АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Беларуская цытадэль еўрапейскай маралі

Беларуская цытадэль еўрапейскай маралі
31.05.2019
Парада аўтсайдарам: калі ты не здольны дагнаць лідара, абвясці, што ён рухаецца ў няправільным кірунку.

Прызнаюся, я з вялікім спазненнем прачытаў артыкул доктара гістарычных навук Ігара Марзалюка «А хто там iдзе?». Артыкул быў апублікаваны ў «Советской Белоруссии» 21 чэрвеня 2014 года — за пяць гадоў шмат вады сплыло. У прыватнасці, змянілася афіцыйная назва «самай саліднай» газеты краіны — у адпаведнасці з духам часу, прыметнік «савецкая» сціснуўся да адной літары. Але пратэстаў у чытачоў са стажам гэта не выклікала. Магчыма таму, што змена назвы ніяк не адбілася на змесце газеты.

За пяць гадоў адбыліся змены і ў жыцці аўтара артыкула. З крэсла сенатара ён перамясціўся ў крэсла дэпутата ПП НС. Мне цяжка сказаць, з якім знакам, з пункту гледжання кар’еры, ацэньваць такое перамяшчэнне. Аднак спадзяюся, што даходы прафесійнага гісторыка ад гэтага не пацярпелі. Але лічыць чужыя прыбыткі — справа няўдзячная.

Артыкул Марзалюка — чарговая спроба знайсці нацыянальную ідэю, якую з 2003 года беспаспяхова шукае адзіны беларускі палітык (АП).

Насуперак традыцыі, якая склалася ў Беларусі, доктар гістарычных навук у сваім пошуку ідзе не «ад жыцця». Праблему ён фармулюе акадэмічна строга: «Любая нацыянальная ідэя — гэта адказ на тры фундаментальныя для любога народа пытанні: адкуль мы? хто мы? куды мы ідзем?»

Адразу павінен патлумачыць, што з адказамі прафесійнага гісторыка на два першыя пытання я азнаёміўся з вялікай цікавасцю, чаго жадаю і ўсім чытачам «НЧ». Ні запярэчыць, ні дадаць мне няма чаго, таму засяроджуся на трэцім пытанні.

Альфа і амега нацыянальнай ідэі

Беларусь, на думку аўтара артыкула ў «Советской Белоруссии», паўстала на цывілізацыйным разломе праваслаўнага Усходу і каталіцкага Захаду. Пагодзімся і пойдзем далей: «Парадаксальна, але факт — постсавецкая Беларусь сёння з’яўляецца носьбітам і захавальнікам базавых традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў еўрапейскай цывілізацыі ва ўсіх трох яе разнавіднасцях — праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай. Больш за тое — беларуская дзяржава іх беражліва захоўвае і культывуе, у той час як у новай Еўропе пад выглядам гендарнай роўнасці і культурнай разнастайнасці насаджаецца і культывуецца антыхрысціянскі светапогляд, які супярэчыць базавым каштоўнасцям і традыцыям еўрапейскай цывілізацыі, — адбываецца прапаганда гомасексуалізму, легалізацыя аднаполых шлюбаў, прафануецца інстытут традыцыйнай сям’і».

Безумоўна, хрысціянскія каштоўнасці ляжаць у аснове еўрапейскай цывілізацыі. Але на змену Сярэднявеччу прыйшоў Новы час са сваім наборам каштоўнасцяў. Яны не супярэчылі хрысціянскім, яны іх дапаўнялі. У выніку паміж двума ментальнымі полюсамі сярэднявечнага чалавека (Богам і д’яблам) сфарміраваўся трэці полюс — сам чалавек. Паступова трэці полюс узвысіўся над сваімі папярэднікамі, што і зрабіла магчымым пераход ад сярэднявечнай статыкі да дынамікі Новага часу.

Згодна з англійскім эканамістам Ангусам Медысанам, у 1800 годзе ВУП на душу насельніцтва ў Еўропе не перавышаў аналагічны паказчык у Рымскай імперыі ў перыяд яе росквіту. Такім чынам, сучаснаму эканамічнаму росту — не больш за два стагоддзі. Сучасны эканамічны рост — гэта рост інавацыйны. Для яго патрабуецца прынцыпова іншы сацыякультурны тып чалавека. Імя яму — асоба.

Асоба, якая вызвалілася ад путаў традыцыі, пераўтварыла свет. Асоба не хаваецца ад пераменаў. Яны для яе — натуральнае асяроддзе існавання. Больш за тое, яна сама іх творыць, і для гэтага не мае патрэбы ва ўказаннях зверху.

Каб падвесці рысу пад характарыстыкай асобы, я прывяду цытату з кнігі расійскіх культуролагаў Андрэя Пеліпенкі і Ігара Якавенкі «Культура як сістэма»: «Пералічваючы найбольш значныя рысы асобы, варта вылучыць яе максімальную аўтаномнасць, самадастатковасць і пастаянную арыентаванасць на здзяйсненне выбару».

Зразумела, што чалавек з такімі характарыстыкамі ўяўляе смяротную пагрозу для «беларускай мадэлі» і яе архітэктараў. Адсюль імкненне павязаць самадастатковую асобу традыцыямі, што раўназначна вяртанню да Сярэднявечча. Вось як такое вяртанне спрабуе абгрунтаваць Марзалюк: «Беларусь сёння — цытадэль еўрапейскай традыцыйнай культуры і маралі. Менавіта таму ідэі беларускага кансерватызму, апора на традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці павінны стаць альфай і амегай беларускай нацыянальнай ідэі».

Носьбіт традыцыйных каштоўнасцяў сёння, як і на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, арганічна няздольны фарміраваць (выбіраць) асабістую жыццёвую стратэгію. Для яго гэта павінен зрабіць хтосьці іншы: вялікі правадыр, манарх, культурны герой, рэлігійны аўтарытэт або, урэшце, безаблічная традыцыя.

Разумеючы непазбежнасць пераменаў, носьбіт традыцыйных каштоўнасцяў выступае за эвалюцыйныя (паступовыя) змены. Ён панічна баіцца рэвалюцый, што не перашкаджае яму перыядычна прымаць валюнтарысцкія рашэнні «імем рэвалюцыі».

Гомасексуалісты не пройдуць

Якімі ведамі пра заходнюю цывілізацыю падзяліўся са сваімі чытачамі доктар гістарычных навук? Мяркуючы па прыведзенай вышэй цытаце, яму вядома пра яе няшмат, а канкрэтна толькі тое, што ў новай Еўропе «адбываецца прапаганда гомасексуалізму, легалізацыя аднаполых шлюбаў, прафануецца інстытут традыцыйнай сям’і».

Ці варта беларусам імкнуцца ў такую Еўропу? Адказ відавочны. Вось толькі незразумела, чаму на мяжы з Польшчай і Літвой рэгулярна выстройваюцца чэргі з фураў, аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў з беларускімі і расійскімі нумарамі? Няўжо ў краінах — захавальніцах хрысціянскіх каштоўнасцяў сфарміраваўся масавы попыт на вывучэнне гомасексуальнага досведу? Цікава, нашы еўрапейскія суседзі дзеляцца ім бясплатна або за яго трэба плаціць? Калі другое, дык колькі, і ці прадугледжаныя зніжкі для пенсіянераў?

Я ляжу на канапе і пішу гэты артыкул. Па правую руку ад мяне варкоча кот, на жываце не менш прыемныя гукі выдае ноўтбук. Мяркуючы па марцы (Acer), выраблены ён не ў Беларусі, і нават не ў Расіі. Гуглю: «Acer — тайваньская кампанія па вытворчасці камп’ютарнай тэхнікі і электронікі. Кампанія займае 487 месца ў Fortune Global 500».

Спадзяюся, працавітыя кітайцы яшчэ не паспелі заразіцца бацыламі еўрапейскай культуры, што дазваляе ім перамагаць «ворагаў традыцыйнай палавой ідэнтычнасці чалавецтва».

Кампутары сёння збіраюць кітайцы, нават тыя, на якіх стаяць лэйблы амерыканскіх кампаній. Але самі кампутары, як і іх галоўны элемент — транзістар, вынайшлі амерыканцы. Няўжо паміж схільнасцю да гомасексуалізму і здольнасцю вынаходзіць існуе сувязь?

Вы будзеце здзіўленыя, але такая сувязь існуе. Зразумела, не прамая. Не варта думаць, што ў гомасексуалістаў каэфіцыент інтэлекту (IQ) вышэйшы, чым у людзей з традыцыйнай палавой арыентацыяй. Усё значна прасцей. Адсутнасць ганенняў на гомасексуалістаў — дакладная прыкмета адсутнасці ганенняў на іншадумцаў. А там, дзе мае права на існаванне толькі адна праўда, — ні пра якое развіццё не можа быць і гаворкі.

Эстэтыка ўніформы

Але менавіта за такую стэрыльнасць і выступае дэпутат ПП НС. У інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» беларускага тэлебачання ён паведаміў, што разам з калегамі-гісторыкамі працуе над дапаможнікам для вышэйшай школы, у якім не будзе людзей, што падзяляюць нацыю. «Разумееце, — растлумачыў Марзалюк, — ёсць фігуры неадназначныя, якія памнажаюць лініі разлому, ёсць фігуры, якія могуць быць культавымі для нейкай субкультуры...»

Ачысціць не толькі гісторыю, але і сучаснасць ад неадназначных фігур — мара любога аўтарытарнага палітыка. Няздольныя ўзаемадзейнічаць з самадастатковымі асобамі, такія персанажы заўсёды і ва ўсім імкнуцца да максімальнага спрашчэнні. Яны адчуваюць эстэтычны аргазм ад аднаго толькі выгляду апранутых ва ўніформу людзей, якія маршыруюць на пляцы.

Вынікам такой эстэтыкі стала тэхналагічнае адставанне ад «загніваючага» Захаду. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ленінскі лозунг «Дагнаць і перагнаць» страціў сваю актуальнасць яшчэ ў часы «дарагога Леаніда Ільіча».

Гэта ў выступе перад дэпутатамі парламентаў Венесуэлы і Судана можна разважаць пра здольнасць беларускіх прадпрыемстваў паспяхова канкурыраваць на сусветных рынках з лепшымі замежнымі таваравытворцамі. Калі слухаеш падобныя развагі, міжволі ўспамінаеш гісторыю пра касмічныя караблі, якія баразняць абшары Вялікага тэатра.

Што да Захаду з прылепленай да яго характарыстыкай «загніваючы», то «там тэхналогіі, там свабодныя інвестыцыі» (АП). Вось толькі ўзровень складанасці заходніх тэхналогій сёння такі, што носьбіты традыцыйных каштоўнасцяў ужо не здольныя іх засвоіць.

Сяргей Нікалюк, Новы час

Дата стварэння навіны 31.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку