АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Гамяльчук просіць у Пуціна заступніцтва

Гамяльчук просіць у Пуціна заступніцтва
01.06.2019
Дапамажыце пенсіянеру, якога раскулачылі ў 21 стагоддзі

Пасля 10 гадоў змагання за сваю маёмасць  і правы 63 - гадовы Аляксандр Кулеш у роспачы звярнуўся да расейскага прэзідэнта, каб той дапамог яму трапіць да  Лукашэнкі на асабісты прыём.

“Уладзімір Уладзіміравіч, вы нікому не адмаўляеце, хто звяртаецца да вас па дапамогу, - піша гамяльчук, -  дапамажыце калі ласка простаму пенсіянеру, якога раскулачылі ў 21 стагоддзі дагрукацца да нашага прэзідэнта, каб я мог трапіць да яго на прыём”.

Ліст да Уладзіміра Пуціна

У лісце да Пуціна Аляксандр Кулеш на 4 аркушах распавядае сваю шматгадовую гісторыю, якая пачалася ў 2006 годзе з радаснай для яго падзеі:  адміністрацыя Навабеліцкага раёну Гомля прыняла рашэнне аб выдзяленні яму пад будаўніцтва двух гаражоў зямлі на тэрыторыі гаражнага кааператыву. Праз 3 гады гамяльчук пабудаваў гаражы, зарэгістраваў іх , згодна з заканадаўствам, у БТІ, атрымаў тэхпашпарт і аформіў права ўладання.

У 2010 годзе адміністрацыя Навабеліцкага раёну адмяніла сваё рашэнне аб выдзяленні зямлі і падала на Кулеша ў суд. Не гледзячы на тое, што падчас суду было ўстаноўлена, што сама адміністрацыя дапусціла шмат памылак падчас выдзялення зямельнага ўчастка, вінаватым застаўся Аляксандр Кулеш, нібыта ён перавысіў памеры гаражоў і збудаваў іх без праекту.

У наступным годзе, у адсутнасць гаспадара, без папярэдняга паведамлення па даручэнні адміністрацыі Навебеліцкага раёна два гаражы былі знесены, а маёмасць агулам на суму 24 тыс. долараў (гаражная брама, запчасткі для машын, дарагія інструменты для рамонту і будоўлі) без вопісу, была вывезена і назад Аляксандр Кулеш нічога не атрымаў: ані грошаў, ані маёмасці нават пасля звароту ў суд і скаргаў у кантралюючыя органы.

Аляксандр Кулеш абскарджваў рашэнне раённага суду ў абласным і Вярхоўным судах, але безпаспяхова. Агулам, гамяльчук прайшоў праз 20 паседжанняў у розных судах і выдаткаваў каля 5 тыс. долараў на адвакатаў.

Апроч судоў, Аляксандр пісаў звароты ў пракуратуру Гомля, Генеральную пракуратуру,  Адміністрацыю Прэзідэнта, Дзяржкантроль, быў на прыёме ў намесніка старшыні Палаты Прадстаўнікоў Уладзіміра Патупчыка, звяртаўся ў газету “Беларусь сегодня”. Вельмі хацеў сп. Кулеш трапіць да Лукашэнкі на асабісты прыём, але яму адмовілі.

У выніку хранічнага стрэсу, звязанага з судамі, у Кулеша пагоршылася здароўе: лекары дыягнаставалі язву страўніка, выдалілі пухліну на шыі, стала балець сэрца. З 2014 года ён каля 10 разоў ляжаў у шпіталі з рознымі хваробамі.

 “Я пераканаўся, што простым людзям складана дамагчыся праўды ў Беларусі. Хіба я сам сабе выдзяліў зямельны ўчастак, дазволіў пабудаваць гараж, прыняў яго ў эксплуатацыю?, - абураецца Аляксандр. 10 гадоў б’юся, мяне ўлада не чуе, не магу знайсці справядлівасці. Хачу каб на маю праблему звярнулі ўвагу, каб разгледзелі маю справу аб’ектыўна, не прадузята. Можа я нешта і парушыў, але нашто мяне трэба было зносіць, забіраць маю маёмасць?

Я патраціў грошы на афармленне дакументаў на зямельны ўчастак, на будаўніцтва гаража, яго добраўпарадкаванне, захоўваў там сваю маёмасць, а мяне ўсяго незаконна пазбавілі”.

Аляксандр Кулеш, які вычэрпаў усе прававыя спосабы рашэння сваёй праблемы, разглядае такія варыянты змагання як галадоўка і індывідуальныя пікеты.

Аўтар Ларыса Шчыракова, gomelspring.org,Фота аўтара



Дата стварэння навіны 01.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку