АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

«Наша ўсё» на дарогах

«Наша ўсё» на дарогах
03.06.2019
На мінулых выходных адведаў Парыж.

І, не паверыце, у вочы кінуліся ня Луўр з Нотр­Дамам і не Пале Руаяль з Сакрэ­Кёрам. Бо да гэтых цікавостак я быў падрыхтаваны. А вось сьціплы французскі аўтапарк на дарогах уразіў. І ніяк ня мог зразумець, чым жа канкрэтна: нібыта красовэраў вобмаль і малалітражак бальшыня, але вось жа нешта сядзела ў падсьвядомасьці. І раптам я здагадаўся: дык гэта ж наш аўтапарк! Амаль такі, які ён быў у нас яшчэ гадоў зь пяць таму. BMW, Peugeot, Audi, Citroёn, Renault, Volvo й Mercedes.

Не, натуральна, у нас гэтыя маркі машын на дарогах можна сустрэць і зараз. І шмат якія іншыя. Але некалькі гадоў таму наш аўтапарк быў нашмат больш дывэрсыфікаваны, чым цяпер. Канечне, ён быў у масе сваёй больш ўзроставы, чым у Францыі (там пераважаюць новыя аўто), але зірнуць на аўта­парк ­ і было такое адчуваньне, што ты ­ у Эўропе. А цяпер ­ не. Што ж здарылася?

Памятаеце, ад другой паловы 2011г. у нас былі падвышаныя мыты на ўвоз патрыманых аўтамабіляў да расейскага ўзроўню. Кошт увозу патрыманай машыны з­за мяжы «таёжнага саюзу» стаўся непад’ёмным для беларускіх грамадзянаў. Я сам напачатку 2011г. набыў сямігадовую BMW у Латвіі за $7 тыс., сплаціўшы на мяжы мыта ў памеры €950. Ужо празь некалькі месяцаў яно ўзрасло да €5,5 тыс., што аўтаматычна зрабіла немэтазгодным увоз патрыманых аўтамабіляў з­за мытнай мяжы. І за наступныя гады наш аўтамабільны рынак паступова зьмяніўся: на ім пераважаюць аўто, зробленыя ў Расеі. Самыя папулярныя: Lada ў сваіх найноўшых праявах (Granta, Vesta, X­Ray), а таксама асобныя мадэлі марак, вытворчасьць якіх лякалізаваная ў Расеі: Volkswagen Polo, Nissan Qashqai, KIA Rio, некаторыя мадэлі Renault (тыя, што ў Эўропе існуюць пад румынскім брэндам Dacia: Logan, Sandero, Duster). То бок рынак машын стаўся нашмат больш аднародным. А мадэлі, што набываюць нашыя жыхары, ­ нашмат таньнейшымі. Што й ня дзіва. 10­гадовыя Mercedes B, Suzuki SX­4 ці VW Golf Plus каштуюць столькі ж, колькі супастаўныя зь імі па характарыстыках новыя машыны расейскай зборкі! Натуральна ж, пакупнікі абіраюць новыя аўто з салёну з трох­ ці нават пяцігадовай гарантыяй.

У Расеі на дарогах сытуацыя іншая. У Сібіры й на Далёкім Усходзе пераважаюць праварульныя старыя «японцы», на поўд­ні ­ старыя «дзявяткі» з танаваным шклом, на эўрапейскай частцы краіны (апроч сталіц) ­ танныя «карэйцы» расейскай зборкі (KIA, Hyundai ды розныя мадыфікацыі Lada ­ Classica, Priora, Kalina, Granta). У Маскве й Пецярбургу ­ мяшанка, але пераважаюць тыя ж брэнды, толькi ў больш дарагіх мадыфікацыях. То бок зараз па­сапраўднаму народных аўтамабіляў два ­ Lada ды KIA. KIA прадала ў мінулым годзе 227 тыс. машын у РФ, амаль палова зь іх ­ Riо, што шматтысячным накладам штампуюць на заводзе ў Пецярбургу. З Lada ўсё зразумела, гэта «іх усё», brand from Russia, з цэлым монагорадам на 700 тыс. жыхароў (Тальяці), дзе 100 тыс. занятыя на вытворчасьці аўтамабіляў. Дзяржаўныя праграмы trade in, імпартазамяшчэньня, падтрымкі вытворчасьці, дзяржаўныя закупкі. Цэлая дзяржава ў дзяржаве. А з 22 траўня яна яшчэ й пазбаўленая абавязку раскрываць інфармацыю пра сваё фінансава­эканамічнае становішча адмысловым рашэньнем Банка Расеі, што вісіць на сайце рэгулятара мясцовага фінансавага рынку.

Гэткім парадкам, аўтарынак нашай усходняй суседкі ў сваёй пераважнай большасьці запаўняюць «карэйцы» й «расейцы». І ў нас ­ тая ж планіда. Але ненадоўга. Бо сапраўдны трэнд расейскага аўтарынку экспансія «кітайцаў»: Chery, Lifan, Great Wall, Dongfeng, BYD. Безьліч іншых, менш папулярных (пакуль?) брэндаў. Ад пачатку такія прыгожыя, вельмі падобныя на некаторыя эўрапейскія машыны, яны ўжо праз год пачынаюць развальвацца. Унутры ­ дрэнна пахнуць, звонку ­ пластык. Там, дзе ня пластык, ­ там іржа. Затое новыя машыны можна набыць за $5 тыс. Вось расейцы масава іх і купляюць. Не ўсьведамляючы, што гэтыя машыны набываюцца адзін раз, прадаць іх немагчыма, нават на мэталалом. Пакуль так.

У нас таксама ёсьць «кітаец». Ён ­ гэта «наша ўсё» прамысловасьці легкавых аўтамабіляў (электракары Zotye, як і іншыя праекты ЗАТ «Юнісон», пакуль не сягаюць па­за межы статыстычнай пагрэшнасьці на рынку). У пятніцу аж сам прэзыдэнт краіны, агледзеўшы Geely Atlas, застаўся задаволены. І невыпадкова. Нашыя Geely не паводзяць сябе так, як іншыя кітайцы, ды й каштуюць непараўнальна даражэй. Добра, што мы наладзілі вытворчасьць. Ступень лякалізацыі пакуль кульгае, але шлях правільны. А ўсё адно ёсьць туга па той разнастайнасьці на дарогах, што яшчэ нядаўна так прыемна злучала нас з Францыяй. Хоць у яе самой тры аўтагіганты: Renault, Peugeot i Citroёn.


Зьміцер Дрыгайла, .belgazeta.by




Дата стварэння навіны 03.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку