АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

На перапісе насельніцтва Беларусі адзначай роднай мовай – беларускую!

На перапісе насельніцтва Беларусі адзначай роднай мовай – беларускую!
04.06.2019
У кастрычніку 2019 году ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва.

Сярод пытаньняў (нумар 12 і 13), на якія трэба будзе адказаць падчас перапісу, будзе і пытаньне пра вашую родную мову. Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэньне.

Ад колькасьці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы станоўча паўплываеце на яе.

Гаворыць старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі:

- Выпадковых пытаньняў падчас перапісу не задаюць. Усе гэтыя зьвесткі пасьля будуць выкарыстоўвацца і навукоўцамі для дасьледаваньняў, і дзяржаўнымі ўстановамі для таго каб карэктаваць сваю палітыку. Таму канешне, натуральна – хлусіць ня трэба: трэба проста ўспомніць, чаму вас вучыла маці, што вы чулі, калі прыяжжалі да бабулі ў вёску, і кажаць шчыра, што вашая першая родная мова – гэта беларуская мова.

У адмысловым праекце Беларускага Радыё Рацыя пра важнасьць адзначэньня беларускай мовы ў якасьці роднай падчас маючага адбыцца перапісу насельніцва Беларусі разважаюць:  Валянцін Лазарэнкаў, Сяржук Русецкі, Алена Анісім, Аляксей Белы, Таццяна Кісель, Мікалай Падгайскі, Павел Дайлід, Таццяна Тарасевіч, Ераманах Вікенцій (Кавалькоў), Таісія Кабанчук, Надзея Батура, Алесь Краўцэвіч, Іван Помаз, Алесь Камоцкі, Наталка Харытанюк, Андрэй Мельнікаў, Клейнер Сямён, Протаіерэй Георгі Рой, Зміцер Вайцюшкевіч.

Беларускія дзеячы заклікаюць грамадзян да выбару беларускай мовы як роднай у перапісе насельніцтва. У выказваннях пра родную мову нярэдка ўзгадваюцца дыялекты, якія нас адрозніваюць і аб’ядноўваюць адначасова.

Кажа тэолаг, рэлігіязнаўца Наталля Гарковіч:

– Калі мая палесская бабуля прыехала ў Менск і пайшла ў царкву, то падчас набажэнства было чытанне на беларускай мове. Яна прыйшла з царквы і сказала: „Слухатэ, я всэ разумію”. Нашы рэгіёны досыць адрозніваюцца адзін ад аднога. Але тым не менш, афіцыйная мова ўсё ж, мне падаецца, з’яўляецца для ўсіх нас роднай.

Любая мова існуе, калі ёсць яе дыялекты, лічыць гісторык, супрацоўнік Беларускай акадэміі навук Аляксандр Доўнар:

– Я стараюся гаварыць на тым дыялекце, на якім я вырас. Дзядуля і бабуля са мной гаварылі па-беларуску, і я лічу, калі я буду гаварыць не па-беларуску, не на маёй роднай мове, на якой са мной гаварылі мае бацькі і дзяды, то гэта пэўная непавага да іх.



Дата стварэння навіны 04.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку