АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Як віцебскіх пэнсіянэрак пазбаўляюць даху над галавой

 Як віцебскіх пэнсіянэрак пазбаўляюць даху над галавой
24.05.2019
“Не пашанцавала з суседам” – у Беларусі гэтая прыказка мае асаблівыя адценьні.

“Не пашанцавала з суседам” – у Беларусі гэтая прыказка мае асаблівыя адценьні. Бывае так: чым бліжэй твой сусед да ўлады, тым большая небясьпека навісае над галавой. Усё гэта зазналі на сабе дзьве пэнсіянэркі, якія ўжо амаль 10 гадоў змагаюцца за сваё жыльлё і жыцьцё на вуліцы Ленінградзкай у Віцебску. Пакуль беспасьпяхова – жонка іх суседа працуе ў аблвыканкаме.

Доўгія гады Зінаіда Шыманская і Тамара Сураўнёва спакойна жылі ў 4-кватэрным бараку на вуліцы Ленінградзкай, 100Д, пакуль у Чэпіна не прыйшла новабудоўля. Прыватны сэктар спрэс пайшоў пад знос, і іхні дом, у якім у 2012 годзе жылі 4 сям’і і які належаў прадпрыемству “Віцебсклес”, таксама павінны былі зруйнаваць.

Але ўлады раптам перадумалі. Больш за тое – зьмянілі статус будынку: звычайны барак, пабудаваны ў 1958 годзе, зрабіўся на паперы “блёкаваным домам”. А далей – панеслася.

“Аж прыходзім днём – Божа мой! – даху няма!”

Жыхар кватэры №3 Міхайлаў, якому дасталася жыльлё ў спадчыну ад сваякоў жонкі, папрасіў у суседзяў дазволу правесьці невялікую рэканструкцыю – прыбудаваць кацельню і кухню. Жанчыны далі згоду. Якое ж было іх зьдзіўленьне, калі замест сьціплай прыбудовы Міхайлаў пачаў узводзіць двухпавярховы асабняк.

Зінаіда Шыманская расказвае, што будаўніцтва ў суседа пачалося ў 2012 годзе, але рабілася ўсё ўпотай, калі жанчын не было ў хаце.

“Аж прыходзім днём – Божа мой! – даху няма! Выразаў чвэрць даху. Зьвяртаемся ў “Віцебсклес”, што нас залівае, што ўсё цячэ. Пацярпіце, кажуць, прыедзем вясной і складзем акт. А вясной прыехалі, мы паказваем, што ўсё мокрае і гніе, а яны нам: нічога ж няма. Акту так і ня склалі…” – распавядае Зінаіда Шыманская.

Яна сьцьвярджае, што праект двухузроўневага асабняку існаваў ад самага пачатку, а ўсе “казкі” пра кухню і кацельню былі хлусьнёй для занадта даверлівых пэнсіянэрак. Пазьней яны пабачаць гэты праект на ўласныя вочы (частку ўдасца перазьняць). На ім гароды жанчын перад домам ужо былі пазначаныя як “сад”. Але да гародаў мы яшчэ вернемся…

“Вінаваты недасканалы водаправод”

Пасьля парэзаных даху і агульнага фундамэнту кватэры пэнсіянэрак пачалі разбурацца і прыходзіць у небясьпечны стан. Жыхаркі зьвярнуліся ў суд з пазовам аб кампэнсацыі шкоды, але безвынікова. Чыгуначны суд (судзьдзя Кавалёва) ў іскавых патрабаваньнях адмовіла.

Паводле пэнсіянэрак, суд адмовіўся далучыць да справы нават вынікі экспэртызы, якую жанчыны самі замаўлялі ў менскай прыватнай арганізацыі “БелТэхЭксперт”. Згодна высноваў экспэртаў, “заліцьцё жылых памяшканьняў мела месца і было доўгатэрміновым”, а прычынай заліцьця і шматлікіх дэфэктаў маглі быць будаўнічыя працы па рэканструкцыі кватэры №3.

“Экспэрты выявілі адсутнасьць асадачна-дэфармацыйнага шва паміж старым і новым будынкам і шмат чаго яшчэ. Там бездань парушэньняў! А ў высновах напісалі, што жыльлё небясьпечнае для пражываньня. Але ж на гэтую экспэртызу суд увагі не зьвярнуў. Гэта сьмешна!” – гаворыць Зінаіда Шыманская.

“Праект не далучылі, а далучылі запіску Міхайлавай, што праекта не было, а рэканструкцыя праводзілася паэтапна. Ці можна было абапірацца на гэтую паперку? У выніку судзьдзя ўзяла за аснову вэрсію Міхайлава і вынесла рашэньне, што ў нашых пашкоджаньнях вінаваты недасканалы водаправод. Якая лухта! У нас заўсёды было сухое падпольле. Ды і як? Водаправод дайшоў да сярэдзіны, а потым перакінуўся на гарышча і там згнаіў бэльку на 70 працэнтаў?..” – абураецца жанчына.

Здарэньне з туалетам і трубой

Разгляд справы аб заліцьці адбыўся ў 2016 годзе. Пасьля таго суду было яшчэ два (у 2016 і 2017 гг.) – ужо па іску Міхайлава, які дамагаўся зносу гаспадарчых пабудоваў пэнсіянэрак, але суды ён прайграў. Што праўда, гаспадара асабняку гэта не прыпыніла.

Дайшло да таго, што Міхайлаў, каб правесьці сабе газавыя трубы, у адсутнасьць Зінаіды Васільеўны перанёс і разбурыў ейную прыбіральню. Пэнсіянэрка, пабачыўшы такі зьдзек, выклікала міліцыю. Кажа, што гэта быў адзіны выпадак, калі супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС Віцебску былі вымушаныя скласьці на суседа пратакол. А выпадкаў з выклікам міліцыі было нямала.

“Цягнуў вясной тэлефонны кабель сабе, зайшоў да Сураўнёвай Тамары Іванаўны на ўчастак, перарыў усе градкі і правёў кабель па гародзе. Зразумела, што Тамара Іванаўна напісала заяву ў міліцыю. Участковы склаў пратакол. Празь некалькі дзён тэлефануем, а ўчастковы гэны там ужо не працуе і ніякага пратаколу ніхто ня бачыў…” – распавядае Зінаіда Шыманская.

“Усё разбурана, усё копціцца і дыміцца”

Дарэчы, Тамара Сураўнёва пасьля рэканструкцыі суседа вымушаная была зьехаць жыць да дачкі, бо ў яе частцы бараку нават знаходзіцца стала папросту небясьпечна. Калі карэспандэнт “Віцебскай вясны” паспрабаваў прайсьці ў пакойчык, дзе стаіць набыты жанчынай газавы кацёл, то па калена праваліўся ў падпольле.

У кватэры Сураўнёвай

Між тым, афіцыйныя асобы закідаюць Тамары Іванаўне тое, што яна зараз не жыве ў кватэры і не даглядае яго - таму і разбураецца ўсё.  

“Маўляў, вы там не пражываеце. А як там магчыма жыць? Як можна жыць, па сутнасьці, бяз даху? Што я, неба павінна цепліць?  Дык гэта ўжо трэба быць маразматычкай! Усё разбурана, усё копціцца і дыміцца. Спадзявалася на батарэі, кацёл купіла, у спальні стаіць. Я ж жыць тут зьбіралася! А цяпер ня ведаю, як яго выцягнуць адтуль – падлога правальваецца. Я ж печку зацепліць не магла. А мне кажуць: вы не даглядалі сваё жыльлё”, – кажа Тамара Сураўнёва.

Пячная труба ў кватэры Тамары Іванаўны

Пэнсіянэрка, былы пэдагог і вэтэран працы, яна вымушаная цяпер жыць і спаць у адным пакойчыку з унукам-пяціклясьнікам у невялікай двухпакаёўцы дачкі на Карла Маркса.

“Таму нас і дабіваюць…”

У сваю чаргу, Зінаіда Шыманская сьцьвярджае, што і ў яе кватэры “больш нельга жыць, таму што тэмпэратура зімой апускаецца да 10 градусаў”. Кажа, што даўно зьехала б адсюль, каб не даўні яе таварыш і вартаўнік – сабака Трэф, якога ў гэтым выпадку давялося б усыпіць, а яна на гэтае ня пойдзе.

Выдумкі кшталту “бабулькі маюць ва ўсім гэтую сваю выгаду і хочуць атрымаць па кватэры” насамрэч ня маюць аніякай рацыі. Бо жанчыны яшчэ да ўсёй гэтай эпапэі з суседам амаль цалкам аплацілі правядзеньне ў дом газавых камунікацыяў (а Тамара Іванаўна набыла кацёл). Пэнсіянэркі проста хацелі жыць спакойна і ціха ў сваім доме.


А сёньня даводзіцца змагацца яшчэ і за зямлю, якая знаходзіцца ў статусе “агульнага карыстаньня”, але пасьля ўзьвядзеньня катэджу была перадзеленая “па долях пабудоваў”. Нягледзячы на “агульнае карыстаньне” Міхайлаў наставіў на тэрыторыі ўнутраных платоў, што, як лічаць ягоныя суседкі, супрацьзаконна.

Жанчыны ўпэўненыя, што іх мэтанакіравана зжываюць з тэрыторыі.

Зямлю, якая падзеленая па долях пабудоваў, можна цяпер альбо арандаваць, альбо купіць. “А каб купіць участак, які дастаўся Міхайлаву, яму на сёньня трэба выкласьці 4000 даляраў. Дык а навошта ж яму плаціць, калі Тамара Іванаўна ўжо сышла, а мне засталося нямнога?.. Таму нас і дабіваюць”, – сьцьвярджае Зінаіда Васільеўна.

“Дык імя гэтай прыгажосьці – карупцыя!”

У нядзелю, 19 траўня, пэнсіянэркі праз СМІ зьвярнуліся з адкрытым лістом да старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна, у якім паспрабавалі ў чарговы раз патлумачыць сытуацыю. У чарговы раз – таму што на прыём да мэра з гэтай жа праблемай хадзілі яшчэ ў 2014-м. Тады Нікалайкін выказаў зьдзіўленьне: “Дык Міхайлаў жа там прыгажосьць наводзіць!”

Ужо калі гэты матэрыял быў падрыхтаваны, стала вядома, што старшыня гарвыканкаму адрэагаваў на адкрыты ліст жанчын і запрасіў іх на прыём. Віцяблянкі пабывалі ў кабінэце мэра Віцебску ў сераду 22 траўня. Але, па словах Шыманскай, разьвязаць праблему ў Нікалайкіна не атрымалася. Пэнсіянэрак зноў папрасілі чакаць афіцыйнага адказу. Але колькі іх ужо было?..

Аднак свае здагадкі, што ва ўсёй гэтай гісторыі не абышлося без карупцыі, жанчына выказала мэру ў вочы. Такая вось прыгажосьць.

Аднак - ці прыгажосьць?..

Зьміцер Міраш, фота аўтара,vitebskspring.org


Дата стварэння навіны 24.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку