АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Гродзенец паставіў палатку перад адміністрацыяй раёна і сабраўся там жыць. Яму адразу прапанавалі іншае жыллё

Гродзенец паставіў палатку перад адміністрацыяй раёна і сабраўся там жыць. Яму адразу прапанавалі іншае жыллё
25.06.2019
Так ён хацеў прыцягнуць увагу да праблемы недахопу жылля і вялікіх чэргаў на яго.

Аляксандр Лаўрэнцьеў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі правёў сімвалічную акцыю: паставіў палатку перад будынкам Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна. Так ён хацеў прыцягнуць увагу да праблемы недахопу жылля і вялікіх чэргаў на яго. Праз гадзіну кіраўнік адміністрацыі Алег Бялінскі выйшаў і прапанаваў яшчэ раз абмеркаваць яго заяву.

– Я тут хутка буду жыць, таму што дома ў мяне ўжо жыць няма дзе. У мяне 34,5 квадратных метры жылля, на якіх пражывае пяць чалавек. Цяпер у мяне малодшая дачка пойдзе ў школу, і мне нават пісьмовы стол… толькі да столі прыбіваць, каб яна магла займацца. З адміністрацыі мне прыходзяць толькі адмовы (на арэнднае жыллё – рэд.). Я прапаную выдаваць усім такія палаткі – эканомна, даступна, можна жыць. На скрайні выпадак, у летні перыяд перакантавацца можна, – кажа Аляксандр. Ён упэўнены, што такая праблема ў 30% насельніцтва краіны.

– Зараз у Беларусі праходзяць II Еўрапейскія гульні, на якія выдаткавана каля 100 млн долараў. З разлікаў па цэнах «Гроднажылбуда» – 500 долараў за квадратны метр – гэта 3000 кватэр сярэдняй плошчай 60 кв.м.

Аляксандр па прафесіі повар-кандытар. У яго ёсць жонка і двое дзяцей – дачка пяці гадоў і сын трох гадоў. Цяпер яны жывуць у Фабрычным з мамай Аляксандра. Пяць чалавек дзеляць паміж сабой 34,5 квадрата. Аляксандр баіцца, што сацыяльныя службы могуць убачыць умовы, у якіх жывуць дзеці, і ў сям’і з’явяцца праблемы. Да таго ж, з-за адсутнасці асабістай прасторы ў сям’і ўжо пачаліся канфлікты.

Аляксандр стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў з лістапада 2013 года. Ён хоча атрымаць арэнднае жыллё. Прэтэндуе на кватэры менш за 60 квадратных метраў, каб застацца ў чарзе і пацягнуць фінансава. Пакуль на ўсе заявы адказвалі адмовай. Таксама ўлады прапануюць уладкавацца на дзяржпрадпрыемства з інтэрнатам, але з заробкам каля 300 рублёў. Аляксандр звяртаўся нават у прэзідэнцкую камісію – апынулася, што на кожнага члена сям’і не хапае пражытачнага мінімуму. Там адправілі ў гарвыканкам, ад якога пакуль няма адказу.

Аляксандр тыдзень як беспрацоўны. Да гэтага працаваў у ТАА «Архіфуд». Кажа, атрымліваў каля 650 рублёў. Са святочнымі і фестывальнымі днямі атрымлівалася больш. Акрамя асноўнай працы, падпрацоўваў на будоўлі. Жонка працуе ў ГЦ «Карона» поварам. Абодва атрымаць жыллё ад месца працы не могуць. Здымаць – дорага, кажа Аляксандр.

– Гэта жэст чалавека, які проста не бачыць выйсця са становішча. Перад тым, як выставіць палату, мы зайшлі ў адміністрацыю і пацікавіліся, як быць у сітуацыі, ці можна атрымаць жыллё. Там склалі некалькі паперак, далі распісацца – чакайце, спадзявайцеся, – каментуе Мікалай Салянік, аднапартыец Аляксандра. Рашэнне праблемы Мікалай бачыць у пераразмеркаванні дзяржбюджэту.

Праз 10 хвілін пасля таго, як Аляксандр паставіў палатку, прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента аховы, якіх выклікалі ў адміністрацыі. Яны перапісалі асабістыя дадзеныя ў Аляксандра Лаўрэнцьева і Мікалая Саляніка. Але парушэнняў у дзеяннях актывістаў не ўбачылі.
Праз паўгадзіны прыйшоў участковы і міліцыянт. Яны таксама праверылі ва ўсіх дакументы і таксама не ўбачылі парушэнняў.

Праз гадзіну з адміністрацыі выйшаў яе кіраўнік Алег Бялінскі. Ён папрасіў прыбраць палатку, каб “не знішчаць газон”, які належыць арганізацыі. І прапанаваў яшчэ раз разгледзець магчымыя варыянты жылля.

Аляксандру прапанавалі напісаць заяву на трохпакаёвую кватэру з частковымі выгодамі па адрасе 3-ці завулак Калініна, 8-2. Гэта аднапавярховы шматкватэрны дом 1969 года. Знаходзіцца ў раёне Палестыны, там ходзіць 14-ы аўтобус. Умовы можна палепшыць самім і ўсталяваць выгоды дома. Часам на такія кватэры наогул няма заяў, так што шанцы атрымаць жыллё высокія.

Аляксандр паглядзеў кватэру і вырашыў, што ў сям’і няма грошай, каб прывесці яе ў парадак. Пакуль яны разглядаюць іншыя варыянты.

– Цяпер на чарзе ў адміністрацыі стаіць больш за 15 800 чалавек. Гэта грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэтая чаргу пастаянна змяншаецца: два гады таму было больш за 18 000. У 2011 годзе было 28 000, – распавядае Алег Бялінскі.

Перавагу маюць шматдзетныя сем’і, дзеці-сіроты. Цяпер будуюцца два дамы для такіх катэгорый: у адным – 99, у іншым – 179 кватэр. Чарга сярод шматдзетных сем’яў расце. На 1 мая з чаргі знялі 98 сем’яў, а сталі на ўлік 134. У сярэднім 30-35 шматдзетных сем’яў становяцца на ўлік у месяц.

Некаторыя людзі стаяць у спісе з 1979-га года. Іх больш за 1000 чалавек. Праўда, ім ужо прапаноўвалі будаўніцтва, але яны па розных прычынах адмаўляліся. Паводле закону зняць з уліку гэтых людзей не могуць.
Алена Кавальчук, hrodna.life


Дата стварэння навіны 25.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку