АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Ганна Севярынец: Ці павінны мы думаць пра іншых

Ганна Севярынец: Ці павінны мы думаць пра іншых
15.05.2019
Неяк так разгортваецца грамадзкі дыскурс у шматлікіх інтэрнэт-халіварах, што адны людзі літаральна грудзямі бароняць непахіснасьць уласных асабістых межаў, пры гэтым адчайна і бескампрамісна прабіваючы межы чужыя.

Кожны раз у назіраньні за такімі халіварамі мне оф-топікам згадваецца адзін нязначны выпадак. Неяк я зайшла ў Цэнтральны ўнівэрсам глынуць гарбаты паміж мерапрыемствамі. Шчэ ад уваходу я пабачыла, што пасярэдзіне памяшканьня, акурат на праходзе да стойкі, ляжыць дзіцёнак. Ня тое, каб яму было блага або нехта піхнуў. Ён проста валяецца, бо захацелася. Раскінуўшы рукі і ногі. Залатыя кудзеркі мятуць брудную падлогу.

Ага, падумала я. Я ведаю гэтую маму, у якой дзіця можа валяцца пасярод Цэнтральнага. Падышла бліжэй, асьцярожна пераступіўшы малога. Так і ёсьць. Гэтая мама, добрая мая знаёмая, п’е вадзічку, назіраючы ў акно сьпякотны Менск. Я прысуседзілася, мы трохі абмалацілі языкамі паўсядзённае жыцьцё і разьвіталіся. Малы за гэты час перакаціўся некуды бліжэй да акна — ідучы ў мэтро, я бачыла, як ягоныя залатыя кудзеркі прыліплі да шэрай шыбіны.

Трэба сказаць, ніводзін чалавек у Цэнтральным не зрабіў заўвагі ані маме, ані дзіцёнку. Нехта — з прыстойнасьці. Нехта — зь меркаваньняў «а можа так і трэба». Нехта — ад нежаданьня «нарвацца» на адказ, бо мама, у якой дзіця валяецца пад нагамі мінакоў, відавочна размажа вас па сьцяне за любую заўвагу, але дзіцёнка, што перашкаджае людзям рухацца, не прыбярэ. Шчэ і побач ляжа.

Як настаўніцы мне даволі часта даводзіцца мець справу зь дзецьмі, выхаванымі ў сучасным гусьце — бязь межаў дазволенага. Ну то бок пэўныя межы ў іх ёсьць, але яны часьцяком разыходзяцца зь межамі, што ўстаноўленыя ў нашым кансэрватыўным грамадзтве. Прыкладам, гэтым дзецям катэгарычна забаронена піць кока-колу або есьці гамбургеры. Але можна — ляжаць пад нагамі ў людзей у краме. Яны навучаныя гучна выказваць сваю думку, не падымаючы нават на уроку рукі, бо — гэта твая думка, ты маеш права. Але яны не навучаныя слухаць думкі іншага — бо гэтая ж ягоная думка, якое ты маеш да яе дачыненьне.

Я вельмі люблю дзяцей, якія маюць свае думкі і не баяцца іх выказваць. Дзеля таго, каб заахвоціць усіх у клясе рабіць гэтак, я іду на шматлікія рызыкі, у тым ліку — рызыкую ўласным голасам, унутраным станам, тэмпам уроку і іншы раз — школьнай праграмай, бо абмеркаваньня і спрэчак у нас з маімі вучнямі заўсёды болей, чым адпрацоўкі правіл і завучваньня выключэньняў зь іх.

Але суворая праўда калектыву палягае ў тым, што побач з галасістымі дзецьмі заўсёды сядзяць дзеці маўклівыя. Дзеці, што прывыклі спасьцігаць сусьвет у цішыні. Дзеці, якім цяжка засяродзіцца. Дзеці, якія не пераносяць шум. Якія папросту баяцца сунуцца ў сымфонію чужых галасоў. Яны таксама маюць права на думку, на веды, на гутарку. Таму свабода свабодай, а руку, галасістае дзіця маё, падымі. І сваёй чаргі выказацца — пачакай. І можа так здарыцца, што першым выказвацца будзеш ня ты, а той ціхі і самотны, які нарэшце наважыўся і цягне нясьмела пальчыкі ўверх, цягне так, каб у небясьпечным выпадку выглядала, нібыта гэта ён не руку падняў, а так, валасы паправіў.

Калі я вязу вучняў у Менск прагуляцца ці выхавацца-адукавацца, я ніколі не дазваляю ім валяцца на падлогах у краме. Нават тым, для каго гэта — норма. Падымаю, адводжу ў бок і тлумачу: ты перашкаджаеш іншым людзям. Калі хочаш паваляцца — зараз мы зойдзем у музэй, я папрашу супрацоўнікаў, яны пакажуць табе спэцыяльнае месца, дзе ня ходзяць людзі, і там будзеш валяцца, колькі табе заўгодна. А тут — нельга. Нехта можа цябе не заўважыць. Некаму цяжка пераступіць, бо ён мае хворыя ногі. Нехта моцна сьпяшаецца і ня мае часу мяняць траекторыю. Нехта будзе несьці гарачую каву і спатыкнецца. Ты павінен думаць пра іншых.

Мы павінны думаць пра іншых. Чужыя межы прымальнасьці, канешне, бываюць рознымі, у тым ліку — пачварнымі, але кожны чалавек мае права іх мець. Гэта вельмі карысны навык — думаць пра іншых, пра тое, як табе быць сярод іншых, чые межы прымаць, а чые — ветліва абыходзіць, усьміхаючыся ў вусы. Здаецца, гэта зусім нескладана. Гэтаксама нескладана, як прывучыць дзіцёнка паводзіць сябе ў людных месцах. Гэтаксама нескладана, як пасьміхнуцца матцы, што корміць немаўля грудзьмі ў кавярні. Гэтаксама нескладана, як прыкрыць хусткай грудзі, калі гэта ты — тая матка, што корміць дзіця. Гэтаксама нескладана, як дазволіць кожнаму чалавеку выказацца, пакуль ты цягнеш сваю руку.


Дата стварэння навіны 15.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку