АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

У гомельскай «залатой» прыбіральні захрас інвалід на вазку

У гомельскай «залатой» прыбіральні захрас інвалід на вазку
27.05.2019
У Гомелі 26 траўня супрацоўнікі МНС ратавалі інваліда-вазочніка.

 Ён захрас пры спробе трапіць у нашумелую публічную прыбіральню ў парку на набярэжнай Сожа, будаўніцтва якой каштавала паўтара мільёна рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

Сведкі здарэння перадалі “Свабодзе” здымкі.

«Чалавек прасядзеў у пад’ёмніку ў падвешаным стане не менш за 50 хвілін. Работніца прыбіральні ўсё некуды тэлефанавала і прасіла наведніка пачакаць яшчэ сорак хвілін. Але ён выклікаў МНС. Мы былі ў лёгкім шоку. Новая дарагая прыбіральня, а толку няма», — расказала “Свабодзе” сведка здарэння, якая не пажадала называць сваё імя.

Тыдзень таму другі інвалід-вазочнік, Андрэй Антоненка, таксама ня здолеў трапіць у прыбіральню.

«Мы папрасілі работніц уключыць пад’ёмнік. Яны адказалі, што няма ключа і што не прайшлі інструктаж. Мне хацелася ў прыбіральню пасля прагулкі ў парку, і так сапсавалі настрой. Я пакінуў запіс у кнізе скаргаў», — пракаментаваў сітуацыю Андрэй Антоненка.

Праз пяць дзён яму патэлефанаваў галоўны інжынер палацава-паркавага ансамблю і паведаміў, што прыбіральня працуе.

«А што такое здарылася, дык вінаватыя работніцы прыбіральні, і іх могуць звольніць. Так патлумачыў інжынер. Але чаму яны не мелі ключа, ён не адказаў. Прыбіральня за мільён долараў — і столькі ўжо на яе нерваў пайшло», — дадаў інвалід-вазочнік.

 «Залатую» прыбіральню, ці «маўзалей», як яе называюць у Гомелі, пабудавалі да прыезду ў горад летась прэзідэнтаў Беларусі і Украіны. Пасля ад’езду высокіх асоб закрылі. Прыбіральня каштавала, паводле тэндэру, каля 1,5 мільёна рублёў (прыкладна 750 тысяч долараў). Дакладны кошт будаўніцтву аб’екта дагэтуль не назвалі. Улады распачалі будаваць другую, аналагічную прыбіральню на ўзбярэжжы ракі Сож.

Галоўны інжынер Гомельскага палацава-паркавага ансамблю Сяргей Пігуноў сказаў карэспандэнту “Свабоды”, што сёння будуць разбірацца ў здарэнні. «Пакуль нічога сказаць не магу», — дадаў ён.





Дата стварэння навіны 27.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку