АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Ганна Севярынец: Учыненне дабра — горшае зло

Ганна Севярынец: Учыненне дабра — горшае зло
01.07.2019
Аднойчы я бачыла, як адна мама карміла сваю дачку-абітурыентку шакалядкай.

Ішоў экзамэн, моладзь па чарзе выходзіла-ўваходзіла ў аўдыторыю. Усё як звычайна: нехта нешта давучвае, нехта стаіць з мэдытатыўным выглядам, нехта пасьмейваецца, нехта сумуе на падваконьні. Адна дзяўчынка была з мамай. Худзенькая, беленькая дзяўчынка і вельмі прыгожая мама.

Настуля, шакалядка. Зьеш шакалядку. Яна падбадзёрыць. Мам, не хачу. Настуля, трэба. Памятаеш, як табе стала блага на гісторыі? О то ж. Зьеш шакалядку. Я ж цябе ведаю, ты ж не сканцэнтруесься. Мам, не хачу. Настуля, я з табой здаю ня першы экзамэн. Зьеш шакалядку. Мам! Градус гутаркі нарастаў, назіральнікі пакрысе пачалі адпаўзаць на далёкія крэслы.

Урэшце мама дастала шакалядку, адламала кавалак і паднесла да твару дзяўчыны. Тая сьціснула вусны. І тады мама пачала вазюкаць шакалядкай па вуснах дачкі.

Выглядала гэта ўсё болей, чым мэтафарычна. Беленькая, худзенькая дзяўчынка, уся ўмурзаная ў карычневае.

Малая ўскочыла і пабегла ў туалет — мыцца і плакаць. Мама пабегла за ёй, але ля туалета прыпынілася — і стала ў роспачы. Гэта ўсё немагчыма было трываць, і я сышла.

Я не магу глядзець, як бацькі ўчыняюць дзецям дабро. Мне падаецца, гэта шчэ горш, чым учыняць зло. Калі табе робіцца зло, усе гульцы маюць адносна роўныя правы і ведаюць правілы: супрацьстаяць ці абараняцца. Калі ж табе ўчыняюць дабро, рукі твае надзейна закутыя ў кайданы чыёйсьці любові.

Мама, якая катэгарычна патрабуе ад сына залатога мэдаля. Тата, які патрабуе ад дачкі паступленьня ў мэдыцынскі. Бабуля, якая са сьлязьмі патрабуе, каб унучка ела і таўсьцела. Гэта ўсё — наша паўсядзённасьць, той, хто ўчыняе дабро, не разумее, што робіць блага.

Пад выглядам клопату і любові дзеці атрымліваюць ня толькі непатрэбныя ім мэдалі, факультэты і шакалядкі. Пад выглядам клопату і любові яны атрымліваюць досьвед гвалту і непрыняцьця. «Я не люблю цябе такім, які ты ёсьць, будзь іншым! Будзь мэдалістам ці доктарам, інакш — я пашкадую, што нарадзіў цябе. Бо я, калі даваў табе жыцьцё, плянаваў, што ты будзеш такім, як я хачу».

Адносна лёгка супрацьстаяць злой настаўніцы ці несправядліваму дырэктару школы. Невыносна цяжка — супрацьстаяць клопату родных пра цябе. «Я лепей ведаю, што для мяне лепш!» — ого, колькі аргумэнтаў вываліцца на вашу галаву, як толькі вы крыкнеце гэтыя простыя словы. Ад «я пражыла жыцьцё» да «ты жывеш на мае грошы».

Але ж самае, напэўна, сьвятое, што ёсьць у жыцьці чалавека — гэта права самастойнага рашэньня і безумоўнага прыняцьця. Абодва гэтыя правы дзіцёнку ад пачатку даюць бацькі — ніхто іншы. Толькі ад бацькоў залежыць, кім вырасьце чалавек — ахвярай чужой волі ці самастойнай асобай.

Мы ня маем права хацець чаго заўгодна за сваіх паўналетніх дзяцей. Усё, што мы можам ім даць у дарослым узросьце — прыняцьце, падтрымку і надзейны тыл. Як спытаюць — то параду ці дапамогу. Як папросяць — то грошай. Болей нічога. Ніхто ня ведае лепей за самога чалавека, якім яму быць — тоўстым, тонкім, белым, сінім, геем, натуралам, філёлягам ці юрыстам, аўтасьлесарам ці блогерам. Немагчыма вырасьці шчасьлівым паводле чужога сцэнару. Шчасьце — гэта калі ты сам.

Здаецца, гэта ўсім зразумела.

Але я кожны дзень бачу, як чарговая клапатлівая мама вазюкае па вуснах свайго дзіцёнка найсмачнейшай у сьвеце шакалядкай.
svaboda.org

Дата стварэння навіны 01.07.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку