АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Алег Трусаў: “Вельмі сімвалічна, што птушка гіль будзе сімвалам універсітэта імя Ніла Гілевіча”

Алег Трусаў: “Вельмі сімвалічна, што птушка гіль будзе сімвалам універсітэта імя Ніла Гілевіча”
01.06.2019
Алег Трусаў, які выконвае абавязкі рэктара Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, які зараз ствараецца, расказаў “Народнай Волі”.

Ужо ў чэрвені гэтага года будуць пададзены дакументы на атрыманне ліцэнзіі для навучальнай установы.

– Днямі ў нас прайшлі ўрачыстыя выпускныя мерапрыемствы, – кажа Алег Трусаў. – Людзі скончылі беларускамоўныя курсы, якія мы арганізоўвалі, таму першы кавалак работы ўжо зроблены.

– Што чуваць наконт атрымання ліцэнзіі?

– Праца ідзе поўным ходам. Пішам вучэбныя комплексы, збіраем усе даведкі, і гэта таксама займае час. Некаторыя абачлівыя арганізацыі наогул баяцца падпісваць дакументы “для апазіцыі”, таму даводзіцца тлумачыць, што і да чаго.

Калі ўсё будзе добра, то ўжо ў чэрвені пададзім дакументы на першы раўнд атрымання ліцэнзіі. Але трэба яшчэ вучэбна-метадычныя комплексы дапісаць. Комплекс – гэта такі своеасаблівы міні-падручнік. Калі няма падручніка, то выкладчыкаў прымушаюць пісаць комплексы, некаторыя выстаўляюць іх затым у інтэрнэце. Але тут вялікі кавалак працы – трэба напісаць 70–80 старонак друкаванага тэксту.

– З 1 верасня зноў будзеце набіраць курсы?

– Так, а з 1 верасня 2020 года плануем абвясціць першы набор студэнтаў. Але і на курсы ўжо багата назбіралася жадаючых. Пачыналі з трох чалавек, затым сем запісаліся… У выніку вучыліся 73 чалавекі, а скончылі 53. Дык гэта ж нармальны вынік! Многія прыходзяць і просяць працягнуць вучобу.

Дарэчы, ужо зацверджаны сімвал нашага ўніверсітэта – ім стала птушка гіль (на рускай мове – снегирь). Зараз заканчваюць працу мастакі, і праз тыдзень-два мы пакажам выяву. Мяркую, вельмі сімвалічна, што гіль будзе тварам універсітэта імя Ніла Гілевіча.



Дата стварэння навіны 01.06.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку