АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Алігарх Каламойскі вярнуўся ва Ўкраіну пасьля двух гадоў эміграцыі

Алігарх Каламойскі вярнуўся ва Ўкраіну пасьля двух гадоў эміграцыі
16.05.2019
Бізнэсовец Ігар Каламойскі вярнуўся ва Ўкраіну ноччу 16 траўня, паведаміў у сваім Telegram-канале Міхаіл Ткач — журналіст праграмы «Схемы» (супольны праект Радыё Свабода і тэлеканалу «UA: Перший»).



Спачатку журналіст паказаў, што «а 02:30 з Тэль-Авіву ў аэрапорт Дніпра прыляцеў самалёт групы «Прыват» з бартавым нумарам UR-PRT», але «пра пасажыраў пакуль інфармацыі няма». Пасьля напісаў, што «паводле інфармацыі крыніц, гэтым самалётам прыляцеў алігарх Ігар Каламойскі».

Выданьне «theБабель» паведамляе, што сам алігарх пацьвердзіў прыбыцьцё ва Ўкраіну.

«На ўдакладняльнае пытаньне, чым зоймецца ў першую чаргу, бізнэсовец адказаў, што ня ведае», — гаворыцца ў паведамленьні.

Да чаго тут перамога Зяленскага

Ігар Каламойскі ня быў ва Ўкраіне з чэрвеня 2017 году, жыў у швайцарскай Жэнэве. Ад верасьня 2018-га знаходзіўся ў горадзе Герцлія ў Ізраілі. У інтэрвію «Схемам» Каламойскі казаў, што перабраўся са Швайцарыі ў іншую краіну «па сямейных абставінах» і заяўляў, што плянуе вярнуцца ва Ўкраіну пасьля першага тура прэзыдэнцкіх выбараў.

Пасьля бізнэсовец сьцьвярджаў у інтэрвію Bihus.info, што спадзяецца на адсутнасьць палітычнага ціску на суды пры новаабраным прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскім і таму не баіцца вярнуцца ва Ўкраіну. Ён таксама сказаў, што ў час прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі «можна прыехаць, а потым ня выехаць».

Каламойскі адкрыта падтрымліваў Зяленскага перад выбарамі і ў час іх, Зяленскі мог часта кантактаваць зь ім, яго суправаджала асабістая ахова алігарха. Тэлеканал «1+1», які належыць Каламойскаму, актыўна падтрымліваў Зяленскага, а ягоныя шоў (у тым ліку тэлесэрыял «Слуга народу») выходзілі на гэтым канале з 2012 году. Заяву Зяленскага пра тое, што ён ідзе на выбары, на «1+1» паказвалі замест навагодняга звароту прэзыдэнта.

svaboda.org

Дата стварэння навіны 16.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку