АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Абаронцы Курапатаў правялі сход на гадавіну акцыі пратэсту

 Абаронцы Курапатаў правялі сход на гадавіну акцыі пратэсту
03.06.2019
Асноўная тэма — ці працягваць акцыю далей.

«Гэта ня акцыя, а грамадзкі чын», — пікетоўцы вырашаюць, ці варта спыняць варту ля Курапатаў. 
1 чэрвеня 2019. Гадавіна курапацкай варты.

На пачатак чэрвеня прыпадае гадавіна пікетаваньня рэстарацыі «Поедем Поедим», пабудаванай, як мяркуюць пікетоўцы, у ахоўнай зоне Курапатаў з парушэньнем закону. А 16-й гадзіне 1 чэрвеня каля рэстарацыі пачаўся чарговы пікет. 

Старшыня Маладога фронту Дзяніс Урбановіч выступае за працяг варты.

«Так, мы трымаем варту ўжо год і нібыта свайго пакуль не дасягнулі — рэстарацыя не зачынілася, хоць за год працы плынь наведнікаў асабліва не пабольшала. Але саступаць нельга. Вада камень точыць, наша варта ўжо дае плён — грамадзкая думка на нашым баку, пагаварыць з людзьмі — усе супраць гэтай рэстарацыі на костках. Да таго ж варта дапамагае бараніць Курапацкі мэмарыял. Менавіта пікетоўцы першымі даведваліся пра разбурэньне лавы Клінтана, пра паваленыя крыжы, а некалькі разоў нам удавалася прадухіліць акцыі вандалаў. Таму пікетаваньне нельга згортваць ні ў якім разе», —лічыць актывіст.
Ніна Багінская (у цэнтры)
«Як вырашыць моладзь, а я падтрымаю», — гаворыць актывістка Ніна Багінская. Яна расчараваныя тым, што не ўдалося зачыніць рэстарацыю, але мяркуе, што гэтага пры цяперашняй уладзе чакаць не выпадае. «Трэба празь зьмены ў Канстытуцыі рухацца да парлямэнцкай рэспублікі», — мяркуе Багінская.

Актывістка з Віцебску Алена Янушкоўская абуралася тым, чаму ў абарону Курапатаў ад рэстарацыі не выступіла пракуратура. «Яны мусілі тут стаяць, а стаім мы замест іх. І будзем стаяць», — актывістка патлумачыла сваю ўпартасьць тым, што хоча «жыць у вольнай краіне, дзе пануе закон».

Паводле актывісткі Ганны Шапуцькі гадавая варта каля рэстарацыі пасьпяховая ўжо тым, што ўсё больш людзей у краіне і сьвеце даведваюцца пра трагічныя падзеі ў Курапатах. Ганна Шапуцька казала пра тысячы людзей і спасылалася на публікацыі ня толькі незалежных, але і дзяржаўных мэдый. «Для мяне гэта не акцыя, а грамадзкі чын, таму нельга казаць, нас мала ці шмат. Ёсьць частка грамадзтва, якая сказала "не". Ня важна колькі, важна, што гэтая пазыцыя працягвае гучаць», — сказала Ганна Шапуцька, якая выказалася за працяг пікетаваньня.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец мяркуе, што варта ў Курапатах прадэманстравала ворагам незалежнасьці гатоўнасьць беларусаў бараніць краіну да апошняга. «Яны пабачылі, што калі супраць рэстарацыі столькі людзей столькі часу гатовыя пратэставаць, дык што будзе пры пагрозе незалежнасьці. Лёгкай прагулкі ім ня будзе». Павал Севярынец таксама выказаўся за працяг варты. Пытаньне, ці працягваць пікеты, Павал Севярынец на галасаваньне сходу вырашыў ня ставіць. «Тут нікога супраць няма», — сказаў палітык.

Пікетоўцы мяркуюць, што праца рэстарацыі ў непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў парушае маральныя нормы, прынятыя ў грамадзтве. За год пікетаваньня рэстарацыі сваю пазыцыю пікетоўцы адстойвалі па-рознаму. У тым ліку не прапускалі прыватныя і грузавыя аўтамабілі, праз што адбываліся здарэньні, спрэчкі і бойкі з наведнікамі. З нагоды падзеяў, зьвязаных з пікетаваньнем, прайшло ўжо некалькі судовых працэсаў, дзесяткі пікетоўцаў былі аштрафаваныя, агульная колькасьць адбытых за пікетаваньне сутак дасягнула сотні.

Апошнія месяцы пікетаваньне рэстарацыі «Поедем Поедим» адбываецца ў больш мяккім фармаце: пікетоўцы не блякуюць праезд аўтамабіляў на тэрыторыю рэстарацыі, але настойліва распавядаюць наведнікам пра расстрэлы ў Курапатах, прапануюць ім друкаваныя матэрыялы аб падзеях 30-х гадоў і называюць адрасы бліжэйшых рэстарацый.

1 чэрвеня ў пікетаваньні рэстарацыі і сходзе бралі ўдзел больш за 30 актывістаў. Супрацоўнік міліцыі ў цывільным, як звычайна, вёў відэаздымку, але сходу і варце не замінаў. Паводле Паўла Севярынца ў панядзелак, 3 чэрвеня, арганізатары пікетаў у Курапатах правядуць прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную гадавіне пачатку пікетаваньня і 31 гадавіне адкрыцьця праўды пра Курапаты.

Пасьля сходу ў Курапатах адбылася супольная малітва.

svaboda.org

Дата стварэння навіны 03.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку