АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

«Пры кім паміраць будзеш?»

«Пры кім паміраць будзеш?»
29.06.2019
Варыянтаў тут, ва ўмовах невялікай вёскі, якая імкліва вымірае, ня так шмат.

Апошняе вясельле ў нашай вёсцы было ў канцы 1980-х. Апошняе пахаваньне — два тыдні таму. Хатаў, у якіх вечарамі сьвецяцца вокны, на сёньня засталося тры, жыхароў — чацьвёра. Тры бабулі, кожнай зь якіх ужо за 80. І адзін мужчына пад 60. Пакуль што неяк трымаюцца.

Тры варыянты старасьці

Тэма, абмеркаваньне якой мне найчасьцей даводзілася чуць падчас размоваў сваіх старэйшых аднавяскоўцаў на працягу прынамсі двух-трох апошніх дзесяцігодзьдзяў: «А ты пры кім паміраць будзеш?» Альбо застаесься адзін, трымаесься да апошняга з усіх сіл, каб ня стаць для блізкіх цяжарам у сваёй нямогласьці; чакаеш прыездаў дзяцей ды ўнукаў (добра, калі прыездаў ня рэдкіх) ды моліш Бога, каб даў лёгкую сьмерць. Альбо падаесься ў горад, да дзяцей (добра, калі ў іх ёсьць вольны куток, а галоўнае — жаданьне). Нарэшце, трэці варыянт, скрайні, які ў нас лічыўся самым страшным, — дом састарэлых. Яго баяліся, ім палохалі.

Я змалку ведаў, дзе той дом састарэлых: у аўтобусе па дарозе ў райцэнтар мне паказвалі яго спачатку бабуля, потым — маці, расказваючы пра тое, што некаторыя бессардэчныя дзеці аддаюць туды паміраць сваіх старых бацькоў. Звонку дом жудасьці не выклікаў: звычайны двухпавярховы будынак зь сілікатнай цэглы, у засені дрэў, сярод кветнікаў.

Ужо значна пазьней, працуючы ў раённай газэце, я паехаў туды, каб напісаць рэпартаж. Тады ж зразумеў, чым ён так палохаў старэйшых. Найбольш уразіў не казённы спартанскі побыт. Урэшце, на яго ніхто асабліва не скардзіўся. Уразіла тое, што ўсе без выключэньня гісторыі, якія я там пачуў — пра адзіноту, крыўду, боль і незапатрабаванасьць. Пераважна гэта былі самотныя і бязьдзетныя людзі, якім не было куды падзецца падчас сваёй нямоглай старасьці. Але ў многіх, як выявілася, былі дзеці, у некаторых нават па трое-чацьвёра.

«Сын мне дапамагае: ён у Менску інжынэрам-канструктарам працуе. Вось толькі ліст напішу — ён адразу дзесяць, а то і дваццаць рублёў прысылае. А сам не прыяжджае, бо ў яго часу няма. Праца, самі ведаеце».

«Калісьці я брыгадзірам быў. З жонкай жыцьцё не атрымалася, кінула мяне. А дзеці забылі. Усе чацьвёра. Сюды не прыехалі ні разу за дзесяць гадоў. Толькі алімэнты — па тры рублі ад кожнага...»

«Дзеці ў мяне добрыя, проста яны далёка і ім цяжка. І месца ў іх няма, каб забраць мяне».

Пасьля гэтых размоў са старымі, гутарачы з дырэктарам дома-інтэрната, даведваюся тое, пра што ніводзін з маіх суразмоўцаў не згадаў: амаль усе яны ў маладосьці кінулі сваіх дзяцей. Хтосьці аддаў у дзіцячы дом, хтосьці пайшоў зь сямʼі, калі былі маленькімі, і не займаўся выхаваньнем... А потым была расплата за вольную ад абавязкаў і адказнасьці маладосьць...

Большасьць з тае паўсотні маіх аднавяскоўцаў, якіх я зь дзяцінства ведаў і якія адышлі ў лепшы сьвет на маёй памяці, свае апошнія дні правялі ў родных хатах. Да дзяцей у горад наважыліся выехаць трое. У Дом састарэлых ня трапіў ніхто.

Пэнсія савецкая і пэнсія Лукашэнкава

Праблемы неўладкаванага вясковага побыту самотным старым удавалася больш-менш вырашаць. Да большасьці даволі рэгулярна прыяжджалі з горада дзеці. А галоўнае — выручала пэнсія, налічаная пераважна яшчэ за савецкім часам, па старых савецкіх законах: для атрыманьня поўнай пэнсіі тады дастаткова было мець пяць гадоў страхавога стажу; заробкі на вёсцы ў 1970-1980-я гады былі ўжо параўнальна высокімі, асабліва сярод мэханізатараў і жывёлаводаў. Сярэдняя пэнсія ў СССР у сярэдзіне 80-х складала прыблізна 70 рублёў — гэта каля паловы сярэдняга заробку на той час. І, відаць, менавіта ў тыя гады пэнсіянэры пачуваліся найлепш. Тая тэндэнцыя потым яшчэ нейкі час па інэрцыі захоўвалася. У 90-я і «нулявыя» пэнсіянэры на вёсцы лічыліся ледзь ня самай заможнай групай: пэнсіі часта былі вышэйшыя за калгасныя заробкі, да таго ж выплочваліся акуратна. Бабулька магла заплаціць маладзейшаму аднавяскоўцу, каб пасек дровы ці ўскапаў агарод. Пэнсіі хапала і на аўтакраму, і на гасьцінцы для ўнукаў.

На працягу наступных 10–20 гадоў сытуацыя кардынальна памяняецца. Новым пэнсіянэрам, народжаным у 50–60-я гады мінулага стагодзьдзя, у тых шматлікіх вёсках, якім суджана паміраць у бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі, будзе значна цяжэй. Старасьць самотнага вясковага жыхара ў 2020–30–40-я гады, калі нічога ня зьменіцца ў налічэньні пэнсій, можа быць проста жабрацкай. Справа ў тым, што сярэднестатыстычны беларус-вясковец у 1990-я і «нулявыя» атрымліваў мізэрныя заробкі ў калгасе, і з гэтых заробкаў рабіліся (калі яшчэ рабіліся) мізэрныя ж адлічэньні ў пэнсійны фонд. А вялікая колькасьць людзей увогуле нідзе легальна не працавала: адны спрабавалі гандляваць на рынках, другія выбіраліся на сэзонныя работы ў Расею на будоўлі. Іншыя перабіваліся тым, што зьбіралі і здавалі ягады ды грыбы (калі лета было ўраджайным, зарабіць на гэтым можна было значна болей, чым у калгасе).

У апошнія дзесяцігодзьдзі, калі з працай на вёсцы стала зусім туга, многія аформіліся ў якасьці апекуноў над інвалідамі. Гэта праца і аплачвалася, і ўлічвалася як стаж. Але цяпер у страхавы стаж яна не ўваходзіць. І людзі, якія гадамі гэтым займаліся, трапілі ў так званую «пэнсійную пастку»: стажу для працоўнай пэнсіі ім ня хопіць, і часу, каб выправіць гэту сытуацыю, ужо няма.

Размаўляеш зь людзьмі свайго веку, размова спакваля заходзіць пра набліжэньне пэнсійнага ўзросту, і — дзіўная справа: у бальшыні выпадкаў суразмоўцы, аказваецца, ускладаюць вялікую надзею на тую пэнсію. Хоць маюць вельмі прыблізнае (і часта скажонае) уяўленьне, як яна цяпер налічваецца і на што яны могуць прэтэндаваць. Калі кажаш, што вучоба, служба ў войску, «дэкрэтны» водпуск пры налічэньні пэнсіі ў страхавы стаж ужо не ўключаюцца, робяць вялікія вочы і ставяцца да гэтага зь вялікім недаверам.

Зразумела, што ўсё гэта ня ёсьць таямніцай, што зьмены ў пэнсійных законах публікаваліся, але хто там чытае тыя законы! Тым больш што ўлада не асабліва афішавала тое, якім чынам вырашыла рэзка заашчадзіць выдаткі на пэнсіянэраў. Раней для атрыманьня поўнай пэнсіі дастаткова было мець пяць гадоў страхавога стажу. У выніку ж праведзенай Лукашэнкам пэнсійнай рэформы страхавы мінімум павялічаны больш чым утрая і працягвае падвышацца. У 2025 годзе ён павінен скласьці ня менш за 20 гадоў.

Лёгіка ж разваг людзей перадпэнсійнага веку прыкладна такая: «Нашы бацькі атрымлівалі неблагія пэнсіі, хоць і ня мелі вялікага стажу. Вось і нам будуць плаціць...»

Выжыць на 112 рублёў

А ў выніку многіх і многіх заўтрашніх вясковых пэнсіянэраў чакае толькі сацыяльная пэнсія — сёньня гэта 112 рублёў на месяц. Прычым і яе пачнуць выплачваць позна: мужчынам пасьля 65 гадоў, жанчынам — пасьля 60.

На што хопіць гэтых грошай? Хіба што на хлеб і малако? Аплаціць электраэнэргію і газ — ужо праблема. Каб заплаціць таму, хто пагодзіцца прывезьці і пасячы дровы, альбо ўзараць прысядзібны ўчастак — дакладна няма шанцаў.

І спадзяваньняў на тое, што сытуацыя істотна можа зьмяніцца ў лепшы бок — практычна няма. Эканамічны рост у краіне мізэрны. Колькасьць пажылых людзей за апошнія дзесяць гадоў узрасла на 250 тысяч чалавек (на 14%). Пэнсіянэр ужо кожны пяты ў краіне. Нагрузка на пэнсійны фонд працягвае ўзрастаць. Падвышаць пэнсіі няма з чаго.

Напэўна, хтосьці мне запярэчыць: ну, нашы прадзеды і прабабкі неяк жа выжывалі, хоць ім увогуле пэнсіяў не плацілі... Так, але ў прадзедаў і прабабак было па 5-6 дзяцей і абавязкова знаходзіўся той, у сямʼі якога яны дажывалі свой век. Ня проста дажывалі: гадавалі і выхоўвалі ўнукаў, пільнавалі хату і гаспадарку, калі маладыя былі на працы, дапамагалі, наколькі маглі, у хатніх справах, давалі парады...

Калі думаю пра гэта, заўсёды згадваецца цытата з савецкага фільма Станіслава Гаварухіна «Месца сустрэчы зьмяніць нельга» — той эпізод, у якім Шарапаў прапануе самотнаму старому суседу па камуналцы (роля артыста Зіновія Герта) пераехаць у Кіеў, да сваякоў. Той адказвае: «Яны старыя. Старыя не павінны жыць разам. Старыя павінны трымацца маладых. Гэта робіць іхнае існаваньне больш ці менш асэнсаваным...»

Цяпер мы ведаем, як выглядаюць дамы састарэлых на Захадзе: дзе-небудзь у Нямеччыне ці ЗША яны больш падобныя на пансіянаты ці на гатэлі, чым на нашы дзяржаўныя багадзельні, — з дагледжанымі і задаволенымі дзядамі і бабкамі, якія бавяць час у гульнях і танцах, падарожнічаюць, займаюцца любімай справай. Іх добра даглядае ветлівы пэрсанал, прыязныя санітаркі і мэдсёстры.

Адметна, што ў Беларусі ў апошнія гады таксама зьявілася некалькі падобных прыватных пансіянатаў. Месяц побыту для ахвотнага пасяліцца там старога — прыблізна 1000 рублёў. Сацыяльнай пэнсіі хопіць якраз на тры дні...

Валянцін Жданко, svaboda.org

Дата стварэння навіны 29.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку