АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Беларускамоўная паэтка з Іспаніі: Я б не спала з чалавекам толькі таму, што ён ведае мову клінгон

Беларускамоўная паэтка з Іспаніі: Я б не спала з чалавекам толькі таму, што ён ведае мову клінгон
05.06.2019
Анхела Эспіноса – іспанка, якая выдатна валодае беларускай мовай, піша на ёй вершы і нават атрымлівае літаратурныя ўзнагароды ў Беларусі.

Літаратарка, журналістка «Белсату» Валярына Кустава паразмаўляла з Анхелай пра літаратуру, мужчын і як хутка вывучыць іншую мову. Гэта і шмат іншага – у вялікім інтэрв’ю Белсата.

– Не так даўно ты стала лаўрэаткай прэстыжнай беларускай літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Многія беларускія пісьменнікі імкнуцца да гэтага. Як так сталася, што ты, іспанка, атрымала яе? Хто намінаваў і за што?

– Я сама ў шоку, але не таму, што я іспанка (гэта не павінна мець значэнне, калі чалавек удзельнічае ў літаратурным працэсе пэўнай краіны ці мовы), а таму, што я не лічыла свой унёсак у беларускую літаратуру вартым такой узнагароды. З таго, што я ведаю, ідэя намінаваць мяне зʼявілася ў Міхася Скоблы, а рашэнне было аднагалосным.

На дыпломе ёсць фармулёўка: «За пачуццёвае і метафарычнае багацце паэтычнай мовы і адважнае імкненне асэнсаваць таемнасць беларускага быцця». Не ведаю, якія фактары паўплывалі на рашэнне. Некаторыя, не дужа дабра зычлівыя людзі кажуць, што я проста прапіяраная беларускамоўная замежніца, а літаратурнага таленту няма. Іншыя кажуць, што ў мяне добрыя творы, якія значна развіваюць літаратурны працэс. Мне самой цяжка ацаніць.

Прэмія імя Міхася Стральцова… Калі раней мела права вагацца, то цяпер няма ніякіх апраўданняў: нельга кінуць працаваць, выпускаць няякасныя творы, нельга прымаць пустую крытыку і перабольшаную пахвалу блізка да сэрца. Уладзімір Някляеў сказаў жа на цырымоніі ўзнагароджання: гэта прэмія для рыцараў беларускай літаратуры!

– Ты лічыш сябе беларускай ці іспанскай паэткай?

– Мабыць, першы варыянт. Я публікую свае творы ў беларускіх выданнях, выступаю на беларускіх фестывалях і, галоўнае, свядома выбрала беларускую мову як мову творчасці. Я магістр беларускай філалогіі, добра ведаю гісторыю беларускай літаратуры. Мастацкіх уплываў многа, а сэрца прагне беларускага Слова, хай і банальна.

– Кажуць, што мову лепей за ўсё вучыць у ложку з наців-спікерам ці за кубачкам віна. Ці табе блізкае такое сцверджанне?

– Калі б я такім чынам вывучала мовы, у мяне не было б часу на іншыя хобі. Не, я вывучаю мовы за сталом – нудотным, традыцыйным спосабам. Кнігі, фільмы, серыялы, песні. Вядома, камунікацыя важная (у ложку таксама, як інакш!), яна дапамагае навуцы, развівае эмацыйную сувязь карыстальніка з моўнай сістэмай, але гэтага не дастаткова для філалагічнай карʼеры. Я люблю чытаць паэзію на розных мовах. І пісаць! Спроба знайсці «сваю» лірычную мову ў няроднай сістэме, эксперыменты з метафарамі, гукамі, стылем – гэта такі паскораны шлях да адчування мовы, якога складана дасягнуць інакш.

– Ці дапамагала табе каханне/закаханасць вучыць нашу мову?

– Калі каханне як крыніцу натхнення для беларускіх вершаў – так. А калі простая моўная практыка… Хутчэй не. Калі я пачала звязвацца, скажам так, з патэнцыйнымі партнёрамі ў Беларусі, я ўжо валодала мовай на адносна высокім узроўні. Пастаянныя размовы дапамагаюць удасканальваць мову, але аснова была ўжо раней.

– Яшчэ пару гадоў у беларускім «Фэйсбуку» гучаў твой раман і расстанне з беларускім хлопцам Алесем. Гэта былі чыстыя пачуцці ці піяр на табе?

– Не шкадую, што яны былі: я шмат чаму навучылася, пазнаёміліся з файнымі людзьмі дзякуючы яму, але самі адносіны былі няўдалыя і, несумнеўна, ён піярыўся за мой кошт.

– Хіба, знойдуцца беларускія хлопцы – для якіх ты жаданая экзотыка? Ці ўсе бачаць перадусім асобу? Няма такой праблемы?

– Ёсць такая праблема! Скажу болей, яна адчуваецца нават тады, калі проста хочацца заводзіць сяброў: нямала хто бачыць мяне, як хоча бачыць. Імя не памятаюць, толькі акрэсленне «беларускамоўная іспанка»; альбо ўсё адно, як я пачуваюся, толькі хочуць пачуць песні ды вершы. Яшчэ людзі хочуць бачыць ува мне нейкі легендарны «іспанскі тэмперамент», якога насамрэч няма. Прынамсі, не ў мяне. Я – інтраверт і меланхолік, хоць і падвучаны да актыўнай камунікацыі.

Канкрэтна з каханнем праблема яшчэ больш сурʼёзная, бо да гэтага набору дадаюцца яшчэ стэрэатыпы пра «паўднёвую жарсць» у ложку, і нават пра так званыя лёгкія паводзіны. Я чалавек без комплексаў, але вельмі патрабавальная да партнёраў, і далёка не з кожным перасплю: патрэбная фізічная, інтэлектуальная, эмацыйная ўзаемная сімпатыя.

Нельга сказаць, што толькі пагаджуся «з тым адзіным» заняцца сексам, альбо пры вялікім каханні, але, напрыклад, поўны давер да чалавека абавязковы для мяне, як і ўпэўненасць (адносная, цалкам не бывае), што ён добры, і што не буду шкадаваць, што наблізілася да яго. Магу з сябрам пераспаць, калі ўпэўненая, што застанемся сябрамі, і люблю заставацца сябрамі з тымі, з кім былі блізкія адносіны.

– Ці ён быў адзіным тваім беларускім каханнем?

– Не, і нават не самае моцнае і не самае трагічнае. Насамрэч, я цяпер рыхтую празаічны твор пра даволі цікавую гісторыю, якая была з адным паэтам… Дзеля яго я ледзь не выйшла замуж і пераехала ў далёкі край. Былі «асабліва блізкія сяброўскія зносіны», кароткія раманы, спробы наладзіць паўнавартасныя адносіны з іншымі людзьмі, але не ўсе любяць публічнасць.

Я нейкі час хвалявалася, што ў мяне з каханнем не складваецца, а цяпер перастала хвалявацца. Не толькі таму, што ў мяне многа спраў у паэзіі і ў навуцы (дапісала дысертацыю, трэба абараніцца, шукаць працу…), а яшчэ таму, што асабістае жыццё няблага склалася: у мяне неверагодныя сябры і сям’я.

– Ці беларускамоўнасць ёсць для цябе крытэрам пры выбары хлопца?

– Мне не абавязкова, каб чалавек, які будзе побач са мной (калі такі будзе, што зусім не факт) размаўляў па-беларуску штодня, альбо нават карыстаўся беларускай мовай увогуле. Затое гэта плюс, калі чалавек можа хоць разумець (прынамсі, чытаць) па-беларуску: мне было б цяжка з чалавекам, які зусім нічога не разумее ў маіх вершах.

– Можаш параўнаць у плане сексуальнага тэмпераменту іспанскіх і беларускіх хлопцаў? Хто больш разняволены і ў чым менавіта?

– Так склалася гістарычна, што не магу параўнаць, бо няма досведу з іспанскімі хлопцамі.

– Якія самыя незвычайныя прапановы табе рабілі беларускія мужчыны?

– Былі прапановы рукі і сэрца (ад беларусаў – дзве), але я штораз адмаўлялася. Хто-ніхто прасіў у ложку размаўляць на розных мовах, хаця, падазраю, гэта даволі звычайная прапанова паліглоту. Была прапанова паехаць у іншую краіну займацца сексам, і чалавек у твар сказаў, што хоча пераспаць са мной, бо «ніколі не спаў не з беларускамоўнай». Нібыта я не беларускамоўная, бач! Адмовіла, бо не люблю, калі трактуюць мяне, як набор стэрэатыпаў, ці нейкі экзатычны прадмет без індывідуальнага характару. Секс люблю, але для мяне важная асабістая сувязь між людзьмі. Я б не спала з чалавекам толькі таму, што ён валодае мовай клінгон* ці мае цёмную скуру, а таму, што ёсць моцныя сяброўскія альбо любоўныя пачуцці, давер, узаемная цяга – карацей, таму што падабаецца сам чалавек. І хацела б, каб да мяне гэтаксама падыходзілі.

Клінгон – штучная мова, якая была распрацаваная Маркам Окрандам па загаду «Paramount Studios» для адной з іншапланетных рас у выдуманым сусвеце серыялу «Зорны шлях»




Дата стварэння навіны 05.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку