АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка не хоча ў Брусель ці Пуцін не пускае?

Лукашэнка не хоча ў Брусель ці Пуцін не пускае?
13.05.2019
Яе называюць «другім планам Маршала» і «працягнутай рукой» для краінаў, якія знаходзяцца пад моцным уплывам Расеі. Праграма «Усходняга партнёрства» святкуе гэтымі днямі сваё 10-годдзе.

Адным краінам сапраўды ёсць што святкаваць – падпісаныя дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ, спрошчаны візавы рэжым і вялізная фінансавая дапамога. А ці ёсць што адзначаць беларусам? Пра гэта – у рэпартажы Вольгі Жарнасек.

Дзесяць гадоў, якія дапамаглі зрабіць жыццё беларусаў лепшым. Аптымістычна на вынікі ўдзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве глядзяць стваральнікі святочнага роліку да 10-й гадавіны праграмы. Але тыя, хто стаяў у вытокаў ініцыятывы, даюць значна больш крытычную ацэнку.

«Ніжэй за нуль», – кажа Жыгімантас Павілёніс, былы амбасадар Літвы ў асобых даручэннях для «Усходняга партнёрства».

Істотных дасягненняў сапраўды няшмат. Асабліва ў параўнанні з іншымі чальцамі Усходняга партнёрства. Беларусь – адзіная з шасці краінаў-удзельніцаў праграмы, з якой Еўразвяз да гэтага часу не падпісаў базавага пагаднення. У выніку дачыненні Беларусі і ЕЗ рэгулююцца пагадненнямі, падпісанымі яшчэ ў Савецкім саюзе.

Каментуе Анна Вэстэргольм, амбасадарка ў справах «Усходняга партнёрства» Швецыі:

«Мы маем шэсць незалежных краінаў. Кожная краіна мае суверэннае права выбраць сваю ўласную форму і палітыку бяспекі пагаднення. Мы маем 3 краіны ў партнёрстве, якія абвесцілі, што хацелі б у перспектыве далучыцца да Еўразвязу. Гэта іхнае права. І маем 3 краіны, якія абвесцілі, што яны не маюць такіх намераў».

Пра жаданне далучыцца да Еўразвязу заявілі Украіна, Грузія і Малдова. Арменія, дзе нядаўна адбылася рэвалюцыя, ды Азербайджан, якім кіруе аўтарытарны Ільхам Аліеў, зацікаўленыя ў эканамічнай супрацы.

«Ніхто не можа змусіць народ ісці ў Еўропу, але мне сумна, што ў беларускім выпадку – гэта не народ. Лукашэнка гэтак вырашыў і забраў у народа права інтэгравацца ў Еўропу», – мяркуе Жыгімантас Павілёніс.

Кіраўнік Беларусі праігнараваў запрашэнне на ўрачыстасці ў Брусель 13-га траўня з нагоды дзесяцігоддзя праграмы. Аляксандра Лукашэнку клікалі і на апошні саміт, які адбыўся два гады таму. Тым не менш у сталіцу Еўразвязу паехаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Але насуперак паводзінаў афіцыйнага Менску беларускія эксперты ацэньваюць 10 гадоў праграмы як карысныя.

Андрэй Ягораў з цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі ўпэўнены:

«Гэта дазваляла Беларусі захоўваць пэўную ступень узаемадзеянняў з Еўрапейскім саюзам, нягледзячы на ўсе складаныя абставіны, якія былі ў гэты перыяд: і санкцыі, якія былі, і пэўнае адчужэнне паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Але праграма Усходняга партнёрства дазваляла захоўваць стасункі нават у гэтых складаных абставінах, і Еўрапейскі звяз імкнуўся да збліжэння з Беларуссю, захоўваў каналы камунікацыі з Беларуссю».

І падтрымліваў фінансава. Адным з найбольш глабальных праектаў супрацы з’яўляецца інвестыцыйны план развіцця транспартавай сістэмы – будаўніцтва новых дарогаў і чыгуначных шляхоў у краінах-удзельінцах праграмы. У межах праекту Беларусь атрымае больш за мільярд еўраў.

«На гэты момант супраца паміж Беларуссю і Еўразвязам даволі добрая, магчыма лепшая, чым гэта было на працягу доўгіх гадоў. Але ўсцяж існуюць пытанні, якія знаходзяцца па-за дыскусіяй: пытанні правоў чалавека, напрыклад, ці ўдзел грамадзянскай супольнасці ў жыцці краіны», – мяркуе Малгажата Латкевіч-Павляк з міністэрства замежных справаў Польшчы

Адным з найважнейшых крокаў у адносінах паміж Беларуссю і ЕЗ мае стаць спрашчэнне візавага рэжыму. Перамовы пра яго вядуцца цягам апошніх пяці гадоў. На шляху да падпісання стаяў шэраг праблемаў – між іншага неабходнасць адпаведнай інфраструктуры на памежжы. Але на меркаванне экспертаў, усе гэтыя моманты можна было вырашыць значна раней.

«Беларусь выкарыстоўвае часам гэтыя тэхнічныя моманты, каб стымуляваць інвеставаць штосьці яшчэ. То ў інфраструктуру, то ў адсылку гэтых мігрантаў ці нешта яшчэ. То бок усяляк з нашага боку гэта не тое, каб зацягваецца, але няма яснага плану вырашэння. І відавочна, няма вельмі моцнай палітычнай волі на падпісанне гэтага пагаднення», – кажа Андрэй Ягораў.

У сваёй супрацы з Аб’яднанай Еўропай афіцыйны Менск усцяж дзейнічае з аглядкаю на Маскву.

«Расея выкарыстоўвае любыя палітычныя магчымасці, у тым ліку медыйныя магчымасці, каб ствараць вобраз таго, што Беларусь адрываецца нібыта ад Расеі. Любыя пазітыўныя навіны ва ўзаемадзеяннях Беларусі і Еўразвязу трактуюцца Расеяй негатыўна», – працягвае спадар Ягораў.

Больш за тое, на меркаванне палітыкаў у Літве, Расея стварае і рэальныя перашкоды. Глыбейшая супраца з Беларуссю, у тым ліку падпісанне базавага пагаднення цяпер блакуюцца Літвою. Вільня настойвае на закрыцці Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая будуецца расейскай кампаніяй на расейскія крэдыты на мяжы з Літвою. Таму наступны крок у паляпшэнні адносінаў – за Лукашэнкам.

Жыгімантас Павілёніс лічыць:

«Ён мусіць вельмі пастарацца, каб мы яму паверылі. Астравец… Закрыццё гэтай крамлёўскай электрастанцыі было б вельмі сур’ёзным аргументам, што мы маглі б яму паверыць».

Еўразвяз ужо неаднойчы верыў Лукашэнку і неаднойчы расчароўваўся. Але ў Аб’яднанай Еўропе падкрэсліваюць, што «Усходняе партнёрства» створанае не для кіраўнікоў дзяржаваў, а для народаў. І тады як Расея зазвычай не пакідае выбару суседзям, Еўразвяз запрашае да супрацы, падтрымлівае і вядзе дыялог. Хоць часам ён бывае досыць аднабаковым.



Дата стварэння навіны 13.05.2019
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку