АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Аграрны тупік

Аграрны тупік
10.06.2019
Аб прыватнай уласнасці на зямлю?

 Улады Беларусі не спыняюць спробаў уратаваць стратны аграрны сектар, прыдумляючы ўсё новыя спосабы вырашэння дылемы: як зменшыць бюджэтныя выдаткі і пры гэтым спусціць на тармазах галоўнае пытанне — аб прыватнай уласнасці на зямлю?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на аграпрамысловы комплекс прыпадае 35% пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці і блізу 20% нявыплачаных крэдытаў. У спісе стратных прадпрыемстваў — звыш 800 сельскагаспадарчых арганізацый, што складае 60% ад справаздачнай колькасці.

Ілюзія аздараўлення

Летась Лукашэнка падпісаў указ №399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый». Дакумент прадугледжвае «прагрэсіўнае кіраванне» дзеля аздараўлення неплатаздольных арганізацый:

— Забаронена банкруціць неплатаздольныя сяльгасарганізацыі праз суд, спыняюцца ўжо распачатыя працэдуры банкруцтва. Старшыні райвыканкамаў атрымліваюць паўнамоцтвы на іх аздараўленне.

— Нельга звальняць работнікаў без паважнай прычыны. У арганізацыі, якую перадаюць у арэнду або даверчае кіраванне, ім гарантуецца права застацца на працы на ранейшых умовах.

— Заключэнне пагадненняў з крэдыторамі аб зменах ва ўмовах пазычання, адтэрміноўку абавязанняў на 3 гады і растэрміноўку на 5 гадоў, зніжэнне стаўкі па крэдытах на 1,5% гадавых.

— Кіраўнік краіны можа аднаасобна пераводзіць запазычанасць на іншых: з неплатаздольных арганізацый праз выпуск выканкамамі каштоўных папераў — на мясцовыя ўлады або Агенцтва кіравання актывамі.

— Да чвэрці акцыяў дазволена падарыць кіраўнікам арганізацый ці бясплатна перадаць па выніках рэалізацыі бізнес-плану паводле прэзідэнцкага рашэння (не больш за 25,01% статутнага фонду).

— Маёмасны комплекс неплатаздольных прадпрыемстваў можна здаваць у арэнду без дзяржаўнай рэгістрацыі і без дакументаў аб правах на нерухомасць, аддаваць зямлю ў карыстанне без аўкцыёнаў.

Але выглядае, што прыпарка напаўмёртваму пацыенту не дапамагла. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць пасля рэзанансных інспекцый Лукашэнкі адносна моцных гаспадарак, а таксама сыходзячы са статыстыкі — стратных арганізацый меней не стала.

Посткалгасная сістэма

У савецкай Беларусі калектыўных гаспадарак было каля 2000. Цяпер іх фармальна няма — на досвітку незалежнасці былі рэфармаваныя ў сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы. Колішнія калгасы і саўгасы атрымалі некалькі арганізацыйна-прававых формаў: СВК (сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў), ААТ (адкрытае акцыянернае таварыства), ЗАТ (закрытае акцыянернае таварыства), сялянская (фермерская) гаспадарка.

Дык якія арганізацыі трапілі пад «аздараўленне»? Самымі шматлікімі былі СВК — спадкаемцы савецкіх калгасаў. У канцы 2000-х гадоў такіх налічвалася больш за 1100. Іх меліся рэарганізаваць у акцыянерныя таварыствы яшчэ ў 2014 годзе, форма юрыдычнай асобы павінна была вызначацца рашэннем агульнага сходу «калгаснікаў», а долі ў статутным фондзе (акцыі) планавалася размяркоўваць паміж фізічнымі асобамі, якія выкажуць пісьмовую згоду выступіць заснавальнікамі таварыства.

Да прызначанай даты рэалізаваць задуму не ўдалося. У 2017-м быў апошні тэрмін пераходу ў акцыянерныя таварыствы і камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, але шмат дзе і сёння засталіся старыя шыльды. Доля дзяржавы ў гэтых ААТ і ЗАТ — дамінуючая. Таму кіраўнікоў не выбірае агульны сход, а прызначае раённая вертыкаль. Паводле кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага, які доўгі час працаваў старшынёй калгасаў на Гомельшчыне і Магілёўшчыне, а потым стаў фермерам, арганізацыйна-прававыя формы, якія прыйшлі на змену калгасам, ёсць звычайнай фікцыяй.

«Рапартуюць, што расце прадукцыйнасць працы. А хто палічыў эфектыўнасць, хто палічыў, колькі на рубель прадукцыі трэба ўкласці сродкаў, якія з кожным годам растуць! Сёння прыкладна 9% бюджэту ідзе на падтрымку сельскагаспадарчай вытворчасці. Я ўжо не кажу пра прыпіскі, якія забяспечваюць так званую эфектыўнасць. Такая сельская гаспадарка перспектыў не мае!» — кажа адмысловец.

Калі распачалося акцыянаванне СВК, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання запэўнівалі, што гэта дазволіць стварыць зразумелую схему ўкладання сродкаў шляхам выпуску акцый на суму інвестыцый альбо іх продажу. Пры гэтым узнікла пытанне аб памеры дзяржаўнай долі ў статутным фондзе акцыянернага таварыства. Механізм удзелу дзяржавы мае рэкамендацыйны характар, але, напрыклад, у Мінскай вобласці практычна ўсе ААТ, што з’явіліся на грунце СВК, былі ўтвораныя з дамінаваннем дзяржавы — каля 90% статутнага фонду.

Даследаванні свед­чаць, што фермерскія гаспадаркі на 40% больш эфектыўныя за буйнатаварныя гаспадарчыя прадпрыемствы. Што якраз і дэманстру­юць асобныя прыватныя вытворчасці — напрыклад, магілёўскае прыватнае прадпрыемства «Сервалюкс», якое перакрочыла адзнаку ў 50 працэнтаў на беларускім рынку птушкагадоўлі. Зрэшты, у кожнай вобласці ёсць годны прыклад прыватнай сяльгасвытворчасці, аднак улады ўпарта бяруць за ўзор СВК — маўляў, сельская гаспадарка без падтрымкі ляснецца.

Доктар сельскагаспадарчых навук, шматгадовы дырэктар Інстытута земляробства і селекцыі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Кадыраў перакананы: шукаць цудадзейныя рэцэпты ўратавання сельскай гаспадаркі на старым грунце бессэнсоўна.

«Трэба, каб працаўнік быў калі не ўласнікам усяго, што ёсць у гаспадарцы, але хоць бы гаспадаром выніку сваёй працы, каб за гэта было атрымана заслужанае ўзнагароджанне, — кажа эксперт. — Пакуль жа вынікі ягоных высілкаў належаць дзяржаве ў асобах абласных, раённых, «калгасных» кіраўнікоў. Распачалі нібыта акцыянаванне, дык кантрольны пакет усё роўна належыць райвыканкаму — зноў жа, дзяржаве. Па сутнасці нічога не мяняецца: якімі б шыльдамі чарговы раз ні прыкрываліся, застаецца савецкая сістэма ў закансерваваным выглядзе».

Горкі досвед

Раней ужо былі спробы аздаравіць аграрную галіну. У 2004 годзе з’явіўся ўказ № 138 «Аб прыцягненні інвестыцый у сельскагаспадарчую вытворчасць». Чым гэта скончылася, можна бачыць на прыкладзе мінскага прадпрымальніка Міхаіла Шурыма, які ўклаў мільёны долараў у «калгас» на Мядзельшчыне, а ў выніку ўсё страціў.

«У чым быў сэнс 138-га ўказу? З дапамогай прыватнага капіталу дапамагчы сялянам. Але нават з майго досведу бачна: райвыканкамам гэта не патрэбна, мы для іх — бяльмо на воку. Вынішчылі практычна ўсіх уласнікаў, якія набылі «калгасы», — амаль нікога з тых 200 чалавек не засталося. Нават за тое, што не выконвалі разнарадкі, колькі пасеяць азімых ці пасадзіць бульбы», — канстатуе нерэалізаваны аграпрамысловец.

Паквапіўшыся на абяцаныя дывідэнды, бізнесовец, які дагэтуль займаўся пракладаннем цепласетак, стаў уладальнікам вытворчага кааператыву «Вішнеўскае». Юрыдычная асоба атрымала статус прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Малочна-таварная ферма «Сырмеж».

Згодна з дамовай куплі-продажу, прадугледжвалася зніжка: цана вызначалася ў памеры 20% ад кошту чыстых актываў. Прыкладна 100 тысяч долараў у эквіваленце — не так шмат за 3,5 тысячы гектараў з пашай, гаспадарчымі пабудовамі, машынна-трактарным паркам ды пагалоўем жывёлы. Каб не адзін нюанс: на кааператыве віселі даўгі, сума якіх у 10 разоў перавышала кантрактную.

З дапамогай каманды адмыслоўцаў абноўленая гаспадарка вылезла з даўгавой ямы і пачала станавіцца на ногі. Да 2012 года ў «Сырмеж» было ўкладзена прыкладна 3 мільёны долараў уласных сродкаў — на даўгі, паліва, кармы, угнаенні, заробкі.

Але ў выніку адміністрацыйны рэсурс паказаў сваю моц. У гаспадарку прыехала каманда кантралёраў, якія зафіксавалі расколіны ў стольным перакрыцці на ферме ў вёсцы Астраўляны: пабудова, як і ўсё іншае, засталася прадпрымальніку ў спадчыну ад папярэдніх уласнікаў.

Не чакаючы вынікаў дзяржаўнай экспертызы і права на судовае абскарджанне, Мя­дзельскі райвыканкам стварыў камісію для перадачы на «часовае захоўванне» буйной рагатай жывёлы на ААТ «Мядзелаграсэрвіс». Партыямі рознай колькасці ў іншыя гаспадаркі былі забраныя 767 галоваў дарослай жывёлы і маладняку.

Атрымаўшы ўдар пад дых, Міхаіл Шурым не стаў адкладаць пасяўную кампанію — за свае грошы пасеяў кукурузу. Аднак напярэдадні ўборкі райвыканкам загадаў кіраўніку суседняга «калгасу» зжаць поле Шурыма — увесь ураджай на 50 гектарах пайшоў у чужую кішэню. А на хвалі змагання з афрыканскай чумой «Сырмеж» абавязалі знішчыць усіх свіней...

Шурым з досведу працы ў сельскай гаспадарцы вынес цвёрдае перакананне: пакуль улада будзе ўмешвацца ў справы арганізацый, патугі касметычных рэформаў не зменяць сітуацыі.

Ігар Карней, novychas.by



Дата стварэння навіны 10.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку