АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

"Бацька наш — гэта прагрэс, Бачыш, як расце АЭС"

"Бацька наш — гэта прагрэс, Бачыш, як расце АЭС"
15.05.2019
Зона свабоды блогера Павука.

У райцэнтры Акцябрскі (былы пасёлак Рудабелка) блогера Андрэя Павука не ведае хіба толькі лянівы. Ягоная папулярнасць і пазнавальнасць вышэй, чым у любога мясцовага чыноўніка. Зрабі цяпер свабодныя выбары кіраўніка раённай адміністрацыі, Андрэй Павук пагатоў выйграў бы выбары яшчэ з большай перавагай, чым Зяленскі ва Украіне.

Андрэй імкнецца ўзвысіць дух землякоў-рудабельцаў, змагаецца з хібамі мясцовага жыцця, стварае вакол сябе гэткую зону свабоды, дзе захоўваюцца правы чалавека, пануе свабода слова, улічваюцца інтарэсы шараговых грамадзян, а не толькі пажаданні рознага кшталту начальнікаў.  

Досведам пабудовы сваёй “зоны свабоды” ў асобна ўзятым райцэнтры Андрэй Павук падзяліўся на гомельскай ток-пляцоўцы “Медыяпрастора”. З блогерам пагутарыў карэспандэнт службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

— Андрэй, многія маладыя людзі асабліва не пераймаюцца такімі каштоўнасцямі, як свабода слова і правы чалавека. Задавальняюцца “чаркай і скваркай” альбо наогул пакідаюць Беларусь і перабірацца на Захад. Калі да цябе прыйшло разуменне, што змяняць і  аблаштоўваць прастору, сваю“зону свабоды”, трэба найперш вакол сябе?

— Пасля школы я вучыўся ў тэхнікуме на дызайнера-тэхнолага мэблі, ва ўніверсітэце завочна на настаўніка біялогіі, маляваў, займаўся фатаграфіяй, працаваў у лясгасе, акампаніятарам у доме дзіцячай творчасці. Выкладаў нават біялогію ў сельскай школе, праўда, рэкордна кароткі час — усяго адзін дзень. Словам, ніводная атрыманая адукацыя мне не спатрэбілася.

Неяк задумаўся: ужо тры дзясяткі гадоў за плячыма, жыццё праходзіць і штосьці трэба рабіць. Надышоў час сапраўдных мужчынскіх учынкаў. Калі ты жывеш сярод людзей, якія баяцца нават таго, што можна, то адчуваеш сябе некамфортна і ў цябе няма спосабу развівацца ў такім грамадстве. Ну, я і стварыў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” суполку “Рудабельская паказуха”, дзе паказваю недарэчнасці і неадэкватнасці нашага жыцця — сацыяльнага, палітычнага, а заадно заклікаю рудабельцаў актыўна абмяркоўваць гэтыя праблемы. Гэта ж не забаронена.

— Выглядае, стаў прывучыць землякоў любіць саміх сябе?

— Хочацца, каб яны не баяліся з’явіцца ў кадры, публічна выказацца пра тое, што хвалюе, каб урэшце не былі пасіўнымі, праяўлялі ініцыятыву.

Што ўплываць можна на настрой і паводзіны праз аб’ектыў фотаапарата і відэакамеры, я добра зразумеў пасля кліпа “Я из деревни”, які добра агучыла Ксенія Дзягелька. Кліп здымалі для конкурсу БРСМ. Гэта быў крыху прыхаваны сцёб над ідэалагічнымі пастулатамі, што панавалі ў краіне. Афіцыйныя органы спачатку ўспрынялі кліп на “ўра”, а ўжо пазней сталі называць яго ледзь не “ідэалагічнай дыверсіяй”. Але кліп пайшоў ужо гуляць па прасторах інтэрнэту і ў выніку стаў інтэрнэт-мемам.

Тэлефанавалі ажно з НТВ з Масквы, пыталіся, а ці ёсць у Акцябрскім аэрадром, каб самалётам прыслаць студыйную брыгаду зняць “патрыятычны шэдэўр БРСМ”. Нармальны сцёб! Потым з райвыканкама паведамілі, што прыедзе нацыянальнае тэлебачанне. Карацей, закруцілася. Мяне пасля гэтага тройчы звальнялі з Дома дзіцячай творчасці. І кожны раз давалі адбой. Праз некаторы час я сам звольніўся і заняўся фатаграфіяй як індывідуальны прадпрымальнік.

— Але ж не кінуў займацца народнай журналістыкай.

— Не, не кінуў. Ды як кінуць, калі “Рудабельскую паказуху”, бывае, наведваюць за суткі 7-9 тысяч прыхільнікаў. Якіх толькі тэм мы на сваёй старонцы не абмяркоўвалі! Стан медычных устаноў і спартыўных збудаванняў у райцэнтры, неабгрунтаваную рэкламу піва і спіртовых напояў, абмялелыя вясковыя калодзежы і руйнаванне помнікаў ахвярам фашызму, імунізацыю падрастаючага пакалення супраць грыпу і куплю райвыканкамам за бюджэтныя грошы шыкоўнага аўто. Ставяцца на абмеркаванне і розныя агульначалавечыя пытанні, а таксама практыка дзяржаўнага кіравання, кшталту: “Ці адчуваеце вы сябе вольным чалавекам?”, “Ці павінен райвыканкам трымаць справаздачу перад насельніцтвам?”, “Якога прэзідэнта вам хацелася б мець у Беларусі?”

— На апошніх старонках“Рудабельскай паказухі” заўважныя новыя фарматы — сатырычныя. Прыкладам, тыя ж “Дзіванныя новасці”. Хіба традыцыйныя відэарэпартажы і зацемкі са здымкамі ўжо не задавальняюць рудабельцаў?

— Калі заўважаю, што дзелавы стыль рудабельцам надакучвае, то звычайна бяруся за гітару, складаю песні на злобу дня — з гумарам, бывае, з едкай сатыраю. Прыкладам, пра шыкоўны джып Touareg, набыты райвыканкам у год беражлівасці, або пра царкоўныя паслугі, кошт якіх паказаны ў грашовых купюрах. Феерычнай атрымалася ў нас з Васілём Качэнем песня пра “бацьку”.

Бацька наш — гэта прагрэс,
Бачыш, як расце АЭС.
Кажам мы суседзям з НАТО:
“Не, не лясне мірны атам”.
Будаваў, будаваў —
Два разы рэактар ўпаў.

Сатырычныя “Дзіванныя новасці” і мы з Васілём распачалі, каб дадаць крыху перцу ў нашыя паведамленні. Смяючыся, людзі пазбаўляюцца ад скаванасці і страху, пашыраюць зону ўласнай свабоды. Заадно хтосьці, як кажуць, не адрываючыся ад канапы, напіша навіну для нашых “Дзіванных навасцей”. Агляд дзяржаўнай раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік” мы падаём у гумарыстычнай перадачы “Адураюшчы “ЧК”.  Перадачы рыхтуем на “трасянцы”. Мабыць, гэта не лепшы варыянт — лепей бы на добрай беларускай мове. Але мяркуем, што праз “трасянку” людзі хутчэй далучацца да роднай мовы. Бо зараз паўсюдна пануе расейская мова. Чыноўнікі цураюцца беларускай мовы. Яна пачала знікаць з адукацыі, з грамадскага жыцця ў цэлым. Нават у раней цалкам беларускамоўным “Чырвоным Кастрычніку” цяпер рэдка сустрэнеш беларускае слова. І як не дзіўна, але ніхто ў Беларусі не абараняе правы чалавека, які хоча размаўляць на мове тытульнай нацыі.  Ні хто іншы, а менавіта дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

— Андрэй, у цябе складваліся даволі няпростыя дачыненні з мясцовымі органамі ўлады — райсаветам, райвыканкамам. Чыноўнікі забаранялі прысутнічаць на апаратных нарадах, на сесіях райсавета, дзе вырашаюцца пытанні развіцця раёна.Чаму было важна патрапіць на такія нарады?

— Сапраўды, калі я прыходзіў у райвыканкам з камерай, пачыналася ледзь не паніка, хоць, паводле беларускіх законаў, органы ўлады працуюць у нас адкрыта і галосна. Мяне выводзілі з райвыканкама з міліцыяй, складалі адміністрацыйныя пратаколы. І гэта лішні раз пацвярджала ўзровень дэмакратычнасці сфармаванай ў краіне ўладнай “вертыкалі” і залежных ад яе прадстаўнічых органаў. Між тым усе гэтыя выканкамы, саветы, адміністрацыі існуюць на нашыя з вамі падаткі — мы іх утрымліваем. Народ з’яўляецца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь.

Бывалі выпадкі, калі пасля відэа ў “Рудабельскай паказусе” па ўказаных адрасах на жывёлагадоўчыя фермы выпраўляліся камісіі дзяржаўнага кантролю і пацвярджалі факты бязладдзя і падзяжу жывёлы ад бяскорміцы. Кіраўнікам гаспадарак давалі па шапцы.

Мы ж, у сваю чаргу, уручалі падзякі вяскоўцам, якія паведамлялі пра факты безгаспадарлівасці. Да нас даходзілі чуткі, што часцяком раніца ў райвыканкаме пачыналася з навін нашай групы. Мы ламаем тыя загародкі, у якія нас заганяе ўлада — вось ваша месца, ваша стойла.

Я намерваўся рабіць стрым з апаратнай нарады і сесіі райсавета — і нічога болей. Хацеў, каб рудабельцы ўвачавідкі бачылі, як працуюць слугі народа. Але ж не, не дазвалялі, спасылаючыся на імі ж прынятыя правілы ўнутранага распарадку. Летась у верасні супрацоўнікі міліцыі гвалтам вывелі мяне з залы пасяджэнняў сесіі райсавета, дзе разглядалася выкананне ў раёне праграмы занятасці насельніцтва.

Я аспрэчыў такія дзеянні міліцыі раённаму пракурору. У пісьмовым адказе пракурор Акцябрскага раёна Андрэй Лявончык паведаміў мне, што няма падстаў прымаць меры пракурорскага рэагавання, бо міліцыя спрацавала на выклік з залы пасяджэнняў сесіі райсавета. І паколькі я нібыта адмовіўся пакінуць дэпутацкае крэсла, то маёр Гапоненка “ўзяў пад руку і выправадзіў”. Пры гэтым пракурор дадаў: “Якіх-небудзь баявых прыёмаў і спецыяльных сродкаў міліцыя ў дачыненні вас не прымяняла. Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі накіраваны на ахову грамадскага парадку, а не на парушэннне вашых правоў на атрыманне інфармацыі”.

— Наколькі вядома, ты з гэтым не пагадзіўся. Судзіўся?

— Так, звярнуўся з пазовам у суд на дзеянні супрацоўнікаў райвыканкама і райсавета. Лічыў і лічу, што чыноўнікі парушаюць маё канстытуцыйнае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў. Такое права мне гарантаванае як нацыянальным заканадаўствам, так і міжнароднымі дамовамі, якія падпісала Беларусь.

Пазоў мой разглядаў спачатку Акцябрскі раённы суд, але яшчэ на стадыі разбіральніцтва здарыўся скандал: у перапынку на стале прадстаўніка пракуратуры выявілася загадзя падрыхтаванае рашэнне. Суддзя пасля гэтага ўзяў самаадвод. Справу перадалі на новы разгляд у Мазырскі раённы суд, а той адхіліў мой пазоў да чыноўнікаў.

— Была ж яшчэ і гісторыя з майкай, якая ўслаўляла чыноўнікаў з Акцябрскага.  Чаму выбраў для майкі фотаздымкі намесніка старшыні па ідэалогіі і кіраўніцу спраў райвыканкама — за тое, што яны найперш абмяжоўваюць зону свабоды рудабельцаў?

— Можна сказаць і так. Яны ў першую чаргу забараняюць пікеты, мітынгі, не пускаюць у райвыканкам. Я перавёў на майку партрэты намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Елісеева і кіраўніцы спраў Валянціны Шлапаковай і зрабіў надпіс пад імі “Яны любяць цябе”. У гэтай майцы прыйшоў на цэнтральную плошчу, дзе здымаў выпускнікоў школ. Чыноўнікі пакрыўдзіліся, напісалі заявы ў міліцыю. Маўляў, блогер абразіў іх гонар, зганьбіў пачуцці сям’і. Міліцыя не выявіла знявагі ў фотаздымку і надпісе. Але тым справа не скончылася. Пра пераслед за майку з чыноўнікамі расказаў беларускамоўны тэлеканал “Белсат”. І хоць я быў у гэтым сюжэце галоўным героем, мне прыпісалі незаконны выраб прадукцыі СМІ для “Белсата” і ўрэшце праз суд аштрафавалі.

— Нераўназначны двубой: блогер чыноўнікаў смехам, а яны ў адказ — рублём. Так атрымліваецца?

— Не зусім так. Бо, апрача пратаколаў і штрафаў, ужываюцца і больш жорсткія рэпрэсіўныя меры. 20 сакавіка да мяне ў кватэру явіліся міліцыянты і следчыя і ўчынілі ператрус. Забралі відэакамеру, мабільнік, планшэт і два сістэмных блокі да камп’ютараў. Затрымалі і мяне самога, западозрыўшы ў заведама ілжывым паведамленні на электронную пошту абласнога МНС пра мініраванне райвыканкама. А гэта ўжо тэрарыстычны акт супраць органа дзяржаўнай улады. На выхадзе — крымінальная справа з санкцыяй да пяці гадоў турэмнага зняволення. Як кажуць, адзенне ў палоску, а неба — у клетку. Такая вось  “свабода” за пашырэнне ўласнай зоны свабоды.

Праўда, праз дзевяць дзён крымінальны пераслед у дачыненні да мяне Упраўленне СК па Гомельскай вобласці спыніла, але канфіскаваную тэхніку не вярнулі. Думаю, што ўсё гэта наўпрост звязана з маёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Заадно правяралі, хто за блогера з глыбінкі заступіцца.

Раённы пракурор на маю скаргу адказаў, што я быў затрыманы абгрунтавана, паколькі меліся дастатковыя падставы падазраваць мяне ў здзяйсненні злачынства. Але дзіўна, куды яны падзеліся праз пяць гадзін, калі мяне адпусцілі з міліцыі. Таму я нядаўна папрасіў пракурора вобласці правесці праверку, прызнаць маё затрыманне незаконным і абавязаць міліцыю неадкладна вярнуць мне  адабраную тэхніку.
***
Андрэю Павуку 36 гадоў, ён сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Жанаты, з жонкай гадуе сына і дачку. Сам нарадзіўся ў Нароўлі, адкуль пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з бацькамі пераехаў у Акцябрскі. Лічыць сябе рудабельцам, бо менавіта тут пачалося ягонае свядомае жыццё, тут нарадзіліся яго дзеці.





Дата стварэння навіны 15.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку