АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Някляеў: Дзень пачатку вайны. Дзень памяці Васіля Быкава.

Някляеў: Дзень пачатку вайны. Дзень памяці Васіля Быкава.
22.06.2019
“Яшчэ вам доўга плакаць на зямлi”. Памяці Васіля Быкава

«…У часовым маім жытле, у кватэры, у якой жыву я ў Хельсінкі, вісіць на сцяне карціна, якая мне не належыць. Яе, у канцы 1999 года з Хельсінкі ад’язджаючы, разам з геаграфічнымі картамі Еўропы і Беларусі, са сцяжкамі над імі і гербам “Пагоня” пакінуў Васіль Быкаў. На карціне —зімовае дрэва, хутчэй нават заснежаны куст, і на ім чырвоныя снегіры. Яны рассыпаны на вецці так, што ніяк не злічыць, колькі іх. Адзін раз палічыш — сямнаццаць, другі — шаснаццаць, трэці — зноў сямнаццаць. Калі ў адной з тэлефонных размоў, гледзячы на карціну, я спытаў Быкава, ці заўважаў ён такое дзіва, ён адказаў, што заўважаў — і няма ў тым нічога дзіўнага: проста адзін снягір то адлятае, то вяртаецца».

З кнігі ўспамінаў «Стрэмкі».

ДЗЕВЯТЫ ПЛАЧ 

Васiлю Быкаву

Калi з вайны вярнулiся салдаты:
«Дайшлi, — сказаў iм маршал. — Дажылi.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлi.

Вiна вайны i жах яе, i страты
На мне адным, бо вы за мной iшлi.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлi.

Кiдайце зброю i стаўляйце хаты,
Бярыце баб, каб роду не звялi.
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ вам доўга плакаць на зямлi».

«Пра што ён кажа? — думалi салдаты. —
Пра што ён плача?!. Мы перамаглi!..»
Па восьмым плачы будзе плач дзевяты.
Яшчэ нам доўга плакаць на зямлi.

Уладзімір Някляеў, facebook.com



Дата стварэння навіны 22.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку