды і сказала: «Можна, калі ласка, да вас?» Мне не патрэбны былі грошы, не шкада было і часу. Прыходзіла ў офіс і рабіла ўсё з радасцю. Недзе праз паўтара месяца мне ўсё ж прапанавалі пасаду. Цяпер я займаюся ваўкамі і іншымі відамі, напрыклад, барсуком.

— Як думаеце, Палессе неяк паўплывала на выбар вашага занятку?

— Раней нават не задумвалася, але цяпер мяркую, што вельмі. Гэта асаблівы рэгіён Беларусі, да якога ў мяне прывязанасць, любоў. Увогуле, як многія дзеці, на летнія канікулы я ездзіла да бабулі ў вёску. І яна мне часта казала, што я хадзіла па лесе задраўшы галаву: назірала за птушкамі, пчоламі, што апылялі расліны, замест таго, каб збіраць грыбы ці ягады...

— Вы ездзіце на адлоў ваўкоў... Як гэта адбываецца?

— Спачатку на выбранай мясцовасці ўстанаўліваюцца пасткі, якія не дазваляюць зверу выцягнуць лапу, але не пашкоджваюць яе. Каб жывёла доўга не знаходзілася ў пастцы, уся наша каманда разбіваецца на групы і часта правярае іх. Далей, калі воўка злавілі, спецыяліст робіць яму ўкол, каб той заснуў. Тады надзяваем GРS-ашыйнік, збіраем генетычны матэрыял, фатаграфуем, узважваем, вымяраем рост — робім усё, што неабходна да далейшага вывучэння. Пасля ўводзяць антыдот, і воўк збягае. А мы сочым за перамяшчэннямі. Раз у гадзіну з сім-карты нам дасылаецца паведамленне пра месца яго знаходжання. Так, ваўкі шлюць нам СМС-кі (усміхаецца). Ашыйнікі працуюць некалькі месяцаў, а калі заканчваецца зарад батарэі, самі адкрываюцца і падаюць.

— А як вы потым дазнаецеся пра жыццё звера? Ён жа сам не расказвае...

— Атрымліваючы звесткі з ашыйніка, мы можам сачыць за маршрутам воўка. Па каардынатах становіцца зразумела: ён у зграі, калі тэрыторыя пастаянная, ці адзіночка, калі хаатычная. Таксама мы пачынаем хадзіць па слядах звера і такім чынам можам прасачыць, чым ён харчуецца — па рэштках жывёл. Зноў жа, у зграі могуць здабыць буйную жывёлу, адзін жа харчуецца дробнымі ці падлай. Яшчэ збіраем даныя з фотапастак, каб вызначыць колькасць звяроў ці ідэнтыфікаваць канкрэтнага, калі ён наш. Была такая гісторыя, калі мы некалькі дзён атрымлівалі даныя з адной кропкі. Што здарылася? Думалі, мо, ашыйнік ужо ўпаў... Аказалася, што звер проста ляжаў пад елачкай, чакаў, калі скончыцца дождж.

— Што вы адчулі, калі ўпершыню ўбачылі воўка?

— О! Неверагодную радасць! Не магла стрымаць эмоцыі! Вось, там сапраўдны воўк, і ён на нас глядзіць! Падыходзіць бліжэй было нельга, пакуль спецыяліст не ўколе транквілізатар. Ведаеце, убачыць воўка на Палессі — вялікая ўдача. Бо, як аказалася, там іх не так многа, значна меней, чым у Белавежскай пушчы. Адразу вельмі захацелася яго памацаць, даведацца, як ён пахне, якая ў яго поўсць. Як высветлілася, жорсткая. Але вушы мяккія (усміхаецца). Увогуле, гладзіць воўка — нейкае дзівоснае дзеянне. Гэта тое, з чым ты не сутыкнешся ў звычайным жыцці. Але, дзякуючы цудоўнай рабоце, у мяне ёсць такая магчымасць.

— Ці можа звычайны чалавек сустрэцца з гэтым зверам у прыродзе?

— Многія думаюць, што калі пойдзеш у лес, абавязкова сустрэнеш яго, і трэба будзе абараняцца. Гэта зусім не так. Па-першае, ён, хутчэй за ўсё, даведаецца пра ваша набліжэнне першы і пастараецца схавацца. Нармальная, не шалёная жывёла, ніколі не выйдзе да чалавека. Толькі ў выпадку, калі ён малады адзіночка, і яму проста цікава, ці ім кіруе голад. Або бываюць сітуацыі, калі чалавек падыходзіць да звера з падветранага боку, і той не чуе. Але такое адбываецца вельмі рэдка, і часцей з тымі, хто непасрэдна працуе ў лесе. Таму, кажуць: «Убачыў воўка — радуйся». Гэта сапраўды вялікая ўдача.

— Але ўсё ж такі, раптам такое адбудзецца...

— Пра гэта добра распавядаў грузінскі вучоны Ясон Барыдзэ, які вялікую частку жыцця прысвяціў вывучэнню воўка. Ён раіць не бегчы, а ціхенька адступаць, схавацца за чымсьці, што будзе па-за межамі яго поля зроку. Трэба паказваць сваё абсалютнае нежаданне з ім знаёміцца, не лезці да яго. Усё ж такі дзікі звер... Унікальнага рэцэпту тут няма. Ваўкі ж, як і людзі, усе розныя.

— А да палявання вы як ставіцеся?

— Адмоўна, але я разумею, што людзі на цяперашні момант без гэтага не могуць. Аднак калі і трэба адстрэльваць, то, напрыклад, так званых пераяркаў, тых маладых, што адлучыліся ад зграі, якія могуць заходзіць у вёскі і шкодзіць людзям. Тады праблема звужаецца. За тэрыторыяй сочыць мацёрая пара, якая перадае ў спадчыну сваю культуру палявання, і яна ніколі не дазволіць прыйсці на «свой участак» іншым ваўкам, а таксама падтрымлівае неабходны прыродны баланс там, дзе жыве. Але, на жаль, у нас лічыцца прэстыжным забіць менавіта мацёрага воўка. Пасля чаго зграя распадаецца, а моладзь не ўмее паляваць. Яны разыходзяцца па яшчэ большай тэрыторыі, часцей выходзяць да людзей, больш размнажаюцца. Вядомы факт: калі пачынаюць забіваць ваўкоў, іх колькасць павялічваецца. Але, калі знішчаць іх шмат, як гэта робіцца зараз, папуляцыя становяцца генетычна збедненай, няма прытокаў новых генаў. Яны перастаюць выконваюць тую функцыю, якую павінны.

А вы ведалі?

Па звестках Міністэрства лясной гаспадаркі за 2018 год, колькасць ваўкоў на тэрыторыі Беларусі складала 1348 асобін (здабыта было 1873).

З 2000 года аб'ёмы вымання з прыроды жывёлы гэтага віду штогод складаюць не менш за 50 працэнтаў ад улічанай колькасці. Пры гэтым за апошнія тры гады здабыча стала практычна такой жа, як і выяўленая папуляцыя. Падаецца, што пры такім інтэнсіўным паляванні колькасць звера павінна была пачаць зніжацца. Але яна застаецца стабільнай і нават працягвае расці.

Справа ў тым, што рост колькасці жывёлы можа стымулявацца якраз актыўнай здабычай. Воўк з'яўляецца тэрытарыяльным драпежнікам, і пры гібелі пары іх паляўнічыя ўгоддзі вызваляюцца, што выклікае натуральныя міграцыйныя перамяшчэнні. Апроч таго пры павышаным выманні адбываецца так званая кампенсацыйная нараджальнасць.

Варта таксама адзначыць, што ваўкі ва ўмовах зніжэння колькасці іх асноўнай ахвяры — дзікіх капытных — не зніжаюць сваёй уласнай. Гэта сведчыць аб высокай пластычнасці віду. Драпежнік мае дастаткова багаты набор кармоў і можа хутка пераключацца з аднаго на іншыя.

Спецыялісты адзначаюць важную ролю звера ў рэгуляванні папуляцый лісіц і янотападобных сабак, якія распаўсюджваюць шаленства і аказваюць негатыўнае ўздзеянне на рэсурсныя віды паляўнічай фаўны. Акрамя таго, воўк здольны падтрымліваць на пэўным узроўні колькасць бабра, што змяншае шкоду лясной і сельскай гаспадаркам.

Юлія Адамовіч, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

zviazda.by

Дата стварэння навіны 02.07.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку